Вы тут

Адам Багдановіч і Фёдар Панкоў. Як мастак маляваў бацьку класіка


Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, акрамя вывучэння жыцця і творчасці пісьменніка, пільную ўвагу надаюць яго асяродку — родным, блізкім, сябрам. У музеі сфарміраваўся вялікі фонд, звязаны з імем бацькі паэта, яго фатаграфіі, рукапісы, машынапісныя працы, публікацыі, мемуарыстыка, эпісталярная спадчына. Матэрыялы, якія тычацца Адама Ягоравіча Багдановіча, таксама захоўваюцца ў розных культурных інстытуцыях Беларусі і замежжа. Цікавая гісторыя тычыцца мастацкіх партрэтаў бацькі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (Мінск, Беларусь) і Яраслаўскага мастацкага музея (Яраслаўль, Расія).


Яраслаўскі мастацкі музей. Партрэт А. Багдановіча  работы Ф. Панкова. Ліпень 2023 года.

А пачалося ўсё ў 2019 годзе, калі Аляксандра Георгіеўна Ванькевіч, былая супрацоўніца Дзяржаўнага музея БССР (цяпер — Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) перадала ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча лісты, якія пісаў ёй з Яраслаўля ў 1960-я гг. зводны брат паэта Павел Адамавіч Багдановіч. У лістах узнімаліся пытанні перадачы ў фонды гэтага музея матэрыялаў з сямейнага архіва Багдановічаў, каля 50 каштоўных экспанатаў з архіва Багдановічаў былі перададзены на захаванне ў Беларусь.

Нашу ўвагу прыцягнула просьба Паўла Багдановіча да А. Ванькевіч аб пошуку партрэта яго бацькі. У лісце ад 20 мая 1965 года Павел Багдановіч пісаў: «У мяне да вас вялікая просьба — паспрабуйце як-небудзь актывізаваць пошукі партрэта майго бацькі, напісанага мастаком Панковым. Не пакідайце гэтага без сваёй увагі». Пытанне ўзнімалася і ў наступных лістах: «…буду спадзявацца, што пошукі партрэта бацькі ўвянчаюцца поспехам» (17 чэрвеня 1965 г.), «…я знайшоў адрас Вольгі Андрэеўны Панковай, які мы з вамі не маглі знайсці. Паведамляю вам яго: Малахаўка, Ленінградскай чыгункі, Рэйкавая, д. 11. Мне хацелася б, каб былі паскораныя пошукі партрэта бацькі» (30 ліпеня 1965 г.), «…мне думаецца, што пошукі партрэта бацькі працы мастака Панкова варта было б пачаць з перапіскі, даслаўшы ад імя музея лісты ў Малахаўку на імя Вольгі Андрэеўны Постнікавай-Панковай (па адрасе, які я вам паведамляў) і ў Саюз мастакоў РСФСР» (25 жніўня 1965 г.). Аляксандра Георгіеўна Ванькевіч у адказ паведаміла, што афіцыйны ліст за подпісам намесніка дырэктара музея па навуковай частцы адпраўлены на імя ўдавы мастака, але гісторыя працягу не мела.

Аляксандра Ванькевіч была не адзінай памочніцай Паўла Багдановіча ў пошуках мастацкай працы Фёдара Панкова. У лісце да стрыечнай пляменніцы Наталлі Глебаўны Кунцэвіч ён пісаў: «…прыцягваю людзей да пошуку выдатнага партрэта бацькі, напісанага мастаком Панковым» (17 красавіка 1965 г.). З просьбай аб дапамозе ў гэтым пытанні ён звярнуўся да Ніны Барысаўны Ватацы, галоўнага бібліёграфа Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, якая займалася зборам матэрыялаў пра жыццё і творчасць М. Багдановіча. Н. Ватацы падрыхтавала кнігу «Шлях паэта» (Мінск, 1975 год), у якую ўвайшлі матэрыялы пра паэта, успаміны і перапіска з Паўлам Багдановічам. Лісты былі апублікаваны са скарачэннямі, як аказалася, даследчыца апусціла менавіта тыя радкі, дзе былі просьбы аб пошуку мастацкага партрэта А. Багдановіча. Верагодна, гэта зроблена было па той прычыне, што пошукі партрэта Нінай Ватацы на той момант яшчэ працягваліся, і публікацыя магла б з’явіцца ў выпадку станоўчага выніку.

