Вы тут

Салата са свежых і вараных буракоў, катлеты з грыбоў і снег з солі


Салата са свежых і вараных буракоў

Спатрэбіцца: невялікія буракі — 4 шт., часнок — 1 зубок, цукар — 1 ч. л., воцат яблычны — 3 ст. л., алей — 6 ст. л., гарчыца не вострая — 1 ст. л., кумін (зіра) (насенне) — 1 ст. л., імбір — адзін кавалачак (3 см), соль і перац духмяны — на смак.

Адварыце і ачысціце ад лупіны 2 буракі. Парэжце на кубікі велічынёй каля 2 см і перакладзіце ў салатнік.

Ачысціце 2 сырыя буракі, надзярыце на буйнай тарцы або нарэжце вельмі тонкай саломкай. Перакладзіце ў салатнік.

Насыпце 1 чайную лыжку цукру ў слоічак з вечкам.

Часнок здрабніце і перакладзіце яго ў слоічак.

Ачысціце кавалачак імбіра (велічынёй каля 3 см), натрыце яго на тарцы і перакладзіце ў слоічак.

Далей змясціце ў слоічак 1 сталовую лыжку куміна (зіра), 1 сталовую лыжку гарчыцы, наліце 3 сталовыя лыжкі яблычнага воцату і 6-7 сталовых лыжак алею.

Дадайце крыху солі і духмянага молатага перцу.

Закрыйце слоічак вечкам і добра падтрасіце яго шмат разоў да поўнага растварэння солі і цукру.

Паліце атрыманым соусам буракі, старанна змяшайце і падавайце да стала.


Бульба па-карэйску

Падаецца як закуска ці гарнір да мясных і агароднінных страў у гарачым ці халодным выглядзе. Хрусткая і лёгкая саломка парадуе і вегетарыянцаў, і аматараў чагосьці новенькага і незвычайнага. Для пікантнасці можна дадаць востры чырвоны перац ці дзёрты свежы корань імбіру.

Спатрэбіцца: бульба — 500 г, часнок — 2-3 зубкі, соль — 2-3 ч. л., цукар — 1 ч. л., алей — 2 ст. л., лімонны сок (можна замяніць на яблычны воцат) — 2 ст. л., прыправа для карэйскай морквы — 1 ст. л., соевы соус — на смак і па жаданні.

ВАЖНА. Ні ў якім разе не выкарыстоўваем звычайную тарку для надзірання бульбы — смак будзе зусім не той. Сачыце ўважліва за гатоўнасцю саломкі падчас варкі — яна не павінна быць пераваранай або недаваранай.

Бульбу чысцім і надзіраем на тарцы для карэйскай морквы. Адразу заліваем вадой, каб бульбяная саломка не пацямнела.

Прамываем некалькі разоў, пакуль вада не стане празрыстай. Пакідаем здробненую бульбу ў вадзе.

Награваем да кіпення прыкладна 3 л вады, дадаём 1 ч. л. солі. Выкладваем у ёмістасць з кіпнем бульбяную саломку, пасля закіпання засякаем хвіліну і хутка выцягваем правараныя лустачкі шумоўкай або зліваем у друшляк, пакідаем на некалькі хвілін, каб сцякла вада, затым выкладваем у глыбокую міску.

У міску з бульбай дадаём соль (2 ч. л. без горкі), цукар, спецыі, соевы соус і лімонны сок (або яблычны воцат). Чысцім часнок і надзіраем на дробнай тарцы зверху на спецыі.

На пліце акуратна разаграваем алей і ўліваем тонкім струменьчыкам на часнок.

Старанна змешваем сумесь і пакідаем у халодным месцы на некалькі гадзін для насычэння бульбы водарам спецый.


Катлеты з грыбоў

Спатрэбіцца: шампіньёны свежыя — 500 г, манныя крупы — 5 ст. л., яйкі — 1-2 шт., цыбуля рэпчатая — 2 шт., спецыі і прыправы — на смак, соль — на смак, паніровачныя сухары і алей для смажання.

Шампіньёны чысцім, добра прамываем і дробна сячэм.

