Вы тут

Прырода выратуе ад прастуд і грыпу?


Калі вы запасліся зёлкамі і лісцем яшчэ ў гарачыя летнія дні і насушылі іх у запас, вы малайцы — не трэба было быць празарліўцам летам, каб прадбачыць новы сезон вірусаў з прыходам восені.


Калі ж, падобна аўтару гэтых радкоў, вы нічога не збіралі, не сушылі на гарышчы і не рассыпалі па слоічках і скрыначках — на дапамогу прыходзяць больш дальнабачныя бацькі і сваякі. Або аптэкі. Зёлкі, вядома, не панацэя і супрацьвірусных прэпаратаў не заменяць, але цалкам здольныя быць эфектыўнай прафілактыкай ВРВІ і грыпу, падтрымаць імунітэт і нават здольныя спыніць прастуду на пачатковым этапе. Або стаць добрым дадаткам да фармакалагічнага лячэння.

На сезонных рынках, магчыма, вам трапляліся сціплыя прылаўкі з сухімі традыцыйнымі для нашых шырот прыправамі (кмен, каляндра, сушаны часнок), кропам, пятрушкай і іншымі смакавымі травамі. Там жа часам цяпер прадаюць і сухое лісце малін, ажын, мяту, чабор. Гандлююць сухім лісцем і гаючымі траўкамі па восені, здараецца, і на абсталяваных міні-рынках каля аўтатрас. Гандлёвыя месцы з зёлкамі і лісцем не настолькі папулярныя ў пакупнікоў, як, напрыклад, тыя, дзе прадаюць каўбасы ці прыгажуны баравікі, але і сюды кіруюць людзі. Падыходзяць, пытаюцца і купляюць. Зацікавілася і я.

У бабулі ці ў аптэцы?

— Травы — гэта і лячэнне, і прафілактыка. Але калі, напрыклад, вам патрэбна неадкладная аперацыя, чым жа травы тут дапамогуць? Праўда, у зёлак ёсць галоўная перавага перад таблеткамі: часам па розных прычынах таблетак можа не апынуцца пад рукой, а травы атачаюць нас заўсёды. Галоўнае — ведаць, якія травы дапамогуць, — ахвотна ўступае ў размову пажылая жанчына за прылаўкам.

— У мяне тут нічога асаблівага, — распавядае яна. — Лісце лясных і «хатніх» малін, ажын, суніц, таксама лясных і садовых. Лісце лясных суніц пры кашлі добра дапамагае. Ёсць каліна: і лісце, і ягады. Таксама выдатны сродак ад прастуды. Кветкі ліпы, рамонак, шалфей. Амаль усё вырошчваю на сваім агародзе. Гэтак яшчэ мая мама рабіла. Ліпу толькі збіраю ў лесе, ды яшчэ лісце лясных суніц і малін.

Яна кажа, нейкай цудадзейнай травы, як часам думаюць гарадскія жыхары, няма ў прыродзе. І быць не можа. Калі фітасродак падабраны правільна, ён дапаможа ад вызначанай хваробы — і будзе цалкам «цудадзейным».

— Наогул, травы лепш купляць у аптэках або фітааптэках, — каментуе валеолаг Лілія Кацер. — У прыватных асоб набываць сухія лекавыя травы я б не рэкамендавала. Выключэннем можа стаць выпадак, калі вы асабіста добра ведаеце чалавека і давяраеце яму. У аптэках фітасыравіна сабрана і высушана правільна і ў патрэбныя тэрміны, да таго ж яна правільна захоўвалася. Плюс у кожнага фітапрэпарату ёсць тэрмін прыдатнасці — гэта таксама важна не забываць.

Ці можна вылечыцца ад ВРВІ толькі зёлкамі? Пры лёгкім цячэнні хваробы і моцным імунітэце — так, кажуць медыкі. Але лепш усё ж не рызыкаваць, бо ковід, напрыклад, часта пачынаецца як ВРВІ, а травой яго (як і сучасныя штамы грыпу) наўрад ці вылечыш.

