Вы тут

Тамара Кавальчук «Выратавальнік»


Тамара Кавальчук родам з Нараўлянскага раёна, цяпер жыве ў Асіповічах. Мае вышэйшую педагагічную адукацыю. Працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, выхавальніцай дзіцячага садка, кіравала тэатральнай студыяй і нават лялечным тэатрам. Аўтар 21 кнігі, пяць з іх — для дзяцей. Лаўрэат шэрагу літаратурных конкурсаў. Піша Тамара Кавальчук у розных літаратурных жанрах. Адна з тэм, якая хвалюе пісьменніцу, — узаемаадносіны чалавека і прыроды. Жорсткасць у адносінах да братоў нашых меншых абарочваецца драмай і для людзей. А за дабрыню, праяўленую нават да птушкі, лёс абавязкова аддзячыць.

Алена БРАВА


Седзячы за рулём старога ГАЗіка, Міхайлавіч імчаў па прасёлкавай дарозе ў бок вёскі Бярозаўка. Сонца ўжо прайшло паўдзённы шлях, а пунктаў дастаўкі хлеба заставалася ажно чатыры. «Не паспею. Бачыць Бог, не паспею», — думаў стары шафёр, стомлена змахваючы пот з ілба. Выцвілая чырвоная кашуля прыліпла да спіны і трохі раздражняла яго.

— Не, гэта не праца. Трэба адпачыць і паабедаць. Нездарма ж жонка раніцай смажыла рыбу і пякла ў печы блінцы. А потым паспрабую скараціць шлях. Напэўна, паеду наўпрост, праз поле. Можа, і выйграю якую гадзінку.

Спыніўшы машыну, Міхайлавіч дастаў торбачку і, уладкаваўшыся на разасланай на зямлі камізэльцы, разгарнуў пакунак з харчамі. Узяўшы блін і кавалачак рыбы, з асалодай закінуў іх у рот. Смак, знаёмы з ранняга дзяцінства, прымусіў яго забыцца на імгненне аб усім на свеце. Ён заплюшчыў вочы ад задавальнення. Але ў гэты момант побач пачулася шамаценне крылаў. Ад нечаканасці Міхайлавіч прыгнуўся. А калі расплюшчыў вочы, убачыў перад сабою бусла, які смешна выцягваў шыю. Ён пераступаў з нагі на нагу, быццам спрабаваў танцаваць.

— І чаго ж ты хочаш, дружа? — звярнуўся да птушкі мужчына.

Бусел, быццам зразумеўшы чалавека, закінуў галаву назад і гучна заклякатаў. А затым пацягнуўся да бліна.

— Ты, што, галодны? — смеючыся, спытаў Міхайлавіч. Ён адарваў кавалачак бліна і працягнуў няпрошанаму госцю. Той, не доўга думаючы, асцярожна ўзяў у дзюбу прапанаваны яму абед і закінуў у горла. Затым, ужо не запытваючы дазволу, падхапіў рыбу, якая красавалася на газеце, і адскочыў убок.

— Ну вось, боты чырвоныя маеш, а сумлення ні на грош. І што ж я буду есці, даражэнькі? — спытаў Міхайлавіч, відавочна атрымліваючы асалоду ад нечаканай сустрэчы. Яму зусім не шкада было страчанага абеду, бо не кожны дзень птушкі так давяраюць чалавеку і ідуць на збліжэнне. Мужчына выпіў вады і, зняўшы мокрую ад поту кашулю, расцягнуўся на мяккай траве.

Ветрык прыемна абдзімаў яго спацелае цела, трапаў валасы. Міхайлавіч, назіраючы за разумнай птушкай, незаўважна для сябе заснуў. Яму сніліся жонка Машачка, сын Васілька і кот Барсік. Яны нешта крычалі Міхайлавічу, клікалі яго за сабой. Але стомлены мужчына не слухаў іх, бо жадаў адпачыць у сваім любімым крэсле. Тут нешта затрашчала, запляскала і...

Міхайлавіч прачнуўся. Ад яркага сонца ён прыжмурыўся. Прыкрыўшы вочы рукой, убачыў высока над галавой бусла з яго кашуляй у дзюбе.

— Ах ты зладзю-ка! А ну, вярні рэч на месца! — закрычаў ён. Але бусел не звярнуў на яго ніякай увагі.

Міхайлавіч завёў матор і накіраваў машыну ў бок шляху па высокай траве. Не прайшло і дзесяці хвілін, як машына спатыкнулася і моцна нахілілася на правы бок. Мужчына, які бачыў усякае на сваім жыццёвым шляху, выскачыў з машыны і тут жа праваліўся ў халодную жыжку. І потым як ні стараўся выцягнуць ногі, грязь не адпускала, а, наадварот, яшчэ больш засмоктвала. Зразумеўшы, што трапіў у балота, няўдачлівы шафёр пачаў крычаць, клікаць на дапамогу. Але ўсё было дарэмна: побач нікога не было.