Разаграваем патэльню, уліваем пару лыжак алею і высыпаем грыбы.

Трохі пратушваем і пакідаем для астывання.

Цыбулю чысцім ад лупіны і дробна рэжам.

Бярэм два яйкі і разбіваем у місачку.

Злучаем пратушаныя шампіньёны, цыбулю, манку, муку, яйкі і спецыі з соллю. Вымешваем катлетную масу.

З «грыбнога» фаршу фарміруем катлеты, якія паніруем у сухарах і абсмажваем да румянай скарыначкі з абодвух бакоў.

Завяршаем прыгатаванне ў рондалі: катлеткі ўкладваем на дно, заліваем невялікай колькасцю вады і даём пратушыцца 15 хвілін.


Польская шарлотка

Спатрэбіцца: цукар — 150 г, мука — 500 г, масла — 250 г, яйкі — 2 шт., смятана — 50 г, разрыхляльнік — 5 г, ванілін, соль — дробка. Для крэму: малако — 700 мл, цукар — 180 г, крухмал — 80 г, масла — 80 г; яйкі — 2 шт., ванілін, соль. Для начынкі: яблыкі — 1,3 кг, масла — 30 г, сок лімона — 1 ст. л.

Малако даводзім да кіпення. Злучаем крухмал і цукар, соль і яйкі, змешваем венцам да аднастайнасці. У сумесь уліваем крыху малака, хутка вымешваем да аднастайнасці і потым выліваем масу ў малако.

Ставім на пліту, змешваем і варым да гушчыні на невялікім агні. Да кіпення не даводзім.

Уліваем масла і на смак ванілін, змешваем. Астуджваем.

Яблыкі чысцім, рэжам буйнымі кавалачкамі і тушым на масле, апырскаўшы сокам лімона, на працягу 10 хвілін.

Муку прасейваем і злучаем з разрыхляльнікам, соллю і цукрам.

Надзіраем у муку масла і пераціраем усё ў дробку.

Убіваем яйкі, дадаём смятану, ванілін і вымешваем цеста.

Дзелім яго на дзве няроўныя часткі. Меншую кладзём у маразільную камеру, а большую — у халадзільнік на 30 хвілін.

Форму змазваем маслам і выкладваем большую частку цеста. Размяркоўваем і фарміруем борцікі.

Выкладваем начынку, заліваем крэмам і зверху надзіраем на буйной тарцы другую частку цеста.

Выпякаем пры 180 градусах 20–30 хвілін.

Астуджваем у форме і толькі потым вымаем. Па жаданні можна пасыпаць пудрай і карыцай.

Такі пірог з яблычнай праслойкай і заварным крэмам усярэдзіне атрымліваецца проста цудоўным, мяккім і духмяным.


Снег з солі

Спатрэбіцца: соль (вазьміце звычайную каменную буйнога памолу) — 1 кг, вада — 1,5 літра.

Спачатку трэба падрыхтаваць моцны саляны раствор. Для гэтага высыпаем соль у ваду і ставім на слабы агонь, увесь час памешваючы. Як толькі вада закіпела, а ўся соль растварылася, здымаем рондаль з пліты.

Бяром хваёвыя галінкі (сапраўдныя, не штучныя) і апускаем іх у ваду: усе адразу ці адну за адной — не важна. Некалькі секунд хопіць для таго, каб соль паспела зачапіцца за галінкі.

Цяпер трэба вынесці нашы будучыя снежныя галінкі на холад. Калі ёсць магчымасць — на балкон, але лепш — на вуліцу. Калі абодва варыянты не для вас, стаўце ў халадзільнік, паклаўшы іх у тазік.

Праз 7-8 гадзін дастаём галінкі і дзе-небудзь іх падвешваем. Трэба даць ім добра прасохнуць.

Праз некалькі гадзін нашы «навагоднія» галінкі будуць гатовыя. Яны атрымаюцца па-сапраўднаму чароўнымі і неверагодна прыгожымі. Тут нават штучны снег з балона ні ў якое параўнанне не ідзе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.