19 Верасень, серада

Вы тут

Святочныя рытуалы дапамагаюць нам арганізаваць сваё жыццё


Святочныя рытуалы дапамагаюць нам арганізаваць сваё жыццё. З другога боку, можна надта моцна выбіцца з працоўнай каляіны... І ўсё ж такі ў святкаванні Каляд з Новым годам ёсць шмат пазітыўных момантаў, пра якія расказвае псіхолаг Сяргей КРУЧЫНІН.


— Навошта ўвогуле ўся гэта мітусня з ёлкамі ды салатамі?

— Навагоднія святы — вельмі карысная для грамадства рэч. Бо гэта час падвядзення вынікаў, завяршэння спраў, элемент нашай самаарганізацыі, культуры, гэта рытуал, традыцыя. Любое грамадства зацікаўлена ў як мага большай колькасці людзей, здольных прыняць тыя ці іншыя традыцыі, бо так прасцей прыняць і нейкія іншыя нормы. Традыцыі — ад агульных старажытных да лакальных, сямейных — устанаўліваюць межы, прымаць якія мы вучымся з дзяцінства, нават праз тыя ж казкі. Разам з тым гэта яшчэ і час стрэсу, плюс якога заключаецца ў тым, што любы стрэс наогул дапамагае мабілізавацца. У дадзеным выпадку — прывесці ў парадак жыллё, сябе, работу...

— Адкуль жа вакол менавіта гэтых свят столькі містыкі і веры ў цуд?

— Гэта абумоўлена комплексным уздзеяннем на нас калядных мелодый, вобразаў, сімвалаў, якія вырываюць з паўсядзённага жыцця і дазваляюць падумаць пра штосьці вечнае. Адначасова вера ў цуд — гэта такая апора, канструкцыя, якая дапамагае нам жыць, выжываць. Кожны з нас пастаянна займаецца самападманам, мы нікому столькі не хлусім, як сабе. І робім гэта падсвядома. Даследаванні паказваюць, што чалавек ведае ўсяго дзесяць працэнтаў з таго, што яго на самай справе матывуе. Вера ў цуд — гэта штосьці накшталт няшкоднага наркотыку.

— Нам так не хапае рацыянальных, усвядомленых канструкцый?

— Выходзіць, не хапае. Нават калі мы атрымліваем вынік карыстаючыся толькі рацыянальным мысленнем, то ў нейкі момант можам збівацца на развагі аб тым, што ва ўсім нашым поспеху «было штосьці»... І далей пачынаецца: а чаму я апынуўся ў гэтым месцы? А як атрымалася, што менавіта з гэтым чалавекам?

— І тым не менш гэта навагодняя мішура патрэбна далёка не ўсім...

— 25 працэнтаў любога грамадства складаюць хлопчыкі і дзяўчаткі «Не», нонканфармісты, якія не хочуць «як усе». І гэта таксама важна для грамадства: у любой сітуацыі патрэбны крытычны погляд. Той, хто першы выкрыкне, што кароль голы. Гэта тыя, хто першымі пазбаўляюцца тэлевізараў, не ставяць ёлку і г. д. Аднак, калі такое стаўленне пасля становіцца модным і пераходзіць да большасці, так пачынаюць рабіць усе, нонканфармісты адмаўляюцца ўжо ад чагосьці іншага.

— Не выключана, што гэты год у некага адабраў здароўе або нават кагосьці з блізкіх... Як пераадолець магутны стрэс?

— Самае важнае ў любой цяжкай сітуацыі — прыняць яе. Першая рэакцыя — заўсёды адмаўленне, «гэтага не можа быць». Аднак змірыцца з тым, што адбылося, дапамагаюць усё тыя ж... рытуалы. Яны вызначаюць нашы дзеянні, дапамагаюць увайсці ў новую рэальнасць. Для кожнага трагічнага, катастрафічнага выпадку існуе свой набор дзеянняў. Вельмі дрэнна заспакойваць чалавека такім чынам, што «ўсё няблага і нічога не варта рабіць». Любыя дзеянні, акрамя хаатычных, калі мы дапускаем шмат памылак, нам дапамагаюць.

— Рытуальнае загадванне жаданняў спрыяе іх рэалізацыі?

