Што аб'ядноўвае даярку і электрамеханіка, слесара і настаўніка, інжынера-канструктара, урача і токара?
Днямі ў Мінску адбылася першая сустрэча працоўных дынастый краіны. Прымеркавана гэта падзея да 110-годдзя прафсаюзнага руху — і адбылася, уласна, па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
«Гэта толькі адна з частак вялікага праекта, які мы распрацавалі для прыцягнення і замацавання моладзі на вытворчасці, — адзначае намеснік старшыні ФПБ Аляксандр МІКША. — Першы яго этап, напрыклад, быў скіраваны на аднаўленне інстытута настаўніцтва, распаўсюджанага ў СССР і несправядліва забытага потым. Дарэчы, у працоўных калектывах на прадпрыемствах краіны гэтую ідэю, калі вопытны спецыяліст перадае моладзі сакрэты прафесіі і дапамагае лягчэй адаптавацца на першым працоўным месцы, віталі, што называецца, абедзвюма рукамі».
Цяпер жа прадстаўнікі 14 прафесійных дынастый з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся на двухдзённы форум, каб абмеркаваць, як можна адрадзіць паняцце «адданасць і вернасць прафесіі», вярнуць грамадскую павагу і пашану да прафесій настаўніка, урача, узняць прэстыж рабочых прафесій і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Стаж
даўжынёй у стагоддзі
Для кожнай прафесійнай дынастыі гэтыя словы — не проста радкі з біяграфіі, а неад'емная частка жыцця некалькіх пакаленняў. Напрыклад, дынастыя Рынейскіх з Бабруйска працуе на родным прадпрыемстве — машынабудаўнічым заводзе — увогуле 512 гадоў! З 1930 года 16 прадстаўнікоў гэтай сям'і, пераймаючы адзін у аднаго працоўную эстафету, укладваюць свае веды і ўменні ў развіццё прадпрыемства. А дынастыя медыкаў Шаўцовых-Хоравых з Гродзеншчыны налічвае ўжо 5 пакаленняў урачоў: ад народнай лекаркі да цяперашніх спецыялістаў — дактароў медыцынскіх навук, прафесараў і дацэнтаў. У сукупнасці амаль 300 гадоў працоўнага стажу маюць прадстаўнікі дынастыі чыгуначнікаў Шырчанкі: ужо для некалькіх пакаленняў сям'і будзільнікам служаць гудкі цягнікоў...
Як перадаць любоў да працы спадчыннікам, калі сёння менш як пятая частка маладых людзей жадае працягнуць справу бацькоў, і што ўтрымлівае гэтых людзей у прафесіях, многія з якіх па сённяшнім часе лічацца «непрэстыжнымі»? Прадстаўніца дынастыі настаўнікаў, выкладчыца рускай мовы і літаратуры Жгунскай сярэдняй школы (Добрушскі раён) Людміла Атрошчанка распавяла на гэты конт сваю гісторыю:
— Мая мама, Марыя Храпуцкая, выканала запавет свайго бацькі: сыходзячы на фронт, той прасіў стаць настаўніцай. І хоць трэба было шмат вучыцца і працаваць, і часта даводзілася нават начаваць у стозе сена, калі мачаха замыкала дзверы, яна атрымала запаветны дыплом настаўніцы беларускай мовы... А потым ужо мы са старэйшай сястрой, яшчэ не ходзячы ў школу, сядзелі на апошняй парце, пакуль мама вяла ўрокі, а нас не было куды падзець. Мы засыналі пад скрып чарнільнай ручкі, дапамагалі правяраць сшыткі, чыталі кнігі з вялізнай дамашняй бібліятэкі і ўвесь час чулі размовы аб настаўніцкай працы. Прычым размовы гэтыя былі пазітыўнымі: настаўніка паважалі, часта ішлі параіцца да яго. А яшчэ ў нашай сям'і на першым месцы ніколі не стаяла матэрыяльнае, галоўным лічылася духоўнае. Мабыць, усе гэтыя фактары ў сукупнасці і абумовілі свядомы выбар прафесіі педагога. Цяпер па тым жа шляху пайшлі дзве пляменніцы. А што нас усіх трымае? Як бы банальна гэта ні гучала, маральнае задавальненне ад зробленай працы. Адчуванне, што ты камусьці адкрыў штосьці новае, дапамог зразумець складаныя правілы, навучыў самога спраўляцца з задачамі. Я люблю тое, чым займаюся — і мама, і сястра любяць.
