Вы тут

Чаму Еўропу паралізаваў маштабны бунт фермераў?


У Еўропе пашыраюцца шматтысячныя пратэсты фермераў. Сельгасвытворцы перакрываюць буйныя аўтамагістралі, парты, цэнтральныя вуліцы гарадоў. Найвялікшыя маштабы бунт фермераў набыў у Францыі, дзе работнікі аграпрамысловай галіны фактычна ўзялі ў аблогу Парыж. Пратэсты ахапілі ўсю краіну. Неспакойна і ў Германіі, дзе фермеры працягваюць акцыі ўжо каторы тыдзень. Да іх далучыліся сельгасвытворцы з Бельгіі, Італіі, Польшчы, Румыніі, Грэцыі, Іспаніі і шэрагу іншых краін. Такім чынам, пратэсная хваля накрыла амаль што ўвесь Стары свет. Чаму Еўропу паралізаваў маштабны бунт фермераў, чаго чакаць надалей?


«Хворая» галіна

Французскія фермеры лічаць, што меры па абароне экалогіі, якія насаджаюцца ўрадам, робяць іх неканкурэнтаздольнымі. «Праблема ў тым, што стандарты для нас устанаўліваюць людзі, якія сядзяць у кабінетах. Яны распавядаюць нам пра пацяпленне клімату і кліматычныя пагрозы. Але пры гэтым яны не разумеюць, што калі засуха — насенне не ўзыходзіць. Калі мы паліваем нашы палеткі — нас штрафуюць. Таму з нас даволі!» — распавёў агенцтву Reuters Крыстаф, уладальнік гаспадаркі ў дэпартаменце Уаза.

Кіраўнік Нацыянальнай федэрацыі сельскагаспадарчых прафсаюзаў Францыі (FNSEA) Арно Русо таксама раскрытыкаваў палітыку Парыжа і Бруселя ў дачыненні да ўкраінскага імпарту. На яго думку, неабходны квоты. Ільготы прыводзяць да несумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку, і да таго ж прадукцыя з Украіны не адпавядае еўрапейскім стандартам. Як паведаміла РІА «Новости», паводле даных FNSEA, на мінулым тыдні пратэставалі больш за 72 тысячы фермераў па ўсёй краіне. У акцыях задзейнічалі звыш 40 тысяч трактароў. У МУС гавораць аб дзесяці тысячах пратэстоўцаў.

Барыкады са стагоў сена, гнаявых куч і пакрышак перакрылі асноўныя транспартныя магістралі. Улады мабілізавалі 15 тысяч паліцэйскіх і жандараў, каб прадухіліць аблогу сталіцы і буйных гарадоў. Затрымалі дзясяткі чалавек. Эмануэль Макрон у самы разгар беспарадкаў працягваў міжнароднае турнэ, даручыўшы разбірацца з сітуацыяй маладому прэм’еру Габрыэлю Аталю. У Індыі прэзідэнт Францыі адмовіўся каментаваць пратэсты. Праз два дні ўжо быў у Швецыі. Журналісты меркавалі, што ён перапыніць паездку, але гэтага не адбылося.

Як адзначаюць аналітыкі, усё прэзідэнцтва кіраўніка Пятай рэспублікі Эмануэля Макрона праходзіць пад знакам буйных сацыяльных пратэстаў. Так, падчас яго першага тэрміну Францыю скалыналі масавыя акцыі «жоўтых камізэлек», да якіх цяпер дадаўся рух фермераў. На думку экспертаў, шмат у чым гэта звязана з ідэалогіяй, якой прытрымліваюцца Макрон і яго асяроддзе. «Макрон прытрымліваецца глабалісцкіх ліберальных тэорый і ставіць за мэту сваёй палітыкі развіццё еўрапейскай інтэграцыі і „зялёны пераход“, што згубна адбілася на цэнах на энерганосьбіты. Гэта адна з прычын пратэстаў», — адзначыў RT вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН, эксперт па Францыі Сяргей Фёдараў.

У сваю чаргу, дацэнт Акадэміі працы і сацыяльных адносін Павел Фельдман нагадаў, што ў Макрона заўсёды былі складаныя адносіны з прафсаюзамі. «У Макрона даволі напружаныя адносіны з сацыялістычнымі партыямі, прафсаюзамі і рабочым рухам. Яны не прынялі яго ў якасці прэзідэнта, ім непрыемна, што на чале краіны стаіць рэтранслятар трансатлантычных інтарэсаў ЗША, які прытрымліваецца жорсткага ліберальнага вектару ў эканамічнай і сацыяльнай палітыцы», — растлумачыў спецыяліст у гутарцы з RT.