Поўны тэкст лістоў П. Багдановіча да Н. Ватацы падрыхтаваны супрацоўнікамі мінскага музея пісьменніка і апублікаваны ў зборніку «Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 4» (Мінск, 2021). У лісце ад 5 красавіка 1965 года брат паэта паведамляе: «…у Дзяржаўны музей я пісаў: маскоўскім мастаком Панковым быў напісаны ў фарбах вялікі партрэт майго бацькі А. Я. Багдановіча. Партрэт выдатны і як партрэт і як твор жывапісу. Жонка мастака Вольга Андрэеўна Постнікава-Панкова не хацела да сваёй смерці развітвацца з гэтым партрэтам. Каб цяпер натрапіць на сляды гэтага партрэта, мне параілі звярнуцца па садзейнічанне да шматгадовага члена Саюза мастакоў СССР Суслава Дзмітрыя Сцяпанавіча. Мой зварот да яго вярнуўся назад за смерцю адрасата. Мне хацелася б прыцягнуць музей да пошуку гэтага партрэта. Мастак Панкоў жыў і памёр у канцы 30-х гадоў у Малахаўцы пад Масквой. Самому мне пры маёй слепаце цяжка займацца пошукам партрэта». У лісце ад 20 верасня таго ж года ён піша, што надае «вялікае значэнне» пошукам партрэта, якія вядзе Дзяржаўны музей, і просіць Н. Ватацы аб дапамозе.

Ніна Ватацы не змагла адшукаць партрэт Адама Багдановіча, у 1968 годзе Павел Адамавіч пайшоў з жыцця, не даведаўшыся пра лёс карціны. На шчасце, мастацкая праца Фёдара Панкова захавалася, цяпер гэта экспанат Яраслаўскага мастацкага музея. У 2019 годзе мы звязаліся з калегамі з гэтага музея, і Ніна Паўлаўна Галянкевіч, мастацтвазнаўца, старшы навуковы супрацоўнік, падрыхтавала падрабязную інфармацыю пра карціну Ф. Панкова «Партрэт Адама Багдановіча», а таксама паведаміла пра іншыя яго партрэты, якія захоўваюцца ў фондах.

Ф. І. Панкоў. Партрэтная замалёўка А. Я. Багдановіча. 1926 г. З фондаў БДАМЛМ.

Фёдар Іванавіч Панкоў (1889—1937) — рускі, савецкі мастак, родам з вёскі Сухаверхава Яраслаўскага павета. Большая частка яго жыцця была звязана з Яраслаўлем, дзе ён вучыўся, а пазней у гэтым горадзе працаваў. Захаваная творчая спадчына мастака — каля 270 работ, сярод іх ёсць жывапіс і графіка, пейзажы, нацюрморты, партрэты. Таццяна Фёдараўна Панкова, дачка мастака, ва ўспамінах так пісала пра яго манеру працы: «графічныя свае працы бацька рабіў лёгка і хутка, партрэты сяброў маляваў седзячы за сталом, за шклянкай гарбаты або седзячы ў крэсле падчас гутаркі». Фёдар Панкоў стаяў каля вытокаў Яраслаўскага мастацка-педагагічнага тэхнікума, дзе і пазнаёміўся з Адамам Багдановічам, які выкладаў у гэтай жа навучальнай установе гісторыю культуры.

