Вы тут

Выдача даведкі ў адзін «клік». Аб перавагах і выгадзе выкарыстання лічбавых зносін


На Адзіным партале электронных паслуг (АПЭП) ужо даступна больш за 300 электронных сэрвісаў. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Святлана Караневіч. Яна адзначыла, што партал электронных паслуг і асабісты кабінет пастаянна абнаўляюцца. Партал існуе ўжо не першы год, але летась адбылася яго глабальная рэнавацыя, таму што з’явіліся новыя магчымасці, якіх раней не было. На партале сабрана 307 відаў электронных сэрвісаў для грамадзян і арганізацый: 195 электронных паслуг і 112 адміністрацыйных працэдур (летась быў доступ да 230 электронных сэрвісаў).


Яны прадстаўлены ў розных галінах — ад падаткаабкладання, сацыяльнай абароны, зямельных і маёмасных адносін да атрымання грамадзянства, эміграцыі, візавай падтрымкі.

Асаблівая ўвага — пераводу ў электронны выгляд менавіта адміністрацыйных працэдур. А іх у нашай краіне больш за тысячу. Кожнаму з нас даводзіцца сутыкацца з адміністрацыйнымі працэдурамі. Гэта вельмі важныя дзеянні. Таму прынята рашэнне да 2025 года алічбаваць 450 новых адміністрацыйных працэдур. Спецыяліст падкрэсліла, што іх перавод у электронны фармат дасць магчымасць вырашаць больш важных пытанняў у адзін «клік».

За паўгода — дзясяткі мільёнаў паслуг

Нацыянальны цэнтр электронных паслуг пастаянна працуе над тым, каб колькасць новых, цікавых, запатрабаваных паслуг у электронным выглядзе расла, каб любая жыццёвая сітуацыя грамадзяніна лёгка і зручна магла быць вырашана ў некалькі «клікаў», няхай гэта будзе атрыманне дазволу на правядзенне аэрафотаздымкі, пропуску на права ўезду ў пагранічную паласу, даведкі аб выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб ці аб памеры атрыманай пенсіі.

Усе гэтыя і многія іншыя сэрвісы ўжо рэалізаваны на Адзіным партале электронных паслуг, які з’яўляецца адзінай пляцоўкай электронных дзяржаўных сэрвісаў, падзялілася Святлана Караневіч. З кожным годам алічбаваных сэрвісаў становіцца больш, расце цікавасць грамадзян і суб’ектаў гаспадарання да лічбавых зносін, атрымання паслуг анлайн. Напрыклад, калі ў 2021 годзе з дапамогай агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (ААІС) праз АПЭП было аказана 17,5 мільёна электронных паслуг, то летась — больш за 76 мільёнаў, а сёлета ўжо каля 60 мільёнаў. Для цэнтра мінулы год стаў вельмі прадукцыйным. Дадалося 37 новых паслуг і чатыры адміністрацыйныя працэдуры. Абноўленая версія асабістага кабінета, магчымасць атрымаць звесткі аб аўтамашыне, даведацца аб памеры сацыяльных дапамог і падаткаў, праглядзець інфармацыю пра вакцынацыю, падаць мытную дэкларацыю — далёка не поўны пералік магчымасцяў, што прапануе цэнтр.

Новыя магчымасці асабістага кабінета

«Для кожнага грамадзяніна, які зарэгістраваны на тэрыторыі краіны, аўтаматычна створаны асабісты кабінет на партале. На ім зарэгістравана больш за 208 тысяч асабістых электронных кабінетаў фізічных асоб і юрыдычных асоб, арганізавана ўзаемадзеянне з 55 дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі (сістэмамі), уладальнікамі якіх выступаюць 28 дзяржаўных органаў», — адзначыла начальнік аддзела.

У асабістым электронным кабінеце можна аўтарызавацца з выкарыстаннем ІD-карткі і акаўнтаў у сацыяльных сетках, таксама ў ім з’явіліся некалькі дадаткаў. Напрыклад, дадатак сістэмы электроннага дакументаабароту, які дазваляе атрымліваць і адпраўляць карэспандэнцыю з выкарыстаннем сістэмы міжведамаснага дакументаабароту. Дадатак сістэмы электроннай пошты арганізацыі і дадатак электроннай пошты грамадзяніна дазваляюць уладальнікам з актываванымі асабістымі кабінетамі абменьвацца інфармацыйнымі паведамленнямі і лістамі. Таксама ўладальнік асабістага кабінета можа самастойна падпісвацца на паслугі і кіраваць асабістым рахункам для заказу і аплаты электронных паслуг ААІС. Акрамя таго, можна самастойна наладзіць каналы паведамлення.

Яшчэ на партале рэалізаваны механізм выканання поўнага цыкла дзеянняў па атрыманні адміністрацыйнай працэдуры анлайн для грамадзян і юрыдычных асоб. Карыстальнікам даступныя 112 адміністрацыйных працэдур для фізічных і юрыдычных асоб. За 2022 год ажыццёўлена больш за 50 тысяч адміністрацыйных працэдур, а ў 2023 годзе — ужо каля 30 тысяч.