За рысай беднасці

Пратэсты не абмінулі і... Луўр. Дзве абаронцы навакольнага асяроддзя ў музеі аблілі супам карціну Леанарда да Вінчы «Джаконда» («Мона Ліза»), паведаміў французскі тэлевізійны канал BFM TV. На шчасце, сусветна вядомая карціна не пацярпела, бо знаходзіцца пад браніраваным шклом. Жанчын з супам спынілі супрацоўнікі Луўра. Яны закрылі экранамі з тканіны прастору перад карцінай і папрасілі наведвальнікаў выйсці з залы, пасля чаго пачалі чысціць запэцканае ахоўнае шкло. Свае дзеянні экаактывісткі патлумачылі жаданнем пашыраць «права на здаровае і ўстойлівае харчаванне». Яны таксама адзначылі, што сельскагаспадарчая галіна Францыі «хворая». Паводле інфармацыі AFP, акцыю правялі ўдзельнікі групы актывістаў пад назвай Rіposte Alіmentaіre («Харчовая рэакцыя»). У заяве групы, апублікаванай у сацсетцы, гаворыцца, што акцыя ў Луўры — частка намаганняў па інтэграцыі «харчавання ў агульную сістэму сацыяльнага забеспячэння».

Пратэсты фермераў у Францыі працягваюцца ўжо больш чым два тыдні. Выкарыстоўваючы сельгастэхніку, дэманстранты заблакіравалі шэраг трас у краіне, што прывяло да спынення руху і выклікала перабоі з падвозам прадуктаў у супермаркеты. Незадаволеныя фермеры вылучылі спіс больш чым са 100 прэтэнзій да французскага кіраўніцтва. «Фермеры незадаволены сваім становішчам, ім цяжка эканамічна. Яны працуюць у нуль, а то і ў мінус, таму патрабуюць перагледзець дзяржаўную палітыку ў сферы сельскай гаспадаркі, а таксама некаторыя рашэнні Бруселя», — распавёў Сяргей Фёдараў.

Адной з галоўных прычын пратэсту фермераў стала падаражанне дызелю, падкрэсліваюць спецыялісты. Як адзначае тэлеканал France 24, «гэты небяспечны для навакольнага асяроддзя тып паліва, які прымяняецца ў сельгастэхніцы, доўгі час карыстаўся падтрымкай урада ў выглядзе падатковых ільгот», аднак кіраўніцтва краіны ў рамках рэалізацыі палітыкі энергетычнага пераходу вырашыла адмяніць адпаведныя паслабленні.

Акрамя таго, фермеры незадаволены невыкананнем прынятага ў 2018 годзе закона EGalіm, адной з ключавых мэт якога была абарона даходаў работнікаў сельскай гаспадаркі. Сярод прычын пратэстаў, паводле інфармацыі агенцтва Reuters, называецца і рост імпарту аграпрадукцыі з Украіны, для якой ЕС адмяніў квоты і пошліны. У дадатак да гэтага Брусель аднавіў перагаворы па заключэнні гандлёвага пагаднення паміж ЕС і Паўднёва-амерыканскім агульным рынкам (МЕРКАСУР), што выклікала апасенні фермераў адносна будучых умоў канкурэнцыі ў галіне вытворчасці цукру, збожжа і мяса. Справа ў тым, што замежныя вытворцы знаходзяцца ў больш выгадным становішчы, паколькі, у адрозненне ад еўрапейскіх фермераў, яны не абавязаны выконваць у сваёй працы жорсткія экалагічныя стандарты ЕС.

У скарбонку незадаволенасці французскіх сельгасвытворцаў леглі і новыя нормы Еўрасаюза ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, якія ўскладняюць і без таго няпростае вядзенне бізнесу ў гэтай сферы. Усе гэтыя фактары супалі са складанай сітуацыяй у сельскагаспадарчай галіне. Як паведамляе France 24, у Францыі доля фермерскіх хатніх гаспадарак, якія жывуць за рысай беднасці (17,4 працэнта), вышэй, чым сярод рабочых (13,9 працэнта) і служачых (12,1 працэнта), і амаль удвая вышэй, чым сярод астатняга насельніцтва краіны (9,2 працэнта).

Спрабуючы спыніць пратэсты, паведамляе France 24, прэм’ер-міністр Францыі Габрыэль Аталь на мінулым тыдні наведаў некалькі фермаў і выслухаў патрабаванні сельгасвытворцаў. Па выніках сваёй паездкі ён аб’явіў аб прыняцці тэрміновых мер, якія ўключаюць у сябе адмову ад павышэння падатку на дызпаліва для пазадарожнай тэхнікі, павышэнне памеру кампенсацый для жывёлагадоўчых прадпрыемстваў, на якіх буйная рагатая жывёла пацярпела ад эпізаатычнай гемарагічнай хваробы, а таксама прыняцце жорсткіх карных мер супраць трох прадпрыемстваў сельгассектара, якія не выконваюць палажэнні закона EGalіm. Але абяцанні, дадзеныя прэм’ерам, падзялілі пратэстоўцаў на два лагеры: частка з іх пасля заявы прэм’ера вырашылі разблакіраваць трасы, а іншыя палічылі пералічаныя Аталем меры недастатковымі і заявілі аб намеры працягваць пратэсты.

