Вы тут

У Добрушы на 3D-прынтары робяць спецыяльныя трымальнікі-адаптары


Сярод людзей, якія сутыкнуліся з праблемай аднаўлення і рэабілітацыі пасля траўм, інсульту і іншых захворванняў, сёння распаўсюджаны спецыяльныя трымальнікі-адаптары. Гэта прылады, якія дапамагаюць утрымліваць хвораму чалавеку прадметы ў руцэ, аднаўляць навык хвата рук. У Гомельскай вобласці, у Добрушы, вырабляць такія адаптыўныя сродкі для аблягчэння бытавой немачы навучыліся людзі, у якіх і свая жыццёвая гісторыя няпростая. Людзі з інваліднасцю — падапечныя тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна — далучыліся да праекта па друкаванні такіх адаптараў на 3D-прынтары.


Спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна Кацярына Бандарэнка  і падапечная цэнтра Марына Алейнікава

Трымацца і... Трымаць

«Памятаю, як змагла пранесці ў руцэ шклянку з вадой...» Такой, здавалася б, простай, але для яе вельмі жаданай радасцю паўсядзённага жыцця дзеліцца жыхарка Добруша Наталля Паўлава. Нечакана для сябе жанчына першай пратэсціравала адаптыўныя сродкі для людзей з праблемамі хвата рук, вырабленыя ў добрушскім цэнтры.

— Спадабаліся трымальнікі для ручкі. Можна браць алоўкі каляровыя ці фламастары і маляваць. Спадабалася, што можна трымаць не толькі кружку за ручку, але і ўзяць у руку шклянку, — дадае жанчына.

Наталлі — 50 гадоў. Яна інвалід дзяцінства, нарадзілася са складанымі рухальнымі парушэннямі. Жыве жанчына з мамай — таксама інвалідам першай групы, якая перасоўваецца на калясцы. Наталля, нягледзячы на асаблівасці свайго здароўя, прылаўчылася шмат чаго рабіць самастойна па гаспадарцы. Кажа, што адаптыўныя сродкі дапамагаюць і стымулююць рухацца, выконваць пасільную работу дома.

— У мяне зусім дрэнна працуе левая рука, але я сама мыю посуд — толькі пластыкавы і металічны, вядома. Магу падмятаць і, калі мне дапамагчы адціснуць анучу, мыю сама падлогу, — дзеліцца Наталля.

Акрамя яе, скарысталіся і пратэсціравалі адаптыўныя сродкі яшчэ некалькі інвалідаў дзяцінства з ДЦП — падапечныя аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна.

Разумны гаджэт у дапамогу

3D-прынтар, на якім з’явілася магчымасць друкаваць гэтыя прыстасаванні, — падарунак установе ад Добрушскага райвыканкама. Так раённыя ўлады вырашылі падтрымаць калектыў супрацоўнікаў і падапечных цэнтра, якія з году ў год не спыняюцца і актыўна развіваюць самыя розныя віды творчай дзейнасці.

— Спыталі ў нас, што мы хацелі б. Папрасілі 3D-прынтар, бо марылі навучыцца працаваць з ім, але нават і не чакалі, што адразу нам будзе такі падарунак, — дзякуе ад усяго калектыву ўстановы загадчык аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна Наталля Пахомава.

Дарэчы, збіралі прыладу і разбіраліся з ёй супрацоўнікі цалкам самастойна. Глядзелі відэаўрокі ў інтэрнэце, шукалі інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, знайшлі ў Гомелі прыватныя фірмы, якія друкуюць вырабы на 3D-прынтары, і папрасілі іх пракансультаваць.

— Людзі адразу адгукнуліся. Мадэляў вырабаў для друку, як аказалася, шмат у інтэрнэце. Друкавалі спачатку па тых праграмах, што знайшлі. Гэта быў разнастайны дэкор — сувеніры, навагоднія цацкі. Пасля загарэліся ідэяй рабіць нешта недарагое, але такое, што будзе карысна людзям з абмежаванымі магчымасцямі, — тлумачыць Наталля Віктараўна. — Мы бачылі ў крамах адаптыўныя прылады для людзей з ДЦП ці для тых, хто перанёс інсульт і мае праблемы з утрыманнем у руках прадметаў ужытку. Такія прылады на маркетплэйсах каштуюць больш за 20 рублёў за штуку. Мы захацелі рабіць на 3D-прынтары такія ж, але больш танныя па цане.

