Вы тут

Якія выплаты павялічацца і якія навацыі ў сацыяльнай сферы пачнуць дзейнічаць у 2024-м?


Са студзеня вырастуць мінімалка і заробкі бюджэтнікаў, а ў цэлым у 2024-м павялічацца пенсіі і дзіцячыя дапамогі, будзе новы памер сямейнага капіталу. Са студзеня новага года таксама ўступаюць у сілу новаўвядзенні Працоўнага кодэкса, з ліпеня — змены ў сацыяльным абслугоўванні і сацыяльных выплатах, а таксама выплаты па бальнічных. Расказваем, што нас чакае ў 2024 годзе.


Фота БелТА

Вырасла мінімалка

З 1 студзеня 2024 года мінімальны заробак складае 626 рублёў. У параўнанні са студзенем 2023 года ён павялічыўся на 72 рублі, або на 13 працэнтаў. Мінімальная заработная плата прымяняецца ў якасці ніжэйшай граніцы аплаты працы адносна ўсіх работнікаў, якія заключылі працоўны дагавор. Пры гэтым калектыўным дагаворам можа быць устаноўлены больш высокі памер месячнай мінімальнай зарплаты.

Павялічваецца зарплата бюджэтнікаў

З новага года вырасла і заработная плата ў бюджэтных арганізацыях. Гэта адбылося дзякуючы павышэнню базавай стаўкі, якая з 1 студзеня складае 250 рублёў. У параўнанні з 1 верасня 2023 года (235 рублёў) яна вырасла на 6,4 працэнта, з 1 студзеня 2023 года (228 рублёў) — на 9,6 працэнта. Паколькі да базавай стаўкі прывязаны іншыя стымуляцыйныя і кампенсацыйныя выплаты, то іх памеры з 1 студзеня таксама павялічваюцца.

Як і ў 2023 годзе, базавая стаўка ў 2024 годзе будзе расці ў некалькі этапаў.

Акрамя таго, павялічваюцца памеры галіновых стымуляцыйных выплат асобным катэгорыям работнікаў. На гэтыя мэты, як паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, з бюджэту будзе накіравана больш як 1,6 мільярда рублёў, з іх больш як 500 мільёнаў — гэта дадатковыя расходы адносна 2023 года.

Як будуць расці дзіцячыя дапамогі?

У 2024 годзе на выплату дапамог па мацярынстве і сямейных дапамог плануецца накіраваць 3,4 мільярда рублёў, з іх 1,8 мільярда — на выплату дапамог па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў.

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў пераразлічваецца два разы на год (з 1 лютага і 1 жніўня) у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне.

Штоквартальна (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада) пераразлічваюцца і дапамогі, якія вылічаюцца ад бюджэту пражытачнага мінімуму. Гэта аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзяцей (10 БПМ і 14 БПМ); аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці (100% БПМ); дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (50 працэнтаў БПМ); дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў (70 працэнтаў БПМ і 50 працэнтаў БПМ); дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (100 працэнтаў БПМ, 120 працэнтаў БПМ) і інш.

У студзені 2024 года аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці складае амаль 3,7 тысячы рублёў, другога і наступных — больш як 5,1 тысячы.

Дапамога ў краіне выплачваецца на 380 тысяч малых, або кожнага чацвёртага дзіцяці краіны.

Сямейны капітал праіндэксуюць

На выплату сямейнага капіталу ў 2024 годзе плануецца накіраваць больш за 380 мільёнаў рублёў, а за 2023 год гэта сума, па папярэдніх падліках, складзе 350 мільёнаў.

Памер сямейнага капіталу падлягае штогадовай індэксацыі з нарастаючым вынікам на велічыню індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год.

У Беларусі налічваецца больш за 123,6 тысячы шматдзетных сем’яў.

Павялічваецца страхавы стаж

Штогод страхавы стаж (стаж працы з выплатай страхавых узносаў у ФСАН) павялічваецца на шэсць месяцаў да дасягнення ў 2025 годзе 20 гадоў. З 1 студзеня 2024 года ён складае 19,5 года. Наяўнасць такога страхавога стажу абавязковая для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў. Жанчыны выходзяць на пенсію ва ўзросце 58 гадоў, мужчыны — 63 гады.

Усяго на выплату пенсій у 2024 годзе плануецца накіраваць 22 мільярды, што на 3 мільярды больш, чым у 2023 годзе.

Што зменіцца ў парадку выплаты пенсій?

У Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах пенсіі, дапамогі і іншыя сацыяльныя выплаты большасці грамадзян цяпер будуць выплачвацца праз банкі, то-бок, на банкаўскія карткі. Калі казаць аб выплаце пенсій, то навіна закране «маладых» гарадскіх пенсіянераў да 70 гадоў.

