Вы тут

Як святкуюць Новы год у доме-інтэрнаце ў Гомельскім раёне


«Стругаць» аліўе пад «Іронію лёсу, ці З лёгкай парай!», адкрыць слоічак ікры да свята, прадчуваць стомленасць уперамешку з радасцю, што ператанцаваў усе павольныя танцы на дыскатэцы... Ёсць людзі, што дадуць фору многім ва ўменні ствараць сабе святочны настрой на Новы год. Нават калі ён у тваім жыцці 80-ты, а то і 90-ты. У гэтым пераканалася карэспандэнт «Звязды», завітаўшы перад святамі ў госці да пастаяльцаў дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў «Васільеўка», што ў Гомельскім раёне. Гэта незвычайная вялікая сям’я са 150 чалавек адзначае самае сямейнае свята года ў доме, знойдзеным дзякуючы дзяржаве.


Удваіх — не адзінока

Зінаіда Сяргееўна Сярэбраная і Васіль Андрэевіч Міраненка

— У цеплыні і дабрыні жывём, — у сваім утульным пакоі сустракаюць мяне Зінаіда Сяргееўна Сярэбраная і Васіль Андрэевіч Міраненка.

Іх, як называюць старыя, «аднапакаёвачка» гатова да свята: на вокнах выцінанкі, падрыхтаваны і прысмакі да святочнага стала. У гэтым годзе па традыцыі яны сходзяць на агульнае свята, а потым па-сямейнаму сустрэнуць Новы год удваіх.

— Вып’ем чаю з торцікам, паслухаем зварот Прэзідэнта, — Зінаіда Сяргееўна паказвае на сваю малюсенькую прыстасаваную «зону гатоўкі» — на тумбачках усё, што трэба, каб прыгатаваць гарбату ці каву, перакусіць, калі захочацца.

Пяты Новы год сустракаюць разам

Зінаіда Сяргееўна і Васіль Андрэевіч ужо размянялі дзевяты дзесятак. Яны цалкам адзінокія: дзяцей і родных няма. Амаль шэсць гадоў таму пазнаёміліся тут, у доме-інтэрнаце. Вырашылі жыць разам.

— Як сышоўся са мной дзед, так і паліць кінуў, больш за тры гады трымаецца, — смяецца Зінаіда Сяргееўна.

Жанчына знайшла свой дом ў «Васільеўцы» шэсць год таму. Пасялілася якраз на Новы год.

— Была некалькі месяцаў у бальніцы сястрынскага догляду ў Буда-Кашалёва, вельмі добра там ставіліся да мяне, а потым, дзякуй Богу, дапамаглі сюды пераехаць, — згадвае яна.

— У нас праходзяць вячоркі для старых. Збіраемся, чаёўнічаем, спяваем, танцуем, размаўляем, — расказвае Васіль Андрэевіч.

У корпусе знаёмлюся з яшчэ адным жыхаром дома-інтэрната.

— Мужчына ўзору 1943 года, мічман ваенна-марскога флоту горада-героя Севастопаля, — прадстаўляецца ваенны марак у адстаўцы Пётр Мігдалёнак.

На дзевяць гадоў установа стала новым домам для яго і жонкі. Разам са сваёй другой палавінкай у шлюбе Пётр Іванавіч пражыў без малога 60 гадоў. Апошнія гады зусім занямоглі, падкасіла здароўе і гібель адзінага сына. Вырашылі свой век дажываць у доме-інтэрнаце і вельмі былі рады такой магчымасці. Роўна паўгода, як жонкі Пятра Іванавіча не стала. Гэта, на жаль, будзе першы Новы год, які мужчына сустрэне без яе. Ён удзячны лёсу, што ў цяжкі для яго час — не адзін.

— У новым годзе жадаю ўсім мірнага неба, каб не дай Бог не было вайны. Жадаю безумоўна здароўя і кахання, без яго нікуды, — сардэчна павіншаваў мужчына.

Пётр Мігдалёнак удзячны лёсу, што ў цяжкі для яго час — не адзін

Будзем святкаваць на пару

Пенсіянеры і пастаяльцы маладзейшыя па заведзенаму ў доме-інтэрнаце правілу жывуць у розных спальных карпусах. На святочныя мерапрыемствы збіраюцца ў актавай зале. Ладзяць тут канцэрты, на Новы год праводзяць свой «блакітны агеньчык». Фае ў карпусах, актавая заля упрыгожаныя да свята. Многае зроблена рукамі саміх пастаяльцаў падчас заняткаў у гуртках па інтарэсах. Вяжуць, вышываюць, робяць сувеніры з падручных матэрыялаў. Перад Новым годам у зале для творчых заняткаў для маладых людзей з інваліднасцю якраз праходзіць майстар-клас па стварэнню навагодніх кампазіцый. Вырабы можна будзе падарыць, упрыгожыць імі свае пакоі, навагоднюю фота-зону.

— На Новы год у нас будзе спачатку агульная святочная вячэра, потым можна сабрацца ў пакоях ужо сваімі кампаніямі. Абавязкова будзе дыскатэка, — расказваюць маладыя пастаяльцы дома-інтэрната.

Большасць прысутных — інваліды дзяцінства, выхаванцы дзіцячых школ-інтэрнатаў. Родам яны з розных куткоў Гомельшчыны. Практычна ва ўсіх няма родных. Кажуць, сям’я іх тут, а блізкія — калектыў супрацоўнікаў установы.