— Правераныя часам травы ад прастуды сапраўды бываюць вельмі эфектыўныя, асабліва на пачатковых стадыях захворвання, ад тэмпературы, рыніту, кашлю. Але важна правільна іх камбінаваць і прымаць. І калі вірус ужо ўвайшоў у сілу і асабліва калі з'явіліся ўскладненні, без фармакалагічных сродкаў не абысціся, — кажа Лілія Эдуардаўна.

Лісцікі-кветачкі

Што ж раіць народная медыцына, калі пяршыць і баліць горла, з носа цячэ, вочы слязяцца, галава цяжкая — словам, вы відавочна прастудзіліся?

Дапаможа, напрыклад, чай з лісця ажын. Сталовую лыжку сухога лісця ажын трэба заліць кіпенем і настойваць 2 гадзіны, потым працадзіць. Піць рэкамендуецца за паўгадзіны да ежы.

Калі даймае кашаль, можна заварыць лісце суніц (лепш за ўсё лясных, раяць траўнікі). Рэцэпт такі: сталовая лыжка лісця лясных суніц, тры сталовыя лыжкі лісця ажын. Можна дадаць чайную лыжку сухой здробненай фіялкі трохкаляровай. Заліць шклянкай кіпеню, настойваць 20 хвілін (лепш у тэрмасе), працадзіць. Піць такі сродак рэкамендуецца двойчы ў дзень па шклянцы, кожны раз заварваючы свежы настой.

Зразумела, кажучы аб фіталячэнні прастуды і грыпу, нам ніяк не атрымаецца абысці ўвагай маліну. Тое, што малінавае варэнне — галоўныя салодкія лекі ад ВРВІ, ведаюць усе: ад малых да дарослых. Але і лісце, і нават малінавыя галінкі валодаюць выяўленым тэрапеўтычным эфектам. Калі вы былі ў кантакце з калегам, які чхае і кашляе, прыйшоўшы дадому, здрабніце малінавыя галінкі з лісцікамі і заліце паловай літра кіпеню. Настойваць усё гэта, зноў жа, лепш у тэрмасе, трыццаці хвілін будзе дастаткова. Працадзіце і дадайце сок аднаго невялікага лімона. Здрабніце два буйныя зубкі часнаку і дадайце ў настой. Пажадана яшчэ размяшаць у шклянцы з гэтай сумессю чайную лыжку мёду. Піць адвар рэкамендуецца перад сном, у ложку, як чай і замест яго.

Дарэчы, пра чай: да заваркі таксама можна дадаць траву, каб прыгатаваць «прафілактычны восеньска-зімовы чай» ад прастуды і грыпу. Калі на вас «начхаў» спадарожнік у метро або калега ўвесь дзень смаркаўся за суседнім сталом і адпрасіўся раней, тады, прыйшоўшы дадому, вазьміце 200—250 г чаю, дадайце 2 ст. л. мяты і столькі ж сухога святаянніку, а таксама сталовую лыжку чабору, можна яшчэ дадаць такі ж аб'ём здробненага кораня валяр'яны. Прыгатаваную сумесь ссыпаем у непразрысты посуд і шчыльна закрываем. На адзін раз патрэбна толькі адна чайная лыжка «супрацьпрастуднай заваркі». Заліваем яе шклянкай кіпеню і даём настаяцца хвілін 10. П'ём увечар. Можна дадаць у шклянку лыжачку мёду.

І іншыя дары прыроды

А збіць тэмпературу, аказваецца, можа дапамагчы звычайная бульба. Буйную бульбіну надзіраем на тарцы, змешваем са сталовай лыжкай яблычнага воцату і з гэтай кашыцай робім кампрэсы на лоб хворага.

— Ці сапраўды такія кампрэсы могуць валодаць гарачкапаніжальным эфектам? — вырашыла я ўдакладніць у валеолага Ліліі Кацер.

— Пэўны эфект будзе, у першую чаргу так званы эфект плацэба. І, мусіць, памятаць такія народныя рэцэпты (з таго, што пад рукой) варта на ўсякі выпадак — ніколі ж не ведаеш напэўна, у якія сітуацыі можа паставіць жыццё. Але, калі тэмпература высокая, я б раіла ўсё ж мець у аптэчцы гарачкапаніжальныя прэпараты — напрыклад, той жа парацэтамол, — кажа Лілія Эдуардаўна.

