Вы тут

Надзея Тоўсцікава: Каб рабіць дабро, тытулы не патрэбныя


У школе яна саромелася свайго высокага росту, любіла паэзію і выдатна страляла. У дваццаць адзін год заваявала карону першай прыгажуні сталіцы і стала фіналісткай конкурсу «Міс Беларусь — 2023». 

Ці важныя ўнутраныя якасці чалавека для перамогі ў падобных конкурсах? Як дзяўчыне выхаваць упэўненасць у сабе? Што такое прыгажосць? І чаму, дапамагаючы людзям, мы самі робімся лепшымі? Пра гэта гутарым з Надзеяй Тоўсцікавай.


«Я гатовая скараць гэты свет!»

— Надзея, Вы — фіналістка XIII Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2023», атрымалі тытул «Міс Топ — мадэль». Заваявалі права называцца першай прыгажуняй Мінска. Калі пачалі ўдзельнічаць у падобных конкурсах?

— У школьныя гады я была самай высокай дзяўчынкай у класе, нават саромелася гэтага. Але старэйшы брат Андрэй падтрымліваў: «Сястрычка, рост — твой гонар». Я родам з вёскі, што ў Аршанскім раёне. У нашай вясковай школе выйграла конкурс «Каралева Вясна». Удзельнічала і ў іншых мясцовых конкурсах. Падчас вучобы на 1 курсе БНТУ мне прапаноўвалі паспытаць шчасця на «Міс Беларусь», але з-за абмежаванняў па каранавірусу гэта зрабіць тады не ўдалося. Праз тры гады выйшла ў фінал конкурсу «Студэнт года» ў нашай ВНУ, і ад рэжысёра-пастаноўшчыка пачула параду пазмагацца за тытул «Каралевы студэнцтва». Вырашыла паспрабаваць сябе ў конкурсе «Міс Мінск — 2023» і здабыла галоўны прыз — карону. 

— А прадчуванне перамогі было? Ці рашэнне журы прагучала нечакана для Вас?

— Мусіць, кожная ўдзельніца ўяўляе сябе з каронай. Але ўсё ж перамога стала нечаканасцю. Калі абвясцілі вынік, я была проста ўзрушаная. У зале сядзелі мае бацькі, брат — яны прыехалі мяне падтрымаць. Тата ў мяне стрыманы, але калі аб’явілі, што я заваявала карону, пусціў слязу.

— Складана было падчас падрыхтоўкі да конкурсу такога маштабу, як «Міс Беларусь — 2023»?

— Ёсць меркаванне: што, маўляў, тут такога складанага — прайшлася па сцэне ў дэфіле. На самай справе падрыхтоўка да такога конкурсу — гэта вялікая праца і напружанне. Каля месяца па 8 гадзін у дзень мы адпрацоўвалі паставу, хаду, пастаноўку нумароў. Пяць выхадаў на сцэну — і трэба ўсё запомніць і ўлічыць, каб атрымалася прыгожае, запамінальнае шоу. Акрамя рэпетыцый, удзельнічалі ў сацыяльных праектах, было шмат здымак. Вытрымаць такі рытм жыцця няпроста. У адзін момант, памятаю, мы ўсе вельмі стаміліся, і нам далі магчымасць паўдня адпачыць. Я зрабіла справы, якія не паспявала, выспалася. А прачнуўшыся раніцай, зразумела: я зноў гатовая скараць гэты свет!

— А самы стрэсавы момант падчас фіналу які быў? 

— Пасля выхаду ў купальніках у нас было ўсяго дзве хвіліны, каб пайсці са сцэны, пераапрануцца для новага выхаду, паправіць макіяж, прычоску. Усё паспелі! Вельмі важна ўмець канцэнтравацца, гэтаму конкурсы таксама вучаць.

«Поспех не прымусіць мяне перастаць быць сабой»

— Калі побач столькі прывабных канкурэнтак, ці складана захаваць упэўненасць у сабе? Ці Вы дастаткова ўпэўнены чалавек?

