Вы тут

Тамара Рыбак: Шчасце — гэта калі ўсё добра


Выхавацелі, хлопчыкі і дзяўчаткі дзіцячага садка № 3 горада Дзяржынска выступаюць на ранішніках у касцюмах, якія яна пашыла. Тамара Рыбак амаль паўстагоддзя пражыла з каханым мужам, вырасціла сына — чэмпіёна свету і да ўсяго, што робіць, ставіцца з любоўю. 


Шыла з самага дзяцінства

Дзяцінства Тамары Аляксандраўны праходзіла ў вёсцы Бурцічы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Успаміны пра той час засталіся светлыя, шчаслівыя. Бацькі пра яе клапаціліся, яна вучылася, гуляла з сябрамі. І працы па гаспадарцы хапала.

— Мне ўвесь час хацелася шыць, ствараць прыгажосць сваімі рукамі, — дзеліцца ўспамінамі Тамара Аляксандраўна. — Нават прасіла бацькоў купляць мне лялек без сукенак — так хацелася самой пашыць ім святочныя строі. Першае, што зрабіла сваімі рукамі, — берэт для лялькі. Бабуля вучыла мяне вязаць кручком дываны, а ў мяне замест дывана атрымаўся берэт, бо я не зрабіла дадатковых петляў. У выніку я была вельмі задаволена, што змайстравала сваёй ляльцы галаўны ўбор. 

Потым яна пачала шыць розныя сукенкі для лялек. 

— Калі мне было 7-8 гадоў, спрабавала рабіць гэта на швейнай машынцы. Канешне, бацькі хваляваліся, што магу параніцца, і не дазвалялі. А я ўсё роўна шыла — употай. Аднойчы пад лапку паклала зашмат тканіны, і іголка зламалася. Каб маці не сварылася, схавала машынку. Маці потым, вядома, заўважыла паломку і забараніла шыць, — успамінае гераіня.

Пасталеўшы, і сабе Тамара Аляксандраўна стала шыць модныя спаднічкі, сукенкі, кашулі. Хацелася чымсьці адрознівацца ад іншых дзяўчат. 

Захапленне стала прафесіяй 

— Збіралася ў хіміка-тэхналагічны тэхнікум, але не паступіла. Тады падумала: «Я ж люблю шыць, чаму б не вывучыцца на швачку?». У той час для гэтага трэба было атрымаць накіраванне-рэкамендацыю на вучобу з Дома быту. На Гродзеншчыне зрабіць гэта не ўдалося, а ў Дзяржынску мне дапамагла мая цётка. Так я паступіла ў Маладзечанскі вучэбна-курсавы камбінат на швачку. Праз два гады адвучылася яшчэ і на закройшчыка верхняга жаночага і мужчынскага адзення, — расказвае мая суразмоўніца. 

Пасля вучобы Тамара Аляксандраўна працавала ў Дзяржынску на камбінаце бытавога абслугоўвання, потым на працягу 17 гадоў — кантралёрам у аддзеле тэхнічнага кантролю на фабрыцы: сачыла за якасцю вырабаў. 

— А ў дзіцячым садку пачала працаваць, калі выйшла на пенсію. Пасядзела год дома і зразумела: такое жыццё не па мне! Калі жанчына збіраецца на працу — заўсёды і прычоска, і макіяж, і адзенне прыгожае. Сама сабе падабаешся! І настрой адпаведны. 

«Пяшчота і дабрыня натхняюць!»

У дзіцячым садку Тамара Аляксандраўна працуе кастэлянкай ужо 7 гадоў. Прызнаецца, што спачатку было страшнавата: новыя абавязкі, адказнасць, іншы калектыў. 

— Але хутка зразумела, якія да мяне патрабаванні. І цудоўныя людзі дапамаглі. Працаваць з дзецьмі — гэта такое шчасце! Прыходзіш да іх у групу, а яны адразу цябе абдымаюць, кажуць што-небудзь прыемнае. Заўважаюць, калі на мне прыгожая кофтачка. Іх пяшчота і дабрыня натхняюць, даюць здароўе і энергію! 

У дзіцячым садку Тамара Аляксандраўна не толькі паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі кастэлянкі, але і шые банты, чэпчыкі для лялек, шторы ў музычную залу. І святочныя касцюмы для дзяцей. 

— Пашыла для іх беларускія нацыянальныя строі. Для дзяўчынак — спаднічка, кашуля і камізэлька, для хлопчыкаў — штаны і кашуля. Усяго — 16 камплектаў (8 для дзяўчынак і столькі ж для хлопчыкаў). Хапіла працы на цэлы месяц. Нядаўна было ў нас гумарыстычнае прадстаўленне, дзе хлопцы выступалі ў ролі бабуль. Дык я шыла ім спаднічкі, — з усмешкай расказвае мая суразмоўніца. 

