Вы тут

«Трэба проста жыць. У міры і згодзе»


Георгій Атаманаў — сын і ўнук франтавікоў. Два вогненныя гады ў Афганістане, раненні, незваротныя страты калег на горнай зямлі. Расказвае пра той час з горыччу і болем. Хоць гаворыць пра Афганістан часта: пастаянна выступае перад школьнікамі і працоўнымі калектывамі. Напярэдадні 35-годдзя вываду войск з Афганістана мы пагутарылі з палкоўнікам запасу аб службе, воінскім абавязку і каштоўнасці жыцця.


— Георгій Пятровіч, давайце вернем час назад і ўспомнім, як пачалася ваша афганская гісторыя...

— Мне быў 31 год. Я скончыў Ваенна-палітычную акадэмію імя Леніна і служыў у Пухавічах намеснікам камандзіра палка па палітчастцы, як мяне прызначылі ў Афганістан. Трапіў у Шандант, у пятую мотастралковую дывізію, у 24-ы гвардзейскі пражскі танкавы полк — намеснікам камандзіра палка па палітычнай частцы. Службу праходзіў з чэрвеня 1981-га да мая 1983-га. Удзельнічаў у баявых дзеяннях і сямі аперацыях. Тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі з-за ранення. За службу атрымаў датэрміновае званне падпалкоўніка. Узнагароджаны двума ордэнамі — Чырвонай Зоркі і афганскім «Зорка» ІІІ ступені. Eсць і медаль ад удзячнага афганскага народа.

— Ці быў страх перад адпраўкай у Афганістан?

— Я проста ехаў. Мяне прызначылі, і я ехаў. Загад — і мы з’язджалі туды, куды нас прызначалі. Страху не было, бо я не ведаў, што там адбываецца. Сам не бачыў, а сродкі масавай інфармацыі шмат не паведамлялі. Прыляцеў туды, мяне завезлі ў полк. Сустрэў мяне зампаліт палка Васіль Бясхлебны. Яго ўжо, на жаль, няма ў жывых. Ён распавёў мне абстаноўку, і літаральна праз тры тыдні пасля прыбыцця ў полк я вёў калону і трапіў у першы бой. Як бы мы ні бераглі салдат — не заўсёды атрымлівалася. За гэты час у мяне з палка загінула 18 чалавек, з іх 10 афіцэраў і прапаршчыкаў, 8 салдат і сяржантаў, у тым ліку два беларусы. Салдаты загінулі ў баі. Прыйшлося пісаць бацькам, удовам, сваякам, што іх сын загінуў пры выкананні службовых абавязкаў. Для зампаліта гэта, напэўна, самая цяжкая доля была. Пасля «груз 200» адпраўлялі ў Савецкі Саюз па адрасе, адкуль прызываўся. Там і хавалі нашых хлопцаў.

— Вы ўсведамлялі, навошта едзеце «за рэчку», як называлі гэтую тэрыторыю?

— Калі б мы туды не прыйшлі, літаральна на наступны дзень там бы былі амерыканцы. А што яны за 20 гадоў рабілі з гэтым народам, з гэтай тэрыторыяй, мы ведаем. Мы ваявалі супраць душманаў, ворагаў афганскай рэвалюцыі, чым аказвалі вялікую дапамогу мясцоваму насельніцтву. У нас склаліся добрыя адносіны з афганцамі. Мы разам ладзілі сустрэчы, канцэрты, дапамагалі ім з вадой, дастаўлялі грузы. Там былі нашы цывільныя службоўцы, якія дапамагалі ствараць сістэму адукацыі, сістэму аховы здароўя, адбудоўвалі дарогі, гарады і гэтак далей. Акрамя ваеннай дапамогі, была і звычайная чалавечая дапамога афганскаму народу, чаго не рабілі ніколі амерыканцы.

— Бачу, вам балюча ўспамінаць тыя падзеі...

— Я ўспамінаю франтавікоў Вялікай Айчыннай вайны, з якімі размаўляў, многія не хацелі расказваць пра сваё франтавое мінулае. Чаму? Бо яно баліць. Вось я ў 1983 годзе вярнуўся, 40 гадоў прайшло — да гэтага часу Афганістан сніцца. І калі просяць расказаць, не хочацца, бо сэрца дагэтуль баліць, падымаецца ціск. Гэты боль, відаць, застанецца да канца жыцця. У тых, хто прайшоў вайну, хто быў пад кулямі, паверце, у іх абсалютна іншае стаўленне да жыцця. Я па сабе скажу: даражэй чалавечага жыцця на зямлі нічога няма. Калі яно даецца адзін раз, то і пражыць яго трэба па-чалавечы, з павагай да людзей, да тых праблем, якія ёсць. Мы ўсе розныя, але чалавечае жыццё адно. Яго трэба берагчы і рабіць усё для таго, каб войнаў ніколі не было. Але, на жаль, так уладкавана чалавечае грамадства, што за тры тысячы гадоў — 15 тысяч войнаў, каля 3,5 мільярда чалавек на планеце было знішчана. Навошта, дзеля чаго? Багацце, дзяльба, улада? Гэтыя праблемы і сёння актуальныя. Людзі ніяк не жадаюць зразумець таго, што трэба проста жыць. У міры і згодзе. Без войнаў, без канфліктаў, умець дамаўляцца, рабіць усё, каб чалавек жыў так, як ён хоча, на сваёй зямлі.

