Вы тут

У Мінску прайшло пасяджэнне дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання


На пачатку пасяджэння дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу на тое, што 25 лютага ўпершыню ў найноўшай гісторыі нашай краіны быў праведзены адзіны дзень галасавання, адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.


«Ужо падведзены іх папярэднія вынікі, якія сведчаць аб высокім даверы людзей да ўлады і падтрымцы рэалізуемай палітыкі, — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Міжнародныя назіральнікі, ацэньваючы электаральную кампанію, падкрэслілі, што яна праведзена дэмакратычна, адкрыта, адпавядае ўсім нормам, стандартам і заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Выбарчая кампанія прайшла ў спакойнай, канструктыўнай абсатноўцы. Людзі праявілі высокую грамадзянскую актыўнасць — яўка па краіне склала 73,09%. У прадстаўнічыя органы ўлады абраны сапраўдныя патрыёты, якія перажываюць за сваю краіну, адданыя беларускаму народу, накіраваныя на стваральную працу».

Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што Палата прадстаўнікоў восьмага склікання сфарміравана ў поўным складзе. Сярод дэпутатаў — 70 членаў усіх чатырох палітычных партый краіны. У новае скліканне ўвайшлі 20 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў бягучага склікання. Спікер павіншаваў калег з чарговым этапам дэпутацкай дзейнасці, пажадаў здароўя, шчасця і поспехаў у працы на карысць роднай Беларусі. 

Скарачэнне тэрміну атрымання дапамогі па беспрацоўі і дадатковыя гарантыі пры працаўладкаванні

У першым чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях занятасці насельніцтва». Дакументам прадугледжваецца комплекснае ўрэгуляванне грамадскіх адносін у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва. У прыватнасці, будзе ўстаноўлены фіксаваны памер дапамогі па беспрацоўі, пры гэтым уводзяцца дадатковыя патрабаванні па яго атрыманні. Скарачаецца перыяд знаходжання беспрацоўных і грамадзян, якія звярнуліся па пытанні працаўладкавання, на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароны. Уводзіцца інстытут кватавання працоўных месцаў для працаўладкавання інвалідаў. Будзе ўзмоцнены кантроль за дзейнасцю агенцтваў па працаўладкаванні. Таксама пашыраюцца магчымасці атрымання грамадзянамі садзейнічання службы занятасці ў пошуку працы, а наймальнікаў — у падборы кадраў.

Як паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Жанна Стаціўка, працуючы над законапраектам, дэпутаты імкнуліся ўнесці пазітыўныя змяненні як для наймальнікаў, так і для грамадзян. Яна падкрэсліла, што новаўвядзенні накіраваны на тых людзей, якія хочуць працаўладкавацца. «Цяпер рэгістравацца ў якасці беспрацоўнага грамадзянін можа не толькі па месцы сваёй рэгістрацыі, а па месцы фактычнага пражывання», — удакладніла дэпутат. Пры гэтым рэгістрацыя ў тым ліку будзе ажыццяўляцца электронным спосабам, што, па словах парламентарыя, было жыццёва неабходным для насельніцтва. 

Акрамя таго, падчас работы ў акругах дэпутаты часта чулі просьбы наймальнікаў, якія датычыліся магчымасці ў агульнарэспубліканскім банку вакансій заяўляць патрэбнасць у кадрах на перспектыву. Гэтая просьба таксама ўлічана пры распрацоўцы законапраекта. Па словах Жанны Стаціўка, многія наймальнікі маюць патрэбу ў супрацоўніку на непрацяглы перыяд часу — згодна з грамадзянска-прававым дагаворам. Законапраектам уносіцца норма, што і такія вакансіі можна будзе падаваць у агульнарэспубліканскі банк вакансій. Па меркаванні парламентарыя, гэта вельмі важная норма для аператыўнага пошуку высокакваліфікаваных спецыялістаў. 

Пашыраюцца катэгорыі грамадзян, якім прадастаўляецца бронь пры працаўладкаванні. Дадатковыя гарантыі прадугледжаны для асоб, якім да пенсіі застаецца пяць гадоў, тым, хто прайшоў лячэнне ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, грамадзянам, якія пакутуюць ад наркаманіі і алкагалізму і прайшлі медыцынскую рэабілітацыю. Дадатковыя гарантыі распаўсюджваюцца і на асоб, якія пражываюць у раёнах з напружанай сітуацыяй на рынку працы. У краіне 23 такія раёны. 

Скарачаецца перыяд пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўнага — грамадзянін павінен стаць на ўлік на працягу месяца з моманту звальнення. Пры гэтым атрымліваць дапамогу па беспрацоўі ён зможа пры наяўнасці мінімум пяцігадовага страхавога стажу. Тэрмін знаходжання на такім уліку скарачаецца з 18 да 12 месяцаў. І выплата дапамогі па беспрацоўі ажыццяўляецца не шэсць месяцаў, як было раней, а на працягу трох. Аднак гэтае новаўвядзенне дзейнічае не на ўсе катэгорыі грамадзян: пры вырашэнні пытання выплаты дапамогі будзе ўлічвацца індывідуальны падыход да кожнай канкрэтнай сітуацыі.

Захоўваецца норма датэрміновага выхаду на пенсію: калі ў рэгіёне няма падыходзячай працы, у выключных выпадках могуць прызначыць пенсію раней за ўстаноўлены ўзрост — не раней як за год да наступлення пенсійнага ўзросту (раней атрымаць пенсію датэрмінова можна было за два гады на наступлення пенсійнага ўзросту). Гэтае новаўвядзенне, па словах дэпутата, звязана з вялікай колькасцю вакансій на рынку працы. 

