Вы тут

«Іскандэр» на варце нашай краіны


«Іскандэр» — ідэальная зброя стрымлівання. 

Узбраенне, канструктарскія распрацоўкі якога знаходзяцца пад грыфам «сакрэтна». Наймагутнейшы аператыўна-тактычны комплекс, аналагаў якому няма ў свеце. Цяпер ён стаіць на варце нашай краіны.


Навіна аб тым, што ў Беларусь на баявое дзяжурства заступілі ракетныя комплексы «Іскандэр», у лічаныя гадзіны абляцела ўвесь свет. І гэта зразумела. Узбраенне настолькі магутнае, што адным сваім выглядам астуджае гарачыя галовы вар’ятаў, чыя рыторыка апошнім часам стала занадта агрэсіўнай. Але цяпер не пра палітыку, а пра комплекс.

Трапляе ў цэль з мінімальным адхіленнем

Узбраенне названа ў гонар Аляксандра Македонскага, якога на Усходзе празвалі «Іскандэрам». Іканаграфія малявала палкаводца ў двухрогім шлеме. Аператыўна-тактычны комплекс мае дзве ракеты. Вось такі сімвалізм. Яго галоўная задача — нанясенне ракетных удараў па асабліва важных малапамерных і плошчавых цэлях у глыбіню войскаў праціўніка. Гэта могуць быць камандныя пункты, бункеры, пускавыя ўстаноўкі, аэрадромы. Самі ракетчыкі сцвярджаюць, што ракета «Іскандэра» здольная «ўвагнаць калок у зямлю» на зададзенай адлегласці. На адлегласці сотні кіламетраў ракета трапляе ў цэль з верагоднасцю адхілення не больш чым у пяць метраў.

Людзі, якія не вельмі разбіраюцца ў ваеннай тэхніцы, думаюць, што «Іскандэр» — гэта адна машына. Гэта не так. Комплекс складаецца з шасці. Гэта і камандна-штабная машына, машына жыццезабеспячэння, пускавая ўстаноўка, машына, якая зараджае, аўтамабіль рэгламенту і тэхнічнага абслугоўвання. Запуск адной ракеты забяспечваецца такой колькасцю тэхнікі.

Да гэтага комплексу падыходзяць два тыпы ракет: балістычныя і крылатыя. Балістычная ракета пасля запуску падымаецца на вышыню ў 40 кіламетраў, трапляе ў стратасферу і ляціць па гарызантальнай траекторыі. Пакідае стратасферу толькі перад тым, як трапіць у цэль. Прынцып работы крылатай ракеты іншы. Яна падымаецца на вышыню 150 метраў і таксама па гарызантальнай траекторыі ляціць да цэлі. Балістычная ракета лічыцца больш эфектыўнай, бо няўлоўная для любых сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Камфортны ў ваджэнні

Кажучы аб асноўных характарыстыках комплексу, хуткасць палёту складае 2100 м/с, найбольшая вышыня траекторыі — 100 км, мінімальная далёкасць палёту — 50 км, максімальная — 500 км. Час пуску ракеты з маршу складае ўсяго 16 хвілін. Экіпаж запускае яе з адвольнага месца, не пакідаючы кабіны. Інжынерная падрыхтоўка стартавай пазіцыі, топагеадэзічнае і метэаралагічнае забеспячэнне не патрабуецца.

Распрацоўшчыкам шасі з’яўляецца наша айчыннае прадпрыемства — Мінскі завод колавых цягачоў. Максімальная скорасць руху — да 60 км. Гэтай машыне не трэба пераадольваць бездарожжы. Яна прызначаная для іншага: выйсці на баявую пазіцыю, адпрацаваць задачу і хутка ўцячы.

Счапленне, тормаз, газ, каробка перадач, ручнік — практычна ўсё як у звычайнай машыне, але гэта не лічачы ўсіх астатніх невядомых мне кнопак. Калі зрабіць невялікі агляд на тэст-драйв гэтай машыны, то скажу: ехаць на ёй вельмі прыемна. Мне ўдавалася кіраваць вялікай колькасцю ваеннай тэхнікі, і ўсюды ёсць адна праблема — звязаная з аглядам з кабіны ўнутры: там нічога ніколі не відаць. А тут у цябе проста вялізны плацдарм для агляду тэрыторыі, што вельмі камфортна. Калі не браць у разлік тое, што ты перавозіш балістычную ракету…

Транспартна-зараджальная машына створана на аналагічнай базе, як і пускавая, і нясе на борце яшчэ дзве ракеты. Для зараджэння асноўнай устаноўкі выкарыстоўваецца кран, інтэграваны ў канструкцыю, і разлік з двух чалавек. Поўная маса машыны складае 40 тон.

Камандна-штабная машына — гэта, па сутнасці, мозг усяго комплексу. Тут размешчана месца камандзіра батарэі, радыётэлеграфіста і камандзіра АСК. Менавіта гэтыя людзі кіруюць баявым разлікам, які знаходзіцца ў пускавой устаноўцы. Адсюль падаецца каманда на пуск ракеты.

Машына жыццезабеспячэння прызначана для пражывання асабовага складу. Унутры ўсё па-армейску проста. У гэтым пакоі можа размясціцца шэсць чалавек са складу баявога разліку. У наступнай вайскоўцы могуць паесці і нават памыцца.

Так, «Іскандэр» у страі — падзея для краіны. Сёння мы жывём у такі час, калі гучна расказваць аб узбраенні — ужо неабходнасць. Бо толькі так можна астудзіць гарачыя галовы дзеячаў з недружалюбных краін, якія, не хаваючы, накіроўваюць зброю да нашых граніц.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.