Вы тут

Алесь Бадак. «Рыжык»


«Старасць — як латанае-пералатанае адзенне: на чужых плячах яно заўсёды здаецца больш зношаным, чым на тваіх», — падумаў Вадзім у той дзень, калі яму споўнілася шэсцьдзясят. Упершыню нешта падобнае, але яшчэ невыразнае, як чужое, яму падумалася дзесяць гадоў назад, у папярэдні юбілей, і ў глыбіні душы з’явілася лёгкая журба, быццам з гэтага дня пачыналася іншае жыццё, пазбаўленае ўсяго таго, што звязвае нас з маладосцю. Вадзім памятаў, якімі старымі здаваліся яму пяцідзесяцігадовыя дзядзькі, калі ён сам яшчэ хадзіў у школу ці вучыўся ва ўніверсітэце, як і тады, у дваццаць тры, калі ажаніўся, альбо ў дваццаць пяць, калі нарадзіўся сын. Яму здавалася, што яго новы ўзрост будзе адразу кідацца ў вочы ўсім знаёмым, як дзірка на летніку, і хоць у выніку нібыта нічога не змянілася, быццам ён пераскочыў праз гэтую дату, як у дзяцінстве пераскокваў праз вузкую рэчку Ведзьму, не намачыўшы ногі, аднак час усё больш пакідаў на ім сваіх адбіткаў, якія спачатку Вадзім успрымаў нязначнымі альбо недаўгавечнымі, і толькі ў шэсцьдзясят, звязаўшы іх паміж сабой, ён зразумеў, што да яго час такі ж бязлітасны, як і да ўсіх астатніх. Але калі ад узроставай блізарукасці яго ратавалі акуляры, то ад болю ў каленных суставах ужо не дапамагалі ніякія мазі і масажы. Тым не менш ён неяк змірыўся з гэтым, паколькі, як вядома, другі боль заўсёды больш прытуплены ў параўнанні з першым, вострым.


«Старасць як уласны цень, — суцяшаў сябе Вадзім. — Ад яго нельга пазбавіцца, але калі пра яго не думаць, ён становіцца незаўважным».

Большую частку свайго жыцця ён працаваў інжынерам па падключэнні новых кліентаў у аднаго з кабельных тэлеаператараў, а калі следам за шасцідзесяцігоддзем наступіла яшчэ адна важная для яго дата — шэсцьдзясят тры гады, на пенсію выйшаў дзень у дзень. Вольнага часу ў Вадзіма цяпер было столькі, што, здавалася, суткі выраслі на некалькі гадзін. Са сваёй жонкай ён даўно развёўся, жанаты сын жыў на другім канцы Мінска, працаваў дальнабойшчыкам, і бачыўся Вадзім з ім раз у некалькі месяцаў, а то і радзей. «Сыны не дочкі, — апраўдваў яго Вадзім. — Дочкі на ўсё глядзяць сэрцам, а сыны — розумам, таму боль нават самага блізкага чалавека не заўсёды заўважаюць». Новай сям’ёй ён так і не абзавёўся, пасля разводу ў думках доўга раўнаваў былую жонку да яе цяперашняга мужа, якога ніколі не бачыў, таму кожны раз у яго ўяўленнях ён узнікаў іншым і чамусьці кожны раз лепшым за яго самога ва ўсіх адносінах, ад чаго рэўнасць усярэдзіне пачынала булькатаць, быццам на агні. І пакуль яна дарэшты не выкіпела ў ім і там, усярэдзіне, усё не астыла, ён нават не думаў пра іншых жанчын, а пасля прывык да свайго адзінокага жыцця, і нешта мяняць у ім не хацелася.

На пенсіі з’явілася ў яго адно захапленне — рыбалка, і суткі адразу скараціліся, сталі яшчэ меншымі, чым былі, калі ён працаваў у тэлекамунікацыйнай кампаніі. За некалькі гадоў на цёмна-зялёным «Фордзе», купленым з рук у тады яшчэ свайго начальніка, самога намесніка генеральнага дырэктара, ён пабываў на многіх рэках і рачулках — і на тых, што цяклі недалёка ад Мінска, і на аддаленых на паўсотню кіламетраў, пакуль не знайшоў месца на беразе Віліі, з якога, калі глядзець перад сабой, на другі бераг, вачам адкрываўся балоцісты лужок з чорнымі парэзамі меліярацыйных каналаў. Гэты лужок вельмі нагадваў яму іншы, за Ведзьмай, на якую ён у дзяцінстве бегаў на рыбалку і дзе не быў апошнія гадоў дзесяць. «Напэўна, цяпер там, як і дзесяць гадоў назад, засеянае жытам поле, быццам лужок перамясціўся адтуль сюды», — падумаў Вадзім.