Як паведаміла Ніна Галянкевіч, у фондах Яраслаўскага мастацкага музея захоўваецца пяць работ, на якіх намаляваны А. Багдановіч, яны перададзены ў дар музею дачкой мастака. У планах музея выдаць каталог мастацкіх работ Ф. Панкова, дзе будзе падрабязная інфармацыя аб кожным творы, таму дадзім толькі іх кароткую характарыстыку. У 1982 годзе ў Яраслаўскі мастацкі музей Таццяна Панкова перадала дзве работы: «Партрэт Адама Багдановіча» (палатно, алей, 1927—1928 гг.), эскіз-партрэт (папера, аловак, 1927). У 2007 годзе яна перадала ў музей яшчэ тры эскізы-партрэты, выкананыя ў розных тэхніках і з выкарыстаннем розных матэрыялаў (вугаль, крэйда, графітны аловак, чорны і каляровыя алоўкі). На двух работах маецца подпіс аўтара і дакладная дата — 13 красавіка 1927 года, дата яшчэ аднаго эскіза пад пытаннем — «1929 (?)». У біяграфічным артыкуле пра Фёдара Панкова Ніна Галянкевіч пісала, што «ў партрэтах мастак паўстае перад намі як выдатны псіхолаг і майстар, які валодае маляўнічай школай. У партрэце жывапіс заўсёды стрыманы, але эмацыянальны ў сваёй строгай каляровай градацыі».

Як аказалася, гэта не ўсе партрэты Адама Ягоравіча Багдановіча, зробленыя мастаком Фёдарам Панковым. І сёлета гісторыя мела працяг. Справа ў тым, што яшчэ адна партрэтная замалёўка бацькі класіка беларускай літаратуры захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, у складзе фонду «Багдановічы». Большая частка матэрыялаў з гэтага фонду (фатаграфіі, рукапісы, эпісталярый, прадметы побыту) паступіла ў 1960-я гг., у дар ад Паўла Багдановіча, у тым ліку і гэты графічны ліст. Мастак выкарыстаў просты аловак, намаляваў пагрудны партрэт Адама Ягоравіча ў профіль, у зімовым паліто. На малюнку ёсць надпіс «А.Я.Багдановіч. 1926 г.», ва ўліковых дакументах пазначана, што мастак не ўстаноўлены.

Падчас камандзіроўкі ў Яраслаўль у ліпені гэтага года супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча дамовіліся аб сустрэчы з навуковым супрацоўнікам Яраслаўскага мастацкага музея, заслужаным дзеячам культуры РФ Нінай Галянкевіч. Ніна Паўлаўна дазволіла нам бліжэй пазнаёміцца з тым самым знакамітым партрэтам работы Ф. Панкова, за лёс якога так хваляваўся Павел Багдановіч. Партрэт захоўваецца ў фондах музея, дэманструецца ў часовых выстаўках, інфармацыя пра яго будзе ў каталогу мастацкіх работ Ф. Панкова, які рыхтуецца Н. П. Галянкевіч. У сваю чаргу, мы паказалі Ніне Паўлаўне партрэтную замалёўку бацькі пісьменніка, арыгінал якой захоўваецца ў БДАМЛІМ, а копія — у фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Праз некалькі дзён пасля вяртання з камандзіроўкі мы атрымалі ліст з Яраслаўля, у якім супрацоўніца Яраслаўскага мастацкага музея піша: «Праглядзела малюнкі Фёдара Іванавіча Панкова. Сумненняў няма! Партрэт А. Я. Багдановіча, які Вы мне прывезлі (скан) створаны Ф. І. Панковым» (27 ліпеня 2023 г.).

Такім чынам, можам адзначыць наступнае: на сённяшні момант выяўлены адзін мастацкі партрэт і пяць партрэтных замалёвак Адама Ягоравіча Багдановіча. Яны захоўваюцца ў фондах Яраслаўскага мастацкага музея і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Мастацкія работы звязаны з яраслаўскім перыядам жыцця А. Я. Багдановіча і працай у Яраслаўскім мастацка-педагагічным тэхнікуме. Партрэты выкананы рускім мастаком Фёдарам Іванавічам Панковым з натуры, у розных стылях і тэхніках, з выкарыстаннем розных матэрыялаў. Супрацоўнікамі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча будзе праводзіцца далейшая работа па выяўленні партрэтаў Адама Ягоравіча ў музеях Беларусі і замежжа, а таксама работа па атрыбуцыі выяўленых карцін.

Ірына МЫШКАВЕЦ

Фотаздымкі дасланы аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.