Вы тут

Што абмеркавалі ўдзельнікі «Дэпутацкага клуба»


Мясцовае самакіраванне ў глабальным плане — элемент сацыяльнай дэмакратычнай дзяржавы, а ў лакальным — магчымасць людзей вырашыць пытанні, датычныя свайго двара, дома, акругі, дзе ён жыве. І гэта магчымасць не толькі ўдзелу ў агульнай справе, але і самарэалізацыі і здзяйснення сваіх жаданняў. Як працуе мясцовае самакіраванне ў Мінску, якія пытанні вырашае, дзе ідзе на кантакт з гарадскімі ўладамі, аказвае падтрымку (на прыкладзе суботнікаў і арганізацыі кветнікаў каля дамоў), а дзе існуе сцяна непаразумення паміж дэпутатамі і гарадскімі суполкамі? Чаго чакаць ад змен у Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», і што прынясе артыкул, датычны менавіта сталіцы, якім дапоўніўся дакумент з улікам спецыфікі Мінска? Пра ўсё гэта пагаварылі ўдзельнікі «Дэпутацкага клуба» на пляцоўцы агенцтва «Мінск-навіны».


Чаго чакаць мінчанам

З мэтай далейшага ўдасканалення дзейнасці тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і з улікам спецыфікі сталіцы закон дапоўнены артыкулам, які рэгламентуе дзейнасць акруговага савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Мінска. Гараджан чакаюць іншыя падыходы, якія дазволяць жыхарам улівацца ў працэс самакіравання, каб палепшыць жыццё ў сваёй акрузе, перакананы Андрэй Бугроў, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў:

— Звычайнаму чалавеку цікава, як ён зможа ўдзельнічаць у грамадскім самакіраванні, як ён зможа прымаць рашэнне і рэалізоўваць яго. Змены, якія анансаваны ў заканадаўстве, дазваляюць уключацца ў працэс большаму пулу прадстаўнікоў: не толькі фізічных асоб, але і юрыдычных, якія змогуць актыўна далучацца да мясцовага самакіравання на тым ці іншым узроўні. Усе мы ў гэтым зацікаўлены, усе хочам жыць у чыстых, дагледжаных і бяспечных дварах, каб нашы дзеці мелі магчымасць гуляць на добрых гульнявых пляцоўках і займацца на абсталяваных спартыўных пляцоўках. Гэта твой маленькі кавалачак тэрыторыі, на якім ты гаспадар, і гэта права дала табе дзяржава.

Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў якраз і займаецца пытаннямі развіцця мясцовага самакіравання і паведамляе выбаршчыкам пра іх магчымасці, а органы мясцовага самакіравання — памочнікі дэпутатаў, якія добра ведаюць, што і як яны могуць зрабіць для горада.

Змены рыхтаваліся доўга, і цяпер дэпутаты абмяркоўваць важнасць мясцовых ініцыятыў, будуць зроблены карэкціроўкі адносна таго, як гэта ўсё павінна працаваць з пункту гледжання не заканадаўцаў, а людзей, якія будуць гэтым займацца, падзяліўся Эдуард Кузняцоў, член камісіі па галоснасці, самакіраванні і правапарадку Мінгарсавета:

— Лакаматывам у гэтай справе стануць дэпутаты мясцовага Савета ўжо новага склікання. Цяпер разглядаем актыўных гараджан, якія пражываюць на ўчастках, ацэньваем эфектыўнасць іх работы: што ўжо зроблена, што не атрымалася і чаму. Мы шукаем кропкі, якія трэба выправіць, якія — умацаваць, каб на мясцовым узроўні грамадзяне і адміністрацыі былі задаволены і разумелі, што ініцыятыва сыходзіць ад жыхароў і пры неабходнасці рэалізоўваць яе.

Мінчанам варта чакаць паляпшэння і ўмацавання стасункаў паміж звычайнымі грамадзянамі і адміністрацыямі і службамі раёнаў. Нароўні з калегіяльнымі органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС) з’явіцца тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне (ТГС), якое будзе карэкціраваць работу КОТГСаў, паведаміў Эдуард Кузняцоў:

— Будзе наладжаны прыём грамадзян, вызначана месца для сустрэч, з’явіцца сакратар, то-бок створыцца сур’ёзная адзінка ў дапамогу дэпутатам і людзям. Да новага года будуць вызначаны, прынамсі, месцы і людзі.

Ініцыятывы і патрабаванні

Удзельнікі пасяджэння клуба закранулі розныя існуючыя формы самаарганізацыі людзей і заўважылі, што існуе тонкая грань паміж імі. Калі, напрыклад, ініцыятыва зыходзіць знізу (людзі самаарганіоўваюцца, каб рэалізоўваць праекты на карысць горада) і калі адбываецца самаўпраўства і тэма самакіравання ператвараецца ў патрабаванне да ўлады арганізаваць пэўную прастору ў інтарэсах вузкай групы людзей.

Мясцовае самакіраванне сёння — гэта найперш развіццё: тэрыторый, сваіх магчымасцяў, аказання дапамогі людзям, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі; гэта дэпутаты, магчымасць правядзення рэферэндумаў, работа КОТГС — усё, што замацавана ў Канстытуцыі.

