Вы тут

Людміла Маркоўская. «Трынаццаць кіламетраў»


Людміла Маркоўская нарадзілася ў Астравецкім раёне. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, выкладала ў навучальных установах Мінска. Працавала ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Думаецца, не выпадкова Людміла Маркоўская, педагог па прафесіі, прапануе на конкурс «Звязды» апавяданне пра настаўніцу. Дырэктара вясковай школы Валянціну Аляксееўну можна без перабольшання назваць проста гераічным чалавекам. Яе любоў да дзяцей, самаахвярнасць і пачуццё абавязку — выдатны прыклад для сённяшняга маладога пакалення педагогаў.

Алена БРАВА


Валянціна Аляксееўна выглянула ў акно кабінета і няўхвальна пахітала галавой: за цяпліцай курыў рослы сямікласнік Міхееў. Вучыцца Віця не хацеў, настаўнікі ледзь нацягвалі яму дзяжурныя «траякі», але ў жыцці быў хуткім і кемлівым.

Аднак цяпер дырэктарку займалі іншыя думкі. Скончылася кароткая другая чвэрць, пачаліся зімовыя канікулы. На шостае студзеня яна заказала трыццаць білетаў у цырк. Для вясковых школьнікаў паездка ў горад — падзея. Да сталіцы 160 кіламетраў. Не так і многа, але, калі вязеш дзяцей, заўсёды хвалюешся. Валянціна Аляксееўна схадзіла на цагельны завод да шэфаў, яны выдзелілі аўтобус. Праўда, кіроўца ёй не спадабаўся, але дырэктар прадпрыемства сказаў, што другога няма і не будзе. Ну што ж, выбіраць не прыходзілася.

З надвор’ем не пашанцавала: у суботу з ночы дзьмуў калючы вецер. Парывы яго ўзнімалі з зямлі снег. Разам з піянерважатай праверылі, ці цёпла апранутыя дзеці, — і ў дарогу. Выехалі рана, таму паспелі ў музей, паабедалі ў кафэ, а ў тры гадзіны пачалося цыркавое прадстаўленне. Пазіраючы краем вока на акрабатаў, Валянціна Аляксееўна больш глядзела на сваіх дзяцей. Іх твары свяціліся шчасцем. Калі на арэне з’явіліся клоўны, аглушальны рогат прастадушнага Міхеева ўзляцеў пад самы купал.

Назад выехалі ўжо ў прыцемках. У аўтобусе было цёпла і весела. Міхееў у праходзе, імітуючы дрэсіроўшчыка тыграў, строіў зверскія рожы. Але праз гадзіну стомленасць узяла сваё, усе заціхлі, задрамалі. Валянціна Аляксееўна не спала, занепакоена пазірала ў акно.

Калі да іх вёскі засталося кілометраў пяцьдзясят, матор раптоўна ўзроў, чхнуў і заціх.

— Во цырк! Зламаліся, — сказаў кіроўца.

Паступова аўтобус астываў. Усе зарухаліся, зашапталіся, пачалі зашпільваць гузікі.

— Адам! Трэба нешта рабіць, бо дзеці змерзнуць, — Валянціна Аляксееўна кінулася да шафёра, які, агледзеўшы матор, вярнуўся ў кабіну.

— А я прычым? Гэта вашыя дзеці.

— Ну, ведаеце! А аўтобус, між іншым, ваш. І я не ўмею яго рамантаваць. І не ўхмыляйцеся, не тая сітуацыя.

— А што мне — галасіць? Плацяць мне пагадзінна — гадзіннік цікае, грошыкі пакрысе капаюць. Кажух і валёнкі цёплыя, рукавіцы футравыя. Хоць усю ноч магу сядзець. Ды і генератар тут адрамантаваць немагчыма.

— Адам! Вы павінны пайсці за дапамогай. Ужо градусаў дваццаць марозу. Калі ласка, я вас вельмі прашу! Мы не можам рызыкаваць здароўем дзяцей!

— Да бліжэйшай вёскі трынаццаць кіламетраў. Вунь як мяцеліца разгулялася. Я што, падобны на дурня?

— Свае думкі на гэты конт я пакіну пры сабе... Дзеці! Усталі! Давайце паскачам. Адзін, два, тры! Адзін, два, тры!.. Праз гадзіну сцямнее і мароз стане мацнейшым, — зноў звярнулася яна да кіроўцы. — Збірайцеся хутчэй, вы ж мужчына як-ніяк!..

— Сказаў: не пай-ду!

— Чула, што вы адбывалі пакаранне, аб многім, відаць, думалі. Вось і цяпер падумайце…

— І што? Я там толькі два гады прабыў, а потым мяне ўчыстую апраўдалі! Карацей, не пайду!

