Вы тут

Як не праваліцца пад лёд і што рабіць, калі гэта адбылося?


На працягу пэўнага часу захоўваецца ўстойлівая плюсавая тэмпература. Аднак надвор’е, відаць, не асабліва хвалюе аматараў зімовай рыбалкі. Узяўшы свой рыбалоўны рыштунак, нягледзячы ні на што, яны ўпэўнена крочаць на вадаём, свідруюць лунку — і чакаюць калі не «залатую», дык хоць ядомую рыбку. Пры гэтым у апошні момант думаюць аб наступствах такога хобі. А, між тым, гэтай зімой у краіне праваліліся пад лёд і патанулі восем чалавек.


Пайшоў і не вярнуўся

Адна з трагедый здарылася на возеры Дубоўскае каля аграгарадка Люсіна Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. 7 студзеня пенсіянер паехаў на зімовую рыбалку. Калі ён увечары не з’явіўся дадому, занепакоеныя сваякі звярнуліся па дапамогу ў міліцыю. На возеры каля палонкі знайшлі рыбалоўныя снасці і асабістыя рэчы мужчыны. На наступны дзень супрацоўнікі МНС дасталі з вады цела патанулага. Ён быў без ратавальнай камізэлькі. У месцы, дзе пенсіянер праваліўся, таўшчыня лёду складала прыкладна 5 сантыметраў.

28 студзеня ратавальнікам паступіла паведамленне аб патанулым чалавеку на возеры Богінскае, што ў вёсцы Богіна Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Як потым стала вядома, мужчына, які патануў, разам з таварышам знаходзіўся на возеры 26 студзеня. Позна ўвечары гэтага ж дня ён адправіўся дадому, таварыш застаўся рыбачыць. На наступны дзень да апошняга звярнулася сястра рыбака, які першым накіраваўся дадому: ён не выходзіў на сувязь, таму жанчына і ўзняла трывогу. Eй патлумачылі, што брат пайшоў дадому з возера тым жа вечарам. Цела патанулага мужчыны было знойдзена супрацоўнікамі Таварыства ратавання на водах 28 студзеня на адлегласці 70 метраў ад берага на глыбіні каля 5 метраў. Ратавальнай камізэлькі і іншых сродкаў ратавання патанулы пры сабе не меў.

— Ратавальная камізэлька цяпер з’яўляецца абавязковым атрыбутам рыштунку рыбака, — падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Шанц выжыць пры яе наяўнасці павышаецца. Па-першае, чалавек не пойдзе пад ваду. Гэта важна з улікам таго, што ў вопратцы трымацца на плаву вельмі складана і энергазатратна. Па-другое, наяўнасць камізэлькі станоўча ўплывае на чалавека з псіхалагічнага пункту гледжання: калі ён праваліцца пад лёд, то ўсведамленне таго, што на ім — ратавальная камізэлька, дапаможа не панікаваць. У крытычнай сітуацыі чалавек зможа цвяроза ацаніць абстаноўку, паклікаць на дапамогу і прыняць правільныя рашэнні па самаратаванні.

Другі шанц на жыццё

Першы лёд у пачатку зімы мог забраць жыцці адразу некалькіх чалавек. Так, 2 снежня ў Пухавіцкім раёне двое мужчын адправіліся на рыбу. Ніякай лоўлі ў іх не атрымалася — мужчыны праваліліся пад лёд. На іх шчасце, побач знаходзіліся людзі, якія і паведамілі ратавальнікам аб здарэнні. Падраздзяленні МНС, якія прыбылі на месца, выцягнулі з вады мужчын: яны ўтрымліваліся на паверхні лёду, таўшчыня якога была меншай за пяць сантыметраў. Ужо адзін гэты факт павінен быў спыніць намеры рыбакоў, але жаданне налавіць рыбкі, відаць, было мацнейшым. Добра, што ратавальныя камізэлькі на сябе апранулі — гэты найважнейшы атрыбут кожнага рыбака дазволіў мужчынам пратрымацца да прыезду супрацоўнікаў МНС. З дыягназам «агульнае пераахаладжэнне» пацярпелыя былі дастаўлены ў прыёмнае аддзяленне раённай бальніцы.

А вось мужчына, які праваліўся пад лёд на акваторыі ракі Свіслач у пачатку студзеня, увогуле рыбалоўствам не захапляецца. Як ён апынуўся ў вадзе на адлегласці прыкладна 40 метраў ад берага, патлумачыць не змог: знаходзіўся ў алкагольным ап’яненні. Можна меркаваць, што, хутчэй за ўсё, скарачаў шлях. І добра, што на гэтым шляху яму сустрэліся ратавальнікі, якія дапамаглі мужчыне выбрацца з палонкі.