— Заўсёды была сціплай, нават сарамлівай. Калі перамагла на конкурсе «Міс Мінск — 2023» і стала фіналісткай «Міс Беларусь — 2023», стала значна больш упэўненай. Да таго ж, такая «школа» — вялікі плюс: хутка ў мяне размеркаванне, давядзецца наведваць месцы патэнцыйнага працаўладкавання. Думаю, змагу лепей сябе прэзентаваць. Каб выхаваць упэўненасць, зусім не абавязкова заваёўваць тытул. Мая парада дзяўчатам: палюбіце сябе, думайце пра сябе як пра прыгажуню, які б ні быў ваш рост і ці з макіяжам вы. Мы — розныя, але кожная прыгожая па-свойму. 

— Што дапамагае Вам перамагаць у конкурсах прыгажосці? Ці важныя для перамогі ўнутраныя якасці? Шарм, асаблівы бляск у вачах, «огонь, мерцающий в сосуде»?

— Унутраная прыгажосць не менш важная. Ці ёсць у табе дабрыня, як ставішся да навакольных. Я натхнёны, адкрыты чалавек, люблю людзей, прыроду. Для мяне насамрэч няма дрэннага надвор’я. Часта маладыя людзі лічаць: калі дзяўчына прыгожая, абавязкова ганарыстая. Пагутарыўшы са мной, гавораць: з табой можна проста сябраваць! Бацькі папярэджваюць: «За тытулам і каронай не згубі сябе». Ніякі поспех не прымусіць мяне перастаць быць сабой.

— А знешняя прыгажосць — гэта выпадковы дар прыроды ці ўсё ж такі праца? Ці шмат часу надаяце б’юці-працэдурам?

— Ніколі не хадзіла да касметолагаў, не спрабавала сур’ёзныя доглядавыя праграмы, у мяне не было такой неабходнасці. Аддаю прыярытэт натуральнай прыгажосці, якую часам магу падкрэсліць лёгкім макіяжам. Але калі ў дзяўчыны ёсць нейкія праблемы са скурай, трэба сябе даглядаць больш старанна: маскі для твару, працэдуры для валасоў і іншае.

— Фітнес, трэніроўкі, дыеты Вам знаёмыя?

— Любоў да спорту з дзяцінства прывіў мне брат. Перад конкурсам «Міс Мінск — 2023», каб крыху падкарэктаваць фігуру, занялася бегам. Пасля прабежкі нібы нараджаешся наноў! Не прытрымліваюся нейкіх асаблівых дыет, але стараюся харчавацца без фастфуду. Ведаю ад дыетолага: тое, што мы ядзім, абавязкова адаб’ецца на арганізме гадоў праз 15-20. Задумваюся аб здароўі ўжо цяпер, бо збіраюся ў будучым стаць мамай, для мяне гэта важна. 

«Сваю будучыню звязваю з Беларуссю»

— Раскажыце аб Вашай сям’і. Чым запомніліся дзіцячыя і школьныя гады?

— У мяне вельмі добрая сям’я, бацькі мяне ва ўсім падтрымлівалі, таму пра дзяцінства засталіся цудоўныя ўспаміны. У нашай школе было шмат розных гурткоў. На працягу васьмі гадоў я займалася дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Скончыла музычную школу па класе акардэона. Займалася стральбой, валейболам. У школе актыўна працавала арганізацыя БРСМ, я ахвотна ўдзельнічала ў яе дзейнасці.

— Чаму выбралі прафесію інжынера-будаўніка аўтамабільных дарог і аэрадромаў?

— Адразу вырашыла, што буду паступаць у БНТУ, мне падабаліся тэхнічныя дысцыпліны і хацелася атрымаць універсальную тэхнічную адукацыю. Звярнула ўвагу на спецыяльнасць інжынера па будаўніцтве дарог, бо дарогі людзям патрэбныя заўсёды. Так выбрала факультэт транспартных камунікацый. Дарэчы, бацькі ніколі не ўмешваліся ў мой выбар прафесіі, нічога не навязвалі. Цяпер я на пятым курсе, застаўся апошні семестр, потым — напісанне дыплома. Раздумваю аб тым, каб працягнуць вучыцца далей.

— Вучоба, навуковая праца, падрыхтоўка да конкурсаў... А Вы яшчэ і старшыня студэнцкага савета, і ў Беларускім саюзе жанчын. Як усё паспяваеце?

