Некалькі тыдняў таму я прачнулася каля трох гадзін ночы з-за таго, што суседкі па інтэрнацкім пакоі нешта гучна абмяркоўвалі на кухні. Аказалася, што да нас у блок заявіліся нечаканыя госці, якія планавалі абчысціць халадзільнік. Што падштурхнула іх да такога кроку? Вядомая ўсім студэнтам сітуацыя: харчы, прывезеныя з дома, даўно з'едзеныя, грошы заканчваюцца, да стыпендыі далёка, а есці ж хочацца заўжды...
Спецыяльна для выпадкаў «экстраэканоміі» прапаноўваю падборку рэцэптаў студэнцкіх страў. Гатуюцца яны хутка, і, галоўнае, на куплю прадуктаў для кожнай з іх пойдзе не больш за 20 тысяч рублёў.
«Тварожныя галушкі»
Спатрэбіцца: 1 пачак тварагу, 1 яйка, 2/3 шклянкі мукі, 2 лыжкі цукру.
Спосаб прыгатавання:
Тварог размяць відэльцам або рукамі. Дадаць яйка і цукар, усё добра перамяшаць. У тварожную масу ўсыпаць муку. Важна, каб цеста не атрымалася вельмі тугім. Пасля дзелім яго на 2-3 кавалкі. Кожны раскочваем у каўбаску, якую крыху прыціскаем пальцамі, каб надаць ёй больш плоскую форму. Каўбаскі рэжам на невялікія ромбікі. Кідаем іх у кіпень. Пасля таго, як галушкі ўсплывуць, варым іх 2-3 хвіліны і вымаем. Пры жаданні паліваем смятанай.
«Студэнцкая запяканка»
Спатрэбіцца: звараная макарона (або рыс, грэчка), 2-3 яйкі, 1 невялікая цыбуліна, 1 морква.
Спосаб прыгатавання:
Дробна рэжам цыбуліну, моркву надзіраем на буйной тарцы. Абсмажваем іх на алеі. Дадаем туды макарону, перамешваем і 1-2 хвіліны смажым усё разам. У місцы ўзбіваем яйкі з соллю, гэтай сумессю паліваем макарону на патэльні. Пакідаем гатавацца запяканку на 5-7 хвілін на павольным агні пад накрыўкай. Пасля разразаем яе на кавалкі, пераварочваем і гатуем яшчэ некалькі хвілін. Каб зрабіць «святочны» варыянт гэтай стравы, трэба да макароны дадаць сасіскі, каўбасу ці тушонку.
Суп «Як у мамы»
Спатрэбіцца: 3-4 бульбіны, 1 пакецік/брыкет сухога супу (лепш браць беларускай вытворчасці, яны больш танныя і натуральныя), 1-2 курыныя галёнкі.
Спосаб прыгатавання:
Заліваем вадой галёнкі і ставім на агонь. Пакуль вада грэецца, абіраем бульбу, рэжам яе на кубікі. Калі вада закіпіць, здымаем пену. Далей закідваем бульбу ў каструлю і засыпаем супавую масу, добра перамешваем. На маленькім агні варым суп яшчэ 20-30 хвілін. Колькасць солі правяраем на смак (справа ў тым, што яна ўваходзіць у састаў парашку), пры неабходнасці дабаўляем.
Яечня «Апошняя надзея»
Спатрэбіцца: 2 яйкі, 2 кавалачкі хлеба (лепш, калі яны будуць квадратнымі), некалькі лустачак сыру.
Спосаб прыгатавання:
Шклянкай выразаем мякіш з хлеба. Атрыманыя скарынкі-«трафарэты» кладзем на разагрэтую патэльню з алеем. Акуратна б'ем у дзірачкі па адным яйку. Калі адзін бок падрумяніцца, хутка пераварочваем лапаткай хлебна-яечнае злучэнне і кладзем зверху лустачкі сыру. Накрываем, чакаем, пакуль дасмажыцца другі бок і расплавіцца сыр.
Торт «Тульскі студэнт»
Спатрэбіцца: 1 пачак пернікаў (400-500 грамаў), 1 пачак смятаны (400-450 грамаў), 3-4 лыжкі цукру, 1-2 бананы, 1 пачак зефіру.
Спосаб прыгатавання:
Уздоўж напалам разразаем кожны пернік. Бананы (без скуркі) рэжам скрылікамі, зефір — кубікамі. Смятану змешваем з цукрам і добра ўзбіваем. Далей мачаем палавінкі пернікаў у смятанны крэм і выкладваем іх на плоскую талерку. Наступны слой — бананава-зефірны, затым зноў пернікі. Калі выкладзем слаямі ўсе пернікі і бананы з зефірам, паліваем торт рэшткамі смятаны. Пакідаем яго ў халодным месцы на некалькі гадзін, а лепш на ноч, каб ён добра прамачыўся.
Смачна есці!
Ганна Курак, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ
Фота Сяргея Нікановіча
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?