Вы тут

Аліна Сабуць: У пару восені хачу застацца жанчынай-вясной


Восень яна лічыць жаночай парой. У кружэнні залатой лістоты, дагаранні рабінавых агнёў гераіні яе верша мроіцца асалода незабыўнага — таго, што было ў жыцці кожнага з нас. І застанецца з намі назаўжды, колькі б каму ні было гадоў. 

Як сумяшчаюцца ў адным творчым «я» кранальнасць жаночай інтымнай лірыкі і строгасць навукоўца? Чаму важна разглядаць здабыткі нашага мастацкага слова ў сусветным кантэксце? У чым місія выкладчыка сёння? Чаго жадае жанчына ў сваю восеньскую пару? Пра гэта і іншае гутарым з Алінай Сабуць.


Наша даведка 

Аліна Сабуць — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, даследчык, паэтэса. Мае больш за 200 літаратуразнаўчых публікацый у рэспубліканскіх і замежных выданнях, аўтар 4 вучэбна-метадычных дапаможнікаў, больш за 30 артыкулаў энцыклапедый. 

На XXX Дні беларускага пісьменства кніга Аліны Сабуць «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ-ХХI cтагоддзяў» адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». 


«Сышліся пакліканне і прага духу» 

— Аліна Эдмундаўна, што Вы адчулі падчас уганаравання на Дні беларускага пісьменства? 

— Найперш адчула гонар, але не за сябе — за пісьменніцкую годнасць быць прызнанай і высока ацэненай у фармаце беларускай літаратурнай прасторы. Гэта знакавая падзея: кожная восень пачынаецца з культа кнігі — святочна-урачыстага Дня беларускага пісьменства. Уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі — прэстыжнай літаратурнай узнагароды — сведчанне пільнай увагі і павагі да пісьменніка з боку дзяржавы. Безумоўна, я адчула гонар і за Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам якога з’яўляюся. 

Канешне, шчыра ўдзячная аўтарытэтнаму журы, якое палічыла маю працу вартай узнагароды ў намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». Гэта вялікая адказнасць для мяне на будучае. Асобныя словы падзякі і Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы, у сценах якога ўжо больш як 30 гадоў выкладаю філалагічныя дысцыпліны. Што і дало мне магчымасць рэалізаваць свае думкі ў студэнцкай аўдыторыі і на старонках кнігі. 

— Выданню «Літаратурных дыялогаў...» папярэднічала Ваша перамога ў IV абласным конкурсе рукапісаў імя Цёткі. Як нарадзілася гэтая двойчы ўганараваная кніга?

— Тут сышліся пакліканне, заўсёдная прага духу і мая аўтарская самадастатковасць. Доўгі час не задумвалася аб тым, каб вынікі сваёй педагагічнай працы, навукова-даследчыцкай дзейнасці вынесці на суд чытача. Зрэшты, мы, выкладчыкі, штогод адорваем сваёй творчай імправізацыяй студэнцкія аўдыторыі, бласлаўляем да пошукаў слова і сябе ў слове моладзь — у гэтым наша місія. Я ўдзячная старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Людміле Кебіч (менавіта ёй належыць ідэя стварэння абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі) і тым калегам, якія мяне дабраславёна натхнілі падаць рукапіс на конкурс. Так кніга пабачыла свет, а я шчасліва рэалізавала ідэю гродзенскай пісьменніцкай суполкі, у тым ліку і на рэспубліканскім узроўні. 

— У чым адметнасць кнігі?

— «Літаратурныя дыялогі...» — своеасаблівае падсумаванне маёй шматгадовай літаратурна-крытычнай, даследчыцкай дзейнасці ў шырокай сферы: класічнай, сучаснай беларускай, а таксама сусветнай літаратуры. У чым сэнс назвы кнігі? Гэта дыялогі не толькі паміж літаратурамі — беларускай і сусветнай, класічнай і сучаснай; не толькі паміж пісьменнікамі, але, магчыма, найперш паміж сённяшнім чытачом і творцамі, героямі твораў. 

