Вы тут

Настаўнік Сяргей Бельцюкоў побач са сваімі вучнямі на адной сцэне


Аўтарскі канцэрт Сяргея Бельцюкова, кампазітара і настаўніка па класе фартэпіяна Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я. А. Глебава, ў Мінску, быў адметны тым, што выступалі на адной сцэне настаўнікі і вучні, якія толькі асвойваюць музычныя інструменты. Але іх аб’яднала музыка, якая кожнаму выканаўцу адкрывае магчымасць адчуваць сябе чараўніком, які можа заварожваць гукамі, што яны прадэманстравалі на сцэне ў канцэртнай зале «Верхні горад». І хоць маленькія музыканты толькі вучацца быць чараўнікамі, яны ўжо правяраюць свае здольнасці — няхай пакуль і на сваіх, блізкіх людзях, і тых, хто сочыць за першымі перамогамі навучэнцаў школы. А сфера мастацтва такая дзіўная, што нават першыя выхады на сцэну, — гэта як першыя старты і маленькія перамогі над сабой. Насамрэч дзеткі, якія выступаюць і вельмі стараюцца, заўсёды расчульваюць, але творы, якія яны выконвалі, гавораць пра асобу аўтара, якога музыка багата аддзячыла творчымі перамогамі. Пра гэта ішла гаворка падчас канцэрта. 


— Творчы поспех прыйшоў да Сяргея Бельцюкова яшчэ падчас вучобы ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі — ён скончыў яе спачатку як піяніст, а потым як кампазітар. Яго педагогам па класе кампазіцыі быў прафесар, чыё імя добра вядома ўсім, хто вучыцца ў музычнай школе мастацтваў № 10, — Яўген Аляксандравіч Глебаў. Пад яго ж кіраўніцтвам Сяргей Пятровіч скончыў асістэнтуру-стажыроўку. Сяргей Бельцюкоў двойчы атрымліваў званне лаўрэата на Усесаюзных конкурсах студэнтаў і аспірантаў-кампазітараў: за Такату № 1 для фартэпіяна і кантату «Начны матылёк» на вершы Арсенія Таркоўскага, — распавяла вядучая канцэрта, музыказнаўца Вольга Няхай. — ...З самага пачатку творчага шляху кампазітар актыўна бярэ ўдзел у міжнародных фестывалях. Упершыню ў гісторыі беларускай музыкі Сяргей Пятровіч прадставіў нашу краіну на Міжнародным фестывалі ў Осла (Нарвегія) ў 1990 годзе. Дзіўны факт, што журы тады адабрала творы толькі трох кампазітараў СССР. Імя маладога беларускага аўтара стаяла ў адным шэрагу з такімі мэтрамі, як заслужаны дзеяч Расійскай федэрацыі Альфрэд Шнітке і народны артыст СССР Гія Канчэлі. У 2000 годзе Сяргей Пятровіч адным з першых прадставіў Беларусь на прэстыжным міжнародным фестывалі сучаснай музыкі «Варшаўская восень», дзе прагучаў яго твор «Стронцый 90»... Кампазітар стварыў музыку больш чым да трыццаці мастацкіх, мастацка-публіцыстычных і дакументальных фільмаў, а таксама да тэатральных пастановак. Піша музыку розных жанраў: з’яўляецца аўтарам пяці сімфоній, пяці інструментальных канцэртаў, пяці кантат, сімфоніі-балета «Кароль Лір», балетаў «Сны Рагнеды» і «Клеапатра», рок-оперы «Крылы», оперы-фэнтэзі «Лятучы галандзец»...

Але 2023 год для Сяргея Бельцюкова пачаўся на высокай ноце: на філарманічнай сцэне адбылася прэм’ера яго оперы «Ладдзя роспачы» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. 

— І на такой жа высокай ноце гэты год для мяне заканчваецца: аўтарскі канцэрт у «Верхнім горадзе» падрыхтаваны сіламі Дзіцячай музычнай школы № 10 імя Яўгена Глебава па прапанове яе дырэктара Тамары Арцёмаўны Куніцкай, я шмат гадоў там выкладаю фартэпіяна. І вельмі прыемна, насамрэч, што дзеці знаёмяцца з маёй музыкай, іграюць яе. 

Нездарма асаблівую ролю ў творчасці кампазітара і педагога па класе фартэпіяна адыгрывае музыка для дзяцей. Яго сачыненні ўвайшлі ў рэпертуар дзіцячых музычных школ, гучаць на конкурсах. З такіх твораў — цыкл п’ес для фартэпіяна «Вясёлы паравозік», створаны ў 2015 годзе і прысвечаны ўнукам Сяргея Пятровіча. У цыкле 14 п’ес, кожная з якіх раскрывае яркія вобразы свету дзяцей. Яны гучалі ў выкананні маленькіх музыкантаў. 

Яшчэ адзін папулярны твор для дзяцей — сюіта для фартэпіяна «Казкі для Мацільды» — адрасаваны больш старэйшым выканаўцам, навучэнцам сярэдніх класаў. Сюіта напісана па матывах твораў Ганса Хрысціяна Андэрсена і ўпершыню была выканана ў Нідэрландах у 2004 годзе. Але і беларускім децям зразумелыя яркія вобразы, закладзеныя ў музыцы, — і тым, якія выконваюць, і тым, якія слухаюць. 

Асобныя сачыненні Сяргея Бельцюкова для фартэпіяна набылі шырокую вядомасць, яны ўваходзяць у праграму вывучэння беларускай фартэпіяннай музыкі ў вышэйшых навучальных установах і выконваюцца канцэртуючымі піяністамі. А ў канцэртную праграму ў «Верхнім горадзе» ўключылі яркія творы, якія дазваляюць зразумець асаблівасць таленту кампазітара. Напрыклад, яго Таката № 2 для фартэпіяна цяпер стала абавязковым творам беларускага аўтара для ўдзелу ў музычных конкурсах. Складаную фартэпіянную фактуру мае і п’еса пад назвай «Легенда», створаная ў 2017 годзе па заказе канцэртнай залы ў Нідэрландах. Тут свой узровень валодання інструментамі могуць паказаць высакакласныя настаўнікі, такія як лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Вольга Макарава. Наогул, настаўнікі ў гэты вечар ігралі не толькі сольна, але і ўтваралі ансамблі, каб найбольш ярка паказаць творы. Праграма канцэрта атрымалася разнастайнай, а на развітанне зводны хор школы выканаў песню «Будзем разам» на словы Алеся Бадака. Вельмі важна, што ў Беларусі ладзяцца канцэрты з музыкай айчынных кампазітараў. Важна, што ў музыкантаў ёсць жаданне яе іграць, і звышважна, калі ёсць слухач — бо менавіта з ім размаўляюць праз гукі пра тое, што для нас істотна. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота даслана Дзіцячай музычнай школай мастацтваў № 10 імя Я. Глебава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.