Вы тут

Знаёмімся з лаўрэатамі прэмій Прэзідэнта


Прэзідэнт падпісаў указы аб прысуджэнні прэмій «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва. З некаторымі лаўрэатамі нам удалося пазнаёміцца бліжэй.


«Купалле» ў Александрыі — скарбніца народных традыцый

Штогод у першых чыслах ліпеня маленькі аграгарадок Александрыя на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей пераўтвараецца ў месца паломніцтва тысяч гасцей. Пачынаючы з 2010 года, краіна маштабна адзначае тут свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое традыцыйна наведвае Прэзідэнт Беларус Аляксандр Лукашэнка. У гэты дзень на маляўнічым беразе Дняпра шмат песень, народных строяў, гульняў, забаў, смачных страў нацыянальнай і замежных кухняў. Праект рэспубліканскага значэння, але ў яго аснове работа сапраўдных прафесіяналаў з Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. І тое, што гэта дзейнасць адзначана на самым высокім ўзроўні, вельмі паказальна. Адна з пяці прэмій «За духоўнае адраджэнне» сёлета прысуджана менавіта гэтаму калектыву «за значны ўклад у захаванне культурнай спадчыны Беларусі і рэалізацыю культурна-турыстычнага праекта — свята „Купалле“ („Александрыя збірае сяброў“)».

— Мы робім сваю любімую справу і вельмі прыемна, калі вынікі гэтай работы адзначаюць на высокім ўзроўні, — падзяліўся радаснымі эмоцыямі дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў. — Гэта ганарова, у першую чаргу таму, што нас ацаніў Прэзідэнт, Магілёўскі аблвыканкам, Міністэрства культуры. Мы праводзім шмат розных фестываляў. Сярод іх: «Форум традыцыйных культур», на якім падымаем пытанні міжнароднага ўзроўню, «Залатая пчолка», музычнае свята для дзяцей, «Вянок сяброўства», на якім свае народныя традыцыі дэманструюць госці з розных краін і іншыя — у нас вельмі вялікая палітра. Гэта наша прафесія, і мы робім яе з любоўю. Над падрыхтоўкай да свята «Купалле» у Александрыі працуе каля 4000 толькі нашых работнікаў — калектыў метадцэнтра (каля 60 чалавек, кожны па сваім кірунку) і плюс у сярэднім па 150 творчых работнікаў ад кожнага раёна Магілёўшчыны. Мы распрацоўваем канцэпцыю — што датычыцца адкрыцця, кірмашу, абярэгаў і гэтак далей і ставім задачы ўсёй рэспубліцы. Само свята — вынік вялікай агульнай работы.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Рухацца, бачыць, чуць ім дапамагае творчасць

Адзіная ў сваім родзе ў краіне ўстанова культуры, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, з рознымі катэгорыямі інваліднасці займаюцца разам з фізічна здаровымі. Вялікая каманда ў амаль 500 чалавек, якая мае магчымасць развіваць самую розную творчую дзейнасць. Усё гэта пра Гомельскі гарадскі цэнтр інклюзіўнай культуры.

Фота Гомельскага гарадскага цэнтра інклюзіўнай культуры

— Разам даказваем, што і людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця могуць выступаць на вялікай сцэне, пісаць п’есы, маляваць і майстраваць, — звяртае ўвагу дырэктар цэнтра інклюзіўнай культуры Ірына Цяпугіна.

Ва ўстанове сёння адкрыта больш за 20 клубных фарміраванняў рознай жанравай накіраванасці: ад тэатральнага, дэкаратыўна-прыкладнога, выяўленчага мастацтва да харэаграфіі. Ёсць тэатр жэставай песні, кінавідэастудыя, дзе здымаюцца сацыяльныя ролікі па безбар’ерным асяроддзі, папулярызацыі вывучэння мовы жэстаў.

— Летась мы стартавалі з праектам «Дзеці вайны». Сваімі сіламі знялі фільм пра гісторыі людзей, чыё дзяцінства прыйшлося на гады Вялікай Айчыннай. Адна з гераінь, якая з дзяцінства слаба чула, падзялілася, як яна са сваёй асаблівасцю перажыла выпрабаванні ваеннага часу. Сёння гэты наш праект удзельнічае ў конкурсе Міністэрства культуры Беларусі, — адзначае Ірына Аляксандраўна.