У наступным выпадку са шчаслівым фіналам пра скарачэнне маршруту размова не ідзе. Спадзеючыся на навігатар, кіроўца аўтамабіля выпадкова заехаў... у вадаём. Вядома, лёд не вытрымаў такой вагі і разламаўся — мужчына разам са сваёй машынай ледзь не сышоў на дно. Надзвычайная сітуацыя адбылася ў пачатку года ў аграгарадку Хацежына Мінскага раёна. Па прыбыцці на месца здарэння супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях устанавілі, што на замерзлым вадаёме на адлегласці каля 50 метраў ад берага знаходзіцца легкавы аўтамабіль, часткова пагружаны ў ваду. На заднім сядзенні ратавальнікі ўбачылі кіроўцу. Самастойна выбрацца з аўтамабіля ён не мог. Выцягвалі мужчыну пры дапамозе ратавальнага круга, лесвіцы-штурмоўкі і вяроўкі. Пасля агляду медыкамі выратаваны ад шпіталізацыі адмовіўся.

Як распазнаць трываласць лёду?

Ратавальнікі звяртаюць увагу: у дадзены перыяд выходзіць на лёд небяспечна для жыцця. Бяспечным ледзяное покрыва лічыцца тады, калі яго таўшчыня складае мінімум 7–10 сантыметраў. Але нават гэтая таўшчыня не гарантуе стапрацэнтную бяспеку.

Правяраць лёд на трываласць трэба не толькі візуальным шляхам. Рабіць гэта таксама трэба правільна. Не ўдарам нагі або скачкамі, а, напрыклад, палкай. Калі пры пастукванні з’явілася вада, то па такім лёдзе хадзіць небяспечна для жыцця.

«Памятайце: у вусцях рэк, пратоках, месцах хуткага цячэння, там, дзе б’юць крыніцы і праходзяць сцёкавыя воды, а таксама ў раёнах вырастання воднай расліннасці, паблізу дрэў, кустоў трываласць лёду аслаблена, і гэтыя месцы наогул трэба абыходзіць, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Не забывайце аб тым, што дадатная тэмпература таксама зніжае трываласць лёду. Калі плюс захоўваецца на працягу некалькіх дзён, яна зніжаецца на 25 працэнтаў».

Што рабіць, калі апынуліся ў вадзе?

Пагроза праваліцца пад лёд ёсць заўсёды. Таму, збіраючыся на зімовую рыбалку, абавязкова экіпіруйцеся ў ратавальную камізэльку, а таксама ўзбройцеся спецыяльнымі зачэпамі, якія дапамогуць выбрацца, калі правальвання не ўдалося пазбегнуць.

Вельмі важна ведаць алгарытм дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі. Калі вы адчуваеце, што лёд пад вамі пачынае трэскацца, неабходна павольна і акуратна вяртацца ў той бок, з якога прыйшлі. Ні ў якім разе нельга бегчы па лёдзе. Такія паводзіны могуць толькі справакаваць хуткі раскол паверхні, і вы праваліцеся пад лёд.

Калі гэта ўсё ж такі адбылося, у першую чаргу ратавальнікі раяць не панікаваць. Ёсць шанц, што вас пачуюць, а таму клічце на дапамогу.

— Паспрабуйце трымацца на плаве, — заўважае Анастасія Швайбовіч. — Не імкніцеся сутаргава выбірацца: паколькі лёд нетрывалы, вы будзеце яго толькі абломваць. Перасоўвайцеся да таго краю палонкі, адкуль ідзе цячэнне. Дабраўшыся да краю, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбірайцеся на яго. Не пакідайце спроб выбрацца, нават калі лёд ламаецца. Пасля таго як асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адкаціцеся далей ад палонкі, павольна і асцярожна паўзіце да бяспечнага месца, адштурхваючыся рукамі і нагамі.

Нельга заставацца абыякавым да чужой бяды. Калі вы бачыце, што чалавек праваліўся пад лёд, у першую чаргу патэлефануйце ратавальнікам — па нумары «101» або «112». Затым паспрабуйце дапамагчы пацярпеламу. Пры гэтым важна дзейнічаць асцярожна і без мітусні, каб самому не апынуцца ў вадзе. Ні ў якім разе нельга набліжацца да краю палонкі. Для ратавання можна выкарыстоўваць палку або элемент адзення. Неабходна легчы на жывот, працягнуць палку ці рэч пацярпеламу так, каб ён схапіўся за яе. Выцягнуўшы пацярпелага з палонкі як мага хутчэй, дастаўце яго ў бяспечнае месца і выклічце хуткую медыцынскую дапамогу.

У ледзяной вадзе дастаткова правесці некалькі хвілін, каб арганізм быў астуджаны да таго стану, з якога ўжо немагчыма аднаўленне яго жыццёва важных функцый. А таму падчас чакання прыезду медыкаў зніміце з пацярпелага мокрае адзенне, накрыйце яго коўдрай і сагрэйце гарачым чаем.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.