Вы тут

Як не стаць ахвярай няшчаснага выпадку на аб’ектах чыгуначнага транспарту


Чыгунка па-ранейшаму застаецца зонай павышанай небяспекі. Тым не менш, спяшаючыся або скарачаючы шлях, людзі пераходзяць чыгунку ў неўстаноўленым месцы або на забараняльны сігнал святлафора. Іншыя засунуць у вушы навушнікі, нацягнуць капюшон на галаву і ўвогуле нічога не чуюць ды не бачаць. Менавіта з-за няўважлівасці, ігнаравання мер бяспекі, як правіла, і здараюцца няшчасныя выпадкі на аб’ектах чыгуначнага транспарту.


У 2023 годзе на стальных магістралях пацярпелі 92 чалавекі. 70 з іх загінулі, астатнія былі траўміраваны. Няшчасныя выпадкі на чыгунцы адбыліся і з удзелам пяці непаўналетніх. Чатыры дзіцяці атрымалі траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Сярод пацярпелых — 31 пенсіянер. Практычна кожны другі траўміраваны чыгуначным саставам знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Састаў раптоўна не спыніцца

Год толькі пачаўся, а на чыгунцы — ужо першыя ахвяры. 28 студзеня, у 17.12, на прыпыначным пункце Зарэчнае, што ў Смалявіцкім раёне, цягніком рэгіянальных ліній эканомкласа № 6020 Мінск — Орша быў траўміраваны дзевятнаццацігадовы хлопец. Мясцовага жыхара шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе ад атрыманых цялесных пашкоджанняў ён памёр. Як потым высветлілася, малады чалавек рухаўся па краі платформы. Акурат у гэты час набліжаўся цягнік. Хутчэй за ўсё, хлопец яго проста не заўважыў — на месцы здарэння былі знойдзены навушнікі.

12 лютага на адным маршруце адбылася двайная трагедыя. Цягнік рэгіянальных ліній эканомкласа № 6134, які рухаўся з Маладзечна ў Мінск, у 20.50 на станцыі Уша смяротна траўміраваў жыхара Маладзечанскага раёна. Здарэнне адбылося на тэхнічнай пешаходнай дарожцы, размешчанай па-за межамі платформы. Мужчына выйшаў на чыгуначныя пуці, калі цягнік знаходзіўся ад яго на адлегласці каля 20 метраў. Ужо ў Мінску, на прыпыначным пункце Масюкоўшчына, у 22.09 пад гэты ж састаў трапіў жыхар Мінскага раёна, які саскочыў з пасадачнай платформы на галоўны шлях. Нягледзячы на прымяненне экстраннага тармажэння, наезду прадухіліць не ўдалося. Мужчына загінуў. Падобных прыкладаў з трагічным фіналам, на жаль, нямала. Большасць здарэнняў у мінулым годзе адбылося ў Мінску, а таксама на Віцебшчыне і Гомельшчыне. Як правіла, няшчасныя выпадкі фіксаваліся ў ранішні, вячэрні і начны час. На станцыях і прыпыначных пунктах, якія часцей за ўсё размяшчаюцца або ў населеных пунктах, або побач з імі, летась былі траўміраваны 44 чалавекі, на перагонах — 48 грамадзян.

Тэхнічна і прафілактычна

Органы ўнутраных спраў ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі дзяржаўнага аб’яднання «Беларуская чыгунка» рэалізоўваюць комплекс арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне бяспекі грамадзян на чыгунцы. З гэтай мэтай прымаюцца дадатковыя меры па папярэджанні гібелі і траўматызму людзей.

— У сталіцы і абласных цэнтрах, дзе адзначаецца вялікі пасажырапаток, чыгуначныя пуці абсталёўваюцца металічнай агароджай, што стварае максімальныя ўмовы для бяспечнага руху цягнікоў і выключае магчымасць набліжэння да пуцей пабочных асоб, якія не ўдзельнічаюць у забеспячэнні перавозачнага працэсу, — адзначае начальнік упраўлення грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС палкоўнік міліцыі Генадзь Ворса. — На буйных станцыях і прыпыначных пунктах пешаходныя пераходы абсталяваны аўтаматычнымі апавяшчальнікамі, якія паведамляюць аб набліжэнні цягніка. Перад прыбыццём цягнікоў на станцыях перадаецца інфармацыя, у тым ліку аб мерах бяспекі. Усе станцыі і прыпыначныя пункты ў начны час асветлены, у зімовы час своечасова ачышчаюцца ад снегу, наледзі.

