Вы тут

Беларускія таленты заззялі ў Прымор’і


Ва Уладзівастоку скончыліся міжнародныя спаборніцтвы «Дзеці Прымор’я», дзе цудоўна сябе праявілі і беларусы. І гэта ўнушае аптымізм, бо на старты выходзілі юныя спартсмены, найбліжэйшыя рэзерв. Па выніку спаборніцтваў у нашых атлетаў 13 медалёў (і гэта той выпадак, калі лічба шчаслівая). З іх 5 залатых, па 4 сярэбраныя і бронзавыя. Калі ўлічваць, што Беларусь на спаборніцтвах прадстаўлялі 28 маладых атлетаў, вынік вельмі добры.


«Характэрна, што I зімовыя міжнародныя гульні „Дзеці Прымор’я“ праходзяць у дзясятую гадавіну правядзення зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, якія далі магутны штуршок развіццю спорту ва ўсім еўраазіяцкім рэгіёне. Шлях у вялікі алімпійскі спорт пачынаецца з дзяцінства. Няхай гэтыя спаборніцтвы стануць для вас прыступкай у спорт вышэйшых дасягненняў і пакладуць пачатак вашай яркай спартыўнай кар’еры», — адзначыў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка падчас цырымоніі адкрыцця Гульняў. Для некаторых беларускіх спартсменаў «Дзеці Прымор’я» стануць прыгожым пачаткам спартыўнай кар’еры. А як можа быць інакш, калі кар’ера пачынаецца з медалёў?

Выдатна пашумелі на лёдзе «Фетысаў-арэны» беларускія хакеісты. Падапечныя Дзмітрыя Яворскага нанеслі паражэнне камандзе Прыморскага краю — 4:0. Асабліва натхняюць перамогі юных беларусаў у тых відах, дзе дарослыя высокіх вынікаў не паказваюць. Напрыклад, у лыжных гонках. У спрынтах класічным стылем Людміла Тарубарава фінішавала другой. У хлопцаў Сяргей Парфёнаў таксама стаў сярэбраным прызёрам. На дыстанцыі 5 кіламетраў Аляксандра Парфёнава заняла першае месца з вынікам — 11 хвілін 34,3 секунды. Яшчэ адзін медаль — бронзавы — у скарбонку зборнай прынесла Лізавета Пугачова — 11 хвілін 39,7 секунды. У выніку змешанай эстафеты беларусы Аляксандра Парфёнава, Людміла Тарубарава, Аляксей Шульгат і Сяргей Парфёнаў сталі сярэбранымі прызёрамі. Такім чынам, найбольшую колькасць узнагарод у скарбонку беларускай зборнай прынеслі менавіта лыжнікі.

«Вельмі задаволены вынікам. Усе малайцы, уся каманда. Асобны дзякуй трэнерам за падрыхтоўку лыж. Вялікі дзякуй арганізатарам за правядзенне такіх спаборніцтваў і выдатную падрыхтоўку трасы. Усё прайшло на найвышэйшым узроўні», — падзяліўся Аляксей Шульгат.

Аляксандра Парфёнава падкрэсліла, што лыжнікі ўжо прывыклі да таго, што надвор’е часта мянялася. Яна адзначыла, што на спаборніцтвах было не горача, але сонца падымала настрой.

Горача было на лёдзе Усурыйска, дзе выступалі беларусы. На спаборніцтвах па шорт-трэку Сафія Спарыш на дыстанцыі 500 м заняла трэцяе месца — 47,21 секунды. У змешанай эстафеце змешаная каманда ў складзе Сафіі Спарыш, Паліны Кірбасавай, Уладзіслава Волкава і Сін Кым Чхоль (КНДР) стала сярэбранымі прызёрамі. Залатую ўзнагароду ў гэтай дысцыпліне заваяваў беларус Арцём Шадзько разам з Чве Су Ён, Алісай Гірман і Арцёмам Наважылавым.

Чэмпіёнам І Гульняў «Дзеці Прымор’я» стаў фігурыст Васіль Барахоўскі. Залаты медаль па выніках спаборніцтваў у жаночым адзіночным катанні таксама прыедзе ў Беларусь. Чэмпіёнкай гульняў стала Валерыя Яжова. Бронза ў яшчэ адной мінчанкі — Лізаветы Касцюк.

«Для многіх юных атлетаў — гэта толькі пачатак шляху ў вялікі спорт, і вельмі важна правільна падвесці да гэтых спаборніцтваў, арганізаваць гэтыя турніры. Зносіны паміж імі зараз вельмі каштоўныя і не менш каштоўныя, што спартсмены будуць з задавальненнем выступаць пад сваімі нацыянальнымі сцягамі, слухаць гімн сваёй краіны на пастаменце гонару. Гэта вельмі важна для падрастаючага пакалення». — адзанчыў Віктар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі каманд міжнародных дэлегацый з Расіі, КНР, КНДР і Узбекістана. Яго словы прыводзіць прэс-служба НАК Беларусі.

Такія спаборніцтвы як «Дзеці Прымор’я» ці «Дзеці Азіі», у якіх беларускія спартсмены таксама ўдзельнічалі ў мінулым годзе — не турніры дзеля перамог. Гэта турніры дзеля досведу саміх спартсменаў. Пры чым досведу самага рознага. Напрыклад, чэмпіён гэтых гульняў хакеіст Міхаіл Буруноў адзначаў, што яму было няпроста адаптавацца ў розных часавых паясах. Яму ўсяго 16 гадоў, а ён ужо мае досвед выступлення ў такіх умовах. І не прастога выступлення, а перамогі. Для паспяховага выступлення спартсменам важна ведаць сваіх сапернікаў, разумець іх паводзіны, рэальна ацэньваць іх стан. Усё гэта можа ўбачыць толькі на спаборніцтвах. Пакуль нават юныя беларускія спартсмены адхілены ад міжнародных стартаў, ацаніць канкурэнтаў можна на спаборніцтвах кшталту «Дзеці Прымор’я». Тым больш, калі казаць пра зімовыя віды, то ў іх заўсёды расійскія спартсмены былі сярод найлепшых. Такім чынам беларусы з самага пачатку кар’еры спаборнічаюць з наймацнейшымі. Не трэба быць вялікім спецыялістам у спорце, каб зразумець, наколькі для іх гэта важна. І яшчэ. Амаль ва ўсіх відах спорту надзвычай мала міжнародных стартаў для спартсменаў да 16 гадоў. А дзе ім набірацца практыкі для будучых выступленняў на вядучых спаборніцтвах? Як планамерна расці і развівацца? Няхай «Дзеці Азіі» — гэта не чэмпіянат свету ці Еўропы. Яны не заменяць і Юнацкіх алімпійскіх гульняў (ад якіх беларусы абуральна адхіленыя). Але досвед, атрыманы хлопцамі і дзяўчатамі за гэты тыдзень застанецца з імі назаўсёды.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.