Вы тут

Якія праблемы хвалююць жыхароў аграгарадка


На тэрыторыі Гомельскага раёна ў аграгарадку Урыцкае старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч правяла асабісты прыём грамадзян. У ім прыняла ўдзел і старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька.


Урыцкі сельсавет — адзін з самых буйных у раёне па колькасці насельніцтва. Многія мясцовыя жыхары працуюць і вучацца ў абласным цэнтры. На прыёме старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў было ўзнята пытанне ўнясення змен у расклад руху грамадскага транспарту.

Увод аўтобуснага прыпынку ў аграгарадку па вуліцы Леніна запланаваны ў другім квартале. Такое тлумачэнне атрымала жыхарка Урыцкага на свой зварот.

— Трэба адкарэкціраваць расклад транспарту з пачаткам працоўнага дня на «Хімзаводзе», а таксама разгледзець магчымасць увядзення новага маршруту з Урыцкага ў Гомель праз мікрараён «Сельмаш», — папрасіла заяўніца.

— Расклад рэйсаў у хуткім часе будзе адкарэкціраваны, — запэўніла старшыня аблсавета.

Што датычыцца просьбы, аб адкрыцці дадатковага маршруту з аграгарадка ў Гомель, то гэта пытанне прааналізуюць, вывучаць меркаванні мясцовых жыхароў.

З просьбай разгледзець магчымасць карыстацца тэхнічным памяшканнем шматпавярховага дома для захоўвання дзіцячых калясак звярнулася маладая маці. Як патлумачыла жанчына, яна жыве на чацвёртым паверсе пяціпавярховіка. Без ліфта падымацца на верхні паверх даволі праблематычна. Каляску можна было б пакідаць у тэхнічным памяшканні, якое знаходзіцца на балансе камунальнікаў.

— Трэба пайсці жыхарам насустрач і ўрэгуляваць пытанне, — адзначыла Кацярына Зенкевіч.

Жыхарка вуліцы Леніна ва Урыцкім звярнула ўвагу на неабходнасць абсталяваць пешаходную дарожку па іх вуліцы.

— Разгледзьце ўважліва сітуацыю. Калі пешаходная дарожка сапраўды неабходна, будзем уносіць яе ў план работ, — даручыла кампетэнтным службам Кацярына Зенкевіч.

Яшчэ адзін зварот старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў адрасавала жыхарка аграгарадка, якая паскардзілася на нездавальняльны стан падвальнага памяшкання іх шматкватэрнага дома.

Па словах заяўніцы, з-за таго, што некаторыя нядобрасумленныя жыхары дома зліваюць цвёрдыя бытавыя адходы ў каналізацыю, засмечваюцца трубы. У выніку бруд трапляе ў падвальнае памяшканне.

Як патлумачыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскага райвыканкама Сяргей Белы, перад прыёмам сітуацыю ў доме па адзначаным адрасе вывучыла санітарная служба: слядоў каналізацыйных сцёкаў або цвілі ў падвальным памяшканні не знойдзена.

— Пытанне ставім на кантроль. Пры неабходнасці вернемся да яго яшчэ раз, — адказала Кацярына Зенкевіч.

На кантролі дэпутата застаецца і яшчэ адзін зварот з Урыцкага. Гэта рамонт 400 метраў дарожнага пакрыцця па вуліцы 50 год Кастрычніка, што засталіся неадрамантаванымі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай раённай газеты «Маяк»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.