Аднойчы на беразе з’явіўся сабака, невялікага росту, рыжы, з лісінай пыскай і лялечнымі карымі вачамі. Ён сеў на заднія лапы непадалёк ад Вадзіма і ціха, нібы саромеючыся, коратка скавытнуў.

Вадзім азірнуўся па баках: нідзе ніводнай жывой душы. Ён заўсёды браў з сабой паесці, бо рыбалка, якая звычайна пачыналася на досвітку, нярэдка заканчвалася не раней за абед. Ён дастаў з торбы яшчэ свежы, куплены напярэдадні вечарам хлеб, адламаў невялікі кавалак, каб праверыць, ці стане сабака яго есці, і кінуў яму пад самую пыску з чорным носікам у выглядзе сэрцайка. Сабака падхапіўся і тут жа, не разжоўваючы, праглынуў кавалак. Вадзім дастаў з торбы ўсё, што там было: скрылік сыру і паўколца кракаўскай каўбасы. Паеўшы, сабака лёг на жывот, выцягнуў пярэднія лапы і паклаў на іх галаву: усё, чым ён мог аддзячыць за пачастунак, гэта сваёй кампаніяй, бо кожны рыбак, як вядома, любіць, каб былі сведкі ў той момант, калі ён ускідвае вудзільна і з вады ў паветра птушкай, пабліскваючы на сонцы, узлятае залацістая плотка ці срэбны лешч.

Тады рыба, і праўда, добра бралася, і Вадзім паспадзяваўся, што заўтра яму зноў пашанцуе. Ён прыехаў, калі на ўсходзе пачарнелыя за ноч воблакі пачыналі знізу напаўняцца залатым святлом, нібы лёгкі вецер раздзімаў прысак, і яшчэ здалёк убачыў сабаку, які чакаў яго на тым жа месцы, дзе застаўся ўчора. У гэтым было нешта настолькі сентыментальнае, што ў Вадзіма перахапіла дыханне. Ён паспрабаваў успомніць, калі яго апошні раз хто-небудзь вось так чакаў, але аказалася — яму няма з чым параўнаць гэтую галодную сабачую залежнасць.

Апоўдні ён стаў збірацца дадому, за ўвесь час злавіўшы аднаго акунька, якога — лепш вярнуцца з пустымі рукамі, чым з адной няшчаснай рыбкай, — выпусціў назад у раку. Склаўшы ў багажнік вудачкі, Вадзім сабраўся зачыніць заднія дзверы машыны, расчыненыя, каб не застойвалася ў машыне жнівеньская духата, і разгубіўся ад нечаканасці, убачыўшы ў салоне сабаку. Той ляжаў, выцягнуўшыся, на заднім сядзенні, і было відаць, што аўтамабіль для яго — рэч прывычная.

Да найбліжэйшага населенага пункта — невялікай вёскі хат на сто, палову з якіх ужо занялі дачнікі, — было два кіламетры, і Вадзім вырашыў, што там і высадзіць незвычайнага пасажыра. На лаўцы каля крайняй хаты, абапершыся на гладкі зверху, адпаліраваны рукамі за доўгія гады карыстання ім дубовы кіёк, сядзела старая жанчына ў доўгай палатнянай спадніцы і камізэльцы, надзетай на сарочку, быццам бабуля адна загадзя ведала, што вось-вось рэзка пахаладае і, каб не хадзіць сюды-туды, мучаючы ногі, апранулася цяплей. Вадзім спыніўся каля яе, паздароўкаўся, абышоў машыну паўкругам і расчыніў заднія дзверы.

— Не скажаце, чый гэта сабака?

Жанчына прыўстала, не разгінаючы спіны, зрабіла некалькі цяжкіх крокаў.

