Вы тут

Паставіць дзіця на ногі


У 2015-18 гадах у межах праграмы Саюзнай дзяржавы «Спінальныя сістэмы» Навукова-даследчы дзіцячы артапедычны інстытут імя Г.І. Турнера (г. Пушкін, РФ) і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі (г. Мінск) плануюць сумесную навуковую, практычную дзейнасць па аказанні лячэбнай дапамогі дзецям з цяжкімі прыроджанымі дэфармацыямі і пашкоджаннямі пазваночніка. Інстытут імя Генрыха Турнера валодае, па сутнасці, лепшымі тэхналогіямі дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі дзяцей з артапедычнай паталогіяй. Беларускія і расійскія журналісты азнаёміліся з работай буйнога медцэнтра, аснашчанага самым сучасным абсталяваннем. Дарэчы, фінансаванне ўстанове забяспечвае не толькі федэральны бюджэт, але і мецэнаты, напрыклад, дырэктар Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі, оперная прыма Ганна Нятрэбка і шэраг іншых.

22-6

Праз нясцерпны боль

...Каля двух гадоў таму ў Навукова-даследчы дзіцячы артапедычны інстытут імя Г.І. Турнера (расійская федэральная дзяржаўная ўстанова ў Пушкіне, што пад Санкт-Пецярбургам) паступіў другакласнік Рома. У яго адсутнічала частка пятачных касцей ступняў, абедзве ступні «глядзелі» ў адзін бок. У трох клініках урачы прапанавалі ампутацыю. Маці хлопчыка пераконвалі, што гэта адзінае рашэнне, але яна звярнулася ў інстытут імя Г.І. Турнера.

Рому абследавалі, прызначылі аперацыю па ўстаноўцы апарата Ілізарава. Працэс паступовага «падкручвання» выклікаў у хлопчыка такі нясцерпны боль, што ўрач у нейкі момант вырашыў адступіць — ампутаваць ступні. Маці папрасіла рабіць невялікія перадышкі — расцягнуць перыяд «падкручвання». Рома аказаўся неверагодна трывалым. І аднойчы яго выпісалі, знялі апарат. Рызыка апраўдала сябе! Гэтай вясной Ромка з мамай прыедуць аперыраваць другую нагу...

Інстытут імя Г.І. Турнера называюць унікальнай установай са 150-гадовай гісторыяй. Тут робяць такія аперацыі, якія не робяць больш нідзе ў свеце, развіваюць найноўшыя навуковыя тэхналогіі і трымаюцца прынцыпаў, закладзеных заснавальнікам — Генрыхам Іванавічам Турнерам (1858-1940). Ён дабіваўся таго, каб выправіць той ці іншы дэфект, аднак, калі гэта было немагчыма, то ўсяляк садзейнічаў таму, каб навакольныя правільна ставіліся да такога чалавека. Сам Турнер прыгадваў аднойчы, як «аператыўная дапамога раскоўвала зведзеныя канечнасці дзяцей, выпраўляла скрыўленыя косці, паднімала на ногі таго, хто поўзаў, надавала яму чалавечае аблічча». У 1930-я гэта быў фактычна цэнтр барацьбы з дзіцячай інваліднасцю — установа атрымала назву Інстытут аднаўлення працаздольнасці фізічна дэфектыўных дзяцей. І яму было прысвоена імя Турнера (унікальны выпадак прысваення імя пры жывым прафесары).

Вышэйшая хірургічная навука сёння «рэканструюе» дзіця так, што гэта ў разы павышае якасць яго жыцця. Скажам, кароткая нага выцягваецца настолькі, што можна не кульгаць. Калі на руцэ няма пальца, яго перасаджваюць з нагі...

 Генрых Іванавіч пашыраў сваю дзейнасць і марыў перавесці інстытут з Санкт-Пецярбурга ў прыгарадную зону, каб забяспечыць сваім пацыентам святло і паветра. У поўнай меры мара Турнера ажыццявілася толькі ў 1960-я, калі ўстанова пераехала ў Пушкін і стала агульнарасійскім цэнтрам лячэння дзяцей з нейра-артапедычнай паталогіяй і рэўматоідным артрытам. Вось ужо амаль 80 гадоў установа застаецца вядучай ва ўсім, што датычыцца лячэння дзяцей з траўмамі, апёкамі і парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

Сёння інстытут Турнера — гэта 9 аддзяленняў, 500 ложкаў. У самім Пецярбургу дзейнічае яшчэ кансультацыйна-дыягнастычны цэнтр. У бліжэйшых планах — будаўніцтва і адкрыццё асобнага рэабілітацыйнага цэнтра ў самім Пушкіне не менш як на 200 ложкаў. У інстытуце лечацца і пацыенты з самых розных краін СНД. Як за кошт бюджэтных сродкаў, так і па платных паслугах у прыватным парадку. З Беларусі тут — лічаныя пацыенты. Не толькі з-за высокага агульнага кошту такога лячэння (пераезд, пражыванне, атрыманне медпаслуг), але і таму, што ў нашай краіне таксама прапануюцца нядрэнныя магчымасці для лячэння артапедычнай паталогіі.

