Вы тут

У музеі Янкі Купалы прайшла вечарына, прысвечаная Уладзіславе Луцэвіч


«Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея» — звяртаўся Янка Купала да юнай прыгажуні Уладкі Станкевічанкі ў вершы, ёй жа прысвечаным…


Уладзіслава Францаўна Станкевіч стала вернай спадарожніцай жыцця паэта. А пасля ягонай трагічнай смерці — захавальніцай яго памяці, ініцыятаркай стварэння яго музея і першай дырэктаркай таго музея, якому сёлета ад заснавання — восемдзесят гадоў... Не дзіўна, што ў юбілейны год Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы першая імпрэза Культурна-асветніцкага праекту «Музыка ў музеі» была прысвечана Уладзіславе Луцэвіч, Купалісе. Вечарына мела назву «Гаспадыня Купалавага дома» і аб’яднала паэтаў, літаратуразнаўцаў, музейшчыкаў, музыкаў з розных краін. Гэтак Уладзіслава Францаўна заўсёды гасцінна прымала ўсіх, у іх з Купалам доме ўтварыўся гэткі літаратурна-мастацкі салон, дзе збіралася і моладзь, і вядомыя творцы, гучалі вершы, песні, гарачыя дыскусіі. Прысвячэнне імпрэзы Уладзіславе Францаўне, выбітной жанчыне Беларусі, было сімвалічным і таму, што вечарына адбылася напярэдадні свята 8 сакавіка.

Праект «Музыка ў музеі» ладзіцца «Купалавым домам» сумесна з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Адкрыла вечар дырэктар музея Ганна Галінская, якая нагадала пра вялікі ўнёсак Уладзіславы Луцэвіч, з якой пачалася гісторыя музея і дзякуючы якой ён адзначае 80-годдзе. 

«У музеі светла, як у роднай хаце,

І цябе ўсе называюць «цётка Ўладзя».

І табе спакойна тут, не адзінока.

Сонца па-над горадам глядзіць з аблокаў,

Як у дзень, што з сэрца й сёння не знікае,

Бо ў той дзень Паэт сказаў, што ён кахае...

І адчынены ў музей гасцінна дзверы,

І заходзяць людзі, і ты ўсіх вітаеш,

І на ўсе пытанні ты адказы знаеш,

І чытаеш вершы, што пісаў Купала...»

Так гучаць радкі прачулай балады вядомага паэта, лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій Віктара Шніпа, прысвечанай Уладзіславе Францаўне Луцэвіч. Віктар Анатольевіч, дарэчы, зямляк і Янкі Купалы, і Уладзіславы Францаўны, якая, як і ён, нарадзілася на Валожыншчыне. Гэты твор на вечарыне агучыла жонка аўтара, пісьменніца, рэдактар аддзела культуры «Звязды» Людміла Рублеўская. Яна таксама распавяла пра надрукаваныя на старонках «Звязды» матэрыялы пра Уладзіславу Луцэвіч, нагадала цікавыя факты, знойдзеныя ў архіўных дакументах — напрыклад, як Уладзіслава Францаўна, рызыкуючы, здабывала выразкі з публікацыямі мужа. 

Да імпрэзы была падрыхтавана выстаўка з фондавых калекцый, пра якую распавяла вучоны сакратар музея Ганна Воранава. Прадстаўленыя дакументы, якія сведчаць пра працу Уладзіславы Францаўны не толькі як дырэктара, але і навукоўца і даследчыка, у прыватнасці, матэрыялы, якія тычацца падрыхтоўкі ілюстраванай біяграфіі Купалы. Ёсць і цікавыя экспанаты часоў стварэння музея — напрыклад, эскізы першых штампаў і пячатка першай дырэктаркі. Ёсць і скульптурная работа выдатнага скульптара Льва Гумілеўскага, прысвечаная Уладзіславе Францаўне — яна называецца «Апошняе развітанне з Янкам». Гэтую кранальную працу выдатны майстар, аўтар вядомых помнікаў Янку Купалу, стварыў пад канец жыцця і падарыў музею. На фотаздымках экспазіцыі можна ўбачыць Уладзіславу адразу пасля вянчання з Іванам Луцэвічам, ёсць яе фота ля вакна ў Смаленску, дзе маладая сям’я жыла ў 1917-19-м гадах, ёсць і за дырэктарскім сталом. З асабістых рэчаў можна ўбачыць дарожны гадзіннік. Некаторыя экспанаты сведчаць, як Уладзіслава Францаўна імкнулася падвышаць свае веды ў музеязнаўстве, каб стварыць самую лепшую экспазіцыю пра Янку Купалу. 

—Уявіце сабе — першая экспазіцыя музея Янкі Купалы прыняла гасцей яшчэ 1 верасня 1945 года!, — звярнула ўвагу слухачоў Ганна Воранава. — І няхай яна тады займала толькі дзве залы, гэта быў сапраўдны цуд. Уладзіслава Францаўна прымала ў музеі гасцей з усіх саюзных рэспублік, сама іх суправаджала як экскурсавод. З ахвотай вадзіла па экспазіцыі музея і мінскіх школьнікаў, пра што сведчыць адзін са здымкаў.

Святочны канцэрт імпрэзы падрыхтавалі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. За фартэпіяна была Наталля Сазановіч, прафесар Акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Выканаў два творы на гітары лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Мікалай Камісарэнка, зачараваў віртуозным валоданнем баянам першакурснік Уладзімір Вакуліч. Дуэт цымбалістаў у складзе Алесі Старухінай і Надзеі Палянка стварыў адпаведны беларускі каларыт у Купалавым доме. І ўсіх вельмі ўразілі выступы кітайскіх студэнтаў-спевакоў Ао Вэньханя, Лі Хайлуна, Цінь Цяньцзіня. Бліскуча выканаў два нумары ўладальнік моцнага зачаравальнага голасу Ма Цзяле. І, зразумела, зала не стрымала эмоцый, пачуўшы ў выкананні Дун Гуаннаня беларускамоўнай песні —прагучала знакамітая «Бярозка» Ігара Лучанка на верш Анатоля Вялюгіна. Так што ў Купалавым доме гэтым сакавіцкім вечарам была не толькі цёплая, душэўная атмасфера, але і адчуванне міжнароднага значэння творчасці Купалы. 

«Творы Купалы будуць выхоўваць у будучых пакаленняў любоў да Радзімы, адданасць ёй, імкненне да жыцця і барацьбы. Таму праца па збіранню матэрыялаў і дакументаў аб Купалу з’яўляецца справай гістарычнай важнасці. Сабраць усё, што можна, аб Купалу — гэта наш абавязак перад гісторыяй» — відавочна, што гэтыя словы Уладзіславы Францаўны, паказаныя на экране падчас вечарыны, адгукаюцца ў сэрцах прадаўжальнікаў яе справы і сёння. 

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.