— А хто ж яго ведае, сынок. Прыбіўся мо месяц назад да нашай вёскі і бегае — то ў курэй яду адбярэ, то так хто хлеба яму кіне ці костку якую.

Пачуўшы жаночы голас, сабака прыўзняў галаву і, стрыгануўшы кароткімі вушамі, тут жа апусціў яе на лапы.

«Што ж мне з табой рабіць?» — прамармытаў Вадзім, падзякаваўшы жанчыне і нерашуча сеўшы за руль.

«Адзінокі чалавек хутчэй старэе», — падумаў ён, нібы апраўдваючы свой учынак, на паўдарозе да дому.

Праз некалькі дзён да яго перад чарговым рэйсам заехаў сын. Паглядзеў на сабаку і пакруціў галавой:

— Ну ты, бацька, даеш!

— А што, — крыху рэзкавата сказаў Вадзім, — цяпер у кожнай другой кватэры сабаку трымаюць.

— Дык ён жа стары.

— І я немалады. З маладым бегаць трэба, гуляць, а мы так — паходзім, пасядзім.

Вадзім назваў сабаку Рыжык. Гэтая памяншальна-ласкальная форма і ў дадатак невялікі рост, здавалася, на некалькі гадоў маладзілі яго. Вадзім не пераставаў дзівіцца, якім кемлівым і паслухмяным аказаўся Рыжык, як лёгка падладжваўся пад змены ў яго настроі, з якой амаль чалавечай пяшчотай адносіўся да яго і стараўся ва ўсім яму дагаджаць. Рыжык спаў з Вадзімам на адной канапе — у нагах, на вячэру ў яго заўсёды была ялавічына, а калі Вадзім не ездзіў з ім на рыбалку, то выводзіў на прагулку тры разы на дзень. На Віліі, на сваім любімым месцы, Вадзім перастаў рыбачыць, баючыся, што там можа аб’явіцца ранейшы гаспадар Рыжыка. «Чаму тады ён не аб’яўляўся месяц назад?» — яму патрэбны былі гарантыі таго, што былы гаспадар там не з’явіцца, але якія ў яго сітуацыі маглі быць гарантыі? Ён не хацеў нават думаць, што такога сабаку нехта можа выкінуць, і дапускаў адзінае, як яму здавалася, самае лагічнае тлумачэнне: чалавек на аўтамабілі трапіў у аварыю, яго забралі ў бальніцу, а перапалоханы сабака ўцёк у прыдарожныя пасадкі. А значыць... І Вадзім стаў ездзіць на Пціч, выбраўшы месца для рыбалкі на абрывістым беразе, зарослым невысокаю, як падстрыжанаю вожыкам травою, без вытаптаных чужымі нагамі сцежак.

Дзіўна, як хутка бег час. Вадзім думаў пра тое, што адбываецца ў свеце, які на яго памяці ніколі не быў такі жосткі і забойчы, і яму здавался, што час спяшаецца, каб хутчэй пакінуць у мінулым не самую спакойную частку самога сябе. Толькі гэтая спешка ўздзейнічала на ўсё, у тым ліку і на яго, Вадзімава, жыццё, якое — вось парадокс — прабягала міма, побач, нібы вагоны цягніка праз станцыю метро, і праз іх вокны, як у тумане, можна было паспець разгледзець тое, што засталося ў Вадзімавым мінулым: яшчэ маладых бацькоў, старэнькую, на чатыры акны хату, дзе прайшло яго дзяцінства, вясковых суседзяў, школьных таварышаў, настаўнікаў, з якімі ён даўно не бачыўся і, магчыма, ужо не пабачыцца ніколі; сам жа ён заставаўся на месцы са сваімі хваробамі, і было незразумела, калі ж гэты цягнік спыніцца і расчыняцца дзверы вагонаў, каб упусціць яго, Вадзіма, усярэдзіну. «Чым больш марудным з узростам становіцца чалавек, тым хутчэй скарачаецца жыццё, якое яму адведзена», — падумаў ён з пакорлівасцю перад часам.

