Вы здесь

Чаму трэба абавязкова вучыць сына біцца?


«Тата, а мяне Максім абзываў і біўся», — пажаліўся сын, калі я забіраў яго з садка. «Вазьмі наступным разам і лясні яму як мае быць!» — першая парада, што прыйшла мне ў галаву. Мае словы выпадкова пачула выхавальніца і развохкалася: «Тата! Як вам не сорамна! Чаму вы дзіця вучыце?!» Высветлілася, што заахвочваю сына да агрэсіі і што кепскага хлопчыка трэба не біць у адказ, а сказаць пра яго выхавальніку. З аднаго боку, педагог нібы і мае рацыю: градус агрэсіі ў грамадстве трэба зніжаць. З іншага — уся мая бацькоўская існасць бунтуе: я размазню гадую ці мужчыну?


Сам я ў садок амаль не хадзіў і ўпершыню з калектывам сутыкнуўся ў школе. І не магу сказаць, што мне гэта дужа спадабалася. Я гадаваўся ў досыць інтэлігентнай сям'і, дзе высвятляць адносіны кулакамі ды мацюкамі было не прынята і дзяцей вучылі быць культурнымі і ветлівымі. А каб кагосьці збіць або зняважыць — крый божа! Але калі на мяне пасыпаліся першыя пстрычкі, кухталі і выспяткі, я зразумеў, што гэткая светапоглядная сістэма пры ўсёй сваёй высокай этычнасці мае адну загану: вельмі балюча і крыўдна. Для мяне стала адкрыццём, што чалавека можна ўдарыць, зняважыць проста так, без дай прычыны, толькі таму, што ён выглядае слабейшым і не праяўляе агрэсіі. Высветлілася, што ў іншых сем'ях культывуюцца зусім іншыя каштоўнасці: хто паспеў — той і з'еў. Закон джунгляў. І нягледзячы на сваё прозвішча, я доўга не мог прыстасавацца да гэтых парадкаў.

Псіхалагічныя траўмы маленства — самыя трывалыя. І калі ў цябе, дарослага дзевяностакілаграмовага дзядзькі, з'яўляецца ўласны сын, то ты міжволі хочаш засцерагчы яго ад паўтарэння сваіх колішніх памылак.

І вучыш яго «жыццю»: калі нехта ўдарыць — дай здачы! «А мне выхавальніца сказала, што біцца нельга, што трэба ёй пажаліцца, каб яна на яго насварылася...» — чую ад сына, і хочацца лезці на сценку: што ж вы робіце, таварышы педагогі!

Можа, я сапраўды занадта згушчаю фарбы і разважаю, нібы галоўны герой серыяла «Фізрук», які ўсе праблемы намагаецца вырашыць наскокам і грубай сілай. Можа, сапраўды трэба вучыць дзіця дамаўляцца і шукаць кампраміс. Усё-ткі дваццаць першае стагоддзе на дварэ, а ты, даражэнькі, хадзіў у школу акурат у 90-я, калі агрэсія ў грамадстве біла фантанам з усіх дзірак. Цяпер грамадства змянілася дый дзеці сталі іншыя: сядзяць у інтэрнэтах і асвойваюць гаджэты. Можа, і сапраўды маюць рацыю педагогі: не трэба выхоўваць у дзіцяці культ сілы?

Але, папрацаваўшы ў журналістыцы, грамадства бачыш з розных бакоў. І сустракаеш як годных людзей, так і тых, хто не выклікае ў цябе станоўчых эмоцый. Дзеці ёсць як у першых, так і ў другіх, але гадуюцца яны ў зусім розных каштоўнасных сістэмах. І няма ніякае гарантыі, што твой сын не сутыкнецца з гэткімі ж самымі праявамі, да якіх у свой час не мог прывыкнуць ты. Больш за тое, я ўпэўнены, што ў кожным класе знойдзецца сама меней адзін «кепскі» хлопчык, ад якога будуць стагнаць педагогі і цярпець іншыя вучні.

І не кажыце, што мой сын будзе пад пільным наглядам настаўнікаў. Хоць бы таму, што за кожным прасачыць настаўнік не можа чыста фізічна.

А яшчэ ў школе ёсць закуткі, раздзявальні пры спартзалах ды іншыя месцы, дзе можна ладзіць «дзедаўшчыну», не прыцягваючы ўвагі дарослых. Але кпіны і здзекі адразу спыняюцца, калі крыўдзіцелі сутыкаюцца з рашучым адлупам: ахвяра перастае быць зручнай.

У той самы час я, калі што якое, не буду казаць дзіцяці: «Ты што, не мужык? Сам разабрацца не можаш?» А буду хадзіць у школу і дабівацца таго, каб ніхто не смеў зневажаць майго сына. Бо пакінуць яго сам-насам з праблемай — гэта найгоршае, што можа зрабіць бацька.

І нават калі сын трапіць у добры клас у прыстойнай школе, усё адно трэба змалку тлумачыць яму, што ёсць добрыя людзі, а ёсць кепскія. І што з апошнім часам даводзіцца размаўляць на зразумелай ім мове. Нават калі такі выпадак бывае ўсяго раз на жыццё. Але ж ніхто не ведае, калі ён можа надарыцца.

На мой погляд, гэта і ёсць ідэал сапраўднага шляхетнага мужчыны — чалавека, які паважае сябе, здольны абараніць сябе і блізкіх, але пры гэтым ніколі не стане крыўдзіць і зневажаць слабейшых. Магчыма, ідэал крыху архаічны, але ў наш час гэтай здаровай архаікі часта не стае.

Валянцін БОЙКА

Выбор редакции