Вы тут

Дэпартамент па архівах і справаводстве падвёў вінікі за мінулы год


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшло пашыранае пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі. Падчас яго былі падведзеныя вынікі работы дзяржаўных архіўных устаноў за мінулы год і вызначаныя планы на бягучы.


Як заўважыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Алег Воінаў, Год міру і стваральнай працы быў напружаным і выніковым. Ён скіроўваўся на выкананне даручэння прэм’ер-міністра па ўзмацненні інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці, актывізацыі работы па выкарыстанні дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Вялася актыўная работа па рэканструкцыі і будаўніцтве дадатковых плошчаў для архіўных устаноў галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Распрацаваны праект дзяржаўнага архіва Мінска, будаўніцтва якога запланавана на 2024–2026 гады. У будучым гэта дазволіць палепшыць умовы прыняцця і захавання дакументаў. Між іншым, толькі за мінулы год дзяржархівамі на пастаяннае захаванне ад арганізацый прынята больш за 124 тысячы дакументаў.

Вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню электронных копій. Калі сярод найбольш каштоўных дакументаў яшчэ нядаўна было алічбавана толькі 9 працэнтаў, то сёння гэта лічба — ужо 24 працэнты, а да 2030 года плануецца давесці гэты паказальнік да 50 працэнтаў. Дзякуючы набыццю сучаснага капіравальнага абсталявання, архіўныя ўстановы змаглі актывізаваць работу па стварэнні лічбавых копій. За мінулы год было зроблена 1,6 мільёна электронных старонак!

Для данясення гістарычнай праўды да падрастаючых пакаленняў вырашана больш займацца папулярызацыяй дакументальных крыніц. Летась архіўнымі ўстановамі было праведзена 326 выставак і размешчана на сайтах 147 віртуальных выставачных праектаў. Асноўнымі тэмамі, для раскрыцця якіх падбіраліся дакументальныя крыніцы, былі гісторыя беларускай дзяржаўнасці, гераізм беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, генацыд. Начальнік упраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь палкоўнік юстыцыі Валерый Талкачоў выказаў падзяку архівістам за вялікую дапамогу ў пошуку і алічбаванні дакументаў аб злачынствах, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады вайны. Гэтыя дакументы выкарыстоўваюцца падчас расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа, некаторыя ўвайшлі ў спецыяльныя зборнікі, былі выкарыстаныя падчас праекта «Генацыд. Без права на жыццё», які Генеральная пракуратура вядзе разам з Белтэлерадыёкампаніяй. Гэта цыкл фільмаў пра злачынствы, здзейсненыя супраць мірных грамадзян у гады акупацыі.

Нацыянальны архіў і Дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў падрыхтавалі выстаўкі, прысвечаныя тэмам гісторыі развіцця выбарчай сістэмы нашай краіны, стагоддзю Вярхоўнага суда, 90-годдзю з дня афіцыйнага адкрыцця Дома ўрада. З прадстаўленымі на іх дакументамі пазнаёміліся вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў, дэпутаты Нацыянальнага сходу, а таксама школьнікі і студэнты. Дарэчы, некаторыя з дакументаў па гісторыі выбарчага права можна было паглядзець і перад пасяджэннем калегіі Дэпартамента па архівах і справаводстве. У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны іх прадстаўляла начальнік аддзела Нацыянальнага архіва Беларусі Маргарыта Старасценка. У міні-экспазіцыі, напрыклад, былі размешчаны пратакол першага пасяджэння цэнтральнай выбарчай камісіі ад 4 кастрычніка 1922 года, план работы цэнтральнай выбарчай камісіі, узоры бюлетэняў, тэлеграма з інфармацыяй аб колькасці людзей, якія ўзялі ўдзел у выбарах. Тут можна было пабачыць, як выглядалі выбарчыя ўчасткі ў 1937 годзе, пратаколы і інструкцыі, якія датычыліся выбарчых камісій, указ аб складзе выбарчай камісіі, у якім пазначаны прозвішчы Якуба Коласа, Андрэя Александровіча, заклікі да розных катэгорый выбаршчыкаў і нават дакладную запіску 1954 года аб працы работнікаў юстыцыі на выбарчых участках, калі грамадзяне атрымлівалі кансультацыі юрыстаў па розных пытаннях. Частка дакументаў была прысвечана ўжо 1990-м гадам. У архівах захоўваюцца дакументы, звязаныя з распрацоўкай Канстытуцыі 1994 года, сярод іх ёсць нават лісты з прапановамі і заўвагамі, якія паступалі ад звычайных грамадзян.

Сярод буйных праектаў, над якімі працуюць архівы, — «Гарады Беларусі» і «Біяграфія маёй краіны». За час рэалізацыі апошняга створана 190 відэаролікаў (114 з іх — у 2023 годзе). Падрыхтаваныя сюжэты расказваюць пра ўнікальныя падзеі і знамянальныя даты ў гісторыі Беларусі, выдатных палітычных і культурных дзеячаў.

