Вы тут

Як учарашні студэнт зрабіў з любімай гульні ўласны бізнес


Шахматы, якія, здавалася, страцілі папулярнасць, сёння зноў становяцца адным з самых любімых захапленняў новага пакалення. 24-гадовы выпускнік гістарычнага факультэта БДУ Віктар БАРСКІ яшчэ нядаўна сам вучыўся асновам гульні ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі, а нядаўна ўжо адкрыў уласны клуб, заняткі ў якім праходзяць у тым ліку і па-беларуску.


— Сам я зацікавіўся гульнёй даволі позна, — расказвае Віктар. — Прыйшоў займацца ў палац, калі мне было дзевяць, у той час як найлепшым узростам для знаёмства з шахматамі лічыцца пяць—шэсць гадоў. Гуляў там да заканчэння школы, «дарос» да кандыдата ў майстры спорту, але, шчыра скажу, вялікай «зоркай» не быў. У дзіцячых турнірах трапляў «у прызы» на чэмпіянаце Мінска, на чэмпіянаце краіны вышэй сёмага месца не падымаўся. Пасля гімназіі паступіў на гістфак БДУ, бо вырашыў прысвяціць сябе вывучэнню гісторыі краіны, і шахматы практычна закінуў. Але на чацвёртым курсе зразумеў, што ні ў якасці школьнага настаўніка або супрацоўніка музея, ні на пасадзе архівіста сябе не бачу. Прыйшоў у Палац моладзі і прапанаваў сваю кандыдатуру на пасаду трэнера.

Хлопец прызнаецца, што на першых занятках трохі хваляваўся. У яго было шмат ідэй, у тым ліку правядзенне заняткаў на беларускай мове, але ён не быў упэўнены, што дзеці паставяцца да гэтага прыязна. З цягам часу зразумеў, што работа яму падабаецца, і наяўнасць пэўнага досведу дазволіла спрабаваць новае. Першыя заняткі на роднай мове большасці навучэнцаў і іх бацькоў прыйшліся даспадобы, таму Віктар зрабіў іх сваёй «фішкай». Тым больш, што вялікай розніцы, па яго словах, няма — тэрміналогія адна. Вось толькі называць ферзя каралевай па-руску Віктар не дазваляе, а па-беларуску — поўная свабода. Усё астатняе — просты пераклад, напрыклад, прыём, які па-руску называюць «вилкой», становіцца «відэльцам».

— У Палацы вялікай нечаканасцю для мяне стала, што на шахматы ўвогуле ёсць попыт, — сцвярджае Віктар. — Цяпер вельмі шмат бацькоў прыводзяць дзяцей гуляць. Я думаю, адна з прычын — пэўная «настальгія». Старэйшае пакаленне добра памятае, якой была папулярнасць шахмат, найлепшых спартсменаў у Савецкім Саюзе. Прозвішчы Карпава, Каспарава ведалі ўсе, свае «зоркі» былі і ў кожнай саюзнай рэспубліцы (у Беларусі, напрыклад, Віктар Купрэйчык), а вялікія матчы трансліраваліся на галоўным тэлеканале. Другая прычына — папулярнасць дадатковай адукацыі, бо цяпер усе разумеюць, што апроч школьнай праграмы дзіцяці трэба займацца нечым яшчэ. І шахматы ў гэтым сэнсе — сапраўды выдатны занятак: яны развіваюць логіку, вучаць дзяцей самастойнаму прыняццю рашэнняў. А вось сувязь з матэматыкай я б назваў стэрэатыпам — асабіста мне ў гімназіі гэты прадмет даваўся цяжка.

Пасля заканчэння тэрміну размеркавання хлопец зразумеў, што магчымасцяў для развіцця ідэй яму не хапае. Ідэя нарадзілася сама сабой — стварыць уласны клуб, дзе можна было б рабіць усё так, як хочацца самому. Віктар сцвярджае, што адкрыць уласную справу не было праблемай — ён зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік (разабрацца з дэталямі дапамаглі сваякі і бацька, у якога быў свой бізнес), пасля чаго знайшоў вольнае памяшканне, зрабіў у ім рамонт, набыў за ўласныя зберажэнні сталы і дошкі. Так і з'явіўся клуб «Шахматны дом». Справу можна назваць сямейным бізнесам: апроч Віктара, у якасці трэнераў тут працуюць яго брат і бацька. Першыя вучні — тыя самыя дзеці, што раней займаліся ў групе хлопца ў Палацы дзяцей і моладзі.

У «Шахматным клубе» трынаццаць груп: як беларускамоўных, так і рускамоўных. У кожнай — да дзесяці чалавек. Прычым большасць дзяцей у штодзённым жыцці размаўляюць па-руску. Хлопец кажа, што многія бацькі спадзяюцца: праз шахматы школьнікі падцягнуць веданне роднай мовы. У клубе нямала дзяўчат (хоць, вядома, менш, чым хлопцаў) — так, Злата Палюховіч гуляе ў шахматы з трох гадоў! «Не ведаю, чаму мне гэта падабаецца, — сарамліва ўсміхаецца дзяўчынка. — Я люблю шахматы, і не толькі за перамогі, гэта проста цікава». Віктар сцвярджае, што якраз у дзяўчат болей шанцаў на поспех у шахматным спорце — канкурэнцыя там трохі меншая. Апошнія спаборніцтвы, на якіх выступаў «Шахматны клуб», праходзілі ў Чэхіі — два ўдзельнікі трапілі на прызавыя прыступкі. Заняткі каштуюць ад 40 да 60 рублёў за месяц. Хлопец упэўнены — прыбыткаў хопіць, каб гэтае месца працы было адзіным.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Падцягнуць» мову... праз шахматы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Кадыраў наведвае нашу дзяржаву ўпершыню.

Грамадства

Чым здзівіць турыстаў?

Чым здзівіць турыстаў?

Зялёнае кола, «дарожныя гісторыі» і сакрэты ваколіц.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне беларускіх дзяўчат на чэмпіянаце Еўропы па валейболе і вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе.

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.