— Сябры часам жартуюць: «Як толькі ты кладзешся спаць, ужо звініць будзільнік». Насамрэч я люблю жыць у актыўным рытме і прывыкла планаваць усе справы. Мой распарадак дня распісаны, гэта адвучае ад бяздумнага марнавання часу. Хачу, каб маё студэнцкае жыццё было насычаным на падзеі, пры гэтым ніколі не забываюся на вучобу. Гісторыя «паспаць і не пайсці на заняткі» — не пра мяне. Для мяне важныя веды, а таксама павага выкладчыкаў і аднагрупнікаў.

— Ёсць планы звязаць сваё жыццё з мадэлінгам?

— Для мяне гэта пакуль што хобі. Усё-такі ў сферы мадэлінгу дзяўчына можа працаваць да пэўнага ўзросту. Вядома, потым можна адкрыць, напрыклад, сваю мадэльную школу, але ж нішто не перашкаджае зрабіць гэта паралельна з асноўнай прафесіяй. Сёння для мяне на першым месцы адукацыя і магчымасць стаць добрым спецыялістам.

Некаторыя дзяўчаты-мадэлі адпраўляюцца працаваць за мяжу. Я не збіраюся нікуды з’язджаць. Вельмі люблю нашу краіну, менавіта з Беларуссю звязваю сваю будучыню, свае жыццёвыя планы.

«Дапамагаючы іншым, робішся лепшым»

— Ёсць стэрэатып, што прыгажуні мала чытаюць…

— Гэта дакладна не пра мяне! Вельмі люблю чытаць, у грамадскім транспарце амаль заўжды з кнігай. У цёплыя дні часта хадзіла ў парк, садзілася на лаўку, адкрывала кнігу. І адразу ўключалася ўяўленне: можа быць, герой рамана выглядае як вось гэты мінак? Час перад сном заўсёды праводжу з кнігай, без тэлефона і сацсетак. Люблю паэзію, ведаю мноства вершаў.

— Акрамя чытання, чым займаецеся ў вольны час?

— Выпадае вольная гадзіна-дзве, імкнуся пабыць сам-насам з сабой, адпачыць. Калі з-за занятасці рэдка бачылася з сябрамі — спяшаюся правесці час з імі. З фіналісткамі «Міс Беларусь — 2023» мы наведвалі палігон, дзе я зноў узяла ў рукі вінтоўку, узгадала свае навыкі і адчула жаданне вярнуцца да яшчэ аднаго свайго захаплення — заняткаў стральбой.

— Ці ёсць чалавек, які пакарыў Ваша сэрца?

— На асабістае жыццё часу пакуль няма, так што маё сэрца свабоднае. Але я ведаю: калі прыйдзе час, абавязкова сустрэну чалавека, які будзе падтрымліваць і разумець мяне.

— Ці плануеце выкарыстоўваць свой статус прыгажуні ў грамадстве? Многія мадэлі займаюцца дабрачыннасцю.

— Безумоўна, у тытулаванай прыгажуні больш магчымасцей, але каб рабіць добрыя справы, тытулы не патрэбныя. Наша школьная арганізацыя БРСМ заўсёды дапамагала састарэлым вяскоўцам. Ва ўніверсітэце праводзілі шмат акцый у падтрымку дзяцей-інвалідаў, пажылых людзей. Нядаўна ездзілі з канцэртам у дом-інтэрнат «Світанак», там нам заўсёды рады. Дапамагаючы іншым, робішся лепшым, бо дабрыня ўзбагачае.

І яшчэ — люблю жывёл, шмат разоў ездзіла ў «Фаўну горада» з кормам для тамтэйшых насельнікаў.

— Калі б Вы былі галоўнай гераіняй кнігі — пра што яна была б?

— Пра ўнутраную прыгажосць, дабрыню, дапамогу людзям, пра чытанне добрай літаратуры і жаданне кожны дзень вучыцца чамусьці новаму. Мне так цікава спазнаваць свет вакол! І так радасна, што наперадзе яшчэ шмат новага і цікавага. Спадзяюся, нямала цудоўнага чакае і ў 2024-м. Шчасця ўсім у надыходзячым Новым годзе!

Алена БРАВА

Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ і прадастаўлена суразмоўніцай 


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.