Мадэляў для друку адаптыўных сродкаў добрушскія энтузіясты не знайшлі ў інтэрнэце. Сярод калег у Беларусі спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна першыя, хто ўзяўся за такую дзейнасць. Таму і параіцца ў гэтай сітуацыі не было з кім. Кінулі кліч у сацыяльных сетках — папрасілі дапамогі ў тых, хто ўмее працаваць на 3D-прынтары.

— І людзі зноў адгукнуліся з радасцю. Распрацавалі для нас мадэлі адаптараў проста па нашых фотаздымках. Мы адказна падышлі да вывучэння друку менавіта адаптыўных сродкаў, бо важна выкарыстоўваць для такіх вырабаў бяспечны, нетаксічны пластык, — дадае Наталля Пахомава.

Вучыцца разам

Да працэсу друку падключыліся і падапечныя аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў.

— Сярод нашых падапечных ёсць тыя, хто ўмее працаваць у Photoshop, увогуле на «ты» з камп’ютарам. Яны дапамагаюць нам у праектах, у тым ліку ў рабоце на 3D-прынтары. З задавальненнем шукаюць мадэлі для друку. Напрыклад, Міхаіл Базулька вучыцца працаваць у фоташопе і на 3D-прынтары. Актыўныя ў розных відах дзейнасці нашы падапечныя — сямейная пара Таццяна і Павел Максімавы. Дарэчы, пара шмат гадоў таму пазнаёмілася менавіта ў нас, — распавяла суразмоўніца.

Між тым асвоіць друк розных вырабаў на 3D-прынтары спецыялістам і падапечным цэнтра дапамог і вопыт іншых цікавых праектаў. У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна, напрыклад, вельмі папулярны майстэрні па вырабе паліграфічнай прадукцыі, шыцці, рабоце з сублімацыйным прынтарам, тэрмапрэсам.

— Нас натхняе наш вопыт вырабу рэчаў з сублімацыяй. Гэта нанясенне малюнкаў на посуд, адзенне, сувеніры. Працуем з тэрмапрэсам і прынтарам, які запраўляецца адмысловымі сублімацыйнымі чарніламі. Самае складанае ў гэтай працы — зрабіць шаблон у фоташопе. Ён друкуецца на спецыяльнай сублімацыйнай паперы, а потым прыкладваецца да нарыхтоўкі ці ўласна вырабу, на які мы пераносім малюнак. Праца з тэрмапрэсам не складаная, але складана навучыцца працаваць у фоташопе. Цалкам самастойна нашы падапечныя не могуць гэты працэс пакуль выконваць, але разам са спецыялістам, інструктарам па працоўнай тэрапіі, у іх вельмі нядрэнна атрымліваецца, — кажа Наталля Пахомава.

Рэчы з сублімацыяй, вырабленыя ў цэнтры, карыстаюцца вялікім попытам у жыхароў Добруша і раёна. Набываюць іх і мясцовыя калектывы і арганізацыі. Каб дзяліцца інфармацыяй аб адаптыўных сродках, расказаць людзям пра такія прылады, якія аблегчаць іх жыццё, супрацоўнікі цэнтра і падапечныя зрабілі відэаагляд, як карыстацца адаптарамі. Перадалі інфармацыю ў дамыінтэрнаты Гомельскай вобласці, Гомельскі абласны клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Адаптыўныя сродкі ўжо набылі і апрабавалі бацькі выхаванцаў Добрушскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

— Педагогі дзяліліся, што дзіця, у якога слабыя рукі, перажывае вельмі добрыя эмоцыі ад нават самых простых рухаў, якія пакараюцца, дзякуючы гэтым прыстасаванням, — дадала Наталля Віктараўна. — Звяртаем увагу і пажылых людзей, у якіх ёсць праблемы з хватам рук, што можна паспрабаваць выкарыстоўваць адаптары. Мы гатовы вырабляць адаптыўныя прыстасаванні пад заказ і высылаць. Для нашых падапечных, што ўдзельнічаюць у гэтым праекце, вельмі важна адчуваць сябе значнымі, ведаць, што яны могуць прыносіць карысць і дапамагчы камусьці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.