Згодны з гэтым і Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Кавалеўскі, які не адзін дзясятак гадоў адпрацаваў на прадпрыемстве «БелАЗ» і сваім прыкладам заахвоціў сына, дачку, а таксама ўнучку:
— Любоў да працы, ахвоту вучыцца ўсяму, што ўмеюць іншыя, мне перадала мама яшчэ ў дзяцінстве. Таму пазней, ужо працуючы на прадпрыемстве токарам, я стараўся дапамагчы маладым, каб яны палюбілі нашу прафесію, зразумелі яе душой. — Інакш як працаваць, калі не любіш тое, што робіш?
Справа выбрала нас
Уладзімір Пашкевіч працуе ў аб'яднанні «Беларуськалій» 40 гадоў. Некалі тут рабіў шахцёрам бацька, цяпер на адным прадпрыемстве шчыруюць сам Уладзімір Аляксандравіч, яго брат, дачка, зяць, пляменнік... «У 1980-я гады, калі наша вытворчасць перажывала не лепшыя часы, мне нават прапаноўвалі паехаць галоўным інжынерам у Сібір, — прыгадвае Уладзімір Пашкевіч, — але я адмовіўся. Бо параіўся з бацькам і зразумеў, што не магу так узяць і кінуць справу, якую пачынаў яшчэ ён. І ведаеце, мы ганарымся, што разам перажылі ўсе цяжкасці, якія выпалі на долю прадпрыемства».
— Думаю, што ініцыятыва прафсаюзаў сёння, як ніколі, дарэчы, бо скіравана найперш на моладзь, — мяркуе прадстаўнік вялізнай медыцынскай дынастыі, загадчык кафедры атарыналарынгалогіі Гродзенскага медуніверсітэта Алег Хораў. — Трэба даць зразумець сучасным маладым людзям, што ў іх ёсць магчымасці дасягаць поспеху, у тым ліку і матэрыяльнага дабрабыту, калі яны, па-першае, займаюцца сапраўды любімай справай, а па-другое, не чакаюць адразу манны нябеснай, а развіваюцца і ўдасканальваюцца ў прафесіі. Дапамагчы ў гэтым, думаю, змогуць і расповеды пра дынастыі, якія нястомна працуюць і атрымліваюць плён. І яшчэ, безумоўна, у фарміраванні дынастыі важны дух сям'і, высокамаральнае выхаванне і прыклад папярэдняга пакалення, гледзячы на якое, нехта без сумневаў возьме інструменты ў рукі, нехта апране белы халат...
Аграрыі, педагогі, транспартнікі, сувязісты, прадстаўнікі нафтахімічнай галіны, прамысловасці, медыцыны... Колькі ўсяго ў краіне прафесійных дынастый, пакуль што дакладна сказаць немагчыма. Кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі спадзяецца, што гэта ўдасца зрабіць налета, калі цяперашняя ініцыятыва будзе падхоплена ў рэгіёнах і выйдзе на больш высокі ўзровень, — не проста сабраць такія дынастыі разам, а ўшанаваць, шырока распавесці пра іх у мясцовых і рэспубліканскіх СМІ. Магчыма, менавіта гэтыя прыклады вернасці справе сваіх бацькоў і дзядоў дапамогуць сённяшнім школьнікам па-сапраўднаму зразумець каштоўнасць працы і не памыліцца ў выбары будучай прафесіі.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота Надзеі БУЖАН.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?