Вы тут

Першы раз, першы клас,


або З пачынам, маладыя педагогі!

Гэты верасень запомніцца як асаблівы і першакласнікам, і маладым спецыялістам, якія толькі распачалі настаўніцкую дзейнасць. Мы знайшлі сёлетніх выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і папрасілі іх расказаць пра свае першыя тыдні працы ў школе. 


«Інфармацыя на ўроку павінна быць візуальнай», — лічыць Генадзь Гапановіч.

Вясковая душа

Выпускніца гістарычнага факультэта Валянціна Шэшка паступала ў БДПУ з мэтавым накіраваннем і загадзя ведала, што пасля выпуску яе размяркуюць у Старадарожскі раён. — За чатыры гады навучання ў сталіцы я дакладна зразумела: вялікі горад не для мяне. Я «вясковая душа». Таму ніякіх шкадаванняў ад таго, што еду сюды, не было, — расказвае дзяўчына. — Іншы момант, што ў Крываносах раней я ніколі не была. Перажывала з-за таго, як прымуць у калектыве. У выніку сустрэлі мяне цёпла, усе радаваліся, што да іх прыйшла такая маладая супрацоўніца. Увогуле, моладзі ў нас працуе мала: я, псіхолаг і бібліятэкар — астатнім за 35 гадоў. Валянціна выкладае гісторыю ў 8—11 класах. Па словах суразмоўцы, агульную мову з падлеткамі яна знайшла хутка, а невялікая розніца ва ўзросце толькі паспрыяла гэтаму. Маладая настаўніца часта выкарыстоўвае мультымедыйны матэрыял на занятках: гэта і дзецям падабаецца, і ёй працу спрашчае. — Вольны час па магчымасці праводжу з мужам, мы пабраліся шлюбам на пачатку верасня, але з-за працы пакуль жывём асобна, — прызнаецца Валянціна. — Увечары я звычайна сяджу за камп'ютарам. Бывае, лаўлю сябе на думцы, што не хапае шуму, толькі не гарадскога, а дзіцячага. Пакуль настаўніцу ўсё задавальняе. Тут ёй нават часовае бясплатнае жыллё прадаставілі — цэлы прыватны дом, які знаходзіцца ў пяці хвілінах хады ад школы. — Кажуць, што ў вёсцы сумна. Але гэта не так, асабліва калі працуеш настаўнікам.

Кожны дзень мяне весяляць дзеці. Адзін хлопчык, напрыклад, спрабаваў расказаць пра нашэсце «сяляна-славяна-мангола-татар», — з усмешкай прыгадвае Валянціна.


Аляксей Казлоў неаднаразова працаваў у дзіцячых лагерах.

Валейбольны бум

Генадзю Гапановічу ў якасці размеркавання прапаноўвалі працу ва ўніверсітэце, але ён адмовіўся. «Зарплата была б невялікая, а жыццё ў Мінску дарагое», — тлумачыць сваё рашэнне хлопец. Цяпер ён настаўнік гісторыі і геаграфіі ў СШ №5 Слуцка. Перад першым верасня Генадзь не хваляваўся зусім, таму што, па-першае, загадзя паспеў пазнаёміцца з некаторымі будучымі вучнямі; па-другое, дырэктар гэтай школы раней быў дырэктарам у той, дзе вучыўся хлопец. — Адзінае, што выклікала цяжкасці, — дакументацыя. Спачатку нават баяўся запаўняць журнал: думаў, што сапсую, але калегі дапамаглі і растлумачылі, што да чаго. Я ім вельмі ўдзячны за тое, што падказваюць мне, з якімі класамі трэба быць больш строгім, а дзе можна быць мякчэйшым. Малады спецыяліст прызнаецца, што атрымлівае неверагоднае задавальненне, калі школьнікі сядзяць на ўроках з адкрытымі ратамі і ўважліва яго слухаюць. — Я бачу, што вучні імкнуцца да мяне, хочуць пасябраваць, нават «фрэндзяць» у сацыяльных сетках.

Даведаліся, што я ва ўніверсітэце займаўся валейболам, і цяпер у школе пачаўся «валейбольны бум» — ва ўсіх з'явілася жаданне ў яго гуляць, — кажа Генадзь і адразу ж знаходзіць тлумачэнне дзіцячай цікаўнасці: — Сярод настаўнікаў мала мужчын.

Працоўныя планы Генадзя не абмяжоўваюцца сценамі школы: у хуткім часе ён збіраецца вадзіць дзяцей пасля ўрокаў у кінатэатр на гістарычныя фільмы. Малады педагог ставіцца да сваёй працы з адказнасцю і праз два гады, калі абавязковая адпрацоўка скончыцца, уцякаць са школы не збіраецца: «Не проста ж так я ва ўніверсітэце вучыўся і выбраў менавіта гэтую прафесію!» — Зараз мяне перапаўняюць змяшаныя пачуцці. Шмат сяброў засталося ў Мінску, але ж і ў Слуцку я «свой чалавек», — разважае хлопец. — Вядома, у сталіцы ёсць шмат магчымасцяў для цікавага адпачынку, але, з іншага боку, я цяпер не студэнт, працую, вольнага часу ў мяне менш. Увечары настаўнік правярае сшыткі, рыхтуе планы ўрокаў.


Валянціна Шэшка.

Першая двойка

Аляксей Казлоў выкладае фізіку ў 86-й мінскай школе і з'яўляецца класным кіраўніком 9 класа. Да працы са школьнікамі яму не прывыкаць: кожнае студэнцкае лета ён працаваў выхавальнікам у дзіцячых летніках. — Свой прадмет я ведаю добра, мне лёгка праводзіць заняткі. А вось быць класным кіраўніком у 25 вучняў няпроста. Гэта патрабуе адказнасці і шмат увагі, з кожным неабходна працаваць індывідуальна. Паколькі Аляксей старэйшы за сваіх навучэнцаў усяго на некалькі гадоў, ён адзначае, што маладому настаўніку вельмі важна адразу акрэсліць межы ў адносінах «школьнік—педагог». Неабходна цвёрда і адкрыта казаць пра гэта спачатку, інакш момант будзе ўпушчаны... Фізіка — прадмет, які любяць далёка не ўсе, але хлопец сцвярджае, што гэта не праблема. «Зацікавіць фізікай можна нават гуманітарыя. Усё, пра што расказваю, падмацоўваю прыкладамі з жыцця, праводжу эксперыменты — дзеці любяць эфектнасць. На ўроку і ў тэматычныя гульні можна гуляць».

І ўсё ж неяк Аляксею давялося паставіць першую ў сваім жыцці «двойку» вучню, які не проста не падрыхтаваўся да заняткаў, але і паказваў сваё нежаданне займацца ў класе.

— Калі я быў школьнікам, мяне вучылі людзі, якія скончылі ВНУ ў савецкі час ці ў першай палове 1990-х гадоў. Гэта былі настаўнікі з іншымі поглядамі на педагогіку, ды і на жыццё ў цэлым. Мы часта не маглі зразумець адно аднаго. У цяперашніх маладых настаўнікаў ёсць перавага: яны знаходзяцца на адной хвалі з дзецьмі, ім прасцей прыйсці да паразумення, — параўноўвае пакаленні малады спецыяліст і кажа, што стараецца не паўтараць памылак сваіх настаўнікаў. Пра тое, што заробак невялікі, Аляксей пакуль не думае, зараз для яго галоўнае — набрацца досведу. Ён лічыць, што пры вялікім жаданні і настаўнік можа зарабляць шмат.

Ганна КУРАК, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.