Кніга мае пяць раздзелаў. Два з іх («Класіка: суразмоўны дыялог праз стагоддзе»; «Слова пра класіку і класіка слова») прысвечаны класікам і актуальнасці іх запаветаў сёння. Трэці раздзел распавядае пра сучасны літаратурны свет; чацвёрты — пра сённяшнюю, шматфарбную і рознагалосую літаратурную Гродзеншчыну; пяты — пра беларускую літаратуру ў сусветным кантэксце. Такое маё аўтарскае бачанне літаратурнага працэсу ХХ-ХХI стагоддзяў: ад класікі да сучаснасці, ад нацыянальнага да сусветнага. 

Раздзелы кнігі ахопліваюць даволі вялікі прамежак часу. У іх панарамна паказана непарыўнасць пакаленняў, важныя для мяне перазовы аўтараў папярэдніх эпох і сучаснасці, нацыянальных творцаў і сусветнай класікі. Узважана праблема ўспрымання беларускай літаратуры ў свеце, а таксама пытанні мастацкага перакладу. 

Кніга атрымалася ўніверсальнай і разлічана не толькі на філолагаў, але на шырокае кола чытачоў — на тых, хто дапытліва шукае ў нашым паўсядзённым жыцці, як казаў Максім Багдановіч, «красу і светласць». 

«Беларуская літаратура ацэнена ў свеце»

— Вы аўтар прац, у якіх разглядаеце беларускую літаратуру ў кантэксце сусветнай. Ці займае наша літаратура, з яе багатай традыцыяй, «свой пачэсны пасад між народамі» або яшчэ недаацэнена ў свеце?

— На маю думку, беларуская літаратура ў свеце ацэнена як адна з паўнавартасных еўрапейскіх літаратур. Вывучэнне яе ў кантэксце сусветнай дае магчымасць асэнсаваць вартасць здабыткаў нашага мастацкага слова, убачыць сваю літаратуру збоку, бо творы сусветных класікаў якраз і будуць тым кантэкстам, у якім спасцігаецца феномен нашага нацыянальнага мыслення. Тут вельмі важна правесці абгрунтаваны дыялог «свайго» і «чужога»: менавіта такі падыход спрыяе раскрыццю праўдзівага партрэта беларускай нацыі.

— Кажуць, у нас сёння не хапае літаратурнай крытыкі. Як Вы ставіцеся да гэтага меркавання? 

— Крытыка — адзін з «сумных», але і сур’ёзных жанраў. Да крытыкаў прыслухоўваюцца, але не іх слухаюць. Іх цытуюць, але не імі зачытваюцца. Крытык — на адлегласці, а паэт заўсёды побач. Канешне, абодва — кветкі аднаго мастацкага палетку. У свой час Максім Гарэцкі справядліва заўважыў: «На добрай крытыцы гадуюцца пісьменнікі». Яе задача сёння — своечасова і аб’ектыўна адсочваць тэндэнцыі літаратурнага развіцця, не толькі абгрунтавана вызначаць пазітыўнае і негатыўнае ў тэксце твора, але і прапаноўваць свае аргументаваныя, доказныя меркаванні. Ацэньваць не аўтара, а твор. Місія даволі складаная. Можа, таму ў сучасным свеце крытыкаў сапраўды менш, чым літаратуразнаўцаў.

«Давер студэнтаў дарагога каштуе»

— Вы патрабавальны выкладчык? Якія студэнты Вам найбольш імпануюць?

— Патрабавальная я найперш да сябе. А студэнты імпануюць мне ўсе — канешне, найбольш тыя, якія хочуць вучыцца, імкнуцца стаць прафесіяналамі. Прыемна адчуваць іх удзячнасць за тое, што я сустрэлася на іх студэнцкай сцяжыне. Разам мы пашанліва шчыруем каля помніка Янку Купалу, заглядваем ва ўніверсітэцкую бібліятэку... Я адчуваю іх гонар за тое, што яны — беларусы і купалаўцы (вучацца ў Купалаўскай Alma mater). Пасля яны дзеляцца са мной сваімі вершамі, якія напісалі самі, без аніякага даручэння, і гэты іх давер дарагога каштуе. 

