Вы тут

Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Беларусь — краіна талентаў» чакае наведвальнікаў


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Беларусь — краіна талентаў. Беларускія пісьменнікі ў творчасці беларускіх мастакоў» чакае наведвальнікаў. Да 29 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры можна пазнаёміцца з жывапіснымі і скульптурнымі творамі, прысвечанымі выдатным літаратарам розных эпох. 


Мікалай Гуціеў «Максім Танк», 1982 г.

Усе работы выстаўкі «Беларусь — краіна талентаў», размешчаныя ў храналагічным парадку, — з фондаў музея. Яны, безумоўна, дапаўняюць дасье, гісторыі жыцця пісьменнікаў розных эпох, напрыклад, Міколы Гусоўскага і Францішка Багушэвіча, Адама Міцкевіча і Каруся Каганца, Цішкі Гартнага і Максіма Гарэцкага, Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна і Васіля Быкава... Натуральна, партрэт кожнага атрымаўся ў выніку паўтарэння ў пластычных формах, лініях і фарбах твару ці постаці героя, аднак у гэтым выпадку надзвычай важная ідэйная інтэрпрэтацыя, мастакоўскі погляд на творчасць пісьменніка. Адсюль вынікаюць тыя ці іншыя кампазіцыйныя рашэнні, асаблівыя фон і атрыбуты, настрой героя ды іншыя характарыстыкі твора выўленчага мастацтва. 

— Назва з’явілася наздарма, — расказвае куратар выстаўкі Ірына Князева. — Неяк да мяне прыйшла думка, што, калі б хто з супрацоўнікаў статыстыкі пералічыў колькасць теленавітых людзей на душу насельніцтва нашай краіны, то, напэўна, высветлілася б: Беларусь у лідарах. Усе аўтары, творы якіх прадстаўлены на выстаўцы, — беларусы. Няхай хтосьці з іх нарадзіўся па-за межамі Беларусі, стваралі яны тут, уваходзілі ў Беларускі саюз мастакоў. 

Сярод жывапісцаў і скульптараў, з творамі якіх можна сёння пазнаёміцца ў Музеі гісторыі літаратуры, — Георгій Паплаўскі, Леанід Шчамялёў, Мікалай Гуціеў, Эдуард Агуновіч, Андрэй Заспіцкі, Мікалай Купава, Яўген Ціхановіч, Ала Замай, Каміль Камал, Эдуард Астаф’еў... Многія з іх, відаць, былі зацікаўлены ў героі, шукалі блізкага сабе па духу. Наогул, мастак, калі стварае партрэт, у пэўнай ступені малюе самога сябе, адлюстроўвае ўласныя думкі і адчуванні, упэўнена Ірына Князева: 

Сяргей Давідовіч-Зосін «Мікола Гусоўскі», 2009 г.

— Асобная гаворка пра пісьменнікаў даўніны, бо сведчанняў пра тое, як яны выглядалі, амаль не захавалася. Напрыклад, у экспазіцыі змешчаны партрэты Сімяона Полацкага і Кірылы Тураўскага пэндзля народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага. На маю думку, падабенства абліччаў герояў і аўтара відавочнае. Агульнае ёсць і ў партрэтах аўтарства Сяргея Давідовіча-Зосіна, мастака і паэта. Яго Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі аб’яднаны адзіным светапоглядам, стаўленнем да літаратуры. 

Увогуле ж, за кожным палатном ці скульптурай — цікавыя гісторыі. Чым жыў пісьменнік? Якімі работамі вызначаецца спадчына аўтара? Як склаўся яго лёс? Партрэты распавядаюць пра многае, хоць без ведання кантэксту, асноўных фактаў гісторыі літаратуры і саміх твораў пісьменнікаў некаторыя вобразы і дэталі, сімвалы, закладзеныя мастаком, застануцца незаўважаныя і незразуметыя. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.