Боль даймаў яго ўсё больш, часам пры хадзе падкошваліся калені, асабліва правае, быццам ён аступаўся на няроўнай паверхні. Але горш за ўсё было ноччу, калі боль у каленях абвастраўся, і, варочаючыся з аднаго боку на другі, ён часам нават ціха ўскрыкваў, нібы правае калена калолі іголкай. Рыжык раптам перастаў спаць разам з ім. Спачатку Вадзім думаў, што ён баіцца яго начных ускрыкаў і неяк звязвае гэта з сабой, але потым зразумеў, што сабаку стала цяжка заскокваць да яго на канапу. Ён пачаў класціся на сваім дыванчыку тут жа, каля канапы, і ўвогуле стаў менш рухацца, больш драмаць, пры гэтым, як заўсёды, чуйна рэагуючы на кожны чужы гук, страціў былую энергію і цікавасць да кожнай драбязы.

Аднойчы ўвесну, калі на дрэвах зялёная павалока ўжо ахутвала голыя галіны, на дзвярах пад’езда з’явілася аб’ява, якая папярэджвала, што неўзабаве тут будуць мяняць ліфт.

— Ну што, Рыжык, бачыў, што нам з табой напісалі? — сумна звярнуўся Вадзім да сабакі, расчыняючы перад ім жалезныя дзверы. — Сам ведаю, што цяжка будзе кожны дзень пешшу падымацца на шосты паверх. Але месяц — у нашым з табой узросце месяц гэта нішто.

Аднак здарылася непрадбачанае: калі пачаўся дэмантаж старога ліфта, аказалася, што Рыжыку вельмі цяжка самастойна спускацца па лесвіцы. Ён паволі, усё роўна як баяўся апячыся, апускаў спачатку адну, пасля другую лапу на ніжэйшую прыступку і, з цяжкасцю адолеўшы два пралёты, спыняўся на шырокай лесвічнай пляцоўцы і пачынаў жаласна, вінавата скуголіць.

І тады Вадзім стаў спускацца і падымацца назад на шосты паверх, трымаючы яго на сваіх руках.

— Цярпі, Рыжык, — падбадзёрваў ён сабаку, перарывіста дыхаючы, нібы насільна выдыхаў з грудзей паветра. — Падумай лепш, што было б, калі б тады я не забраў цябе. Што б ты цяпер там рабіў адзін?

Новы ліфт пабліскваў металічнымі панэлямі, на якія замянілі драўляную абшыўку, дзве святлодыёдныя лямпы разлівалі па ўсёй кабіне празрыстае малако.

Аднак у першы ж дзень работы новага ліфта здарылася неверагоднае: ужо на шостым паверсе, калі Рыжык пасля вячэрняй прагулкі першым пакінуў ліфтавую кабінку, Вадзім з жахам убачыў на новай, серабрыста-матавай падлозе лужыну. Ён кінуўся ў кватэру па анучку, але пакуль вярнуўся, ліфт ужо быў на дзявятым паверсе, і тут жа, коратка празваніўшы, стаў апускацца ўніз. Вадзім не асмеліўся націснуць на кнопку выкліку, баючыся, што, калі расчыняцца дзверы, ён убачыць у кабіне каго-небудзь з суседзяў.

Назаўтра раніцай на першым паверсе каля дзвярэй ліфта нехта прыклеіў ліст паперы офіснага фармату, на якім вялікімі, няроўнымі, быццам абуранымі літарамі было напісана: «Людзі, заставайцеся людзьмі!!! Прыбірайце за сваімі гадаванцамі!!!» Вадзім сарваў ліст, згарнуў яго ў чатыры столкі і паклаў у кішэню. «Як часта малое зло нас абурае больш, чым вялікае», — падумаў ён без асаблівага асуджэння, прызнаючы за сабой віну, і пасля гэтага, калі выводзіў Рыжыка на прагулку, на ўсялякі выпадак насіў з сабой анучку ў поліэтыленавым пакеце.

— Бацька, — папярэдзіў яго аднойчы сын, — рыхтуйся: думаю, твой сабака доўга не працягне. Табе, вядома, варта было б звазіць яго да ветэрынара, але маладосць ён яму не верне.

Вадзім баяўся, што доктар скажа пра стан Рыжыка нешта куды горшае, чым яму, Вадзіму, самому здаецца, калі ён назірае за яго паводзінамі, да таго ж доктар можа памыліцца, зрабіць няправільны прагноз, — і ён не паслухаўся сына.

