Вы тут

Быў «Той самы дзень»


Усе мы чакаем дня, калі наступіць зручны момант, каб прызнацца ў каханні, здзейсніць што-небудзь незвычайнае або прыняць важнае рашэнне. Падстаў можа быць шмат, а момант — усяго адзін. Каб яго не ўпусціць, хлопцы з Лунінца вырашылі арганізаваць музычнае мерапрыемства з красамоўнай назвай «Той самы дзень». Кожны, хто прыйшоў на яго, зразумеў, што чакаць больш няма чаго — трэба дзейнічаць!

У вольны час хочацца весяліцца: канцэрты, вечарыны і проста сяброўскія тусоўкі дапамагаюць расслабіцца, забыцца пра вучобу... Але што рабіць, калі ты жывеш у маленькім горадзе і ўсе твае забавы звязаны з ціхім гудзеннем сістэмнага блока і прыглушаным святлом манітора? Арганізатары «Таго самага дня» Антон «Ёжж» і Рома «Крэг» знайшлі выхад з сітуацыі. «Мы — студэнты музычных каледжаў, вярнуліся ў родны горад на канікулы. Спачатку час праводзілі «анлайн», але гэта хутка надакучыла, — кажа Антон. — Было зразумела, што такіх, як мы, маладых і гатовых да актыўных дзеянняў, шмат. Таму варта было толькі пачаць нешта рабіць. Паколькі я і Рома — удзельнікі рок-гуртоў, было вырашана правесці канцэрт, дзе моладзь змагла б не проста паслухаць музыку і патанцаваць, але і пазнаёміцца, напрыклад». Рэкламавалі мерапрыемства ў інтэрнэце, таму ўвечары каля клуба чыгуначнікаў сабраліся не толькі маладыя лунінчане, прыехалі таксама госці з Баранавічаў, Гродна, Мінска і Століна.

Канцэрт адкрылі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа. «Breakdown on the floor» — калектыў малады, але яркі, гучны і амбіцыйны. Яны «завялі» прысутных з першай жа песні дзякуючы незвычайнаму вакальнаму гучанню — гроўву (ад англ. growlіng — «рыканне»). Працягнуў музычны марафон бэнд «Mercantіle» з Баранавічаў, у рэпертуары якога прысутнічалі своеасаблівыя каверы на Джымі Хендрыкса, The Kіllers, Franz Ferdіnand і інш. У кожнага ўдзельніка гэтага гурта асабісты стыль паводзін і адзення, таму «Mercantіle» можна назваць унікальнай «моднай салянкай». Калектыў «Іра Чэхава» быў самым загадкавым з трох, якія выступалі. Сабраўся ён перад канцэртам і правёў усяго чатыры рэпетыцыі, але на якасць музыкі гэта ніяк не паўплывала. Вакалістка (уласна Іра) парадавала сілай голасу і артыстызмам, а абаяльны гітарыст Даніла завая-
ваў сэрцы паловы дзяўчат з залы.

На працягу ўсяго мерапрыемства балем правіла маладосць, што ў Лунінцы здараецца даволі рэдка, хоць падрастаючаму пакаленню трэба час ад часу «выпусціць пару» і пабыць сабой: паскакаць каля сцэны, паслухаць музыку. Доўгавалосы хлопец, выходзячы з клуба, пацвердзіў маю думку: «Патанцавалі добра. Часцей трэба такое праводзіць".

Характэрнай і, магчыма, галоўнай асаблівасцю «Таго самага дня» стала тое, што яго арганізавалі звычайныя студэнты. Вядома, у працэсе падрыхтоўкі яны сутыкнуліся з некаторымі цяжкасцямі, усё прыйшлося рабіць самім: шукаць спонсараў, друкаваць і расклейваць рэкламу, дамаўляцца наконт месца правядзення. Але перашкоды былі паспяхова пераадолены і канцэрт адбыўся. Глядзіш, «Той самы дзень» стане традыцыяй у маленькім Лунінцы, маладыя жыхары якога, як і ў вялікіх гарадах, прагнуць музыкі і адпачынку...

Ганна КУРАК,
студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.