Вы тут

Простыя рэчы


Нядаўна давялося паўдзельнічаць у галоўным беларускім восеньскім квэсце. Ну вы здагадаліся, відаць, што гаворка ідзе пра капанне бульбы. Трэба было дапамагчы сястры ўбраць яе дзялянку ў чатыры «соткі» і тым самым зарабіць сабе бульбы на зіму. Яны ўжо шмат гадоў садзяць менавіта столькі ды забяспечваюць другім хлебам чатыры сям'і, яшчэ і застаецца.


Выкапаць бульбу ў іх — цэлая падзея. Выдзяляе «соткі» і дапамагае іх апрацоўваць сельгаспрадпрыемства, пенсіянерам якога з'яўляецца муж сястры. Гаспадарка вялікая, працэс уборкі выпрацаваны гадамі: спісы складаюцца ў алфавітным парадку, кожнаму прысвойваецца нумар, у дзень капае сто нумароў. Сваю дату кожны гаспадар ведае загадзя. Таму ёсць магчымасць склікаць дзяцей, сваякоў, якія вырашаць пытанні з адгуламі, дзённымі водпускамі. Бо калі прапусціш свой дзень, потым будзе вельмі праблемна ўклініцца ў шчыльны графік. А для людзей ствараецца яшчэ адна нагода сабраць родных і блізкіх за сталом, сустрэцца, пагаманіць пра сямейныя справы. Пасля паспяховай уборкі ўраджаю бывае абед, да якога гаспадыні рыхтуюцца загадзя.

Мая сястра, напрыклад, заўсёды гатуе столькі, што яшчэ і з сабой усім у сумкі кладзе. Як заўважыў яе сусед: «Дорага ж табе абыходзіцца гэтая бульба». Але ж яна, як выглядае, любіць тыя клопаты, бо пасля лета, калі ўсе пабывалі ў адпачынках, няпроста было б сабраць родных. А так усе па першым закліку едуць, бо гэта ж святое — выкапаць бульбу.

Ну, і сам працэс уборкі бывае даволі цікавы. Не столькі той работы, колькі розных нюансаў. Бульба вырасла сёлета вялікая. Выбіралі яе, можна сказаць, у спёку. Успаміналі леташняе капанне, калі ўвесь дзень ліў дождж, і клубні даставалі амаль што з гразі. Але нікуды не дзенешся, не выйдзеш у свой дзень — потым невядома як сабраць ураджай з дзялянкі.

Работа пачынаецца, паводле аб'яў, у восем раніцы. Мы прыехалі а палове восьмай, было такое ўражанне, што ледзь не апошнія. Усе з кашамі, сумкамі, скруткамі мяхоў ужо стаялі насупраць сваіх радоў. Трактары з капалкамі прыйшлі роўна ў восем. І тады кожнаму хацелася, каб яму вытраслі хутчэй, некаторыя гаспадары пачыналі бегаць, мітусіцца. Але трактарысты ішлі строга па парадку, і неўзабаве бульба бялела на радах, і ўся тая гіганцкая брыгада капальнікаў ужо стаяла літарай «зю», а ззаду пачыналі высіцца рады мяхоў.

Нас было шэсць чалавек, і мы сабралі свой ураджай крыху больш чым за дзве гадзіны. Але ж самае складанае і адказнае ў працэсе ўборкі — дачакацца машыну, пагрузіць мяхі і завесці дадому. Справа ўскладнялася тым, што большасць выкапала амаль адначасова, а машын было ўсяго некалькі. І чакаць давялося доўга. Прынамсі, мы ў чаканні сядзелі больш, чым капалі. Амаль усе суседзі таксама сядалі на распасцёртыя мяхі, некаторыя мылі рукі загадзя прывезенай вадой і падсілкоўваліся проста на полі. Іншыя, асабліва нецярплівыя, чаплялі прычэпы да легкавікоў, у тым ліку арандаваныя, аб чым сведчылі надпісы, і вывозілі ўраджай самастойна. Раз-пораз раўлі пазадарожнікі, узнімалі хмары пылу, калі ляцелі па радах.

У адных кампаніях пачыналі спяваць, у іншых не вельмі гучна высвятляць адносіны, — словам, кожны арганізоўваў працэс чакання па-рознаму. Недалёка ад нас дзябёлая цётка усчала сварку з суседзямі, бо грузавік, які ішоў за суседскімі мяхамі, праехаў па іх радзе, дарэчы, убраным ужо, для чаго іх скарб спатрэбілася крышачку ссунуць убок. Інакш проста немагчыма. «Магутны МАЗ — гэта ж не самалёт, ён не праляціць, каб не зачапіць яе вузкую палоску», — тлумачылі сварлівай кабеце. Але ж ёй было ўсё роўна, яе любімая справа, як выглядала, скандаліць, а тут выпадала нагода. Мы толькі пасмяяліся: кожны ў сваім рэпертуары, што ў двары, што на бульбе, што ў сацсетках.

А маю ўвагу прыцягнула маладзенькая пара, можа, старэйшыя школьнікі, можа, студэнты. Яны сядзелі крыху наводдаль ад іншых кампаній. Вось каму доўгія гадзіны чакання былі ў радасць. Яна трымала маленькі букецік васількоў. Дзе ён толькі знайшоў іх? Побач адна кукуруза расла, відаць, збегаў на ўзлесак, які мяжуе з вялікім полем. Яно ўжо чарнее раллёй, а вось на ўзбочыне, выходзіць, выраслі новыя васількі з тых, што адцвілі і высыпаліся позняй вясной. Дзяўчына падносіла да твару сінія кветачкі і свяцілася шчаслівай усмешкай. Яны пра нешта гаварылі, відаць, смяяліся са сваіх запыленых красовак і адзення, паказваючы рукамі. І выглядалі, нібы жывая ілюстрацыя да вядомага верша Сяргея Грахоўскага: «Простае шчасце людское, // Так, як і наша з табою, // Пэўна, складаецца з солі, // З хлеба, сабранага ў полі, // З поту, з дарожнага пылу, // З роднага небасхілу...»

Не ведаю, ці праходзяць яго зараз у школе. Мы некалі вучылі на памяць. Толькі нам тады не расказвалі, што Грахоўскі, перш чым напісаць пранікнёныя радкі такімі простымі шчырымі словамі, прайшоў больш за паўтара дзясятка гадоў сталінскіх лагераў і ссылак, не раз быў на мяжы смерці. Як жа хочацца, каб простыя рэчы заўсёды заставаліся ў нашым жыцці — без выпрабаванняў і пакут, без войнаў і ўзрушэнняў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.