Вы тут

Называем імёны пераможцаў конкурсу апавяданняў «Звязды»


Творчае спаборніцтва аўтараў прозы на старонках «Звязды» — даўняя выдатная традыцыя выдання. І яна працягваецца! Сёлета кампетэнтнае журы ў складзе пісьменнікаў, журналістаў Выдавецкага дома «Звязда» зноў падвяло вынікі за мінулы сезон.


Фота: pixabay.com

У 2023 годзе на старонках газеты ў рамках конкурсу атрымалі пляцоўку для творчасці 14 пісьменнікаў — жыхароў рэгіёнаў і сталіцы. Кожнага з іх можна лічыць пераможцам, бо публікуем мы найлепшае з таго, што дасылаецца. Апрача таго, апавяданню, якое выйшла на старонках «Звязды» і на сайце выдання, забяспечана ўвага шырокага кола чытачоў. Некаторыя аўтары не першы раз удзельнічаюць у конкурсе — такі творчы імпэт сам па сабе заслугоўвае павагі.

Але надышоў час назваць імёны лаўрэатаў. Усіх іх аб’ядноўвае адказнае стаўленне да слова, руплівая над ім работа, імкненне праз мастацкія вобразы, адметны стыль, выразныя дэталі данесці да чытача свае думкі.

На першым месцы — Алена Руцкая з Гродна. Педагог з амаль пяцідзесяцігадовым стажам, заслужаны настаўнік Беларусі, працавала дацэнтам кафедры беларускай літаратуры (цяпер — кафедра беларускай філалогіі) ГрДУ імя Янкі Купалы. Аўтар шматлікіх навуковых прац, кніг паэзіі і зборніка нарысаў. У апавяданні «Вечар успамінаў» былыя выпускнікі згадваюць розныя эпізоды са школьнага дзяцінства. 

І высвятляецца, што самы важны жыццёвы ўрок атрымалі яны каля помніка, пастаўленага на месцы, дзе фашысты расстрэльвалі палонных савецкіх салдат і вязняў гета. Урок памяці... Колькі такіх абеліскаў за 80 гадоў пасля вызвалення Беларусі з’явілася на нашай зямлі! Гісторыя кожнага з іх — тэма для асобнага ўрока памяці. А таму апавяданне Алены Руцкой — пра ўсіх нас.

Другое месца прысуджана Алесю Бычкоўскаму за апавяданне «Адарка». Нарадзіўся Алесь Бычкоўскі ў Беразіно Мінскай вобласці, дзе і жыве. Працуе ў рэдакцыі раённай газеты «Бярэзінская панарама». Аўтар шэрагу кніг у жанры фантастыкі. На «звяздоўскі» конкурс пісьменнік прапанаваў твор, цалкам рэалістычны. У цэнтры апавядання — няпростая сямейная калізія, заблытаныя адносіны блізкіх людзей. Адарка вырасла ў нешчаслівай сям’і, але, магчыма, у яе нарэшце з’явіцца шанц на шчасце пасля таго, як раскрылася даўняя сямейная таямніца? І хоць выправіць памылкі мінулага наўрад ці магчыма, але фінал апавядання вельмі светлы і дорыць надзею.

Трэцяе месца атрымала Ніна Рыбік з Астраўца за апавяданне «Вясельны ручнік». Ніна Рыбік больш за сорак гадоў аддала журналістыцы, доўгі час працавала галоўным рэдактарам газеты «Астравецкая праўда». Нарадзілася пісьменніца на Хойнікаўшчыне. Аўтар кніг прозы «Свае і чужыя», «Права на адсяленне», «Скрыжаванні», пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Многія творы Ніна Рыбік прысвяціла беларусам, чыё жыццё закранула сваім чорным крылом чарнобыльская трагедыя. Пісьменніца ўмее расказаць пра драматычныя падзеі так, што баліць і чытачу, — а хіба не ў гэтым прыкмета мастацтва? Не «лёгкае чытво» і ўганараванае апавяданне. З глыбокім псіхалагізмам Ніна Рыбік шукае адказ на вечныя пытанні, распавядаючы пра лёсы дзвюх сясцёр, Сафеі і Раісы. Жаночы лёс першай з іх паламала вайна, але Сафея аказалася больш мужнай і трывалай, чым малодшая сястра.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.