Вы тут

Парламентарыі расказалі аб выніках сустрэч і выступленняў на пляцоўках ААН


18–19 верасня ў межах 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку праходзіў Саміт па Мэтах устойлівага развіцця. Па запрашэнні Генеральнага сакратара ААН у гэтай буйной міжнароднай палітычнай падзеі прымала ўдзел і дэлегацыя з Беларусі, што сведчыць аб высокай ацэнцы поспехаў нашай краіны ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР).


Усяго ў дыскусіях (а іх было шэсць) удзельнічала амаль 160 кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, міністэрстваў са 193 краін — удзельніц ААН. Такі прадстаўнічы колькасны склад указвае на важнасць гэтай падзеі для ўсёй сусветнай супольнасці. З якімі прапановамі на саміце выступала Беларусь і ці пачулі нашу пазіцыю па многіх пытаннях прадстаўнікі іншых краін, даведаліся ў парламентарыяў, якія прадстаўлялі беларускую дэлегацыю.

За мір і стваральную працу

Як звяртае ўвагу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў, заслугі нашай краіны ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця адзначаны кіраўніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Таксама кіраўніцтвам ААН, сусветнай супольнасцю заўважана тое, што Беларусь — адзіная краіна, у якой нацыянальным каардынатарам па Мэтах устойлівага развіцця з’яўляецца высокапастаўлены парламентарый, віцэ-спікер Савета Рэспублікі (менавіта Валерый Бельскі і ўзначальваў нашу дэлегацыю на саміце). Аднак у сувязі з абстаноўкай у свеце, высокім узроўнем рэўнасці, а часам і палітычнай зайздрасці, па словах сенатара, разлічваць на тое, што ўсе краіны, асабліва несяброўскія, будуць адносіцца да нас аб’ектыўна, немагчыма. «Нам гэта і не трэба, — удакладняе Сяргей Рачкоў. — Мы ведаем сабе цану і працуем не для ацэнкі сусветнай супольнасці, а перш за ўсё для таго, каб жыццё было дастойным у нашай краіне».

На палях Саміта па Мэтах устойлівага развіцця, а таксама пасяджэння Міжпарламенцкага саюза (МПС) па пытаннях ролі парламентаў у рэалізацыі МУР і дзеянняў парламентаў у інтарэсах здароўя намеснік Старшыні Савета Рэспублікі, Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Валерый Бельскі і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў правялі шэраг найважнейшых сустрэч. Выступаючы перад калегамі-парламентарыямі, сенатары ахарактарызавалі нацыянальны вопыт па барацьбе з пандэміяй, расказалі аб стварэнні надзейнай і празрыстай заканадаўчай базы для рэгулявання механізмаў рэагавання і забеспячэння эфектыўнага прымянення законаў у сферы надзвычайных сітуацый у галіне аховы здароўя, агучылі асноўныя перашкоды ў справе дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

— У розных мерапрыемствах, якія праводзіліся пад эгідай Генеральнай Асамблеі ААН, выступалі за адмену санкцый, канстатавалі іх незаконнасць, — адзначае намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Валерый Бельскі. — Нельга сказаць, што, калі мы агучылі свае патрабаванні, высновы адносна негатыўнага ўплыву санкцый на дасягненні Мэт устойлівага развіцця, наша пазіцыя была сустрэта з захапленнем. Аднак мы пастаянна канстатуем, звяртаем увагу на гэтае пытанне, паколькі ў такой сітуацыі аб дасягненні пэўных Мэт устойлівага развіцця ў глабальным маштабе размова ісці не можа.

Аднак не ўсё было так гладка, як здаецца на першы погляд. Дэлегатам з Беларусі ў Нью-Ёрку на дыскусіях было праблематычным атрымаць слова. Несяброўскія сілы ўсё-такі рабілі пэўныя палітычныя намаганні для таго, каб пазбавіць нашых прадстаўнікоў права выступіць на міжнароднай пляцоўцы. Аднак у іх нічога не атрымалася.

— Кіраўнік дэлегацыі давёў да сусветнай супольнасці нашу пазіцыю, — распавядае старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. — Перш за ўсё па пытаннях, звязаных з забеспячэннем міру. Як сказаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, без міру не можа быць развіцця. І сказаў ён нашмат раней, чым потым гэта пачалі паўтараць у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэтую лінію дыскусіі задала менавіта Рэспубліка Беларусь.

Тэмы міру і аднабаковых прымусовых мер гучалі ў выступленнях прадстаўнікоў прыблізна 20 дэлегацый. «У Беларусі ўсё складваецца дастаткова добра, нягледзячы на тое, што нам устаўляюць палкі ў колы, — заўважае Сяргей Рачкоў. — Але мы ўпэўнена трымаем гэты ўдар, дзякуючы той вялізнай рабоце, якая праводзіцца Прэзідэнтам, урадам, парламентам. Беларускі народ — за мір і стваральную працу. Цалкам склалася ўражанне, што гэтая выснова прымаецца да ўвагі прадстаўнікамі краін, у тым ліку несяброўскіх. Беларусь у іх выступленнях амаль не была закранута, хаця тэматыка Украіны падымалася шэрагам дэлегацый. Аднак мы бачым, што і гэтая тэма паступова становіцца больш спакойнай, калі можна так выказацца. Вядома, яе дэлегацыі абмяркоўвалі больш у ходзе агульнакрытычнай дыскусіі, але і тая дыскусія, якая праходзіла на Саміце па МУР, сведчыла: свет усё-такі пачынае пераглядаць свае падыходы, звязаныя з забеспячэннем міжнароднага міру і бяспекі».