— У ГрДУ імя Янкі Купалы Вы ініцыявалі праект пад назвай «Літаратурныя ўніверсітэты». У чым яго сутнасць?

— Праект мае на ўвазе выхад студэнтаў на многія літаратурныя пляцоўкі. Наладжаны дыялогі з пісьменнікамі і прэзентацыі студэнцкіх твораў. У выдадзеным летась Гродзенскім абласным аддзяленнем СПБ зборніку твораў-прысвячэнняў класікам беларускай літаратуры «Песнярам Айчыны» пад адной вокладкай сабраны творы вядомых пісьменнікаў Гродзеншчыны і студэнтаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія». Студэнты-філолагі таксама ўдзельнічаюць у пасяджэннях грамадскага дыскусійнага клуба «Словадром», грамадскай літаратурнай школы.

Фармат сустрэч студэнтаў з гродзенскімі пісьменнікамі ў аўдыторыі мы назвалі «Літаратурнымі ўніверсітэтамі» (назва належыць намесніку старшыні абласнога аддзялення Дзмітрыю Радзівончыку). Звычайна пісьменнікаў просім экспромтам адказаць на некалькі пытанняў, якія маюць літаратуразнаўчы дыскусійны характар. Пасля на сайце абласнога аддзялення СПБ мы прадстаўляем гэтыя сустрэчы ў відэафармаце, дзелімся водгукамі-рэфлексіямі, прапановамі студэнтаў. Праект важны найперш для студэнцкай моладзі як будучых спецыялістаў, але таксама і для пісьменнікаў. Такія сустрэчы-дыялогі з рэгіянальнымі пісьменнікамі — найлепшая студэнцкая апрабацыя, жыццёвая школа: якім ёсць пісьменнік? Як ствараюцца мастацкія творы? Які літаратурны працэс увогуле?.. Ды і зваротнае рытарычнае пытанне: у чым маё прызначэнне ў літаратуры? 

«Жыццё — найвялікшая паэзія» 

— Даследчык літаратуры, літаратурны крытык і — паэтэса... Ці не перашкаджае веданне законаў, па якіх ствараюцца творы краснага пісьменства, уласнай паэтычнай творчасці? 

— Усё гарманічна, бо як для літаратуразнаўцы, так і для паэтэсы слова мае сваю энергетыку і сваё вымярэнне. Жывеш неадольным жаданнем расшыфраваць таямнічыя «пейзажы душы» герояў твораў, іх аўтараў — і разам з тым падзяліцца тым невымоўным, што носіш ва ўласнай душы. Між іншым, я часта пішу вершы «ў шуфлядку», а публікую — па настроі. Паэзія адорвае небаўзлётнай марай дакрануцца да Хараства, адчуць магію слова, музыку радка. 

— Вобраз жаноцкасці, які на працягу стагоддзяў склаўся ў паэзіі, у тым ліку беларускай, — досыць рамантызаваны, ідэалізаваны. Вы ж у сваім вершы заклікаеце любіць жанчыну такой, якой яна ёсць, — ранімай, жывой, грэшнай... 

— Мастацкі свет жанчыны-паэтэсы і свет яе лірычнай гераіні не тоесныя, яны з розных вымярэнняў. Жаночая інтымная лірыка заўсёды спакушае шматгалосным «я». Так, ёсць свая мелодыя, свая нота — кранальна-ранімая, наіўная, часам спакуслівая — і ў маёй лірычнай гераіні. У чымсьці яна ідэалізаваная, а ў чымсьці — найбольшая грэшніца. І ў гэтым яе прыгажосць, непаўторнасць і жыццёвасць. 

