Вы тут

«Містар», давайце пасябруем?!


Спевы на розных мовах, вершы, добрая музыка і незвычайныя танцы — усё гэта можна было пачуць і пабачыць на фінале конкурсу «Містар Іnternatіonal БДУ». Як вынікае з самой назвы, удзельнікамі спаборніцтва маглі быць толькі студэнты-замежнікі. Дарэчы, такіх у вядучым універсітэце краіны нямала — каля 2,5 тысячы.
26-7

26-7

 Міс­тар Іnternatіonal БДУ — ка­зах Бек­зат Да­ста­наў.

Сам конкурс праводзіўся ўжо чацвёрты раз, праўда, пол магчымых удзельнікаў штогод чаргуецца. Напрыклад, летась мерапрыемства адбылося ў фармаце «Міс Іnternatіonal БДУ 2014». Сёлета за званне найбольш выдатнага замежнага студэнта пазмагаліся восем маладых людзей з шасці краін свету. Хлопцы спрабавалі заваяваць увагу аўдыторыі (а свабодных месцаў у актавай зале Інстытута журналістыкі амаль не было) сваімі творчымі здольнасцямі, абаяльнасцю і пачуццём гумару.

— Для мяне конкурс стаў у першую чаргу магчымасцю знайсці новых сяброў, — расказаў перад пачаткам выступлення удзельнік з Кітая Цянь ІЦЮНЬ, студэнт V курса філалагічнага факультэта. — Мяне здзівіла, калі ўзяць удзел у конкурсе прапанавалі менавіта мне, але цяпер я вельмі задаволены, бо час падрыхтоўкі быў неверагодна вясёлым. Увогуле, мне вельмі даспадобы тое, як я жыву ў Беларусі. Першае, што мне прыйшлося па душы ў вашай краіне, — гэта дзяўчаты, яны ўсе падобныя да мадэляў. А яшчэ — прырода. Вы часта кажаце, што Кітай — гэта «сусветная фабрыка», але я лічу, што гэта наша бяда. Бо месцамі экалогія пакідае жадаць лепшага.

На развітанне Цянь адкрыў нам гісторыю свайго другога імя. Аказваецца, у Беларусі ўсе называюць яго... Юра. Справа ў тым, што ў першы год навучання адзін з выкладчыкаў прапанаваў замежным студэнтам выбраць сабе «еўрапейскія» імёны. Цяню дастаўся Юра, бо ў яго прозвішчы таксама ёсць літара «ю». Дарэчы, хлопцу яго новае імя падабаецца, хоць у першыя месяцы самым складаным у вымаўленні гукам для кітайскіх студэнтаў становіцца «р». Акрамя таго, Юра ганарыцца тым, што ён стаў цёзкам першага касманаўта.
26-6

26-6

 Пе­ра­мож­ца кон­кур­су Бек­зат Да­ста­наў вы­браў мас­тац­тва тан­ца (на фо­та спра­ва).

Першы этап фіналу — выхад у дзелавым касцюме, адназначна, аказаўся паспяховым для ўсіх канкурсантаў. Але асабліва гледачоў уразіў яшчэ адзін прадстаўнік Кітая, студэнт эканамічнага факультэта Янь Цзячэн, які выйшаў на сцэну ў штанах... «леапардавай» афарбоўкі.

Нігерыец Ішаку Істыфанус падчас другога этапу — «Візітнай карткі» — патлумачыў свой выбар на карысць геаграфічнага факультэта тым, што ў яго краіне шмат радовішчаў нафты і газу, і яму хочацца ўмець выкарыстоўваць прыродныя багацці сваёй радзімы. Бекзат Дастанаў, студэнт факультэта журналістыкі з Казахстана, прызнаўся, што ў Беларусь яго прывяло жаданне падняць узровень тамтэйшага каментатарскага майстэрства. Таджык Мухамад Шарыпаў з факультэта міжнародных адносін падзяліўся з прысутнымі сваёй марай — стаць чэмпіёнам свету па змешаных баявых адзінаборствах, а туркмен Мердан Чарыеў распавёў пра хобі — падарожжы па Беларусі аўтастопам.

Найбольшыя магчымасці праявіць сябе маладыя людзі мелі падчас апошняга, трэцяга этапу. І тут ужо кожны дапоўніў свой вобраз адрэпетаваным загадзя нумарам.

[caption id="attachment_76822" align="alignnone" width="600"]26-5

26-5

 У пер­шым кон­кур­се кі­та­ец Янь Цзя­чэн эпа­ці­ра­ваў пуб­лі­ку сва­і­мі шта­на­мі.