Беларускаму вопыту — высокая ацэнка

На палях саміта адбылося і пасяджэнне Міжпарламенцкага саюза (МПС) па пытаннях ролі парламентаў у рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця і дзеянняў парламентаў у інтарэсах здароўя. Кажучы аб парламенцкіх сувязях паміж краінамі — удзельніцамі ААН, Валерый Бельскі адзначае, што, як правіла, пазіцыя парламентарыяў паўтарае пазіцыю кіраўнікоў дзяржаў. «Краіны, якія прызнаюць ідэалогію эканамічнага і палітычнага ціску, спрабуюць зрабіць нас ізгоямі і ў парламенцкай дыскусіі выступаюць негатыўна, — удакладняе ён. — Аснову нашых выступленняў складалі заклікі і аргументацыя аб неабходнасці мірнага існавання і зыходу ад мер палітычнага і эканамічнага ціску. Акрамя гэтага, нам удалося правесці шэраг сустрэч з высокапастаўленымі супрацоўнікамі ААН. Мы абмяркоўвалі праблемы сацыяльнага характару. Перш за ўсё — міграцыйнага крызісу. Мы змаглі данесці сваю пазіцыю і завастрыць увагу на пытаннях абароны правоў бежанцаў».

Нашы парламентарыі прадставілі сусветнай супольнасці і інфармацыю аб падтрымцы некаторымі сумежнымі краінамі арганізацый тэрарыстычнай накіраванасці, якія пагражаюць Рэспубліцы Беларусь правядзеннем тэрарыстычных актаў. Таксама былі разгледжаны пытанні абароны правоў дзяцей. У Беларусі рэалізаваны прагрэсіўныя заканадаўчыя ініцыятывы. Наш вопыт атрымаў вельмі высокую ацэнку міжнароднай супольнасці. Парламентарыі з іншых краін праявілі цікавасць і да беларускага досведу заканатворчасці ў сферы грамадзянскай супольнасці.

На шляху да разважлівасці і павагі

Па вяртанні ў Беларусь парламентарыі ўжо наведалі нацыянальны офіс ААН, дзе паведамілі аб выніках сустрэч у Нью-Ёрку.

«Кіраўніцтва і сакратарыят офіса ААН у Беларусі дастаткова пазітыўна і канструктыўна адрэагавалі на ўсе тыя пытанні, якія мы падымалі ў ходзе сустрэч у ЗША, — канстатуе Сяргей Рачкоў. — Мы ўбачылі зацікаўленасць у рабоце па многіх тэмах. У прыватнасці, сакратарыят ААН рыхтуе даклад, звязаны з уплывам аднабаковых прымусовых мер на выкананне Мэт устойлівага развіцця. Нацыянальнай акадэміяй навук таксама будзе падрыхтаваны даклад па гэтай тэме. Мы прапанавалі яго разгледзець і выкарыстаць пры падрыхтоўцы матэрыялу ААН, што было ўспрынята станоўча».

У цэлым, па словах старшыні Пастаяннай камісіі, у Беларусі ёсць два вельмі моцныя аргументы ў сістэме міжнародных адносін, у тым ліку ў ААН. «Першы пасыл і прапанова Аляксандра Лукашэнкі — правесці глабальны дыялог па пытаннях бяспекі ў духу Сан-Францыска, — нагадвае ён. — І другі (аб гэтым у тым ліку казалі ў ходзе Саміту ААН па МУР) — мы гатовы нарасціць пастаўкі харчавання на сусветныя рынкі: акрамя крызісу ў галіне бяспекі, цяпер назіраецца і сур’ёзны харчовы крызіс. Аднабаковыя прымусовыя меры ўплываюць на нашы магчымасці пастаўкі і забеспячэння ўсяго свету, перш за ўсё краін, якія развіваюцца, прадуктамі харчавання. Гэта вельмі сур’ёзная тэма, якой займаецца асабіста Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».

Як звяртае ўвагу Валерый Бельскі, наша прадстаўніцтва ў ААН вядзе маніторынг пазіцый у адносінах Рэспублікі Беларусь. «Па выніках Саміту па МУР і Генеральнай Асамблеі прадстаўніцтва канстатуе, што Беларусь у негатыўным кантэксце згадваецца ўсё радзей, — заўважае намеснік Старшыні Савета Рэспублікі. — Хацелася б, каб гэта была ўстойлівая тэндэнцыя і ўсё-такі вярнуліся на трэк разважнасці і павагі нашых інтарэсаў, знялі б тыя праблемы, якія перашкаджаюць дасягненню Мэт устойлівага развіцця».

Безумоўна, пазіцыю Беларусі па розных пытаннях чуюць. Іншая справа — ці прыслухоўваюцца? «Падзеі вакол нашай краіны пацвярджаюць, што мы ідзём сваёй дарогай, маем сваю пазіцыю, якая многімі краінамі падзяляецца, — рэзюмуе Сяргей Рачкоў. — Але ёсць і праціўнікі гэтай пазіцыі, з якімі нам трэба працаваць. І мы працуем, перш за ўсё выкарыстоўваючы для гэтага міжнародныя пляцоўкі. Не кожная з краін гатова сёння выкарыстоўваць дыпламатычныя метады, а дыпламатыя — гэта перш за ўсё дыялог, сустрэча за сталом перагавораў і абмеркаванне тых пытанняў, якія хвалююць абодва бакі».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.