— Эй, хто-небудзь, ратуйце! — зноў і зноў не дужа верачы, што яго пачуюць, крычаў мужчына. — Божа, калі ты ёсць, дашлі мне каго-небудзь у дапамогу! Не дай так бясслаўна загінуць чалавеку, які верыць у Цябе ўсё жыццё...

І тут ён заўважыў бусла, які кружыў над ім.

— Вось дзякуй табе, Божачка. Пачуў ты словы мае, дапамог дык дапамог... Нібы самога анёла даслаў. Толькі хіба можна кпіць з чалавека ў цяжкую хвіліну?

Ад адчаю Міхайлавіч ледзь не плакаў. А бусел апусціўся на зямлю і, здавалася, пільна стаў вывучаць становішча, якое склалася. Ён абышоў багну і, зазірнуўшы ў машыну, паляцеў.

Міхайлавіч стаў развітвацца з жыццём. У выратаванне ён ужо не верыў. Крыўда і злосць на самога сябе напоўнілі душу. Ён крычаў, намагаючыся выбрацца з багны, але дарэмна. Балоты зацягвала ўсё мацней. Ад нервовага знясілення ён стаў губляць прытомнасць. Метраў за трыста ад балота несліся па дарозе машыны, не падазраючы, што побач гіне чалавек.

Тым часам бусел паляцеў у бок дарогі. Ён кружыў над машынамі, апускаючыся ўсё ніжэй і ніжэй, але ніхто яго не заўважаў. Тады птушка паляцела за невялічкі лясок і, вярнуўшыся з чырвонай кашуляй у дзюбе, кінула яе перад машынай, якая неслася па шашы. Але і гэта не дало ніякага выніку: ні адна з машын не спынілася. Тады бусел апусціўся на край дарогі і, падняўшы крылы, стаў хадзіць там, нахіляючы галаву. Часам ён спыняўся і клекатаў.

Нарэшце адна з машын спынілася. З яе выбег юнак гадоў васямнаццаці. За ім выйшаў мужчына. Яны накіраваліся да бусла, але той адскочыў ад іх і стаў кланяцца, апускаючы галаву.

— Што з ім, тата? — спытаў малады чалавек.

— Напэўна, дэманструе нам свой шлюбны танец. Я чытаў пра гэта. Так яны шукаюць сабе пару.

Мужчына хацеў падысці бліжэй да птушкі, але бусел падляцеў да кашулі, якая ляжала на зямлі, падняў яе і, збочыўшы з дарогі, пайшоў, перастаўляючы свае доўгія чырвоныя ногі ў высокай траве. Час ад часу ён спыняўся і, азіраючыся, клекатаў.

— Тата, ён нас кліча за сабой! Там, напэўна, нешта здарылася. Давай паглядзім, — папрасіў бацьку юнак. І яны паспяшаліся ўслед за птушкай. Неўзабаве ўбачылі балота, на краі якога стаяла машына.

Абышоўшы непраходнае месца, мужчыны знайшлі непрытомнага чалавека, які пагрузіўся ў дрыгву па плечы.

— Мішка, дапамажы мне… Здаецца, ён без прытомнасці, — звярнуўся бацька да сына.

З вялікімі намаганнямі яны выцягнулі Міхайлавіча і аднеслі да сваёй машыны. Бусел ляцеў за імі, не адстаючы.

Ачуўся Міхайлавіч у бальніцы. Нічога не разумеючы, глядзеў на медсястру, якая папраўляла кропельніцу.

— Як я тут апынуўся? — было яго першае пытанне.

— Бусел прынёс, — засмяялася дзяўчына.

— Вам смешна, а ў мяне хлеб неразвзены, — прабурчаў ён.

— Ды не злуйцеся вы, Сяргей Міхайлавіч. Вас сапраўды выратаваў бусел. Калі б не яго настойлівасць, ніхто б вас не знайшоў у тым балоце. Патанулі б вы. Далібог, патанулі б. Ён і цяпер стаіць пад акном. Тры дні вы былі без прытомнасці, бусел падлятаў да акна, зазіраў. А ўчора прынёс нейкую чырвоную анучу.

— Гэта мая кашуля, — адказаў Міхайлавіч, і з вачэй яго пакаціліся слёзы.

Ён плакаў і ціха шаптаў: «Дзякуй табе, Божа. За анёла дзякуй. За выратавальніка ў бела-чорным апярэнні...»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.