З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі. А іх істотны ўздым у сёлетнім эпідсезоне чакаецца зімой — са студзеня да сакавіка з пікам у лютым. Каб засцерагчы сябе ад адной з самых небяспечных рэспіраторных інфекцый — грыпу, медыкі раяць зрабіць прышчэпку. Якімі вакцынамі сёлета будуць прышчапляць, ці актуальная дагэтуль прышчэпка ад COVІD-19 і каму найперш трэба абараніць сябе, расказаў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл ІГНАТАЎ.
Спецыяліст адзначыў: штогод у нашай краіне больш за чатыры мільёны чалавек хварэе на ВРІ, у тым ліку на грып і COVІD-19. У цэлым на долю рэспіраторных інфекцый прыходзіцца больш як 98 % ад усёй інфекцыйнай захваральнасці. Дзеці складаюць больш за палову тых, хто хварэе на рэспіраторныя інфекцыі. Пры гэтым апошнія дзевяць сезонаў ахоп насельніцтва прышчэпкамі супраць грыпу складае больш за 40 %. І аналіз у мінулым эпідсезоне паказаў, што больш за 90 % тых, хто захварэў і мае лабараторна пацверджаны дыягназ «грып», не быў вакцынаваны. Захваральнасць прышчэпленых у 6,7 раза меншая, чым непрышчэпленых.
Сёлета перад пачаткам сезону ўздыму рэспіраторных захворванняў у нашай краіне таксама плануецца правядзенне кампаніі вакцынацыі супраць грыпу. Трыдыцыйна яна будзе праходзіць з пачатку кастрычніка да канца лістапада. Плануецца прышчапіць каля 40 % насельніцтва і не менш за 75 % асоб з груп высокай рызыкі.
Да груп высокай рызыкі развіцця цяжкай формы грыпу і неспрыяльных наступстваў адносяцца дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да трох гадоў, асобы з хранічнымі хваробамі незалежна ад узросту і імунасупрэсіяй, пажылыя людзі ад 65 гадоў і старэйшыя, цяжарныя жанчыны. Да асоб з высокай рызыкай заражэння ў першую чаргу адносяцца медыцынскія работнікі, а таксама работнікі, чыя дзейнасць звязаная з кантактаваннем з людзьмі, і асобы, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Акрамя таго, вакцынацыя супраць грыпу і каранавіруснай інфекцыі важная для работнікаў сферы адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання, камунальнай сферы.
Паводле даных з адкрытых крыніц, на сёння ў свеце больш за 21 мільён чалавек знаходзіцца на лячэнні ад COVІD-19, што сведчыць пра тое, што небяспека дадзенай інфекцыі не сышла. Кірыл Ігнатаў падкрэсліў, што сёлета вакцынацыя супраць грыпу будзе праводзіцца на фоне кампаніі вакцынацыі супраць COVІD-19. Дапускаецца сумеснае ўвядзенне ў адзін дзень вакцыны супраць грыпу і COVІD-19, акрамя жывых вакцын. Таксама гэтыя прышчэпкі могуць праводзіцца ў адзін дзень разам з іншымі прышчэпкамі з нацыянальнага календара ці пераліку прафілактычных прышчэпак па эпідэміялагічных паказаннях.
— Калі правядзенне прышчэпак супраць грыпу і COVІD-19 у адзін дзень немагчымае, то варта зрабіць мінімальны інтэрвал у два тыдні паміж увядзеннем дзвюх вакцын, — дадаў эпідэміёлаг. — Ва ўмовах адначасовай цыркуляцыі грыпу і COVІD-19 існуе верагоднасць адначасовага заражэння, што можа ўскладніць цяжар працякання хваробы.
Па рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя для Паўночнага паўшар'я на гэты эпідсезон рэкамендаваныя вакцыны супраць трох штамаў віруса: H1N1, падобнага на штам «Вікторыя»; H3N2, падобнага на штам «Дарвін»; віруса грыпу B, падобнага на штам «Аўстрыя». Для чатырохвалентных вакцын уключаны штам віруса В «Пхукет».
У нашай краіне ў гэты эпідсезон вакцынацыя супраць грыпу будзе праводзіцца расійскай трохвалентнай вакцынай «Флю-М», французскай «Ваксігрып-Тэтра», швейцарскай «Інфлювак-Тэтра».
Актуальнымі застаюцца і вядомыя меры прафілактыкі — захаванне сацыяльнага дыстанцыянавання, мінімізацыя наведвання месцаў масавага збору людзей, рэспіраторны этыкет, гігіена рук.
У выпадку ўзнікнення рэспіраторных інфекцый, асабліва калі гэта датычыцца дзяцей, не трэба займацца самалячэннем, лепш звяртацца ў медыцынскія ўстановы, нагадаў медык. Санітарныя службы праводзяць дазорнае і руціннае назіранні за рэспіраторнымі інфекцыямі ў 18 кантрольных гарадах, падчас якога аналізуецца колькасць асоб, якія звярнуліся ў медыцынскія ўстановы для атрымання дапамогі. Пакуль пад'ём захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі нязначны і звязаны з тым, што вялікая колькасць дзяцей і падлеткаў пайшла ў навучальныя ўстановы, а таксама паколькі змяняецца надвор'е і колькасць сонечных дзён.
Для ўсіх рэспіраторных інфекцый у першую чаргу характэрны пад'ём тэмпературы, наяўнасць насмарку, кашлю, болю ў горле. Пры грыпе назіраецца яшчэ і ламота ў целе, суставах, мышцах. Для ўсіх рэспіраторных хвароб актуальныя агульная млявасць і хуткая стамляльнасць. Пры з'яўленні гэтых сімптомаў варта звяртацца па медыцынскую дапамогу.
Усе рэспіраторныя інфекцыі перадаюцца паветрана-кропельным шляхам — пры чханні, кашлі, дыханні хворы распаўсюджвае рэспіраторныя патагены. Што датычыць грыпу і COVІD-19, людзям з аслабленым імунітэтам дастаткова пабыць з захварэлым некалькіх хвілін на адлегласці менш ад метра, каб заразіцца. Для іх надзейнай аховай стане вакцынацыя. Яна не засцерагае ад заражэння, але гарантуе, што працяканне хваробы не будзе цяжкім і не выкліча неспрыяльных наступстваў.
Пры захворванні не рэкамендуецца збіваць гарачкапаніжальнымі тэмпературу да 38 градусаў. Асабістая гігіена — адна з абавязковых умоў пры лячэнні. Як і правільнае збалансаванае харчаванне, якое дапамагае ўмацоўваць імунітэт.
Алена КРАВЕЦ
Какававэла і вінаградныя жамерыны.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.