Тамара Аляксандраўна стараецца хадзіць на ўсе ранішнікі: прыемна паглядзець, як выступаюць дзеці ў касцюмах, з любоўю пашытых ёю. 
— На прымерках яны з захапленнем глядзяцца ў люстэрка, асабліва дзяўчынкі. А потым дзякуюць мне за працу сваімі малюнкамі і вершамі. 

«Захоўваем усе ўзнагароды сына»

Менавіта ў Дзяржынску, падчас практыкі, Тамара Аляксандраўна сустрэла свайго будучага мужа Якава Аляксандравіча. Пазнаёміліся яны ў парку. 

— Гэта было каханне з першага погляду. Праз паўгода мы пажаніліся. Разам ужо 47 гадоў. У жыцці рознага хапае, здараюцца, канешне, і праблемы. Я чалавек спакойны, не люблю спрачацца, павышаць голас. Лепш перачакаць накал эмоцый, а потым абмеркаваць з каханым усе праблемы, — дзеліцца сакрэтам доўгіх і моцных сямейных стасункаў мая суразмоўніца. 

У хуткім часе ў пары нарадзіўся сын Юрый. Сёння Юрый Якаўлевіч Рыбак — знакаміты спартсмен, Заслужаны майстар спорту, чатырохразовы чэмпіён свету па самба і шасціразовы — Еўропы, двухразовы прызёр першынстваў свету і Еўропы па дзюдо, галоўны трэнер Нацыянальнай зборнай Беларусі па самба.

— Напэўна, гэта ў большай ступені заслуга майго мужа, бо ён з самага дзяцінства Юры прывучаў яго да спорту: разам яны рабілі зарадку, заўсёды хадзілі ў паходы. У Дзяржынску Юра пачаў займацца самба. З юных гадоў меў моцны характар: шмат працаваў і дабіваўся свайго. Пасля школы кожны дзень хадзіў на трэніроўкі. А з сёмага класа пачаў ездзіць трэніравацца ў Мінск, у электрычцы рабіў урокі, — успамінае маці чэмпіёна. 

Бацькі заўсёды ганарыліся выступленнямі і перамогамі сына. Кожныя спаборніцтвы праходзілі праз іх душу. 

— Мы заўсёды глядзелі выступленні Юры па тэлевізары і, канешне, хваляваліся, — кажа мая суразмоўніца. — Захоўваем усе ўзнагароды сына, а іх — вялікая колькасць. 

У Тамары Аляксандраўны трое ўнукаў. Старэйшая, Дар’я, працуе ў паліклініцы ў Мінску. Сярэдняя, Вікторыя, хутка скончыць медыцынскі каледж. Малодшы ўнук Мікіта пайшоў у першы клас. Разам з дзядулем і татам хлопчык любіць гуляць у шахматы, а з бабуляй — гатаваць смачныя стравы. 

— У нас з сынам былі вельмі цёплыя, шчырыя адносіны, — успамінае маці вядомага спартсмена. — Я заўсёды з павагай ставілася да пачуццяў дзіцяці. Старалася ўсё тлумачыць і паказваць добры прыклад. І зараз Юрый ставіцца да нас з бацькам з любоўю і павагай.

«Каб сэрца радавалася»

Летась Тамара Аляксандраўна Рыбак стала «Жанчынай года — 2022» у намінацыі «Мацярынская слава». Па яе словах, чалавек яна спакойны, не дужа любіць быць у цэнтры ўвагі, таму перад цырымоніяй ушанавання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу адчувала хваляванне. 

З сынам Юрыем

— Канешне, перамога ў такім конкурсе — вялікі гонар, — дзеліцца мая суразмоўніца. — У нашай краіне столькі таленавітых і цудоўных жанчын, вартых узнагарод!

У вольны ад працы і хатніх абавязкаў час Тамара Аляксандраўна любіць вязаць. 

— А летам займаюся агародам: агуркі пасадзіла, цыбулю, моркву. Вырасціла нават дурніцы — і прыжыліся! Шмат у нас гэтых ягад цяпер. Ёсць у мяне і маліна, і вішня. Каля дома невялічкі кветнік — для таго, каб сэрца радавалася і прыгожа было. Лаванда расце, такі пах у яе, — з захапленнем распавядае жанчына.

Тамара Аляксандраўна Рыбак — вельмі пазітыўны і добры чалавек. На яе думку, шчасце — вельмі простае. Шчаслівы той чалавек, які кожную раніцу прачынацца з думкай: «Усё добра!».

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара і з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.