Вы тут

Луцкі: Студатрады вельмі важныя для сацыяльнага развіцця грамадзяніна


Мінскі трактарны завод — вытворчасць, на якой працуе больш за 16 тысяч чалавек. Знаходзіцца тут работа і для байцоў студатрадаў — ужо другі год яны працуюць тут у рамках рэспубліканскага міжпрофільнага працоўнага праекта «Трактарабудаўнік».


Учора разам з моладдзю на канвееры працаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар ЛУЦКІ, прыняўшы ўдзел у акцыі БРСМ «Адзін дзень у атрадзе». Праект «Адзін дзень у атрадзе» стартаваў 1 жніўня з нагоды 60-годдзя беларускіх студэнцкіх атрадаў. Ён рэалізуецца ва ўсіх рэгіёнах краіны з удзелам кіраўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, прадпрыемстваў, якія часова мяняюць свае штодзённыя абавязкі на працу ў студэнцкім атрадзе: сустракаюцца з байцамі студатрадаў, разам працуюць, сябруюць і абмяркоўваюць надзённыя пытанні, у тым ліку развіцця студатрадаўскага руху.

Працавалі (вядома ж, пасля інструктажу па ахове працы) на 8-м участку канвеера зборкі трактароў. Тут выконваюцца тэхналагічныя аперацыі па зборцы мадэлі BELARUS-2022: устаноўка радыятара астуджэння, падключэнне генератара і датчыкаў кіравання рухавіком, далучэнне трасоў кіравання гідрасістэмы трактара і ўстаноўка сігналізатара задняга ходу, устаноўка рулявога кола.

— Праца, вядома ж, няпростая, але ўмовы створаныя добрыя. І прыемна, што хлопцы пасля першага курса прыйшлі сёння працаваць на Мінскі трактарны завод. Для іх гэта вельмі добрая школа. І павінен сказаць, што водгукі ў настаўнікаў нядрэнныя. Гэта сведчыць пра тое, што людзі матываваныя, не проста так прыйшлі паглядзець, а рэальна папрацаваць, унесці свой уклад, — сказаў Ігар Луцкі. — Студатрад — гэта хутчэй не пра заробак, а пра тое, як адчуць рэальную працу, што такое чалавек працы і што такое калектыў. Гэта вельмі важна для сацыяльнага развіцця грамадзяніна. Працаваць заўсёды было важна, і гэта не толькі моладзі тычыцца. Гэта ўсіх нас тычыцца. На сваім працоўным месцы кожны павінен рабіць тое, што ўмее, як мага лепш, і тады ўсё будзе добра. А тут яркі прыклад такой працы стваральнай, калі на выхадзе з канвеера атрымліваецца рэальны прадукт.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ў свой час таксама працаваў у студатрадах.

— Мы тады працавалі ў Ніжнявартаўску. Гэта былі будаўнічыя атрады, выязджалі на два месяцы ў Ханты-Мансійскую аўтаномную акругу, падзяліўся ўспамінамі Ігар Луцкі. — Шчыра кажучы, мы ехалі па рамантыку. Мне здаецца, тыя хлопцы, у якіх няма такіх успамінаў, трохі нешта ў жыцці губляюць. Таму я б кожнаму рэкамендаваў сябе паспрабаваць у студатрадаўскім руху. Гэта крута«.

Падчас наведвання МТЗ Ігар Луцкі азнаёміўся з работай байцоў «Трактарабудаўніка-2023». Напрыклад, удзельнікі студэнцкага атрада «Лідар» імя Героя Савецкага Саюза М. В. Аўдзеева, якія ў вольны ад вучобы час у рамках адукацыйнага праекта «Школа БСА» прайшлі кароткатэрміновае практыка-арыентаванае сертыфікаванае навучанне па прафесіях рабочых, падзяліліся меркаваннем аб тым, якія магчымасці пры заключэнні дагавораў на працу адкрылі сведчанні з прысваеннем разраду. Важны складнік праграмы — адкрыты дыялог «Глядзім у будучыню».

Намеснік генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» па ідэалагічнай рабоце і сацыяльным развіцці Уладзімір Піскіжаў станоўча ацаніў рэспубліканскі міжпрофільны працоўны праект «Трактарабудаўнік»,

— Гэты праект маштабна рэалізуецца другі год. Летась мы прымалі студатрады — больш за 100 байцоў. Сёлета некаторыя студэнты ўжо працуюць паўторна. Зараз на Трактарным заводзе ў цэлым прымаем 157 чалавек. Гэта не толькі на асноўнай вытворчасці. Яшчэ і сэрвісныя атрады, якія працуюць у грамадскім харчаванні, педагагічныя атрады ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, — распавёў намеснік гендырэктара.

Ён мяркуе, што дапамога байцоў студатрадаў рэальна істотная.

— Мы ім давяраем адказную працу. Майстры, якія працуюць з імі, убачылі патэнцыйных работнікаў завода. Многія выказваюць сваё задавальненне ад працы і выніку. Гэты вынік — на выхадзе канвеера. Гэта наш гонар — нашы трактары, — адзначыў Уладзімір Піскіжаў. — Першыя дні хлопцы працуюць з майстрамі, настаўнікамі. Але праходзяць тры-чатыры, максімум пяць дзён, і яны, нароўні з пастаянна працуючым персаналам, выконваюць гэтыя аперацыі якасна і, самае галоўнае, ва ўстаноўлены тэрмін. Хлопцы спраўляюцца добра, выконваюць норму і зарабляюць добрыя грошы. Задаволеныя і мы, і яны. Многія ўжо зараз выказваюць жаданне прыйсці да нас працаваць далей.