Разам з Белтэлерадыёкампаніяй архівісты працуюць над праектам «У адкрытым доступе». Запушчаны новы цыкл сюжэтаў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Ствараюцца ролікі сацыяльнай рэкламы, якія транслююцца ў кінатэатрах і месцах агульнага карыстання.

Таксама рыхтуюцца кіналекторыі, прысвечаныя юбілейным датам. Так у мінулым годзе былі зроблены два пілотныя праекты на тэмы «Дзяржаўныя сімвалы» і «Вызваленне і адраджэнне беларускай сталіцы». Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка заўважыў, што цяпер архівістам важна рыхтаваць дакументы, звязаныя з 80-годдзем вызвалення Беларусі. Пажадана, каб у кожным рэгіёне даследчыкі звярнулі ўвагу на даты, прымеркаваныя да вызвалення канкрэтных гарадоў. Сярод тэм, якія трэба распрацоўваць сёлета, — 30-годдзе Канстытуцыі Беларусі, 85-годдзе аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі. У Год якасці варта адшукаць дакументы аб тым, якія прадпрыемствы атрымлівалі знак якасці за сваю прадукцыю. Таксама міністр звярнуў увагу на папулярызацыю гісторыі і выхаванне моладзі, пошук новых падыходаў, бо даносіць праўдзівую інфармацыю можна нават праз віктарыны і квэсты.

Рэспубліканская акцыя «Архівы — школе» набывае папулярнасць сярод хлопцаў і дзяўчат. За мінулы год праведзена больш за 950 мерапрыемстваў, якія наведалі больш за 14 тысяч школьнікаў і студэнтаў. Запушчаны пілотны праект «Юны архівіст», калі за кожным архівам замацавана навучальная ўстанова, з якой заключана пагадненне і праводзіцца работа ў профільных класах сацыяльна-гуманітарнай накіраванасці. Летась прайшло 150 такіх сустрэч, падчас якіх навучэнцы могуць больш паглыблена вывучаць гісторыю свайго краю.

Упершыню ў лістападзе 2023 года ў рамках сацыяльна значнага праекта «Без тэрміну даўнасці. Непакораныя» прайшоў адкрыты кінамарафон. Мерапрыемства было арганізавана архівам кінафотафонадакументаў разам з расійскай грамадскай арганізацыяй «Дзіцячае медыйнае аб’яднанне «Бумеранг». У ім узялі ўдзел 250 беларускіх навучэнцаў з 16 навучальных устаноў. Для іх былі арганізаваныя практычныя заняткі па стварэнні вучэбных фільмаў, праведзеныя майстар-класы з рэжысёрамі і аператарамі.

Падчас пасяджэння калегіі можна было азнаёміцца з кнігамі, якія пабачылі свет дзякуючы архівістам. У мінулым годзе ўстановамі падрыхтавана чатырнаццаць выданняў (з іх восем — Нацыянальным архівам).

Таксама быў прадстаўлены дакументальны праект «Адновім Беларусь разам!», прысвечаны адбудове народнай гаспадаркі БССР у 1943–1950 гадах.

Вядзецца работа над інтэрнэт-сайтам «Дакументальны летапіс краіны», дзе гісторыя беларускай дзяржаўнасці падаецца на аснове дакументаў. Летась сайт папоўніўся крыніцамі, якія звязаны з 352 падзеямі, што адбыліся з 1919 да 1953 года, сёлета плануецца сабраць дакументы, якія будуць датычыцца далейшага гістарычнага перыяду — да 1991 года.

Папоўніўся таксама партал «Партызаны Беларусі»: унесена больш за 217 тысяч электронных старонак на ўдзельнікаў партызанскага руху, павялічыўся раздзел «Карты партызанскіх баёў і аперацый».

Вырасла база даных сайта «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», сёння ў яе ўнесены 9194 населеныя пункты.

Напаўняецца сайт «Афіцыйныя геральдычныя сімвалы Рэспублікі Беларусь», летась у яго ўнесены 83 афіцыйныя геральдычныя сімвалы, сярод якіх юбілейныя медалі да памятных дат, эмблемы, сцягі, нагрудныя знакі дзяржарганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў.

За мінулы год архівісты адказалі амаль на 31 тысячу запытаў. Колькасць наведвальнікаў чытальных зал склала звыш 21 тысячы. 

З мэтай удасканалення работы ў гэтым кірунку ўпершыню быў праведзены конкурс на лепшую чытальную залу архіваў. Пераможцы вызначаліся ў розных катэгорыях. Так сярод рэспубліканскіх устаноў лепшая чытальная зала належыць Нацыянальнаму архіву, сярод абласных архіваў адзначаны Віцебскі, занальных — Рэчыцкі. Таксама падчас пасяджэння калегіі прымалі ўзнагароды і віншаванні найлепшыя архіўныя ўстановы ды іх работнікі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дзеля захавання памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.