— Які выпадак найбольш запомніўся за час службы пад афганскім сонцам?

— Пра нашага земляка Мацулевіча, камандзіра батальёна. Тады завязаўся бой, які працягваўся каля трох гадзін. У гэтым баі я страціў сваіх таварышаў. Нашы салдаты паводзілі сябе вельмі годна, мужна і адважна. Быў такі сяржант Белігузаў, які таксама загінуў у гэтым баі. Мне, напэўна, пашанцавала, што застаўся жывы. Але вось Белігузаў... БМП была падбіта, ён усіх салдат адправіў, а сам застаўся ў машыне, абараняючы іх адыход. У свае 19 гадоў ён разумеў, што даражэй за жыццё нічога няма. Таму і адпусціў таварышаў, а сам адстрэльваўся, каб душманы не ўзялі іх. Як гэта забудзеш... І такіх выпадкаў шмат. Калі ідзеш разам, размаўляеш, трымаеш бой, з якога не ўсе выходзяць жывымі. Нават успамінаць усё гэта цяжка. Вайна ёсць вайна. І мяне часам школьнікі пытаюцца: «А вы самі стралялі, забівалі?» Шчыра кажу: страляў, у некаторых душманаў трапляў. Мне шкада, што чалавека забіў, але бой ёсць бой. Або ён мяне, або я яго. Тут выбару не застаецца.

— Амерыка ўжо не адно дзесяцігоддзе знішчае і абясцэньвае ўклад Савецкага Саюза ў той вайне. Якое ваша стаўленне да гэтага?

— Чарговая амерыканская хлусня. Ім выгадна так выстаўляць Расію, Савецкі Саюз. І да сённяшняга дня яны ніяк супакоіцца не могуць. І мы бачым, што адбываецца ў свеце. Менавіта па іх волі. Але пасля грамадзянскай вайны, якая была паміж поўднем і поўначчу ў Амерыцы, вайны на іх тэрыторыі не было. Амерыканцы казалі, што самы няскораны народ — гэта славяне: рускія, украінцы, беларусы, якіх перамагчы немагчыма, таму застаецца іх толькі знішчыць. Гэтым яны і займаюцца: з дапамогай прапаганды, з распаўсюджваннем хлусні і паклёпу. У Афганістане савецкі салдат ніякіх злосных дзеянняў супраць мірнага насельніцтва не здзяйсняў. Мы не ваявалі з мясцовымі. Мы адказвалі толькі на тое, куды прыходзілі душманы, альбо разведка нам давала даныя, абапіраючыся на якія мы арганізоўвалі аперацыі. Памятаю выпадак. Стаіць на вуліцы мужчына, а з ім — трое дзяцей. Я аддаў ім свой сухпаёк. «Ташакур, ташакур», — «дзякуй» яны заўсёды казалі. І да гэтага часу афганцы, якія жывуць і ў Беларусі, памятаюць гэтую дабрыню савецкіх салдат, сяржантаў, афіцэраў. І дагэтуль ненавідзяць натаўцаў і амерыканцаў. Колькі з гэтай зямлі выпампавана нафты, урану вывезена, рэдказямельных металаў. 

І ўсё бясплатна. І яны пасля гэтага расказваюць, што мы рабілі ў Афганістане! Мы вельмі паважліва ставіліся да афганскага народа. Выконвалі свой абавязак.

— Як сёння захоўваеце праўду таго часу?

— Наведваем сем’і загінулых: удоў, маці. Вось з Новым годам павіншавалі. Цяпер на 35-годдзе вываду войск з Афганістана сустрэнемся з пабрацімамі. Будзем расказваць, што бачылі. А ўжо паверыць ці не паверыць чалавек — яго асабістая справа. Нам бы вельмі хацелася, каб захавалася праўда, крывёю здабытая ў Афганістане, дзе мы страцілі каля 15 тысяч салдат.

— Калі вярнуліся на Радзіму, сталі іншым чалавекам?

— Для мяне даражэй за жыццё няма нічога. Жыццё — самая вялікая каштоўнасць. Страціўшы ў баях сваіх таварышаў, мы вельмі шануем жыццё, наша братэрства, таму і завём сябе пабрацімамі. Мы разам былі там. Незалежна ад пасад і званняў.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.