Бясплатная падача пасажырскай мытнай дэкларацыі і зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі

У першым чытанні разгледжаны праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь». Сярод найбольш істотных новаўвядзенняў — удакладненне парадку спынення дзейнасці ўпаўнаважаных эканамічных аператараў і выключэнне іх з рэестра Дзяржаўнага мытнага камітэта; зняцце абмежаванняў на здзяйсненне здзелак з транзітнымі таварамі, якія знаходзяцца на складзе часовага захоўвання, у частцы магчымасці іх рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі; дазвол маркіроўкі замежных тавараў, якія знаходзяцца на часовым захоўванні, без дазволу мытнага органа ўпаўнаважанымі эканамічнымі аператарамі; спрашчэнне парадку афармлення аўта- і мотатранспартных сродкаў фізічных асоб, прызнаных тымі, хто перасяліўся на пастаяннае месца жыхарства ў Рэспублікі Беларусь.

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валянціны Назаранка, важныя змяненні звязаны з паляпшэннем лагістычных ланцужкоў і супрацьстаяннем санкцыйнаму ціску ў адносінах да нашай краіны. «Думаю, фізічныя асобы ацэняць магчымасць бясплатна падаваць пасажырскую мытную дэкларацыю ў выглядзе электроннага дакумента праз адзіны партал электронных паслуг, — канкрэтызавала дэпутат. — Акрамя таго, зніжана адміністрацыйная нагрузка на суб’екты гаспадарання і асоб, якія ўдзельнічаюць у знешнепалітычнай дзейнасці. Праект закона адназначна накіраваны на паляпшэнне бізнэс-асяроддзя, стабілізацыю работы суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь, паляпшэнне інвестыцыйнага клімату». 

Чыпіраванне — не абавязак, а права

У другім чытанні парламентарыямі адобраны законапраект «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Як заўважыла член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч, у межах распрацоўкі законапраекта была зроблена вялікая работа. «У першую чаргу, яна датычылася ўзгаднення прапаноў не толькі экспертаў і дзяржаўных органаў, а і меркаванняў грамадзян, — удакладніла парламентарый. — У кастрычніку 2023 года прайшло грамадскае абмеркаванне законапраекта, у ходзе якога мы атрымалі звыш 1800 заўваг і прапаноў. Акрамя таго, вывучалася меркаванне грамадзян у ходзе работы дэпутатаў у выбарчых акругах, аналізаваліся звароты, якія паступалі ў Палату прадстаўнікоў. Усе заўвагі і прапановы былі разгледжаны, прааналізаваны і многія з іх знайшлі сваю рэалізацыю ў праекце».

Сярод асноўных навацый дакумента — устанаўленне агульных патрабаванняў пры абыходжанні з жывёламі, вызначэнне правоў і абавязкаў уладальнікаў жывёл, устанаўленне патрабаванняў пры здзяйсненні здзелак, прадметам якіх з’яўляюцца жывёлы, парадак часовай канфіскацыі і спыненне права ўласнасці на жывёл пры ўмове пэўных абставін. Забараняецца наведваць з жывёламі-кампаньёнамі харчовых крам, а таксама ажыццяўляць продаж жывёл непаўналетнім асобам. 

Як адзначыла Марыя Васілевіч, найбольшую колькасць пытанняў выклікала норма, якая датычыцца абавязковага чыпіравання жывёл. «Улічваючы шматлікія просьбы грамадзян, асабліва якія пражываюць у сельскай мясцовасці, законапраектам прапануецца замацаваць не абавязак, а права ўладальніка на чыпіраванне свайго гадаванца, — патлумачыла дэпутат. — Пры гэтым у мэтах паступовага пераходу да масавага чыпавання сабак і катоў прадугледжваецца абавязак для заводчыкаў і гадавальнікаў чыпіраваць рэалізуемы прыплод да яго продажу. Парадак чыпіравання жывёл, выгулу сабак, рэгістрацыі жывёл-кампаньёнаў, пералік жывёл-кампаньёнаў, якія падлягаюць рэгістрацыі жывёл, вызначыць Савет міністраў Рэспублікі Беларусь».

Дзеянне закона не распаўсюджваецца на адносіны ў галіне абыходжання з бадзяжнымі кошкамі і беспароднымі сабакамі, якія знаходзяцца ў паляўнічых угоддзях. Для выключэння магчымасці забойства жывёл на падставе наяўнасці сімптомаў, характэрных для многіх заразных захворванняў (напрыклад, слёзатачлівасць вачэй, павышаная тэмпература) , устаноўлена, што пазбаўленне жывёлы жыцця дапускаецца толькі ў выпадку выяўлення спецыялістам у галіне ветэрынарыі прыкмет канкрэтнай заразнай хваробы, аднесенай да спецыяльнага пераліку. 

Акрамя таго, у першым чытанні дэпутацкі корпус адобрыў праект Закона «Аб акрэдытацыі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», у другім чытанні разгледжаны законапраекты аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь «Аб гандлёва-прамысловай палаце», «Аб крэдытных гісторыях», «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


У завяршэнні пасяджэння Уладзімір Андрэйчанка ўручыў узнагароды міністру абароны, дэпутатам і прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі. За актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў Палаты прадстаўнікоў, шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў Падзяку Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі атрымала і рэдактар аддзела рэдакцыі газеты «Звязда» Вераніка Канюта. 

Віншуем калегу!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.