Вы тут

Дырэктар школы мастацтваў: Мае вучні — самыя лепшыя


У эпоху баляў і паядынкаў музычная адукацыя лічылася асновай свецкіх манер, статусу і адукаванасці чалавека. Аднак тады засвоіць прафесійную ігру на інструменце маглі толькі сапраўдныя арыстакраты. Цяпер жа кожны ахвотны, незалежна ад свайго паходжання і ўзросту, можа гэта зрабіць, прыйшоўшы ў музычную школу. Якую карысць тоіць у сабе ігра на музычным інструменце, якія напрамкі можна асвоіць, і як гэта — быць кіраўніком музычнай школы, нам расказала трыццацідвухгадовая Ірына Касцюк, дырэктар школы мастацтваў Дзяржынска.


— Я — музыка з адукацыяй. Скончыла з адзнакай Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, аддзяленне «Мастацтва эстрады». Пачала свой шлях з педагагічнай дзейнасці, дзесяць гадоў прапрацавала настаўнікам па класе скрыпкі. Вельмі люблю сваю прафесію, ні разу ў жыцці не пашкадавала, што выбрала гэтую ніву. Менавіта дырэктарам школы мастацтваў з’яўляюся адносна нядаўна. Прапанова ўзначаліць яе паступіла ў 2021 годзе. Гэта новы этап і новы бясцэнны вопыт, усведамленне таго, чым займаешся і якую місію выконваеш. Наша галоўная задача — выхаванне і адукацыя падрастаючага пакалення. Гэтыя мэты дапамаглі мне прыняць рашэнне і ўзначаліць школу мастацтваў. Усе мае пакуль яшчэ нешматлікія дасягненні як дырэктара ўспрымаю не як асабістыя перамогі, а як заслугу ўсяго калектыву, бо мы робім адну справу. Аднак самыя яскравыя перамогі яшчэ чакаюць нас наперадзе!

Ірына адзначае, што абавязкі дырэктара вельмі разнапланавыя. Трэба быць добрым арганізатарам, гаспадарнікам, псіхолагам, яшчэ ў гэтай прафесіі важна быць чалавекам творчым. Працаваць менавіта кіраўніком, як прызнаецца наша гераіня, вельмі і вельмі няпроста, але пры гэтым не менш цікава. У першы год у яе ўзнікала мноства пытанняў, не хапала ведаў у пэўнай сферы, бо яна атрымлівала зусім іншую адукацыю і з кіраўніцкай дзейнасцю сутыкнулася ўпершыню, давялося вучыцца на хаду. Але дзякуючы калегам, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і аказаць патрэбную кансультацыю, Ірына стала прафесіяналам сваёй справы.

— Зараз сумяшчаю дырэктарства з педагагічнай дзейнасцю, але, вядома, ужо не ў такім аб’ёме, як раней. Лічу, што вельмі важна перадаваць веды, якімі ты напоўнены. Мне ёсць чым падзяліцца са сваімі вучнямі, бо яны ў мяне самыя лепшыя!

Дзяржынская школа мастацтваў працуе па наступных кірунках: музычны, харавы, харэаграфічны і мастацкі. З 2021 года актыўна развіваецца і набірае абароты эстраднае аддзяленне. 

— Важным вектарам з’яўляецца прафарыентацыйная работа. Штогод пяць-шэсць навучэнцаў паступаюць у профільныя сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, паказваючы высокі ўзровень падрыхтоўкі. Але самае прыемнае, калі выпускнікі вяртаюцца ў сцены роднай школы ў статусе настаўнікаў, каб далей працягваць свой творчы шлях.

На пытанне, што ж дае навучанне музыцы, акрамя навыкаў ігры на інструменце ці пастаўленага вакалу, наша гераіня адказала без роздумаў:

— Музыка развівае гарманічную асобу, яна ўплывае на работу мозга, маторыку рухаў, мысленне, дапамагае развіваць слых і рытм, паляпшае памяць. Упэўнена на сто працэнтаў, што чалавек, які хоць крыху дакрануўся да творчасці ў любых яе праявах, адчуў гэта на сабе. А з-за таго, што дзіцячае ўспрыманне больш адчувальнае, мысленне гнуткае і рухомае, карысць ад заняткаў узмацняецца ў шмат разоў.

Як мы ўжо казалі ў пачатку, цяпер у музычнай школе могуць навучацца ахвотныя ўсіх узростаў, аднак ёсць нюанс. З расповеду Ірыны мы даведаліся, што дзіцячы мозг валодае ўнікальнай здольнасцю апрацоўваць і ўспрымаць інфармацыю ў разы хутчэй. З узростам нашы суставы і мышцы становяцца менш рухомыя, а гэта прыводзіць да пэўных цяжкасцяў. Музыка, як і спартсмен, павінен увесь час падтрымліваць сябе ў рабочай форме. 

— Калі казаць пра класічную музычную адукацыю, то яна адназначна перажывае пэўныя змены. У свеце, які імкліва развіваецца, калі кожны дзень дыктуе новыя тэндэнцыі, цяжка ўтрымліваць лідзіруючыя пазіцыі. Я ўпэўнена, што немагчыма пабудаваць новае без моцнага падмурка. Гэта як аснова, як важнае звяно, якое нельга ўпускаць, асабліва што датычыцца адукацыі дзяцей. Вядома, электронныя музычныя інструменты цяпер заваёўваюць цікавасць у іх, гэта бясспрэчна. З вялікім задавальненнем падлеткі навучаюцца ігры на электрагітары і ў нашай школе. У нас у планах ёсць развіццё «Лічбавага кірунку», бо гэта зараз вельмі папулярна, але пытанне патрабуе дэталёвай прапрацоўкі.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.