Валянціна Аляксееўна ледзьве стрымала слёзы. Задумалася, але толькі на хвіліну.

— Ну калі так, тады за дапамогай адпраўлюся я, — сказала рашуча. — А вы пойдзеце ў бліжэйшы лес, насячэце дроў, распаліце ля аўтобуса вогнішча і будзеце грэць дзяцей. Вы будзеце сачыць, каб ніхто з іх не абмарозіўся, будзеце скакаць і бегаць разам з імі, нават расказваць ім казкі, чорт вас бяры! І калі хоць з адным дзіцем што-небудзь здарыцца, я жалезна абяцаю вам другі тэрмін.

— Дзеці, — звярнулася яна да прыціхлых школьнікаў. — Вось мой загад. Усім слухацца Адама Антонавіча! Спаць нельга! Кожны назірае за сваім суседам. Міхееў! Віця! Ты застаешся за старэйшага. Я абавязкова вярнуся на другім аўтобусе гадзіны праз тры. Чакайце.

— Аляксееўна! Ты што? З глузду з’ехала? Куды ты ў такім прыкідзе сабралася? Нагніся, я табе нешта скажу. Ты не думай, я адразу пайшоў бы, але я толькі што пасля аперацыі, мне грыжу выразалі, сетку падшылі, швы могуць разысціся, не дайду. Саромеўся сказаць…

— Ну тады тым больш не абмяркоўваецца. Кажух не вазьму, гэта дзецям. Усё. Я пайшла.

Яна хутка пакрочыла па дарозе, прыкідваючы, калі дабярэцца да Варнянаў.

... Між тым змрочныя далягляды з паласой цьмяна сінеючага лесу спачатку быццам занавесіліся шэрым вэлюмам, а потым патанулі ў мутным жэле. У галаве круціліся планы выратавання. Яна глядзела наперад з надзеяй убачыць хоць якую прыкмету жыцця: агеньчык, каня, хату... Але нічога не бачыла, акрамя каламутнага кружэння снежных віхуроў. У будні дзень хоць якая машына праехала б, а так трэба берагчы сілы і спадзявацца толькі на сябе. Замець віхрылася і круцілася па дарозе, выпісваючы мудрагелістыя крэндзелі. Жанчына, падладжваючыся пад рытм хады, прынялася ўспамінаць вершы пра завіруху:

Метели летели, метели мели,
Метели свистели до самой земли...

Мело, мело по всей земле,
во все пределы...

Гуляет ветер, порхает снег,
Идут двенадцать человек...

Мёртвое поле, дорога степная,
Вьюга тебя заметает ночная...

Апошні верш — дакладна не пра яе. Яна дойдзе, бо дзецям патрэбная дапамога!

Зусім сцямнела. Не было бачна ні хмараў, ані зорак. Шлях у апраметнай цемры здаваўся бясконцым. Вакол не было іншых арыенціраў, акрамя гурбаў снегу вышынёй у палову чалавечага росту паабапал дарогі.

Праз некаторы час Валянціна Аляксееўна стамілася. Яе калаціла. Снег коса ляцеў з неба і ладзіў дзікія скокі. Моцны вецер не даваў ісці, жменямі шпурляў у твар калючыя льдзінкі так, што захоплівала дыханне. У снежнай кругаверці чуліся шыпячы свіст і выццё, якое напамінала воўчае.

...Старая ваўчыца цяжка бегла па полі ўздоўж дарогі. З паўгадзіны назад яна ўдала папалявала, поўнае пуза валаклося па снезе. Паназірала нядобрымі жоўтымі вачыма за цёмнай постаццю, што адзінока рухалася па дарозе, але ўспомніла пра сваіх ваўчанят і заспяшалася да логава.

Пачаўся буран. На зямлі і ў небе выла і раўло. Вецер дуў усё апантаней, абпальваючы твар настаўніцы, не даючы дыхаць. Рук і ног яна даўно ўжо не адчувала, модныя боцікі амаль не грэлі, вейкі і валасы пакрыліся інеем. Ад стомленасці яна перастала звяртаць увагу на холад. Сілы пакідалі. Паслізнуўшыся на ледзяной каляіне, якая хавалася пад снегам, павалілася. Вось ён, шчаслівы стан спакою... Лянота варушыцца, лянота думаць... Жанчына правалілася ў цёмную нірвану…

...У хаце ціха, толькі мерна цікаюць ходзікі. У двары надрываецца рыжы певень Генерал. Пара падымацца. Сёння трэба сеяць азімае жыта. Грукнулі ў сенях дзверы, пачуліся лёгкія крокі, звяканне падойніка. Маці ўвайшла ў хату з малаком. Завязала ў хустку абед на поле: бульба ў мундзірах, соль, цыбуля, крывыя агуркі з агарода, палова каравая. Хлеб пякуць самі: вялізныя жытнёвыя боханы кілаграмы на тры ляжаць пад вышыванымі ручнікамі з чырвонымі і сінімі пеўнямі. Бацька любіў такі хлеб.