Намеснік гендырэктара ўдакладніў, што заробак на асноўнай вытворчасці на канвееры ў байцоў студатрадаў не меншы за адну тысячу рублёў.

Сёлета рабочую спецыяльнасць атрымалі на курсах каля 300 студэнтаў ВНУ. Пра гэта паведаміў журналістам другі сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Прохараў:

— Па ініцыятыве моладзі мы рэалізавалі праект па арганізацыі кароткатэрміновых практыка-арыентаваных курсаў па рабочых спецыяльнасцях. Рабяты ў вольны ад вучобы час змаглі атрымаць дадатковую рабочую спецыяльнасць. Пілотны праект мы запусцілі ў гэтым годзе. Каля 300 чалавек ужо атрымалі рабочую спецыяльнасць: слесар механазборачных работ, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, праваднік пасажырскага вагона і манцёр пуцей. Гэта дазваляе хлопца і дзяўчатам выконваць больш складаныя віды працы і боль зарабляць.

Паводле яго слоў, праект па арганізацыі кароткатэрміновых практыка-арыентаваных курсаў па рабочых спецыяльнасцях будзе працягвацца, а іх спектр пашырацца.

— Калі ў 2021 годзе было 34 тысячы працаўладкаваных, у 2022-м — 42,5 тысячы, сёння — звыш 30 тысяч працаўладкавана ў складзе студатрадаў. Больш за тое, пашыраецца пералік прымаючых арганізацый. Усё больш аб’ектаў прадастаўляецца для працы студатрадаў. І трэба адзначыць, што моладзі давяраюць важныя ўчасткі працы, як і сёння на МТЗ.

Камандзір рэспубліканскага міжпрофільнага працоўнага праекта «Трактарабудаўнік-2023» Уладзіслаў Ткораў расказаў журналістам, што многія ўдзельнікі праекта мараць атрымаць размеркаванне на МТЗ. Ён ужо другі год працуе камандзірам на праекце.

— Зыходзячы з мінулага года і дасягненняў хлопцаў, завод быў вельмі рады прыняць праект зноў, — адзначыў Уладзіслаў. — Сёлета на праекце працуе 101 чалавек. З іх 13 — расіян. Ёсць хлопцы, якія ўжо другі год працуюць на МТЗ, таму яны хутка ўваходзяць у працоўны рэжым. Зарплата добрая. Акрамя таго, для рабят арганізавана харчаванне, выдаецца спецвопратка і сродкі індывідуальнай абароны. За імі замацаваны настаўнікі, якія іх навучаюць на працоўным месцы і заўсёды гатовыя падказаць і дапамагчы. Па сканчэнні месяца магу сказаць, што больш за палову хлопцаў выйшлі на тыя рабочыя аб’ёмы, з якімі спраўляюцца асноўныя работнікі завода. Гэта значыць, яны вельмі хутка ўвайшлі ў тэмп.

Паводле яго слоў, моладзі падабаецца працаваць на МТЗ.

— Для іх — гэта выдатная магчымасць, у тым ліку і для будучага размеркавання пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў, — дапоўніў Уладзіслаў Ткораў.

Працуюць байцы праекта на МТЗ у дзве змены: з 7.00 да 15.20 і з 15.20 да 23.40. Акрамя работы на канвееры частка ўдзельнікаў праекта працуюць будаўнікамі, а таксама ў камбінаце грамадскага харчавання прадпрыемства на кухне. Вольны ад працы час арганізаваны з карысцю — рабяты наведваюць сталічныя тэатры і кінатэатры, музеі, футбольныя матчы, удзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах паміж атрадамі.

Многім падабаецца працаваць на заводзе. Так, напрыклад, Алмаз Адзіатулін прыехаў на МТЗ з Татарстана, ён сёлета пераходзіць на 3 курс Казанскага аграрнага ўніверсітэта.

— Тут я выконваю зборку трактароў. Аб праекце даведаўся ад свайго студэнцкага атрада. Нам прапанавалі папрацаваць на Мінскім трактарным заводзе. Было цікава пабываць у сталіцы, убачыць Беларусь, даведацца пра мясцовыя традыцыі. Аб вашай краіне склаліся станоўчыя ўражанні. У першы дзень працаваў пад наглядам куратара. Ужо на наступны дзень стаў працаваць самастойна. Работа па сутнасці не складаная. На заводзе я шмат з кім пасябраваў.

Апрабаваўшы ў 2022 годзе пляцоўку для працы студэнцкіх атрадаў на Мінскім трактарным заводзе, у красавіку бягучага года БРСМ і МТЗ заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Сёння працоўны праект «Трактарабудаўнік-2023» аб’яднаў больш за сто байцоў у складзе васьмі лінейных студэнцкіх вытворчых, будаўнічых і сэрвісных атрадаў. Усе атрады сфарміраваны на конкурснай аснове ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі. Міжпрофільны працоўны праект будзе праходзіць да 23 жніўня.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.