Трывожныя сігналы

Днямі фермеры з шэрагу еўрапейскіх краін заблакіравалі будынак Еўрапарламента ў Бруселі. «Гэта як эфект даміно. У іншых краінах прычыны незадаволенасці насельніцтва падобныя: шмат банкруцтваў, вытворцы не вытрымліваюць канкурэнцыі, незадаволеныя ростам цэн на энерганосьбіты і гэтак далей. Фермеры патрабуюць увагі дзяржавы да гэтай сітуацыі», — кажа Сяргей Фёдараў.

Сельскагаспадарчая палітыка — прэрагатыва нацыянальных урадаў, дадае дацэнт кафедры еўрапейскага права Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных зносін Мікалай Тапарнін. «Кожная краіна вырашае праблемы ў адпаведнасці з уласнымі магчымасцямі. Падаплёка канфліктаў ва ўсіх розная. Французы разлічваюць на нявопытнасць новага прэм’ера, які пры ўсім жаданні не зможа даць ім таго, чаго яны патрабуюць», — разважае ён.

Улады імкнуцца ісці на саступкі. «У Францыі і Усходняй Еўропе ёсць праблема з пастаўкамі на ўнутраны рынак таннай сельгаспрадукцыі з іншых краін. Патрэбныя квоты і пошліны. Але калі Украіна — не член Еўрасаюза, і з ёй асобная размова, то, напрыклад, з Іспаніяй ці Партугаліяй, адкуль таксама паступае імпарт, так не атрымаецца», — заўважае палітолаг. Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што галоўная прычына дысбалансу еўрапейскага сельскагаспадарчага рынку — перавытворчасць. Лішкі сёння проста знішчаюць.

Прычыны пратэсту звязаны з глыбокім крызісам у сельскагаспадарчай сферы, канстатуе прафесар Жэроен Кандэль з Вагенінгенскага ўніверсітэта ў Нідэрландах. Як лічыць эксперт, «трывожныя сігналы» былі бачныя даўно: «У аснове праблемы ляжыць супярэчнасць паміж імператывамі сучаснай сельскай гаспадаркі і неабходнасцю абароны далікатных экасістэм нашай планеты. Еўрапейскія фермеры апынуліся ў павуцінні правіл і рынкавых сіл, якія ўсё больш абмяжоўваюць іх аўтаномію і здольнасць атрымліваць справядлівы прыбытак».

Раней кіраўнік Мінсельгаса Венгрыі Іштван Надзь заявіў, што краіны Вішаградскай групы, куды таксама ўваходзяць Польшча, Чэхія і Славакія, папярэдзілі Еўракамісію пра пагрозу распаўсюджвання пратэстаў на ўвесь кантынент, калі тая не абароніць інтарэсы аграрыяў.

«Мы пагадзіліся з тым, што Бруселю неабходна тэрмінова заняцца складанай сітуацыяй, у якой апынуліся еўрапейскія фермеры, — напісаў міністр на сваёй старонцы ў Facebook. — У адваротным выпадку хваля пратэстаў, якія пачаліся ў Заходняй Еўропе, восенню можа з лёгкасцю перарасці ў агульнаеўрапейскую хвалю».

Як адзначыў у эфіры «Альфа Радыё» аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін, пратэсты фермераў у краінах — гэта вынік таго, што дзейнасць урадаў гэтых дзяржаў не адпавядае інтарэсам простых работнікаў. «Урады еўрапейскіх дзяржаў робяць усё, што цікава менавіта буйному капіталу — банкам, карпарацыям. А хто такія фермеры? Для эліты яны ніхто, для ўрада іх праца нізкааплатная, непатрэбная, таму што ў краіне ёсць буйныя харчовыя карпарацыі, якія будуць пастаўляць такую ж прадукцыю па значна ніжэйшых цэнах. Таму ўраду фермеры ў эканамічных працэсах не патрэбныя, адсюль такая палітыка выключэння любых датацый». Аляксей Аўдонін заявіў, што падзеі вядуць да банкруцтва фермераў: «За апошнія тры гады ўзровень банкруцтва фермераў павялічыўся ў дзясяткі разоў. І цяпер людзі выходзяць на вуліцы з-за таго, што іх дробныя прадпрыемствы стаяць на шляху да банкруцтва або ўжо ў гэтай яме. Калі так будзе і далей працягвацца, усё гэта можа перарасці ў грамадзянскую вайну. Ды ўжо сёння пратэсты носяць схаваны характар грамадзянскай вайны паміж карпаратыўнымі элітамі і простым народам».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.