— Я лічу, спрыяе. Калі чалавек чагосьці моцна жадае, то пачынае разважаць над тым, як прыблізна гэта атрымаць, робіць нейкія намаганні, дзеянні. У тым ліку і рытуальныя. Гэта павялічвае шанцы на тое, што чалавек будзе дабівацца жаданага. Груба кажучы, з нічога — з падпаленай і кінутай у шампанскае паперкі — можна атрымаць дадатковую энергетычную сілу. Усё ж такі прыкметы, якімі б пустымі яны ні здаваліся, маюць рацыянальнае тлумачэнне, закладзенае шмат гадоў таму. Напрыклад, адкуль пайшла забарона вітання цераз парог? З тых часоў, калі людзі пад парогам хавалі мёртвых.

— Загадваць наперад, планаваць — гэта добра?

— Шчаслівы той, хто жыве адным днём. Наша еўрапейская культура нам гэтага, праўда, не дазваляе, нам патрэбны рух і развіццё. А таму мы пастаянна думаем аб тым, што будзе далей, хвалюемся і ад таго пакутуем... Але ж пакутуе і той, хто не адпускае мінулае. Прычым нашмат мацней. Бо ўсе нашы памылкі, пачынаючы з самага ранняга дзяцінства, заўсёды з намі, у нашым «рукзаку». Гэта, вядома, і станоўчы момант, бо мінулае — гэта вопыт, дзякуючы якому мы такія, якія ёсць. Аднак усё гэта адцягвае нас ад таго, каб пажыць тут і цяпер. Каляды і Новы год якраз адны з тых рэдкіх момантаў, якія з дапамогай тых жа рытуалаў прыцягваюць увагу да дня сённяшняга.

— Мы ўсе жадаем адно аднаму шчасця, як быццам яно недасягальнае ўвогуле...

— Яно ў самім чалавеку. І таму адзін можа быць шчаслівы, а другі ніколі не зможа адчуць сябе такім. Бо ў аднаго шклянка напалову пустая, а ў другога — напалову поўная. Першы ніколі не будзе шчаслівы, аднак гэта не азначае, што ён лузер. Такія людзі могуць дабіцца значна большага. Не сакрэт, што адны людзі працуюць дзеля ўзнагароджання, а другія для таго, каб пазбегнуць няўдач. Узровень дасягненняў у абодвух выпадках можа быць аднолькавы. Сярод геніяў, мякка кажучы, не так шмат аптымістаў, тых, хто адчуваў сябе шчаслівым.

— Новы год — сямейнае свята?

— Залежыць ад узросту і ад таго, наколькі моцнымі былі традыцыі святкавання ў сям'і. Як правіла, пакуль ты малады, то сустракаеш свята не дома. А потым неяк незаўважна ты зноў дома і табе проста нікуды не хочацца.

— У Беларусі моцныя сямейныя традыцыі?

— Сям'я ў глабальным сэнсе сёння не ў самым лепшым становішчы. Адбываецца крах сям'і традыцыйнай, і гэта аб'ектыўны працэс. Наўрад ці і мы надоўга застанёмся ўбаку. Іншая рэч, цяпер больш магчымасцяў для таго, каб адарвацца ад хатняга застолля і святкаваць іначай.

— Што скажаце пра алкаголь?

— Самым горшым чынам уплывае лішак алкаголю на нашу краіну. Нам неабходны сур'ёзныя абмежавальныя меры, звязаныя з продажам і павышэннем цэн на тытунь і алкаголь. Плюс — правільная, адрасная, скіраваная ў першую чаргу на мужчын пасля 40 гадоў інфармацыйная кампанія за здаровы лад жыцця. А Новы год — выдатная нагода для рытуальнага ўжывання, для атрымання ад таго ці іншага напою задавальнення.

— Вы за новыя магчымасці святкавання ці за тое, каб былі ёлка, стол і г. д.?

— Абавязкова трэба ўпрыгожыць дом, што само па сабе ўжо ёсць абнаўленне, прычым святочнае, з дадатковай ілюмінацыяй! Гэта стварае настрой. Што да застолля, то чым менш ежы, тым лепш, на маю думку. Але і той жа аліўе — гэта рытуал! Абавязкова трэба віншаваць іншых, дарыць падарункі. Мы самі атрымліваем задавальненне і адчуваем сябе пры гэтым лепш. І яшчэ лепш, калі і мы пачуем у свой адрас цёплыя словы, атрымаем падарункі. Нават калі мы ведаем, што гэта проста словы, і ведаем, які менавіта падарунак пад ёлкай, — усё роўна гэта працуе!

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: ...І загадаць жаданне!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.