Вы тут

Рэктар БДУ далучыўся да студэнцкага атрада «Аэліта»


«Усебеларуская маладзёжная будоўля служыць асновай адзінства і згуртаванасці беларускага грамадства». Такую думку выказаў рэктар БДУ Андрэй Кароль падчас удзелу ў будаўніцтве Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.


Ён далучыўся да студэнцкага атрада БДУ «Аэліта» імя А. Н. Сеўчанкі і разам з хлопцамі працаваў у падвальных памяшканнях па ачыстцы старой каналізацыі ад будаўнічага смецця і пяску. У найбліжэйшы час адтуль трэба будзе вынесці каля 400 тон пяску.

Падчас будаўнічых работ рэктар адзначыў значнасць аб’екта, які ўзводзіцца. «Тут кожны сам сябе фарміруе, успрымае гістарычную атмасферу і праз працу і пераадоленне глядзіць на многія рэчы пад іншым ракурсам. Вобразна кажучы, здае „сесію жыцця“. Брэсцкая крэпасць з’яўляецца не проста іміджавым складнікам Беларусі. Гэта цэласны комплекс сусветнай спадчыны, таму стварэнне на гэтым месцы цэнтра патрыятычнага выхавання — сімвалічная даніна мінуламу, мужнаму і самаадданаму служэнню Айчыне, — разважае Андрэй Кароль. — Усебеларуская будоўля служыць асновай адзінства і згуртаванасці беларускага грамадства, яго гатоўнасці далучаць моладзь да сваёй гістарычнай спадчыны. Толькі ў гісторыі, якую памятаюць і шануюць, ёсць сучаснасць і будучыня для любой краіны».

Наведванне аб’екта працягнулася экскурсіяй па гісторыка-культурным комплексе. Актывісты БДУ расказалі рэктару пра ўмовы пражывання, паказалі асноўныя будаўнічыя пляцоўкі і падзяліліся сваімі дасягненнямі. Па словах хлопцаў і дзяўчат, за гэты перыяд яны ачысцілі падвальныя і паддашкавыя памяшканні ад смецця, правялі дэмантаж тынковачнага матэрыялу. За тыдзень бесперапыннай працы 15 студэнтаў змаглі стварыць сяброўскую атмасферу і адшукаць сакрэт зладжанай і эфектыўнай працы. «Уся справа ў планаванні», — у адзін голас заявілі маладыя людзі.

Дарэчы, яны ўстанавілі асабісты рэкорд: за 16 хвілін змаглі вынесці з гарышча 2000 кілаграмаў смецця. Загадзя выпрацаваныя і прадуманыя дзеянні і іх дакладнае выкананне, па словах актывістаў, дапамагаюць вырашаць складаныя задачы. «Праца патрабуе сілы і настойлівасці, а таксама правільнага размеркавання часу. Прызвычаіцца да такога графіка ў нас атрымалася не адразу, але ўжо бачны вынік», — распавёў камандзір атрада, трэцякурснік юрыдычнага факультэта Андрэй Маліноўскі.

На рэспубліканскай будоўлі працуюць не толькі беларускія хлопцы. Першакурснік факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Тамерлан Сулкін расказаў, што яшчэ нядаўна жыў у расійскай сталіцы, а ўжо сёння ўносіць свой уклад у захаванне гістарычнай памяці беларускага і расійскага народаў. «Мае прадзядуля і дзядуля вельмі шмат расказвалі пра Брэсцкую крэпасць і пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Я сам неаднаразова прыязджаў сюды на экскурсіі. Таму, знаходзячыся тут, адчуваю вялікі гонар і аддаю даніну памяці нашым гераічным продкам», — кажа студэнт.

Грамадска значная праца і высокая ідэя сталі імпульсам для ўдзелу ў працоўнай дзейнасці чацвёртакурсніка гістарычнага факультэта Андрэя Кучары. «Я рэканструктар, працую з перыядамі Першай і Другой сусветных войнаў. Таму мне цікава паглядзець на працэс гістарычнай рэканструкцыі знутры. Безумоўна, адчуваю гонар за тое, што дакрануўся да Усебеларускай маладзёжнай будоўлі і прыклаў руку да захавання гістарычнай спадчыны», — прызнаўся малады чалавек.

Нагадаем, Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі — не першы аб’ект Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. У 2014 годзе такі статус быў нададзены аб’ектам Беларускай атамнай станцыі, а з 2019-га — будынкам сацыяльнай інфраструктуры ў Астраўцы. Таксама ў мінулым годзе такі ж статус атрымала рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Студэнцкі атрад «Аэліта» быў заснаваны ў 1965 годзе на базе фізічнага факультэта пад кіраўніцтвам рэктара БДУ Антона Нікіфаравіча Сеўчанкі. Гісторыя яго стварэння звязана з часам студэнтаў-рамантыкаў. У прыватнасці, для многіх маладых людзей фантастычны раман А. М. Талстога «Аэліта» не проста ўяўляў адмысловую цікавасць, але і ўтрымліваў узнёслыя намеры і ідэалы, а значыць, падыходзіў на ролю «сцяга» для студэнцкага руху. Цяперашнія байцы-актывісты вырашылі аднавіць сімвалічнае імя атрада і «падарыць» яму новыя мэты, задачы і заслугі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Загаловак у газеце: Здаць «сесію жыцця» ў крэпасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.