Вы тут

Шукальнік скарбаў народнага касцюма


«Рэдкае гэта прозвішча — Баразна. Хлебаробнае, хлебароднае. Дарагое аратайнай душы. 

Як і Скарына...»

Так пісаў пра мастака і этнографа Лявона Баразну народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.


Плён дзейнасці Лявона Баразны, які загінуў у 1972 годзе, мы можам бачыць шмат дзе — напрыклад, на нядаўняй выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі «Код прыгажосці», прысвечанай беларускаму народнаму касцюму. Там былі прадстаўлены яго замалёўкі з этнаграфічных экспедыцый, узоры арнаменту. Баразна апантана збіраў усё, што датычыцца народнай вопраткі і традыцыйнага побыту, падрыхтаваў некалькі альбомаў малюнкаў. Менавіта ён распрацоўваў канцэртныя касцюмы для ансамбля «Песняры», а таксама для пятнаццаці самадзейных калектываў. Рыгор Барадулін недарэмна звязвае імёны Баразны і Скарыны — бо мастак даследаваў гравюры першадрукара.

1 лютага ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшоў вечар памяці мастака, прысвечаны 95-годдзю з дня яго нараджэння. Адбылося адкрыццё экспазіцыі, на якой прадстаўлены ўнікальныя артэфакты з фондаў архіва-музея. Успомніць адметнага чалавека, які трагічна загінуў вельмі рана, у сорак тры, але пакінуў па сабе заўважны след, прыйшлі мастакі і мастацтвазнаўцы, этнографы, музейшчыкі, гісторыкі — усе, хто з удзячнасцю карыстаецца адкрытым Лявонам Баразной этнаграфічным багаццем.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка, якая адкрыла вечарыну, распавяла пра фонд мастака, які захоўваецца ў архіве-музеі і, дарэчы, яшчэ камплектуецца. Прысутнічалі і дзве дочкі мастака, якія займаюцца папулярызацыяй спадчыны бацькі. Старэйшая дачка Алена распавяла пра іх сям’ю, дзе шанавалася беларуская культура, збіралася творчая інтэлігенцыя — дастаткова сказаць, што хросным бацькам дзяцей Лявона Баразны быў Уладзімір Караткевіч.

Вядомы мастацтвазнаўца, культуролаг, этнолаг Вольга Лабачэўская згадала нядаўнюю выставу «Код прыгажосці», дзе ўпершыню было прадстаўлена настолькі шырока багацце беларускага народнага касцюма. А пачыналася ўсё з экспедыцый у тым ліку Лявона Баразны.

— Наша культура, на жаль, па сваім характары арыентавана на памерлых: мы ўспамінаем людзей, іх напрацоўкі тады, калі яны пайшлі з жыцця, калі прайшло некалькі дзесяцігоддзяў пасля іх сыходу... Сёння вяртаецца цікавасць да зробленага Лявонам Баразной, — адзначыла Вольга Аляксандраўна. — Ён быў пачынальнікам. Нашаму грамадству спатрэбілася семдзесят гадоў, каб асэнсаваць зробленае ім, тое, што сведчыць пра вытанчанасць, высокую мастацкую вартасць беларускага народнага касцюма. Як мастак Лявон Баразна быў чулы на прыгажосць. Думаю, ён сам захапляўся тымі строямі, якія бачыў і фатаграфаваў у сваіх экспедыцыях. Ён, па сутнасці, заклаў асновы рэканструкцыі народнага касцюма. І той сёння жыве — на фестывалях, канцэртах і нават у побыце. Як сапраўдны скарб, наробак Лявона Баразны выйшаў на паверхню і стаў часткай нашай агульнай культурнай спадчыны.

Падрабязнасцямі свайго сяброўства з Лявонам Баразной падзяліліся яго сябры, знаёмыя. Не забываюць Баразну і ў яго родным Талачыне, дзе ён і пахаваны. Талачынец Зміцер Іўчанка працуе не толькі на чыгунцы, але і ў народнай кінастудыі «Летапіс», што дзейнічае на базе мясцовага цэнтра культуры. Зміцер распавёў, як адбываліся здымкі дакументальнага фільма «Лявон Баразна... Адданае сэрца», рэжысёрам якога ён стаў. З фільма можна даведацца, напрыклад, што пісьменнік Павел Міско выкарыстаў у сваёй аповесці «Калянае лісце» ўспаміны Лявона Баразны пра знаходжанне ў фашысцкіх засценках — юны мастак, сын партызана, быў падпольшчыкам і цудам ацалеў. Таксама пра тое, што ў мастацкай вучэльні аднакурснікам Лявона Баразны быў Міхал Савіцкі, а настаўнікам — Віталь Цвірка, і шмат іншых цікавінак.

Зміцер Іўчанка падзяліўся радасцю: у хуткім часе на доме на станцыі Талачын, дзе жыў мастак, адкрыецца мемарыяльная дошка. Дачка Лявона Баразны Алена ўдакладніла, што ёсць цікавыя матэрыялы пра Лявона Баразну і ў Талачынскім краязнаўчым музеі, дзе час ад часу адбываюцца часовыя экспазіцыі пра мастака-земляка.

На выставе ў БДАМЛМ можна пабачыць не толькі эскізы народных касцюмаў, зробленыя Лявонам Баразной, але і фотаздымкі, дакументы, а таксама пейзажы, якія сведчаць пра рознабаковасць яго таленту.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.