Гомельскі гарадскі цэнтр інклюзіўнай культуры развівае і праект «Важны жэст». Мове жэстаў навучаюцца работнікі сферы абслугоўвання, спецыялісты сацыяльна значных устаноў. Унікальны праект, якому крыху больш за год, — «Рукі бачаць» — прапануе паглыбленне ў свет невідушчых. У поўнай цемры чалавеку прапануецца справіцца з пэўнымі заданнямі, выканаць паўсядзённыя дзеянні. Між тым у Гомельскім гарадскім цэнтры інклюзіўнай культуры не толькі займаюцца людзі з рознымі катэгорыямі інваліднасці, але і працаўладкаваны і працаўладкоўваюцца супрацоўнікі з інваліднасцю.

У цэнтры рэалізоўваецца праект «УпэўненаяЯ». Так, на працягу васьмі тыдняў — са студзеня да 8 сакавіка — у марафоне удзельнічае восем дзяўчат, жанчын з рознымі формамі інваліднасці. 

Сёння ў цэнтры новае бясплатнае клубнае фарміраванне, у якое ідзе актыўны набор — «Інклюзіўны тэатр мод». Тут людзі рознага ўзросту, з рознымі формамі інваліднасці будуць навучацца мастацтву дэфіле, удзельнічаць у модных паказах нароўні з фізічна здаровымі. Ужо цяпер праект гатовы падтрымаць айчынныя вытворцы адзення, якія будуць даваць свае калекцыі для паказаў.

— Тое, што нас адзначыў на такім высокім узроўні Прэзідэнт, калектыў успрыняў не як час падвядзення вынікаў работы, а доказ таго, што такі гонар трэба пацвярджаць, развівацца далей, станавіцца яшчэ лепшымі, — ад свайго імя і ўсіх, хто займаецца ў Гомельскім гарадскім цэнтры інклюзіўнай культуры, падзякавала Ірына Цяпугіна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


«Пляцёнкі» са смакам дзяцінства

Брэндавы фэст «Бацькава булка» — свята маладое, сёлета ладзілася другі раз. Але нават за такі кароткі час набыло шырокую папулярнасць і дасягнула статусу рэпубліканскага.

...А штуршком для такой раскруткі стала знакамітая булка-пляцёнка, якая выпякаецца ў свіслацкай пякарні. Хлебапякарня стала вядомай пасля наведвання Прэзідэнтам Свіслацкага раёна некалькі гадоў таму. Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў смак здобнай пляцёнкі «са смакам дзяцінства». Ім была пастаўлена задача стварыць належныя ўмовы працы работнікам хлебапякарні. У хуткім часе гэта даручэнне было выканана, паведаміў старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Цэх мадэрнізаваны, з’явілася аўтаматычная печка. Дзякуючы гэтаму, палепшыліся ўмовы працы і павялічыліся аб’ёмы вытворчасці. Так, у суткі тут выпякаюць дзве тоны булак з тым самым смакам дзяцінства. Гэта стала свайго роду пасылам для «раскруткі» плеценай булкі, якая ў хуткім часе атрымала афіцыйную назву «Бацькавай».

Смачны брэнд падказаў ідэю мясцовага свята, якое ўпершыню адбылося летась. А ўжо сёлета каравай-фэст «Бацькава булка» быў анансаваны як рэспубліканскае свята. Праходзіць свята ў жніўні, падрыхтоўку да яго вядзе спецыяльна створаны аргкамітэт пры Гродзенскім абласным упраўленні культуры. Па словах галоўнага рэжысёра каравай-фэсту «Бацькава булка» Вольгі Багдановіч, праграма яго вельмі насычаная.

Усе конкурсы каравай-фэсту так ці інакш звязаны з «хлебнай» тэмай. Сёлета, напрыклад, адбыўся эстафетны конкурс на хуткасць «Бацькава міля», конкурс «Каравай, каравай, каго хочаш — выбірай», праграма «Булка-байкер-шоу» з фігурным катаннем на матацыклах.

— Свята становіцца вельмі папулярным, бо яго тэма блізкая кожнаму, — зазначае Вольга Багдановіч. — Важнасць гэтага прадукту відавочная. Сёлета мы максімальна шырока прадставілі хлеба-булачныя вырабы ўсёй краіны, якія ўваходзяць у склад нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Усяго іх восем. У іх ліку — поразаўская банкуха, вясельны каравай са Слоніма, жораўскі хлеб і іншыя. Усе яны прадстаўлены на каравай-фэсце ў Свіслачы.

Высокая ўзнагарода ў выглядзе спецпрэміі Прэзідэнта — і радасць, і натхненне, і гарантыя таго, што жыццесцвярджальная традыцыя шанавання хлеба будзе пашырацца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.