Начальнік упраўлення грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС палкоўнік міліцыі Генадзь Ворса

З мэтай мінімізацыі трагедый на чыгунцы праводзяцца і шматлікія прафілактычныя і папераджальныя мерапрыемствы. Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць аб правілах бяспечнага знаходжання на аб’ектах чыгуначнага транспарту ў сродках масавай інфармацыі, падчас выступленняў у працоўных калектывах, навучальных установах. Людзі звяртаюць увагу на прафілактычныя ўлёткі, бігборды, ролікі на інфармацыйных табло, экранах. Праваахоўнікі праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы ў месцах пераходу грамадзянамі чыгуначных шляхоў там, дзе гэта не ўстаноўлена, нясуць службу на станцыях і прыпыначных пунктах.

Як заўважае Генадзь Ворса, па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў, няшчасных выпадкаў на аб’ектах транспарту летась супрацоўнікамі органаў унутраных спраў праведзена больш за 13,2 тысячы выступленняў у працоўных калектывах, 9,8 тысячы — сярод навучэнцаў устаноў адукацыі, 1,9 тысячы — у сродках масавай інфармацыі. «Дзякуючы гучнагаварыцельнай сувязі, кожны дзень на вакзалах чыгуначных станцый, у будынках аэравакзальных комплексаў, а таксама ў рухомых саставах ажыццяўляецца трансляцыя прафілактычнай інфармацыі, — дадае ён. — У залах чакання чыгуначных вакзалаў трансліруюцца відэаролікі па папярэджанні невытворчага траўматызму, дарожна-транспартных здарэнняў, прафілактыцы крадзяжоў маёмасці пасажыраў. З улікам павелічэння няшчасных выпадкаў з пажылымі грамадзянамі праводзіцца індывідуальная работа з названай катэгорыяй насельніцтва».

Важныя правілы

Каб не трапіць у сумную статыстыку пацярпелых на чыгунцы, варта выконваць простыя правілы, якія захаваюць жыццё і здароўе не толькі вам, але і вашым блізкім.

Па-першае, пераходзіць чыгуначныя пуці неабходна строга ва ўстаноўленых месцах, пераканаўшыся ў адсутнасці надыходзячага цягніка. Па-другое, забараняецца падлазіць пад вагоны, залазіць на вагоны, цыстэрны, заскокваць у вагон цягніка, які адыходзіць, альбо выходзіць з вагона да поўнага спынення цягніка. Па-трэцяе, нельга стаяць, гуляць на пуцях або каля краю платформы. І, вядома, тым, хто любіць хадзіць у навушніках, у такіх месцах, як чыгунка, рэкамендуецца іх здымаць. Не варта спадзявацца на добры зрок і асабістую ўважлівасць — шматлікія трагедыі, якія адбыліся фактычна па віне гэтага моднага дэвайса, даказваюць, што яны адцягваюць увагу і дэзарыентуюць чалавека.

У цэлым органы ўнутраных спраў на транспарце забяспечваюць грамадскую бяспеку, ахову грамадскага парадку і барацьбу са злачыннасцю не толькі на аб’ектах чыгуначнага транспарту. У зоне іх адказнасці — яшчэ і паветраны транспарт. Упраўленне грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС ажыццяўляе распрацоўку і рэалізацыю кіраўніцкіх рашэнняў па забеспячэнні грамадскай бяспекі як на аб’ектах паветранага і чыгуначнага транспарту, так і Мінскага метрапалітэна. Праводзяцца прафілактычныя і іншыя мерапрыемствы па выяўленні фактаў незаконнага выкарыстання паветранай прасторы. Удасканальваецца заканадаўства ў сферы рэгулявання выкарыстання і прымянення беспілотных лятальных апаратаў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Усё з адной мэтай — гарантаваць бяспеку насельніцтву.

Заўтра калектыў гэтага найважнейшага падраздзялення Міністэрства ўнутраных спраў адзначыць 105-годдзе. Віншуем і жадаем, каб правапарушэнняў на транспарце было як мага менш.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Загаловак у газеце: Навушнікі і бутэлька пад цягнік прывядуць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.