Яшчэ адзін старадаўні рэцэпт пры прастудзе — кісель з прарошчаных зерняў аўса. Як прарошчваць авёс, ведае, напэўна, у нашы дні практычна кожны: прарошчанае зерне як супервітамінны дадатак у салаты — візітная картка правільнага харчавання на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Для тых, хто ўсё ж не ў курсе: спосабаў шмат, але прасцей за ўсё прарасціць авёс у вільготнай марлечцы на сподачку. Дык вось, прарослыя зярняткі (з парасткамі 1-3 мм) перамолваем і 1 ст. л. атрыманай сумесі заліваем шклянкай халоднай загатаванай вады. Даводзім да кіпення на павольным агні і кіпяцім 2 хвіліны. Укручваем і настойваем 15—20 хвілін. Піць такі кісель абавязкова свежапрыгатаваным, па 100 мл тройчы на дзень за паўгадзіны да ежы. Для смаку і павелічэння эфекту ў яго рэкамендуюць дадаваць 1-2 ч. л. ліпавага мёду (або любога іншага мёду, але ліпавы — прызнаны народны сродак ад прастуды).

— Прарошчаны авёс сапраўды ўтрымлівае элементы, якія актыўна ўздзейнічаюць на кашаль і ў цэлым дапамагаюць хутчэй здаравець пры прастудзе, — каментуе Лілія Кацер. — Народныя сродкі з гэтым інгрэдыентам разрэджваюць макроту і спрыяюць адхаркванню, зніжаюць колькасць прыступаў кашлю. Але важна памятаць, што гэтыя сродкі маюць супрацьпаказанні, галоўнае з якіх — наяўнасць алергіі. І нават калі алергіі ў вас няма, ужываць такі кісель больш за 10 дзён я б не рэкамендавала.

Сок каліны з мёдам — такі ж агульнавядомы народны сродак ад прастуды, як і гарбата з ліпай. Сок і мёд злучаюць у прапорцыі 50 на 50 і сталовую лыжку сумесі прымаюць тройчы на дзень. Як нескладана здагадацца, за паўгадзіны да ежы: гэта стандартная рэкамендацыя, калі гаворка ідзе аб фіталячэнні. Справа ў тым, што на пусты страўнік любая сумесь засвоіцца лепш.

Ну, і, вядома, не пакінем сваёй увагай цыбулю — куды без яе, калі гаворка аб прастудзе? Калі паўкіло цыбулі прапусціць праз мясарубку, дадаць 6-7 лыжак мёду і шклянку цукру, заліць літрам вады і варыць на павольным агні дзве гадзіны, атрымаецца не «цыбульнае варэнне», а народны сродак ад кашлю. Застаецца астудзіць, працадзіць і захоўваць у халадзільніку. Па меры неабходнасці піць тройчы на дзень за паўгадзіны да ежы, па сталовай лыжцы.

— Цыбуля сапраўды змяшчае фітанцыды, якія эфектыўна змагаюцца з прастуднымі і віруснымі захворваннямі, — каментуе Лілія Кацер. — Медыкі выкарыстоўвалі цыбулю яшчэ ў антычнасці, у часы Гіпакрата. Акрамя таго, цыбуля багатая вітамінамі, што дапамагае арганізму аднавіцца ў працэсе і асабліва — пасля хваробы. Цыбуля мае выяўлены бактэрыцыдны эфект, валодае адхарквальным дзеяннем, змагаецца з кашлем, як сухім, так і вільготным. Іншая справа, што цеплавая апрацоўка знішчае шматлікія карысныя ўласцівасці цыбулі. Хаця не ўсе. Сапраўды, «цыбульнае варэнне» можа мець і супрацьзапаленчы, і супрацьацёкавы эфект (здыме ацёк дыхальных шляхоў), і бактэрыцыднае дзеянне. Але я ўсё ж раіла б ужываць цыбулю ў ежу ў свежым выглядзе і без цукру — эфект будзе большы. Звярніце ўвагу, цыбуля добрая як дапаможны і падтрымлівальны сродак, а таксама як мера прафілактыкі. Аднак не варта замяняць цыбуляй прызначаныя ўрачом лекі і тэрапію.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.