Вы тут

Як ствараецца галоўны арт-аб’ект ХХХ Дня беларускага пісьменства ў Гарадку


Ужо праз некалькі тыдняў Гарадок, што ў Віцебскай вобласці, стане пляцоўкай для правядзення юбілейнага ХХХ Дня беларускага пісьменства. Арганізатары рыхтуюць для гарадачан і гасцей горада шмат новых скульптурных формаў, сярод якіх — знак самога свята.


Фота з архіва героя.

Цэнтральным аб'ектам гарадскога сквера стане скульптура, прысвечаная Дню беларускага пісьменства. Над ёй ужо пяты тыдзень шчыруе студэнт пакуль што чацвёртага курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ігар Сілко. У сваёй кампазіцыі ён вяртаецца на 405 гадоў назад — да першага «Буквара». Менавіта першапачатковы стыль літар малады скульптар узяў за аснову будучага аб'екта.

«Гэта было маей семестравай работай па прадмеце «Кампазіцыя», над якой я працаваў апошнія паўгода. Хтосьці з маіх таварышаў абраў ваенную тэматыку, а мяне зацікавіла тэма нашага беларускага пісьменства, тым больш што беларусам ёсць чым ганарыцца. Знайшоў малюнак «Буквара» ў інтэрнэце і пачаў гуляць з памерамі літар, ствараючы ўнутраныя лабірынты і цікавую прастору кампазіцыі», — расказвае Ігар Сілко.

Пасля 3D мадэль увасобілася ў пластыку і нават у невялікім памеры была захапляльнай. А пасля, калі кіраўніцтва акадэміі мастацтваў размяркоўвала на практыку ў Гарадок сваіх студэнтаў, загадчык кафедры скульптуры Уладзімір Слабодчыкаў прапанаваў усталяваць у скверы тэматычны знак маладога скульптара Сілко. «Калі я працаваў над гэтым праектам у акадэміі, то ніяк не думаў, што змагу ўвасобіць яго ў рэальнасці, тым больш на Віцебшчыне. Усё атрымалася так хутка, што я і апомніцца не паспеў», — дзеліцца хлопец.

Над аб'ектам Ігар працуе індывідуальна непасрэдна ў Гарадку, у некаторых момантах яму дапамагалі таварышы-студэнты, якія стваралі тут жа скульптуры з камянёў. У аснову «Буквара» лёг металічны каркас, які потым узмацняўся фібрабетонам. Практычна кожная літара вырабляецца паасобку, толькі некаторыя з іх хлопец робіць злітаванымі. Потым яны будуць усталяваны на тры бетонныя прамавугольнікі. Прыкладныя памеры арт-аб'екта — чатыры на чатыры метры. Таму ўнутраныя лабірынты і незвычайная прастора вакол літар, як і задумваў аўтар, стануць месцам прыцягнення ўсёй дзятвы Гарадоччыны. У планах хлопца — затаніраваць гатовую кампазіцыю пад камень, каб знак свята ўдала спалучаўся з шасцю каменнымі скульптурамі.

Фота: БелТА.

Нягледзячы на тое, што Ігар поўнасцю захоплены працоўным працэсам, пэўныя цяжкасці ўсё ж такі ўзнікалі. Па-першае, сціслыя тэрміны выканання, па-другое — вырабляць скульптуру трэба адразу на месцы, бо прывезці з Мінска бетонныя літары не было магчымасці. Не толькі за эстэтычны, але і за фізічны складнік Ігар адказвае сам: плануе час і хуткасць работы, разлічвае неабходныя матэрыялы і кантралюе падрыхтоўку платформы ў самім скверы. З улікам усіх складанасцяў, малады скульптар штодзень дапазна з энтузіязмам шчыруе ў сваёй майстэрні і дзеліцца, што ўяўляў ён свой праект яшчэ ў большых памерах.

У 25-гадовага хлопца гэта не першы вопыт такой вялікай скульптуры — ён скончыў пленэр у Паставах, па выніках якога стварыў каменны трон, на якім выяўлены чалавек, што трымае ў руках коціка. Больш мастаку падабаецца працаваць з бронзай, у калекцыі Сілко ёсць невялікая работа з гэтага матэрыялу, але ён каштуе сапраўды дорага. Любіць эксперыментаваць малады чалавек і з даўгавечным пластыкам, і з мармурам.

«Факт, што непасрэдна мая работа ўпрыгожыць гарадскі сквер да юбілейнага Дня беларускага пісьменства, не можа не радаваць і не натхняць. Асабіста для мяне гэтая моцная псіхалагічная прыступка, на якую трэба падняцца, каб рухацца далей. Я даказваю самому сабе, што варты займацца скульптурай, што не дарма абраў гэта нялёгкае мастацтва», — падкрэсліў Ігар Сілко.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.