 

«Юра» Цянь Іцюнь для свайго творчага нумара выбраў вакал, але праспяваў адразу на дзвюх мовах: рускай і англійскай, падтрымаўшы імідж філфака. Не забыўся хлопец і пра сваю радзіму — яго вобраз дапаўняў традыцыйны кітайскі касцюм з драконамі. Поўная адсутнасць акцэнту ў рускамоўных куплетах прымушала ўгледзецца ў твар выканаўцы — ці не падман гэта?

Праявіць сябе ў мастацтве танца вырашылі два студэнты. Ішаку Істыфанус прадставіў з сябрамі сучасны танец з афрыканскімі матывамі, а Бекзат Дастанаў — «кактэйль» з танцаў розных стыляў.

Напэўна, найбольш пазнавальным і аўтэнтычным было выступленне Мухамада Шарыпава. Хлопец па-таджыкску выконваў песню, прысвечаную каханай дзяўчыне, і акампанаваў сабе на гітары. А ў гэты час на вялікім экране за яго спінай дэманстраваліся здымкі радзімы канкурсанта...

Мердан Чарыеў выканаў на сінтэзатары некалькі сучасных кампазіцый у розных стылях: «Cry Me A Rіver» Джасціна Цімберлейка і «Sex Bomb» Тома Джонса. Яшчэ адзін музычны нумар прадэманстраваў Нізар Харфуш. Сяброўка сірыйца спявала кампазіцыю французскай спявачкі Ізабэль Жэфруа, больш вядомай пад псеўданімам ZAZ, а сам хлопец акампанаваў ёй на гітары.
26-4

26-4

 Цянь Іцюнь пра­спя­ваў на дзвюх мо­вах і стаў «Міс­та­рам твор­часць».

 

Арыгінальнасцю выступлення адзначыўся другі канкурсант з Таджыкістана — Тахірджон Аліеў. Хлопец выбраў для творчага нумара чытанне вершаў. Ён вельмі чула і пранікнёна выканаў вядомае «Прызнанне» Аляксандра Пушкіна, сарваўшы авацыі залы.

Пасля завяршэння апошняга нумара стала зразумела, што журы чакае нялёгкая задача — выбраць найлепшага з кандыдатаў. Магчыма, не апошнюю ролю сыграла месца правядзення мерапрыемства — галоўны прыз турніру атрымаў студэнт журфака Бекзат Дастанаў (дзякуючы ў тым ліку і шалёнай падтрымцы публікі). Аднак і астатнія канкурсанты не засталіся без прызоў — кожнаму з іх дасталіся ўзнагароды ў іншых намінацыях.

— Мы вельмі хваляваліся, калі праводзілі першы такі конкурс чатыры гады таму, — прызнаўся Вадзім РЭЗНІКАЎ, начальнік упраўлення міжнародных сувязяў БДУ, — бо не было зразумела, ці захочуць замежныя студэнты ўвогуле ўдзельнічаць у спаборніцтве, ці атрымаецца ў іх годна выступіць. Але наша няўпэўненасць у мінулым — канкурсанты год ад года мацнеюць, нумары становяцца больш цікавымі. Галоўнае, што «Містар Іnternatіonal БДУ» выконвае сваю асноўную задачу — аб'ядноўвае беларускіх і замежных студэнтаў у адну супольнасць. Паводле вынікаў нядаўна праведзенага намі сацыялагічнага даследавання, менавіта праблема адаптацыі выходзіць на першы план для студэнтаў, што прыехалі на вучобу з іншых краін.

Па словах Вадзіма Рэзнікава, у апошнія пяць гадоў БДУ няўхільна нарошчваў колькасць студэнтаў з-за мяжы, але цяпер універсітэт выйшаў на аптымальную лічбу. Яна складае каля 10% ад усёй колькасці тых, хто навучаецца ў ВНУ. Для заходнееўрапейскіх устаноў такі паказчык лічыцца добрым.

Дарэчы, ужо 2 красавіка ўсіх аматараў жаночага розуму і прыгажосці чакаюць на конкурсе «Міс БДУ 2015», які пройдзе ў адным са сталічных клубаў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Спіс пераможцаў конкурсу «Містар Іnternatіonal БДУ»:

Містар Іnternatіonal БДУ — Бекзат Дастанаў (Казахстан), Інстытут журналістыкі.

Віцэ-містар Іnternatіonal БДУ — Тахірджон Аліеў (Таджыкістан), эканамічны факультэт.

Містар глядацкіх сімпатый — Мердан Чарыеў (Туркменістан), геаграфічны факультэт.

Містар творчасць — Цянь Іцюнь (Кітай), філалагічны факультэт.

Містар мужнасць — Мухамад Шарыпаў (Таджыкістан), факультэт міжнародных адносін.

Містар рамантычнасць — Нізар Харфуш (Сірыя), факультэт міжнародных адносін.

Містар усмешка — Ішаку Ісціфанус (Нігерыя), геаграфічны факультэт.

Містар стыль — Янь Цзячэн (Кітай), эканамічны факультэт.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.