— Спакой, ласка — вось самыя лепшыя лекі ў старасці. Праўда, Рыжык? — пытаўся ён у сабакі, гладзіў яго па спіне і бачыў, як у таго цякуць слёзы, выклікаючы такую ж рэакцыю ў самога Вадзіма.

Жнівень у той год не скупіўся на добрае надвор’е, якое яшчэ называюць камфортным: слупкі тэрмометраў, застываючы на лічбах то 26, то 27, кожны дзень марна спрабавалі дасягнуць рыскі ў 30 градусаў, як няўдачлівы штангіст кожны раз марна спрабуе падняць штангу вагой, якая перавышае яго магчымасці. І ў адзін з такіх дзён у Вадзіма раптам з’явілася непераадольнае жаданне з’ездзіць туды, на Вілію, на тое месца, дзе ён упершыню ўбачыў Рыжыка. Ён не стаў чакаць досвітку, калі лепш за ўсё ловіцца рыба, і яго аўтамабіль, які, можна было падумаць, больш за ўсіх радаваўся гэтаму маршруту, неяк асабліва пяшчотна ўсю дарогу вуркатаў сваім рухавіком. І зноў Вадзіму адкрыўся балоцісты лужок, і бераг, на які ён не ступаў некалькі гадоў, быццам заставаўся такім жа, як раней, ні разу не кранутым чужымі нагамі.

Рыба не бралася, але Вадзіму было ўсё роўна, ён весела назіраў, як Рыжык, віхляючы хвастом і нязграбна, але даволі хутка перабіраючы лапамі, здавалася, вынюхвае ў траве нешта важнае і дарагое, што пакінуў, калі яны былі тут мінулы раз.

Пачынала вечарэць. Вадзім скруціў вудачкі і накіраваўся да машыны. І раптам яго правая нага правалілася ў невялікую ямку, хруснула ў калене, ён ускрыкнуў ад рэзкага болю і ўпаў на зямлю, паспрабаваў паварушыць нагой, але боль адазваўся з новай сілай, толькі не ў калене, а ніжэй, у шчыкалатцы. «Калі гэта пералом... падняцца яшчэ можа... а вось ісці...» Вадзім ляжаў, выцягнуўшы адну руку, а другую падцяўшы пад грудзі, тварам у мяккую пахкую траву, і яму здавалася, што калі паляжаць так яшчэ некалькі хвілін, то боль пройдзе сам па сабе і ўсё вернецца назад: іскрыстае на сонцы святло рачной вады, скорагаворны, пералівісты спеў балотнай чарацянкі, якая аблюбавала сабе месца недалёка, у кусце чырвонай ракіты, і па сэрцы разальецца пяшчота ад замілавання гэтым днём, гэтым берагам і балоцістым лужком, і радасным павіскваннем Рыжыка. Але варта яму было зноў паварушыцца, як прывідныя спадзяванні пакідалі яго і думкі пераключаліся на шашу, да якой усяго толькі дзвесце метраў, але іх нейкім чынам трэба пераадолець.

Рыжык, нібы адчуўшы нядобрае, сеў каля Вадзіма, затым нахіліў да яго пыску і пачаў лізаць шчаку.

— Ры... рыж... — вырвалася ў Вадзіма праз удушлівы прыступ кароткага плачу.

Рыжык расцягнуўся побач, і Вадзім чуў яго частае, як пасля цяжкага бегу, дыханне. Ён заплюшчыў вочы, і свет пачаў калыхацца, загушкваць яго. Усе гукі раптам прапалі, і яму стала лягчэй, і боль у назе страціў сваю вастрыню. А затым ён пачуў голас Рыжыка, яго настойлівы брэх: не побач, а на адлегласці, з таго боку, дзе была шаша. Вадзім шырока расплюшчанымі вачыма паглядзеў на неба, якое шарэла, пачынаючы астываць ад дзённай гарачыні: проста над яго галавой плылі, ствараючы сабой нейкія фантастычныя вобразы, дзве аблачыны: адна зусім маленькая, другая крыху большая, якую малая быццам хацела дагнаць і то працягвала да яе, то ўздымала ўгору свае белыя паўпразрыстыя рукі. І ў гэтым імкненні дагнаць, каб быць разам, Вадзіму падалося нешта адвечнае і самае важнае, дзеля чаго і варта жыць на свеце.

Алесь БАДАК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.