Права па жаданні атрымліваць пенсію праз пошту ці банк па-ранейшаму захаваецца для людзей, старэйшых за 70 гадоў, інвалідаў І і ІІ групы. Такое ж права выбару застаецца і па дзіцячых дапамогах у інвалідаў І і ІІ групы, у сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.

Акрамя таго, змены не закранаюць грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Ім па-ранейшаму можна атрымліваць пенсію ці дапамогу праз пошту ці банк па выбары.

Дапамога для ветэранаў

З 2022 года штогод выплачваецца матэрыяльная дапамога да Дня Перамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. У 2024 годзе на гэтыя мэты запланавана каля 9 мільёнаў рублёў.

Якія новаўвядзенні ў Працоўным кодэксе?

З 1 студзеня 2024 года ўступілі ў сілу змены Працоўнага кодэкса.

Для праходжання дыспансерызацыі цяпер можна атрымаць выхадны. У ПК з’явіўся новы артыкул, які гаворыць аб вызваленні работнікаў для гэтых мэт.

Людзі да 40 гадоў змогуць атрымаць выхадны раз на тры гады на адзін дзень з захаваннем сярэдняга заробку. Работнікам, якім больш за 40 гадоў, але яны не дасягнулі пенсіённага ўзросту, будзе штогод выдзяляцца адзін дзень з захаваннем сярэдняга заробку. Работнікі-пенсіянеры будуць атрымліваць два дні штогод на тых жа ўмовах.

Пашыраны магчымасці прымянення дыстанцыйнай работы. Яна можа выконвацца пастаянна, часова (бесперапынна на працягу пэўнага тэрміну, які не перавышае шасці месяцаў на працягу каляндарнага года), камбінавана (выконвацца пастаянна або часова з чаргаваннем на працягу рабочага часу дыстанцыйнай работы і работы па месцы знаходжання наймальніка).

Пры камбінаванай дыстанцыйнай рабоце работнік можа працаваць на рабочым месцы і дыстанцыйна, у тым ліку дома, напрыклад, чатыры дні — у офісе, адзін дзень — дыстанцыйна або: частка рабочага дня — у офісе, а частка — дыстанцыйна.

Умова аб камбінаванай дыстанцыйнай рабоце можа ўстанаўлівацца па дамоўленасці паміж наймальнікам і работнікам як пры прыёме на работу, так і пасля. Калі дыстанцыйная работа ўстанаўліваецца работніку на пастаяннай аснове (у тым ліку і камбінаваная), гэта абавязкова павінна быць адлюстравана ў працоўным дагаворы.

Для шматдзетных і бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, з’явілася альтэрнатыва дадатковаму выхадному ў тыдзень — скарачэнне працы на адну гадзіну. Калі наймальнік згодны і гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі, замест вольнага дня ў тыдзень можна скарыстацца штодзённым скарачэннем працы на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы.

З гэтага года наймальнікі могуць знаёміць работніка з дакументамі, накіроўваць яму апавяшчэнні, атрымліваць яго згоду і іншае не толькі ў пісьмовай форме, але і ў электроннай.

Бальнічныя будуць разлічваць па-іншаму

З 1 ліпеня 2024 года набудзе моц новы парадак у дачыненні да бальнічных.

Іх мінімальны памер будзе разлічвацца з памеру мінімальнай заработнай платы. У дзеючым парадку разліку — 50% БПМ у сярэднім на душу насельніцтва.

Павялічыцца пазмер выплаты па бальнічных для работнікаў, якія маюць стаж работы з выплатай узносаў у ФСАН 10 гадоў і больш. Бальнічны з першага дня хваробы будзе аплачвацца ў памеры 100% страчанага заробку.

Для грамадзян са стажам менш як 10 гадоў бальнічны з першага дня хваробы будзе аплачвацца ў памеры 80 працэнтаў страчанага заробку.

Змена ў сацыяльным абслугоўванні

З 1 ліпеня 2024 года ўступае ў сілу Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат», які кіраўнік дзяржавы падпісаў 13 снежня. Некаторыя яго нормы ўступаюць адразу пасля апублікавання.

Такім чынам, Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні» выкладзены ў новай рэдакцыі. Акрамя таго, уносяцца змены ў 11 заканадаўчых актаў. Сярод навацый — увядзенне адраснага падыходу для вызначэння аптымальнага набору сацыяльных паслуг і сістэмы доўгачасовага догляду, замена дамоў-інтэрнатаў на сацыяльныя пансіянаты, ліцэнзаванне для прыватнікаў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі з пражываннем пажылым і інвалідам.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.