Вы тут

У Верхнядзвінскім раёне ствараецца новы турыстычны маршрут па востраве Ду


У Верхнядзвінскім раёне ствараецца новы турыстычны маршрут па бязлюдным востраве Ду. Уласна, і сёння экскурсію на яго можна заказаць у Рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Асвейскі», што знаходзіцца на самай поўначы Беларусі. Гэтую тэрыторыю часам называюць мядзведжым кутом. Не толькі таму, што тут сапраўды сустракаюцца мядзведзі. У час падарожжа па раёне адразу ўздоўж дарог можна ўбачыць, як на палях гарцуюць маладыя журавы, якія яшчэ не абзавяліся ўласнымі сем'ямі. Казулі заходзяць да вяскоўцаў у агароды, алені ж наогул сталі вялікай бядой для тутэйшых садоў.


Фота аўтара.

Тэрыторыя Асвейскага заказніка складаецца з вялікага комплексу азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот. У хуткім часе для аматараў адпачынку на прыродзе тут пабудуюць гламурны кемпінг — камфортныя палаткі, у якіх стаяць ложкі, засцеленыя бялізнай. Безумоўна, цікавыя будуць і пешая вандроўка па ўзбярэжжы Асвейскага возера, аўтамабільныя і водныя маршруты. Напрыклад, «Асвейскі круіз» дазваляе больш даведацца пра другое па велічыні ў нашай краіне возера (яно саступае толькі Нарачы). Плошча Асвейскага возера — 5280 гектараў! Водная вандроўка праходзіць пад шоргат крылаў палахлівых белых чапляў. У час яе можна ўбачыць вялікую колькасць вадаплаўных птушак, у тым ліку чырванакніжнікаў. З 2002 года асвейскія водна-балотныя ўгоддзі атрымалі статус міжнароднага значэння, а з 2017-га ўваходзяць ў трансгранічную асабліва ахоўную тэрыторыю «Запаведнае Паазер'е».

Дзе-нідзе па возеры вецер ганяе плывуны — барадатыя «снапы» чароту, адарваныя воднымі хвалямі. Праз некаторы час пасля дрэйфу яны могуць зноў прыставаць да берага і там зачапіцца. Адно з цудаў Асвейскага возера — плывучы востраў Гаспадар. Уявіце: звыш гектара зыбкай зямлі плавае туды-сюды. Кажуць, нястрымны востраў нядаўна прышвартоўваўся на некаторы час да берага, і мясцовыя жыхары пасеклі на ім усе кусты.

І ўсё ж сапраўдным цэнтрам прыцягнення турыстаў у Асвею можа стаць бязлюдны востраў Ду. Гэта самы вялікі востраў у нашай краіне. Яго плошча — 480 гектараў. Раней тут жылі людзі, была ўласная электрастанцыя, працаваў калгас, засяваліся палі. Але ў пасляваенныя гады жыхары пачалі яго пакідаць. Можа, на гэта паўплываў запыт на больш камфортнае жыццё — у тыя гады якраз па ўсёй краіне назіраўся адток вясковага насельніцтва ў гарады. А можа, астраўляне хваляваліся за долю сваіх дзяцей, хацелі даць ім адукацыю. Дастаўляць малых з вострава ў школу было няпроста, часам дзяцей пакідалі ў спецыяльных прышкольных інтэрнатах. Калі адсюль пачалі з'язджаць сем'і, лёс вострава быў прадвызначаны. Сёння засталіся толькі рэшткі дамоў, зарастаюць старыя могілкі, а кінутыя сады ломяцца ад нікому не патрэбных яблык. Дарэчы, галінкі ўжо густа ўсыпаныя пладамі. Можа, калі-небудзь сюды дабяруцца вучоныя, каб вывучыць, што за сарты растуць на закінутым востраве, і нават скарыстаюць іх у селекцыі. Сям-там сярод высокай лугавой травы вырастаюць і малыя пладовыя дрэўцы. Іх ужо «садзілі» не людзі: разносіць насенне, магчыма, дапамагаюць і ўсёедныя янотападобныя сабакі, якія нярэдкія ў гэтых краях. Цяпер на востраве гаспадараць казулі і ласі, часам яны цікуюць з берагоў за рыбакамі. Па ўсім востраве відаць іх сляды і лёжкі. Нядаўна да вострава дабраліся алені. Ці то заплылі, ці то перабраліся зімой па лёдзе.

Пейзажы тут незвычайныя. Узгоркі, што ўзвышаюцца над вадой на 18-20 метраў, змяняюць яры, шчодра абсыпаныя ў часы ледавіка камянямі. Нават не верыцца, што такія пейзажы можна ўбачыць у Беларусі. І што толькі адзінкі авантурыстаў, з тых, хто любіць пажыць дзікунамі, карыстаюцца там магчымасцю хоць на нейкі час пабыць астраўлянамі. Нядаўна ў межах экалагічнага праекта, накіраванага на развіццё тэрыторый заказнікаў, маладыя людзі прапанавалі стварыць сайт, прысвечаны востраву — Ду.Бай, і наогул запусціць рэкламу пра «беларускі Дубай». Не ўпэўненая, што такая «раскрутка» дазволіць вярнуць жыхароў на востраў. А вось з наплывам турыстаў тут ужо не сустрэнеш такой цішыні і наўрад ці зможаш ўбачыць, як з берага за няпрошанымі гасцямі назіраюць казулі.

Калі ж наважыцеся аднымі з першых прайсціся па будучай экасцежцы, улічвайце, што вандроўку трэба ўдакладняць загадзя. Не толькі таму, што ў непагадзь на востраве няма куды схавацца. Асвейскае возера раскінулася ў нізіне, побач з ім вялікую тэрыторыю займаюць балоты, ветру тут ёсць дзе разагнацца. Часам можна бачыць, як баранчыкі бягуць па вадзе. Пры хуткасці ветру ў 6-7 метраў у секунду на возеры могуць быць хвалі ў 50-60 сантыметраў, але тут бывала і такое, што яны сягалі нават праз кабіну катара.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.