— А што для Вас паэзія?

— Не толькі тое, што напісана. Жыццё само па сабе — найвялікшая Паэзія. Паэзія жыцця для мяне — гэта неспатольнае імкненне спазнаць свет і сябе ў свеце, цаніць кожнае імгненне як найбольшы Божы дарунак. Часта паэзія — гэта штосьці невымоўнае. Так, некаторыя мае вершы пакладзены на музыку. Напрыклад, «Восеньскі вальс»: «Восень залатая вальс танцуе. // Жоўтымі пярсцёнкамі кружацца лісты. / Ах, асалоду п’яную сэрца чуе, чуе, // І з пляцоўкі ціха сходзім я і ты...» Восень сапраўды жаночая пара — уражлівая, самотная, і ў восеньскім вальсе мроіцца асалода незабыўнага. Асабліва калі шчодрай жменяй сыплюцца гады...

«Я — такая, іншай не ўявіш...» 

— Наша сучасніца жыве ў свеце, дзе даводзіцца адпавядаць мноству сацыяльных роляў. Якая з іх робіць Вас найбольш шчаслівай?

— Кожная пакрысе і ўсе разам: праца педагога, пісьменніцкая супольнасць, сямейная хатняя ўтульнасць. Гэта штодзённыя жыццёвыя ролі каляжанкі, маці, жонкі, дачкі, сястры... Місія жанчыны ў свеце сакральная, высакародная. Ва ўсіх іпастасях я, дарэчы, розная, але ўсюды імкнуся быць самадастатковай. «Я — такая. // Іншай не ўявіш. // Я сама свая — // Прымі мяне такой...» — радкі з майго верша. І калі мяне тое ці іншае асяроддзе шчыра прымае, я надзвычай цешуся. 

— Падзяліцеся Вашымі жаданнямі, марамі. 

— З цягам жыцця мараў большае, жаданняў меншае. Хачу, каб мая кніга «Літаратурныя дыялогі...» не адчувала сябе самотніцай, таму мару выдаць яшчэ не адну кнігу літаратурнай крытыкі, а пасля — і зборнік паэзіі. Хачу быць пачутай чытачом, асабліва сённяшнім, у многім вельмі выбіральным, унікальным. Сапраўдная літаратура, дасведчаны чытач патрабуюць сапраўднага аўтара — хачу ім заставацца і надалей. 

Хачу бачыць дастойнымі людзьмі сваіх студэнтаў-выхаванцаў, шчаслівымі — калег, сямейнікаў. Хачу заставацца жанчынай-вясной і ў восеньскую жаночую пару, такую зменлівую і мудрую…

— Раскажыце пра сваю сям’ю. 

— Муж, Андрэй Вацлававіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Лірык і фізік, між іншым, — гэта асаблівае сугалоссе, пэўны перазоў пачуццяў і эмоцый. Дачка Юльяна — студэнтка медыцынскага ўніверсітэта. У старэйшых класах яна палюбіла хімію, біялогію. Мабыць, гены: мой бацька быў педагогам, хімікам-біёлагам. Мама выкладала беларускую мову і літаратуру, і зараз ёю цікавіцца. Яна для мяне — Настаўнік па жыцці і самы строгі суддзя. Што да Юльяны, яна і сёння цікавіцца мастацкай літаратурай, калісьці пісала вершы (ці, хутчэй, рыфмавала), але выбрала сваю сцяжыну, і мы ёй не перашкаджалі. Зрэшты, медыцына, як і літаратура, мае самую непасрэдную справу з чалавекам. Я жадаю дачцэ стаць дастойным прафесіяналам, бо ашчаслівіць людзей здароўем — высакародная місія. 

— Ваша жыццёвае крэда? 

— Штодня, штохвілінна, у любым асяроддзі, часе і прасторы — быць самой сабою.

Алена БРАВА

Фота прадастаўлена суразмоўніцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.