Вы тут

Чароўны снежань


Да самага казачнага свята года засталося ўсяго... пяць пятніц. Не ведаю, як вы, а я пачала ўжо рыхтавацца. Яшчэ напрыканцы кастрычніка купіла папяровыя пакуначкі для будучага адвент-календара. На днях аздобіла іх адмысловымі налепкамі з датамі і запоўніла прыемнымі сюрпрызамі. І заўтра зранку, пакуль мае хлопчыкі спяць, павешу гэтую прыгажосць на сцяне на кухні. Адвент-календары дораць, як правіла, дзеткам. Але сёлета я падумала: а чаму б не зрабіць час чакання святаў чароўным не толькі для сына, але і для нас з мужам таксама.


Фота: pixabay.com

Традыцыя дарыць «адвенты» паходзіць з XІX стагоддзя. Выраблялі іх з кардоннай ці драўлянай каробачкі, унутры якой рабілі адтуліны і клалі туды цукеркі з пажаданнямі. Дзеці штодня з 1 да 24 снежня адкрывалі па адным пранумараваным «акенцы», а ўжо ў дзень каталіцкіх Каляд атрымлівалі вялікі падарунак. То-бок з дапамогай такога календара можна было адлічваць час да свята, дадаючы крыху цудаў у кожны зімовы дзень.

Сёння па ўсім свеце пачалі ўзгадваць гэту добрую традыцыю, прыўносячы ў яе шмат крэатыву. Гэта датычыцца як колькасці «акенцаў», так і іх напаўнення. Хтосьці робіць адвент на 7 дзён, хтосьці — на 14. Каляндар, які зрабіла я, наогул разлічаны на цэлы месяц, ажно да самага Новага года. Прычым сёлета я вырашыла не абмяжоўвацца толькі ласункамі і білетамі ў цырк ды ў кінатэатр на навагодні фільм, а дадала ў адвент цікавыя заданні, якія дапамогуць не проста няспешна падрыхтавацца да свят, але і яшчэ больш з’яднаць нашу сям’ю. Бо, пагадзіцеся, няма нічога важней за час, праведзены разам. Можна было, вядома, купіць гатовы адвент (цяпер у продажы нерэальная колькасць усялякіх варыянтаў). Але я за тое, каб напоўніць пакуначкі самастойна, бо ніхто, акрамя нас, не ведае лепш інтарэсы нашых блізкіх. Для натхнення дзялюся некаторымі ідэямі для ўтульных сямейных вечароў са свайго «адвента».

Напоўніце дом навагоднім водарам з дапамогай цытрусавых вожыкаў. Для гэтага дастаткова праткнуць лупіну апельсінак ці мандарынак палачкамі гваздзікі і раскласці па ўсіх пакоях. У такой чароўнай атмасферы напішыце ўсёй сям’ёй ліст Дзеду Марозу, у якім папрасіце не толькі падарунак для сябе, але і штосьці для кагосьці з блізкіх (я абавязкова заўсёды прашу штосьці нематэрыяльнае, тым самым паказваю прыклад сыну). Можна пайсці ў парк і пакарміць вавёрак і птушак, яшчэ лепш — зрабіць з татам кармушку, якую павесіць на вуліцы і штодня падсыпаць туды нясмажаныя семачкі. Разам з дзецьмі збярыце цацкі, з якіх яны выраслі, і падарыце таму, каму яны больш патрэбныя. Зрабіце навагоднія паштоўкі сваімі рукамі бабулям і дзядулям і дашліце па пошце. Раздрукуйце сямейныя фотаздымкі за мінулы год і наклейце разам у сямейны альбом, абавязкова дадайце памятныя смешныя подпісы. Прыдумайце і намалюйце дзесяць розных ялінак. Потым гэтымі малюнкамі ўпрыгожце пакой. Можна зладзіць спаборніцтвы паміж дзецьмі і дарослымі, хто намалюе хутчэй і ў каго елкі атрымаюцца больш разнастайныя. Я заўважыла, што дзеці больш ахвотна выконваюць заданні, калі бацькі не застаюцца ўбаку, а таксама актыўна ўдзельнічаюць. Дастаньце з каробкі «зімнія» кнігі (альбо вазьміце ў бібліятэцы) і чытайце штовечар услых перад сном. Прыгатуйце імбірнае печыва і распішыце яго глазурай пад навагоднюю музыку. Упрыгожце ёлку ўсёй сям’ёй, упакуйце падарункі сваякам, прычым абгортку можна зрабіць сваімі рукам (як варыянт, дапамажыце дзецям намазаць пальчыкі фарбамі, і няхай яны пакінуць вясёлкавыя адбіткі на паперы). Яшчэ я запланавала два цікавыя эксперыменты на вуліцы. Праверыць, што адбудзецца з выдзьмутымі мыльнымі бурбалкамі (пішуць, што, каб яны замерзлі, мароз павінен быць не ніжэй за −15 градусаў). А таксама аздобіць сцяжынку да дому самаробнымі ледзянымі падсвечнікамі. Для гэтага ў паветраныя шарыкі заліваецца вада і кладзецца ў маразільнік. Потым у ледзяных шарах, якія атрымаліся, свідруюцца адтуліны, куды ставяцца маленькія свечкі і запальваюцца.

І ўвогуле... Настрой сабе і іншым можна дзень за днём ствараць сваімі рукамі. Бо менавіта дбаючы пра радасць іншых, мы нейкім чароўным чынам знаходзім сваю ўласную.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.