— У сталіцы мясцовае самакіраванне вельмі развітае. Кожны грамадзянін можа прымаць удзел у развіцці горада: стаць дэпутатам ці ўвайсці ў КОТГС. Зменай закона ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі Мінску ў заканадаўчым акце дадзены пэўныя паўнамоцтвы праз мясцовае самакіраванне, праз арганізацыю камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КТГС), якія налета будуць прыраўнаваны да выбарчых акруг. І гэта вялікая сумесная заслуга, — перакананы Андрэй Бугроў. — Не зусім правільна, што калі ты жывеш на пэўнай тэрыторыі, то гэта лічыцца і зонай тваёй адказнасці. Пры гэтым не ўлічваецца меркаванне дырэктараў школ, якія дзесяцігоддзямі працуюць на гэтай тэрыторыі, галоўных урачоў паліклінік, участковых. Таму падыход, які сёння дае магчымасць займацца самакіраваннем не толькі фізічным асобам, але і прадстаўнікам юрыдычных асоб, дастойны ўхвалення. І гэта прарыў у развіцці мясцовага самакіравання.

Таварыствы ўласнікаў і дваровыя чаты

Шмат нараканняў у плане самакіравання паступае ў адрас кіраўнікоў таварыстваў уласнікаў (ТУ), якія дэ-факта і дэ-юрэ з’яўляюцца органамі мясцовага самакіравання на ўзроўні дамоў. Аднак яны насамрэч нярэдка не маюць дачынення да самакіравання, лічаць дэпутаты, бо іх галоўная задача — атрыманне прыбытку, а лёс дома ці пэўнай тэрыторыі іх не хвалюе, бо яны часта кіруюць 5-6 месцамі. Хоць ёсць і іншыя станоўчыя прыклады.

Тым больш што практыка замацавання за дварамі, дамамі і нават пад’ездамі так званых старшынь захавалася, і ініцыятыўныя людзі пякуцца пра камфорт месцаў, дзе жывуць. Сёлета такім асобам нават выдалі пасведчанні, то-бок замацавалі іх права прадстаўляць інтарэсы свайго дома і такім чынам павысілі іх статус. Тым не менш ініцыятыўнасці грамадзян усё ж не хапае, адзначаюць дэпутаты.

Дваровыя чаты — таксама форма самакіравання, арганізаваная з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі. Аднак яе нельга назваць дасканалай, бо часта колькасць удзельнікаў такіх суполак перавышае колькасць жыхароў, а многія хаваюцца за псеўданімамі, у выніку чаго абмеркаванні могуць ператварацца ў анлайн-сваркі, а сабрацца разам у афлайне ўсё роўна цяжка.

— Людзі пайшлі ў чаты, бо сапраўды даволі цяжка сабрацца разам цяжка, аднак у анлайне гэта нібыта і размова, а нібыта і не. Да таго ж, калі выказваеш меркаванне ў чаце, цябе могуць падтрымліваць шмат людзей, але ж яны моўчкі сочаць за палемікай. І ты пачынаеш і сам сумнявацца ў сваім рашэнні, калі бачыш, што табе ў чаце актыўна супярэчаць некалькі чалавек, — заўважыў Эдуард Кузняцоў.

За сумленне — мясцовае самакіраванне, за грошы — камерцыя?

Новым законам прадугледжана рэалізацыя грамадскіх ініцыятыў па добраўпарадкаванні, аднак найперш трэба мяняць стэрэатыпы жыхароў, каб яны разумелі, што прыдамовая тэрыторыя — месца, дзе таксама трэба пастаянна наводзіць парадак, як і ў кватэры, лічыць Андрэй Бугроў:

— У бюджэце гарсавета на рэалізацыю такіх ініцыятыў запланавана каля 300 тысяч рублёў. Прычым законам прадугледжана, што, колькі будзе затрачана на месцах, столькі і вернецца з рэспубліканскага бюджэту. Мяркуецца, што 45% сродкаў выдаткоўваюць мясцовыя бюджэты, 45% — рэспубліканскія, 10% — унёсак грамадзян. Фінансава матываваць людзей на самакіраванне не варта. Калі жыхары самі збяруцца, скінуцца на свае патрэбы і развіццё, то гэта МС, а калі за грошы — то гэта выключна камерцыйная зацікаўленасць.

Гаворачы пра мясцовае самакіраванне і развіццё ініцыятыў, не трэба забывацца пра магчымасць зарабіць, якая ёсць у органаў самакіравання, удакладніла Наталля Сляпян, сакратар камісіі па галоснасці, самакіраванні і правапарадку Мінгарсавета:

— Тыя, хто займаюць прызавыя месцы ў конкурсах на найлепшы КОТГС, атрымліваюць і грашовыя прэміі (у раёне гэта 80, 70 і 60 базавых велічынь, а ў горадзе — яшчэ вышэй). Таму энтузіясты імкнуцца развіць ініцыятыву, каб зарабіць грошы і ўкласці іх у далейшае ўпарадкаванне двара і дома.

Дэпутаты рэзюмавалі, што людзям неабходна вучыцца як дамаўляцца, так і прымаць рашэнні большасці ў пэўнай суполцы. А ўлады павінны ўлічваць меркаванне і рашэнне такіх суполак. І, магчыма, прыйдзе час, калі жыхары будуць жыць па сваіх мясцовых правілах, і менавіта ўдзельнікі мясцовага самакіравання будуць не толькі вырашаць, як удасканальваць сваю тэрыторыю, але і зацвярджаць графікі работы аб’ектаў на ёй.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.