«Адно акно» — у любых версіях

У нашай краіне ўдасканалілі выкананне адміністрацыйных працэдур у электроннай форме. У мэтах павышэння эфектыўнасці выканання адміністрацыйных працэдур у электроннай форме, аўтаматызацыі дзейнасці службаў «Адно акно» распрацаваны праграмны комплекс «Адно акно» версіі 3.0. З пачатку гэтага года ажыццяўляецца паэтапны пераход на мадэрнізаваную версію праграмнага комплексу «Адно акно». Ён даступны для выкарыстання з дапамогай асабістага электроннага кабінета юрыдычнай асобы на партале мадэрнізаванай агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы. Прадугледжана максімальная канцэнтрацыя працэдур у службе «Адно акно». Дзяржорганы стануць яшчэ больш даступнымі і адкрытымі. У найбліжэйшых планах — пашырэнне пераліку паслуг насельніцтву, якія аказваюцца ў электроннай форме.

Правапарушэнне, страхаванне і звесткі пра аўто

Сярод беларусаў запатрабаванае прадстаўленне фізічным асобам звестак, якія захоўваюцца ў Адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях. Такога характару інфармацыя патрабуецца, напрыклад, пры працаўладкаванні ў дачыненні да самога сябе ці трэцяй асобы (па даверанасці).

Яшчэ адна папулярная ў карыстальнікаў паслуга — «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто», дзякуючы якой можна даведацца пра марку, нумары, наяўнасць страхоўкі і тэхагляду аўтамабіля, а таксама праверыць, ці не знаходзіцца ён у вышуку. У бягучым годзе пашыраны пералік даных па гэтай паслузе, і цяпер карыстальнік нароўні з вышэйпералічанай інфармацыяй можа атрымаць звесткі аб дарожна-транспартным здарэнні, калі яно мела месца.

Таксама ў выніку аказання паслугі прадстаўляюцца звесткі аб другім баку дарожна-транспартнага здарэння, а менавіта хто гэта быў (пешаход, іншы транспартны сродак або жывёла). Можна атрымаць інфармацыю і пра пашкоджанні аўтамабіля з прыкладаннем здымкаў пры іх наяўнасці, калі такія звесткі ёсць у базе даных ДАІ.

Акрамя таго, ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам унутраных спраў было разгледжана пытанне аб прадстаўленні арганізацыям, якія аказваюць паслугі па пракаце аўтамабіляў (каршэрынг), перавозцы пасажыраў з выкарыстаннем сэрвісаў анлайн-заказаў такіх паслуг (Uber, «Яндэкс» і іншыя), юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам інфармацыі з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнай інспекцыі аб наяўнасці ў грамадзяніна вадзіцельскага пасведчання, а таксама звестак аб наяўнасці ў фізічнай асобы права кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі. У сувязі з гэтым у сакавіку з’явіліся зусім новыя электронныя паслугі.

Па ініцыятыве Міністэрства аховы здароўя цэнтрам распрацаваны і аказваюцца з дапамогай партала грамадзянам і медыцынскім арганізацыям электронныя паслугі. Яны прызначаныя для выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў сістэмы кровазвароту, анкалагічных, хранічных захворванняў лёгкіх, цукровага дыябету на падставе анкетавання. Прагназуецца шырокая запатрабаванасць паслуг з прычыны абавязковай штогадовай дыспансерызацыі дарослага насельніцтва нашай краіны як прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў і, як вынік, для зніжэння ўзроўню смяротнасці.

ІD-картка і смартфон

Цяпер большасць электронных сэрвісаў на партале арыентавана на юрыдычных асоб, але з кожным годам павялічваецца колькасць паслуг і для грамадзян. У мэтах павышэння спажывецкага попыту, зацікаўленасці ў атрыманні электронных паслуг з выкарыстаннем мабільных прылад, а таксама для папулярызацыі ІD-картак сярод насельніцтва была працягнута распрацоўка мабільнага дадатку партала для работы з ідэнтыфікацыйнымі карткамі. Уваход на яго ажыццяўляецца праз адзіную сістэму ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб.

Мабільны дадатак дазволіць атрымаць доступ да ўсіх паслуг і сэрвісаў, якія даступныя ў бягучай версіі партала. Каб увайсці ў сістэму з дапамогай мабільнай прылады, на ім павінен быць NFC-счытвальнік, які дазволіць узаемадзейнічаць з ІD-карткай. Гэта чып, які ёсць у большасці актуальных бюджэтных мадэляў. Калі прывязаць да смартфона ІD-картку, мабільны дадатак партала дазволіць атрымаць доступ да ўсіх сэрвісаў, якія даступныя праз браўзер стацыянарнага камп’ютара.

Дадатак дазволіць праводзіць аперацыі ідэнтыфікацыі і пасведчання запытаў і электронных дакументаў з выкарыстаннем яго на ІD-картцы. Гатовая для запампоўкі версія з’явіцца да канца года або ў першым квартале наступнага. Яна будзе даступная для Androіd і іOS-прылад.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.