Памяць пра бацьку сціснула сэрца, перанесла ў той далёкі ліпеньскі дзень, калі ён сыходзіў на вайну. Моцны і дужы, татка сядзіць на кані. Сонька з Іркай чапляюцца за яго боты і плачуць, маленькі Мішка раве на руках у мамкі.

— Ну вось што, дзяўчаткі, кіньце вы гэтую мокрую справу. Скора паб’ём немца і вярнуся. А пакуль што вы маме памочніцы. Валя, ты старэйшая. Застаешся за мяне.

А напрыканцы 1943-га прыйшоў шэры трохкутнік: Філіпенкаў Аляксей Дзмітрыевіч у ліпені 1943 года «пал смертью храбрых на Курской дуге». Цяпер ужо не супакоіш сябе: вось вернецца бацька... Не вернецца.

Валя косіць і жне нароўні з дарослымі, і барану-валакушу цягне, і цяжкі плуг. Калі ўжо зусім не пад сілу, не плача, толькі мацней сціскае ў кулачкі напрацаваныя рукі.

...Люты мароз скаваў твар. Снег пышна, як сярэбраная парча прыбранай труны, па-гаспадарску кладзецца на пуховую хустку Валянціны Аляксееўны, на ўсё яе цела.

...Раздаецца голас маці: «Ну, Валя, упрагайся. Ведаю, што цяжка. Але табе пятнаццаць ужо». Валя цягне саху. Сошнікі крышаць глебу, ные спіна. Увязаючы ў халоднай зямлі, упіраючыся з апошніх сіл, яна ідзе наперад…

Але што гэта? Недзе плачуць дзеці! Іра, Соня, Міша, кучаравая Оля, сур’ёзны Пеця ў акулярах, Люда з тонкімі коскамі, прыгажун Коля з блакітнымі вачамі, рыжы Міхееў са смешнымі віхрамі. Што здарылася? Чаму яны плачуць?! Я старэйшая, я павінна ім дапамагчы!

Неймаверным высілкам волі разляпіўшы вейкі, якія змерзліся, Валянціна Аляксееўна расплюшчыла вочы. Дарога ляжала перад ёй, белая і стэрыльная, як марля. Божухна мой, куды ісці? Здаецца, у гэты бок? З цяжкасцю паднялася, сціснула адраўнелыя рукі ў кулакі і пакрочыла зноў, ледзь цягнучы па снезе непаслухмяныя ногі. У галаве стукала: «Я старэйшая. Я моцная! Трэба дайсці! Дапаўзці! Выратаваць дзяцей!»

Раптоўна вецер змяніў напрамак і, прадуваючы наскрозь токае паліто, стаў падштурхоўваць яе наперад. З ворага ён ператварыўся ў саюзніка. Нечакана нешта шэрае паўстала з белай імглы. Калі падышла бліжэй, зразумела: гэта цагляная сцяна. Абапіраючыся на яе, дацягнулася да дзвярэй і ў тусклым святле лямпачкі прачытала: «Варнянская музычная школа».

Усе спалі. Яна доўга стукала ў акно дырэктара мясцовай школы-інтэрната і, калі ён расчыніў дзверы, упала яму на рукі і захрыпела:

— Хутчэй! Там дзеці замярзаюць! Тэрмінова патрэбны трактар, цёплы аўтобус, гарачы чай, коўдры, валёнкі, урач!

— Э, мілая мая, урач табе самой патрэбны, ты, відаць, шчокі адмарозіла. Колькі ж ты прайшла, дзевачка даражэнькая? Марыя, цягні спірт хутчэй!

Усё скончылася добра. Дапамога прыбыла. Дзяцей перавялі ў цёплы аўтобус, адпаілі гарачым чаем. Перабіваючы адзін аднаго, яны расказвалі, як Адам Антонавіч развёў вогнішча «да самага неба», як усе па чарзе грэлі ногі ў яго велізарных футравых рукавіцах, як ён спяваў ім песню. А калі надоўга адышоў у лес за чарговым бярэмем сухіх галін і агонь ледзьве не пагас, Міхееў здагадаўся падпаліць запасное кола…

Валянціна Аляксееўна смяялася і плакала адначасова, абдымаючы сваіх родненькіх перабінтаванымі рукамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.