— Да нас шмат прыязджае гасцей, валанцёраў. Арганізуюць для нас розныя святы, выязджаем на экскурсіі. Мы і самі праводзім мерапрыемствы, — расказвае адзін з самых актыўных вядучых канцэртаў у доме-інтэрнаце Аляксандр Яўсеенка.

Сашы — 32. Родам з Хойніцкага раёна. У доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў «Васільеўка» малады чалавек жыве 15-ты год. Ён падзяліўся, што менавіта тут змог развіць свой талент.

— Вучыўся ў Рэчыцкім доме-інтэрнаце — скончыў на «выдатна». Вельмі люблю спяваць, са мной тут займаецца культарганізатар. Нядаўна заняў першае месца на конкурсе ў Ветцы, некалькі год таму выступаў на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар», удзельнічаў таксама ў конкурсах ў Мінску, — расказвае Аляксандр.

Малады чалавек марыць, каб Новы год прынёс яшчэ больш сяброў і новых знаёмстваў.

Так, даведваюся, што многія пастаяльцы ўстановы — актыўныя карыстальнікі інтэрнэта і сацыяльных сетак. Як звяртае ўвагу дырэктар дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў «Васільеўка» Святлана Чубукова, тут абсталяваны камп’ютарны клас, ёсць вай-фай для выхаду ў інтэрнэт, камп’ютары.

— Моладзь наша любіць здымаць ролікі, рабіць відэа і фота падчас усіх мерапрыемстваў. Дапамагаюць так напаўняць сайт дома-інтэрната, — тлумачыць Святлана Уладзіміраўна. — Ва ўстанове сёння пражывае 150 чалавек. У асноўным гэта інваліды першай і другой групы, якім аказваюцца медыцынскія, сацыяльныя, бытавыя паслугі.

Вельмі грунтоўна падыходзяць тут і да арганізацыі вольнага часу пастаяльцаў. На новы год ва ўстанове таксама свае святочныя традыцыі: вечарам 31 снежня ў абедзенных залах частуюць усіх стравамі навагодняга меню. У актавай зале культарганізатар праводзіць вялікае свята з конкурсамі, віншаваннямі, музычнымі нумарамі.

Заняткі па стварэнню навагодніх кампазіцый вельмі папулярны

— Пасля свята многія любяць збірацца сваімі невялікімі кампаніямі. Збіраюцца ўжо ў пакоях па тры-пяць чалавек, хто з кім больш сябруе. Рыхтуюць і свае невялікія сталы. Паўнавартасна, як у любой сям’і, рыхтуюць свае любімыя святочныя стравы. Мы загадзя абмяркоўваем, раім, што можна прыгатаваць, — тлумачыць старшая медыцынская сястра дома-інтэрната Людміла Бражынская.

Людміла Васільеўна працуе з самага моманту адкрыцця ўстановы, з 2006 года. Для пастаяльцаў яна і яе калегі — супрацоўнікі дома-інтэрната — сапраўды блізкія людзі, надзейныя памочнікі.

— Мы шчаслівыя, калі чуем: «У вас — як дома!» І, на шчасце, добрых водгукаў заўсёды вельмі шмат, — дадае дырэктар Святлана Чубукова.

Нарэзаць аліўе — у радасць

Юлія Пячыц і загадчык аддзялення суправаджальнага пражывання дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў «Васільеўка» Наталля Маісеенка

На тэрыторыі дома-інтэрната ёсць крама. Загадзя з пенсіі многія купляюць тое-сёе з прысмакаў да свята. Забаронены толькі алкаголь. Купляюць пастаяльцы прадукты, з якіх потым робяць стравы да навагодняга стала. Каб прыгатаваць гарачыя закускі, салаты, можна скарыстацца прыстасаванай кухоннай зонай. Тут звычайна ў будні арганізуюць заняткі па кулінарыі.

— З верасня адкладалі грошы пакрысе, рыхтаваліся да Новага года. Сустракаем з радасцю заўсёды. Бутэрброды з чырвонай ікрой абавязкова павінны быць на стале на Новы год. Робім і аліўе, курыныя крылцы вэнджаныя любім, салаты лёгкія. Складанае нешта не вырабляем, купляем у асноўным такое, што амаль гатовае, толькі нарэзаць застаецца, — тлумачыць Юлія Пячыц.

Дзяўчыне 29 гадоў, 11 з іх жыве ў доме-інтэрнаце. Пра яе тут кажуць: вялікая разумніца, працавітая, вельмі адказная. Юлія вядучая на канцэртах ў тым ліку і на Новы год. Сама дзяўчына пра сябе кажа, што любіць кожную раніцу пачынаць з «прывітання свету»: піша ў сацсетках сябрам-падпісчыкам. Пасля даглядае сваю «гаспадарку»: жыве трэці год ў яе пакоі верабей — птушка-інвалід, якой кот пашкодзіў лапу. Не зменіць сваёй штодзённай «руціне», вядома, дзяўчына і ў святочныя дні.

— Раней, да пандэміі, даводзілася некалькі разоў сустракаць Новы год і Каляды ў Італіі. Тут на святы любім збірацца сваёй кампаніяй. Для моладзі праводзяць дыскатэку. Грыміць корпус наш. Усё танцуюць. Весела! «Медлякі» стараюся не прапускаць, трымаюся. У новым годзе хачу каб мір быў, каб людзі былі дабрэйшыя адзін да аднаго, — перадала ўсім пажаданне на святы дзяўчына.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.