Сярод паветраных шароў, самалётаў і верталётаў мотадэльтаплан і аўтажыр набылі статус самых бяспечных лятальных апаратаў. У сілах спецыяльных аперацый Узброеных Сіл гэтыя тыпы лятальных апаратаў служаць разведчыкам верай і праўдай ужо не першы год. У паўсядзённым жыцці дэльталёты галоўным чынам выкарыстоўваюцца пры патруляванні лесапалос з мэтай выяўлення пажараў, а таксама для адпачынку і спорту. Наш спецназ знайшоў прымяненне гэтым апаратам у ваеннай сферы. Аказваецца, ва ўмелых руках дэльталёт можа быць выдатным разведчыкам.
З самай раніцы на імправізаванай узлётнай паласе ўжо на ўсю моц кіпела работа. Дзень для палётаў выдаўся выдатны: цеплыня, невялікі ветрык, выдатная бачнасць. Першымі ў неба падняліся байцы на мотадэльтаплане «Антарэс». Апарат даволі лёгкі ў асваенні, для авалодання ім патрабуецца каля 30–40 гадзін. Для ўзлёту дэльталёту дастаткова 60 метраў. Узлятаць ён можа як з бетоннага пакрыцця аэрадрома, так і з грунта. У пілота ёсць партатыўная радыёстанцыя, з дапамогай якой ажыццяўляецца кіраўніцтва палётам са стартавага каманднага пункта на зямлі.
«Дэльталёты ў нас выкарыстоўваюць для разведкі, дэсантавання асабовага складу і грузаў, фатаграфавання мясцовасці, стральбы і нават непрыцэльнага бомбамятання», — уводзіць у курс справы лётчык-інструктар. Па словах спецыяліста, да пілотаў дэльталётаў ёсць пэўныя патрабаванні. Перш за ўсё вайскоўцу неабходна паспяхова прайсці медыцынскую камісію. Затым пачынаецца тэарэтычны этап падрыхтоўкі, які праходзіць на спецыяльных курсах, а пасля атрыманыя веды замацоўваюцца на практыцы. Толькі пасля гэтага лётчык атрымлівае допуск да маршрутных палётаў. Сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляюцца і да вайскоўцаў, якія дэсантуюцца з дэльталётаў. Пры дэсантаванні з мотадэльтаплана выкарыстоўваюцца толькі парашутныя сістэмы спецыяльнага прызначэння. Дарэчы, скачок з дэльталёта куды больш складаны, чым з верталёта або ваенна-транспартнага самалёта Іл-76МД. Таму і ўзровень падрыхтоўкі разведчыка, яго досвед павінны быць вельмі грунтоўнымі.
Чарговы дуэт ляніва кранаецца з месца, імкліва набірае хуткасць. Узлёт! Рассякаючы крыламі вецер, разведчыкі хаваюцца за кронамі дрэў. Праз некаторы час дэльталёт выходзіць на зададзены курс і здзяйсняе дэсантаванне грузу з вышыні 300 метраў. Пры захадзе на пасадку разганяецца да сотні кіламетраў за гадзіну, кружыць над узлётнай паласой і, знізіўшыся, мякка кранаецца зямлі. Вялікае крыло, магутны рухавік і майстэрства дасведчанага авіятара не падвялі — і пасадка адбылася тое, што трэба.
Як толькі мотадэльтаплан здзейсніў пасадку, да ўзлёту пачаў рыхтавацца экіпаж двухмеснага аўтажыра «Ястраб», які з’яўляецца выключна беларускай распрацоўкай. Пілатуемы звышлёгкі лятальны апарат трымаецца ў паветры за кошт узаемадзеяння паветранага вінта, які свабодна верціцца, з паветраным асяроддзем. У гэтага апарата практычна няма недахопаў. Аўтажыр здольны ўзлятаць з малых і непадрыхтаваных пляцовак. Яго вартасці — наяўнасць прыборнай панэлі авіёнікі з магчымасцю падлучэння GPS-сістэмы, вялікая магутнасць рухавіка і малая вага, нізкі расход паліва ў параўнанні са старэйшым братам-верталётам, нізкі ўзровень шуму, высокая надзейнасць і прастата абслугоўвання.
Лятальны апарат «Ястраб» прызначаны для пошуку і эвакуацыі пацярпелых, вядзення паветранай разведкі, патрулявання лясных масіваў, а таксама ўчасткаў Дзяржаўнай граніцы, суправаджэння калон, выканання транспартных і агнявых задач у візуальных метэаралагічных умовах.
Як расказвае намеснік начальніка аддзялення паветрана-дэсантнай падрыхтоўкі (па лётнай падрыхтоўцы) в/ч 89417 падпалкоўнік Сяргей Л., падчас палётаў на дэльтаплане і аўтажыры няўхільна выконваюцца ўсе авіяцыйныя правілы: пачынаючы ад правіл выкарыстання паветранай прасторы, заканчваючы арганізацыйнымі і тэхнічнымі нюансамі.
«Адпрацоўваем планавыя палёты, штомесяц — не менш за шэсць лётных змен, — заўважае падпалкоўнік. — Вядома, надвор’е ўносіць свае карэктывы, але мы стараемся лятаць як мага больш. Калі казаць пра мотадэльтапланы „Антарэс“, то яны поўнасцю вывучаны намі, эксплуатуюцца досыць даўно. А вось аўтажыр „Ястраб“ паступіў на ўзбраенне ў 2022 годзе. Ідзе ўзмоцненая падрыхтоўка пілотаў».
Аўтажыр трымаецца ў атмасферы за кошт аўтаратацыі — апорны ротар сам раскручваецца набягаючым струменем паветра. У выпадку адмовы рухавіка яго можна пасадзіць на маленькі пятачок зямлі амаль без прабегу. На аўтажыры бяспечна лётаць нізка над зямлёй. Гэтым разам пілоты ляталі парай: адпрацоўвалі пілатаж. У планах — асвойваць дэсантаванне, ажыццяўляць палёты і ў цёмны час сутак. Як адзначаюць спецыялісты, гэтая тэхніка можа многае.
Алег НЯКАЛА
Фота аўтара
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.