Адзін у полі не воін

...У падлетка з Сібіры не рухаліся ні рукі, ні ногі. У шаснаццаць гадоў ён мог хіба выкаціцца на ганак свайго дома. За два гады лячэння ў інстытуце Г.І. Турнера хлопец перанёс некалькі аперацый, каб атрымаць шанц аднойчы стаць на ногі. Адначасова ўдалося выправіць і дэфармацыю рук, якімі цяпер можна было карыстацца. Спецыялісты прыгадваюць, як тыдзень хлопец проста стаяў і плакаў — не мог паверыць...

Вышэйшая хірургічная навука сёння «рэканструюе» дзіця так, што гэта ў разы павышае якасць яго жыцця. Скажам, кароткая нага выцягваецца настолькі, што можна не кульгаць. Калі на руцэ няма пальца, яго перасаджваюць з нагі... Сучасныя хірургічныя тэхналогіі аднаўляюць і страчаныя функцыі, і органы, якія адсутнічаюць.

Самі хірургі кажуць: сёння мала быць выдатным нейра- ці мікрахірургам. Адзін у полі не воін. Для ратавання хлопчыка, у якога падчас пажару пацярпела 98(!) працэнтаў скуры, у гэтай клініцы аб'ядналіся аднойчы спецыялісты трох краін. З Аўстрыі атрымалі штучны заменнік скуры. Ва Украіне, у лабараторыі культур тканак апёкавага цэнтра Данецка, вырабілі эквівалент спецыяльных клетак. У Пецярбургу, у Інстытуце цыталогіі, сінтэзавалі іншыя жывыя клеткі. Дзякуючы ўсёй гэтай «кааперацыі», удалося выратаваць безнадзейна хворага чалавека. За такое ратаванне група ўрачоў была ўдастоена ў 2008-м прэміі лепшым урачам Расіі «Прызванне».

У інстытуце перасаджваюць і пальцы, і нават мышцы з сасудамі ды нервамі. Выконваюцца маніпуляцыі з вельмі дробнымі структурамі, бачнымі толькі пад мікраскопам. На сасуд дыяметрам 1 мм накладваецца да 13 швоў. Шэраг мікрахірургічных аперацый распрацаваны менавіта тут.

У шэсць месяцаў

Хірургія пазваночніка цалкам выпраўляе дэфармацыю пазваночніка ў немаўлят. Самаму юнаму пацыенту, у якога аперыравалі пазваночнік, было шэсць месяцаў. Пазванкі выпраўляюцца і фіксуюцца з дапамогай імплантатаў. Як толькі пазванкі замацоўваюцца на патрэбным месцы, канструкцыя выдаляецца.

Паводле слоў намесніка дырэктара па навуковай рабоце, кіраўніка аддзела паталогіі пазваночніка і нейрахірургіі Навукова-даследчага дзіцячага артапедычнага інстытута імя Г.І. Турнера, доктара медыцынскіх навук, прафесара Сяргея ВІСАРЫЁНАВА, лячэнне прыроджаных парокаў на раннім этапе — да 3 гадоў — найбольш эфектыўнае. Падобныя аперацыі не выконваюцца больш нідзе ў Расіі. Столькі вузкіх спецыялістаў дзіцячай траўматалогіі і артапедыі сабрана толькі тут.

— З 2000 года ў інстытута наладжана супрацоўніцтва з беларускім Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам траўматалогіі і артапедыі, — адзначае доктар Вісарыёнаў. — У беларусаў ёсць большы вопыт па лячэнні траўмаў пазваночніка, у нас — па лячэнні прыроджаных дэфармацый...

У межах Саюзнай праграмы плануецца комплексна даследаваць двухбаковы вопыт, забяспечыць абмен спецыялістамі і пацыентамі. Гэта будзе пашырэнне дыягнастычных магчымасцяў, укараненне новых хірургічных тэхналогій, распрацоўка эксперыментальных спінальных прыстасаванняў. Праграма спінальных сістэм на дзве трэція будзе фінансавацца расійскім бокам, на адну трэць — беларускім.

Святлана БАРЫСЕНКА

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.