Вы тут

Цягніся да святла!


Позняй восенню і ўзімку, калі сонца радуе ўсё радзей і радзей, здаецца, што вокны ў доме чыстыя. Але ў тыя рэдкія хвіліны, калі яно выглядвае і пачынае праз шкло казытаць твар сваімі праменьчыкамі, я заўважаю ўсе плямы і разводы. У такія моманты хочацца ўзяць вільготную анучу, а потым старую газету і нацерці іх да бляску, каб у куханьку трапляла як мага болей святла. Тое ж самае і з душой...


Фота: pixabay.com

Год шаснаццаць таму я ехала ў аўтобусе ва ўніверсітэт на экзамен пасля бяссоннай ночы. Дабірацца трэба было хвілін 50, таму сама не заўважыла, як задрамала. Разбудзіў мяне гучны голас, поўны абурэння: «Ну і моладзь пайшла, нават месца не могуць саступіць...» Расплюшчыла вочы і ўбачыла, што нада мной навісае незадаволеная кабета з поўнымі пакетамі. Я, канешне ж, хуценька падхапілася са свайго месца, але яна ўсё адно працягвала выліваць на мяне ўвесь свой ранішні негатыў. Тады я прамаўчала... І хадзіла цэлы дзень з непрыемным асадкам у душы.

Гэтую гісторыю згадала, калі днямі пасля працы зайшла ў краму, каб узяць штосьці перакусіць, пакуль чакала сяброўку. Працягнула на касе дысконтную картку касірцы. 

На што тая буркнула, маўляў, вы, што, толькі нарадзіліся, ужо больш як год пакупнікі прыкладаюць яе самі. «Дзякуй, што нагадалі», — 
усміхнулася я ёй у адказ, аплаціла свае смятаннік з сокам і пайшла. Прычым злавіла сябе на думцы, што на душы ў гэты момант не было ніякага асадку.

«Не ўпускайце негатыў унутр сябе, — любіць паўтараць мая знаёмая, інструктар па ёзе Святлана. — Калі раптам хтосьці вас пакрыўдзіў (незнаёмая жанчына ў транспарце ці ў чарзе альбо калега на рабоце), паспрабуйце адчуць, як гэтаму чалавеку дрэнна, пашкадаваць яго ў думках і шчыра пажадаць, каб у яго ўсё наладзілася. Калі ж „пражоўваць“, „смакаваць“ усё, што на вас „вылілі“, па некалькі разоў прагаворваючы гэта маме, мужу, сяброўцы, то вы такім чынам разбураеце сябе. Не паддавайцеся імгненным эмоцыям, старайцеся абстрагавацца ад негатыву. Я ў такія моманты проста заплюшчваю вочы, усміхаюся і прагаворваю пра сябе як мантру: „Я жыву ў сваім мірным свеце, я ёсць любоў, я ёсць спакой“. Не ўпускаць негатыў унутр сябе складана толькі спачатку, а потым гэта ўвойдзе ў звычку, і вы будзеце рабіць гэта, як і я, на аўтамаце».

Сёлета я вырашыла пасадзіць на зіму не толькі часнок, але і цыбулю. Папрасіла мужа купіць грамаў 100–200 сеянца. Ён, відаць, не пачуў, і прывёз з горада ажно цэлы кілаграм. Я спачатку засмуцілася. Маўляў, навошта так шмат, што я з ім буду рабіць. А потым «уключыла» пазітыўнае мысленне і падзякавала мужу за гаспадарлівасць. Бо можна ж частку таго сеянца рассадзіць на агародзе, а тое, што застанецца, пакрысе ўторкваць у кантэйнеры для яек і вырошчваць зеляніну на падаконніку ўсю зіму. Расце ж вунь у мяне базілік у гаршку, будзе і свежая цыбулька радаваць.

«Бабуля заўсёды ставіла на падаконнік хоць травінку ў шклянцы, хоць галінку, хоць цыбулінку... І ўсё расло... — чытаю ў псіхолага Ліліі Град. — Яна жвава хадзіла па кухні, сухенькая, сівая, паспяваючы маланкава нашаткаваць капусту, наладзіць квас з перапаленым сухарыкам, разабраць курыцу... Спявала пры гэтым... Але часам брала ў рукі шклянку з травінкай і доўга глядзела на яе... Калі я спытала, чаму яна так любіць гэта рабіць, бабуля проста адказала: — Так я набіраюся сілы жыць... Бачу кветку, былінку, зялёную стрэлку цыбулі і цягнуся, як і яны, ухапіць свой кавалачак святла... Кавалачак святла, які падымае ўверх кволую травінку... Так уладкавана жыццё... Цягніцеся да святла... Заўсёды...».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.