Вы тут

Успамінаем, як суверэнная Беларусь здавала першы алімпійскі экзамен


Гісторыя спорта — гісторыя краіны. Таму «Звяздзе» так важна вывучаць і расказваць сваім чытачам пра важныя старонкі спартыўнай гісторыі. І не толькі ў памятныя ці юбілейныя даты. У мінулую пятніцу адзначалася 33 гады са дня ўтварэння Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. У верасні будзе адзначацца 31 год с таго моманту, як наш НАК быў прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам і афіцыйна стаў часткай сусветнай алімпійскай сям’і. Даты не юбілейныя, але для гісторыі спорту вызначальныя. Адразу пасля прызнання НАК Беларусі пачаў падрыхтоўку да XVII зімовых Алімпійскіх гульняў 1994 года ў Лілехамеры. У нашай гісторыі гэта асаблівыя Гульні — менавіта ў Лілехамеры упершыню была прадстаўлена Беларусь як асобная дзяржава. Нескладана падлічыць, што сёлета адзначаецца 30 гадоў з першага алімпійскага экзамена для суверэннай Беларусі. 


«Яшчэ нядаўна самымі жывучымі былі ў нас космас і спорт. Не ведаю, як зараз у стаўленні да космасу, але спорт істотных змен не зведаў. І тут, у першую чаргу, варта адзначыць клопат аб ім, нягледзячы на ўсе эканамічныя цяжкасці, маладой беларускай дзяржавы. Калі мы набылі свой суверэнітэт, то здавалася, што ўсе праблемы спорту будзе вырашаць лягчэй. Аднак абрынулася такая маса задач, якіх мы раней і не ведалі. Яны тычацца ўкамплектавання сучаснай базы, кваліфікаваных спецыялістаў па шэрагу відаў спорту, медыцынскага і навуковага забеспячэння», — расказваў у інтэрв’ю «Фізкультурніку Беларусі» ў 1994 годзе намеснік старшыні Дзяржкамспорту Віктар Пуцькоў.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і клопаты, алімпійскія іспыты маладая суверэнная дзяржава і яе Нацыянальны алімпійскі камітэт вытрымалі.

Леанід Храмянкоў, сёння намеснік старшыні грамадскага аб’ядання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту», у 1994-м годзе працаваў у Нацыянальным алімпійскім камітэце. Па яго ўспамінах, 30 гадоў таму грошай для таго, каб адправіць спартсменаў на Алімпійскія гульні, не было. Браць дзяржаўныя сродкі НАК як грамадская арганізацыя не мог, даводзілася выкручвацца. «Экіпіроўка і інвентар былі для нас вялікім галаўным болем. Усе напрацоўкі, усе кантракты часоў СССР засталіся ў Маскве, а ў нас нічога не было. Таму я разам з калегамі і перакладчыкам адправіўся ў турнэ па Еўропе: аб’язджалі еўрапейскіх вытворцаў “Фішэр”, “Атомік”. Прасілі экіпіраваць нашых спартсменаў, абяцалі, што як толькі ў нас з’явяцца грошы, будзем купляць інвентар толькі ў іх. А іншага выйсця ў нас не было, нічога, акрамя беларускіх сувеніраў, мы еўрапейцам прапанаваць не маглі. Нас цёпла прымалі, шматлікія фірмы пайшлі нам насустрач, пагадзіліся даць на экіпіроўку лепшых спартсменаў. “Адыдас” спачатку пагадзіўся экіпіраваць толькі Аляксандра Папова, мы на такое не маглі пайсці. Паехалі ў Славенію, і там дамовіліся з фірмамі “Альпіна” і “Адыдас”, яны экіпіравалі ўсю беларускую зборную. Прыйшлося аб’ехаць паў-Еўропы, каб беларускія спартсмены адправіліся ў Лілехамер з якасным інвентаром і добрай экіпіроўкай. Нават для таго, каб яны туды даехалі, прыйшлося праявіць кемлівасць. Грошай на дарогу таксама не было. Уладальнік адной з прыватных авіякампаній даў нам самалёт да Нарвегіі пры ўмове, што мы самі яго заправім. Папрасілі міністэрства фінансаў, нашых спонсараў, каб дапамаглі са сродкамі на паліва. Замежныя калегі былі ў шоку ад таго, што кіраўніцтва дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях вырашае пытанні з запраўкай самалёта. А што нам яшчэ заставалася? Ніхто акрамя нас гэтыя праблемы не вырашыў бы», — успамінае Леанід Якаўлевіч. 

Беларусь прадстаўлялі 33 спартсмены, але на п’едэстал узняліся толькі двое. Зорка канькабежнага спорту Ігар Жалязоўскі сваю каронную дыстанцыю 1000 метраў скончыў з сусветным рэкордам, але праз некалькі заездаў амерыканец Дэн Джэнсен перасягнуў гэты вынік, пакінуўшы беларуса з серабром. З біятлоннай каманды поспех спадарожнічаў толькі Святлане Парамыгінай, якая заваявала сярэбраны медаль у спрынце на 7,5 кіламетраў. 

«Пытанне дрэнна ці добра два сярэбраныя медалі на Алімпійскіх гульнях, дзе беларусы ўпершыню выступілі незалежнай камандай, — рытарычнае. Мы ў Лілехамеры занялі выніковае 17-е месца, нават па сучасных крытэрыях гэта дастойны вынік. Вядома, мы маглі выступіць лепш, і спартсмены былі гатовыя паказаць лепшы вынік. Нам істотна сапсавала жыццё нарвежскае надвор’е: мы нават не здолелі да яго адаптавацца. Лішніх грошай не было, каб прыехаць загадзя для акліматызацыі. На шчасце, сур’ёзных праблем са здароўем ні ў кога не ўзнікла, а то ў камандзе быў усяго адзін урач. У Лілехамеры многія спартсмены былі блізкія да медалёў, але кожны раз нешта перашкаджала. Аляксей Парфянкоў, фрыстайліст, пасля адборачнага этапа быў першым. Мы ўжо думалі, што ў фінале будзе ў тройцы. А ў фінале пачаўся мандраж і як вынік — апошняе месца. Мы ўсе былі ўпэўненыя ў перамозе Ігара Жалязоўскага. Арганізавалі яму падрыхтоўку так, што адзінае, аб чым ён папрасіў, каб жонка на збор прыехала. Нават гэтую просьбу выканалі. Вельмі спадзяваліся, што на 1000 метраў Ігар будзе першым, але... Мы знерваваліся сярэбраным медалём, а як сам Ігар знерваваўся. Біятлон мог бы сябе лепш праявіць, магчыма, меліся пралікі трэнераў. Верагодна, адбіліся праблемы ў падрыхтоўцы, бо нават прафесійнай змазкі для лыж у нас не было, трэнеры самі выдасканальвалі і прыводзілі ў парадак інвентар. Самае галоўнае, што медалі мы заваявалі, вярнуліся дадому не з пустымі рукамі», — адзначае Леанід Храменкоў. 

Калі сёння разважаць аб тым, паспяховае выступленне ці не паказалі беларусы ў Ліліхамеры, абавязкова трэба мець на ўвазе, што тады ў нашага спорту не было і паловы таго, што ёсць сёння.

Атрымліваецца пры ўсіх дадзеных, першы алімпійскі экзамен беларусы здалі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.